Вы тут

Чым прывабліваюць лясы краіны ў плане палявання


У нас штогод прыбаўляецца каля 1,5 тысячы паляўнічых. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі «Адкрыццё паляўнічага сезона ў Беларусі: асаблівасці, тэндэнцыі, прыцягальнасць для турыстычнай сферы» расказаў намеснік дырэктара — начальнік аддзела турызму і рэалізацыі прадукцыі палявання РУП «Белдзяржпаляванне» Аляксандр Іваноў. У залежнасці ад сезона колькасць паляўнічых або расце, або падае, адзначыў ён. Усяго ў Беларусі прыкладна 96 тысяч паляўнічых.


Што каштуе танна, а што — дорага?

Пра гэта расказаў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз, нагадаўшы, што ўжо падышоў да канца сезон палявання на трафейных самцоў аленя і лася падчас гону.

«Ён прайшоў нядрэнна. У лесапаляўнічых гаспадарках структуры Міністэрства лясной гаспадаркі здабылі 175 трафейных самцоў аленя і каля 140 трафейных самцоў лася. Гэта найбольш цікавае паляванне для беларусаў і замежнікаў. На сёння ўсе магчымасці для прыняцця паляўнічых існуюць. Улічваючы, што рэсурсы нашы растуць, прапановы па паляванні таксама павялічваюцца, і цэнавая палітыка сёння больш лаяльная. Па сістэме Мінлясгаса сезонная пуцёўка на вадаплаўную дзічыну складае каля Br60, на пушныя віды паляўнічых жывёл, паляванне на якіх стартавала з суботы, — ад Br60 да Br120. Кошт дазволу ў залежнасці ад полу, узросту, віду жывёл складае на казулю Br50—150, на аленя (у залежнасці ад трафейных якасцей) — ад Br500 да Br1,5 тысячы. Добры трафей — гэта кульмінацыя работы паляўнічай гаспадаркі, егераў, паляўніцтвазнаўцаў, таму ён не можа каштаваць танна. На радавыя віды цэны дастаткова даступныя і дэмакратычныя», — расказаў Аляксандр Казарэз.

Адзіная па краіне цана пуцёўкі

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў знізіла кошт здабычы паляўнічых жывёл і ўстанавіла адзіную цану. БТПР — самы буйны паляўнічы карыстальнік у краіне.

«Штогод у нашых гаспадарках здабываецца каля 5 тысяч ласёў, каля 2 тысяч аленяў і каля 15,5 тысячы казуль. У гэтым годзе было шмат зваротаў з боку паляўнічых, звязаных з памяншэннем кошту палявання для прыцягнення грамадзян. Быў праведзены аналіз, і па шэрагу фактараў у гэтым годзе загадам БТПР зменшаны кошт пуцёўкі на здабычу паляўнічых жывёл, таксама яна стала адзінай па ўсёй краіне. У гаспадарках БТПР паляванне на капытных жывёл для членаў таварыства складае Br15, для тых, хто не знаходзіцца ў БТПР, — Br30. Цана адзіная і змяняцца пакуль не будзе. Таксама прыкладна на 20 працэнтаў зніжаны кошт палявання практычна па ўсіх пазіцыях: лось, алень, казуля. Кошт палявання на трафейных жывёл застаўся ранейшы», — расказаў Сяргей Цябрук.

Рэсурсная база паступова расце

1 кастрычніка стартавала загоннае паляванне на капытных жывёл. «Яно з'яўляецца найбольш папулярным сярод беларускіх паляўнічых. Рэсурсная база паляўнічай гаспадаркі паступова расце. У гэтым годзе мы налічваем 47,5 тысячы ласёў, што на 1,5 працэнта больш, чым у мінулым годзе, 45,7 тысячы аленяў, што на 9 працэнтаў больш за 2022 год, і амаль 133 тысячы казуль, што на 2,1 працэнта больш, чым летась. Рост колькасці жывёл ідзе, і на гэтай рэсурснай базе будуецца работа ўсіх паляўнічых гаспадарак. Сёлета мы прагназуем узровень здабычы прыкладна на ўзроўні мінулага года, можа, некалькі вышэй. Летась мы здабылі крыху больш за 8,8 тысячы ласёў, каля 6,2 тысячы аленяў і каля 27 тысяч казуль», — адзначыў Аляксандр Казарэз.

Мінлясгас прапрацоўвае пытанне лібералізацыі правілаў палявання, паведаміў ён.

«У нас часта ўзнікаюць праблемы са здабычай недазволенага віду птушак. Калі некалькіх штук, то гэта крымінальная справа. Чалавек, зрабіўшы памылку, становіцца крымінальнікам», — сказаў Аляксандр Казарэз.

Ведамства прапрацоўвае механізмы для пазбягання такіх сітуацый і магчымай дэкрыміналізацыі выпадковых памылак. «Магчыма, мы будзем яшчэ больш дбайна інфармаваць паляўнічых, падключаць Акадэмію навук да гэтых пытанняў, каб выключыць такія факты», — падкрэсліў ён.

Убачылі мядзведзя? Не правакуйце!

Па словах Аляксандра Казарэза, нападаў гэтых жывёл на чалавека з пасляваеннага часу афіцыйна не рэгістравалася. Галоўнае — не правакаваць. Літаральна два-тры тыдні таму быў выпадак у Налібоцкай пушчы, калі ўбачылі мядзведзя, які ішоў уздоўж трасы. Спынілася шмат машын, усе людзі пайшлі фатаграфаваць яго, мядзведзь стаў рабіць папераджальныя выпады. Але людзі ўсё роўна імкнуцца да кантакту з мядзведзем у пагоні за прыгожым кадрам. Гэта буйны і моцны драпежнік, правакаваць яго ні ў якім разе нельга.

Што датычыцца выпадкаў, калі мядзведзі забрыдалі ў населеныя пункты, — гэта часцей за ўсё маладыя асобіны, якія шукаюць новыя месцы пасялення. «Жывёла па няведанні можа заходзіць на тэрыторыю, магчыма, на пах ежы. Таму не трэба пакідаць харчовыя адходы ў не абсталяваных для гэтага месцах, не варта правакаваць яе», — адзначыў Аляксандр Казарэз.

Колькасць мядзведзяў за апошнія гады павялічылася дастаткова моцна. Згодна з сумесным аналізам Мінлясгаса і НАН, у 2022 годзе налічвалася каля 700 мядзведзяў, а каля дзесяці гадоў лічба складала 100—120 асобін. «Такая сітуацыя з мядзведзямі характэрна для ўсяго Паўночнага паўшар'я. Цяпер асноўная папуляцыя ў Беларусі сканцэнтравана ў Віцебскай вобласці, на поўначы Мінскай вобласці, але паступова мядзведзі прыходзяць і ў паўднёвыя раёны — Брэсцкую і Гомельскую вобласці», — расказаў Аляксандр Казарэз.

Сяргей РАСОЛЬКА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.