Вы тут

Чым цікавіць гледачоў опера «Сівая легенда»?


У рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі шмат яркіх спектакляў паводле сусветнай опернай класікі. Выдатна: прыгожыя оперы, якія можна слухаць бясконца, — гэта, насамрэч, асаблівасць існавання жанру, бо кожны раз і кожны выканаўца ўносіць у твор новыя фарбы. Хадзі і слухай, як упершыню, шэдэўры Вердзі ці Пучыні. Але ж гэты прынцып справядлівы для ўсіх опер: калі збіраецца шыкоўны склад выканаўцаў, то гэта па ўражаннях усё адно, што паслухаць прэм’еру. А калі выдатныя выканаўцы збіраюцца, каб праспяваць адну з нацыянальных беларускіх опер, якія ёсць у рэпертуары, то гэта цудоўная падстава, каб пайсці і паслухаць яе яшчэ раз, калі раней ужо была магчымасць пазнаёміцца з творам. Альбо нагода дакрануцца да яго ўпершыню. Пашчасціла тым, хто наведаў спектакль «Сівая легенда» ў Вялікім тэатры Беларусі 1 лістапада, і справа не толькі ў тым, што спявалі найлепшыя салісты тэатра. Справа ў тым, што опера кампазітара Дзмітрыя Смольскага паводле Уладзіміра Караткевіча жыве ўжо 45 гадоў. І гэта не проста адна з дат, якія ствараюць нагоду для асаблівага ўшанавання. Гэта пастаноўка, пра якую варта гаварыць, нагадваць і слухаць яе, а яшчэ імкнуцца адказаць сабе на тыя пытанні, што ўзнікаюць пасля. А яны ўзнікаюць кожны раз, нават калі паслухаў гэтую оперу неаднойчы. Чаму ж пры кожным выкананні «Сівой легенды» ёй столькі ўвагі: тэатр стварае адмысловыя праграмы, каб падкрэсліць гістарычны кантэкст, каб звярнуць увагу, патлумачыць, нагадаць і зацікавіць?.. Што ж асаблівага ў гэтай оперы? 


1. Аўтар лібрэта

Вядома, гэта самы адметны факт, што тычыцца оперы «Сівая легенда», таму што лібрэта ствараў сам Уладзімір Караткевіч у супрацоўніцтве з кампазітарам Дзмітрыем Смольскім, які да таго часу ўжо заявіў пра сябе ў музыцы як аўтар з асаблівым светаадчуваннем.

Сцэна са спектакля «Сівая легенда», 1978 год.

І здаеца, яны сышліся ў гэтым, два аўтары-стваральнікі. У той час, калі пачалася праца над операй, абодва былі ўжо адметныя творцы, асобы з уласным разуменнем нацыянальнай гісторыі і культуры. Кампазітар узяўся за літаратурны твор, які да гэтага ўжо жыў сваім жыццём. Аўтар усведамляў: адна справа — літаратура з яе сюжэтным развіццём, і зусім іншая — лібрэта, дзе трэба тэму, сюжэт абазначыць праз карціны і сцэны. Таму, калі прачытаць аповесць і параўнаць адчуванні з праглядам оперы, яны будуць розныя. Гэта ж розныя віды мастацтва, хоць і з аднымі і тым і ж героямі і сюжэтам. 

2. Аўтар музыкі

...Дух беларускіх легенд ды паданняў адчуваецца адразу ж з уверцюры — музыка выплывае нібыта з мінуўшчыны і злучае часы, каб тых, хто сядзіць у зале, не проста заглыбіць у дзею, а зрабіць сузіральнікамі падзей, што адбываюцца на сцэне. Ты тут, ты прысутнічаеш, гэта частка твайго свету, прынамсі, на вечар. Напэўна, так было не заўсёды, бо вядома, што для другой рэдакцыі оперы (якая ідзе цяпер) кампазітар перакампанаваў музычны матэрыял. Пры тым, што быў ужо прызнаным майстрам, жывым класікам беларускай музыкі. Але ж, магчыма, працаваў так не дзеля сябе, а дзеля ідэі. Справа ў тым, што «Сівая легенда» — гэта першая опера Дзмітрыя Смольскага, пазней ён яшчэ напісаў «Францыск Скарына» і «Апалон-заканадаўца». Але лёс выбраў менавіта «Сівую легенду» для працягу гучання цудоўнай музыкі выдатнага кампазітара, які быў знакаміты ў асноўным як сімфаніст і стаў класікам беларускай сучаснай музыкі. Але, як ні дзіўна, адчуць яго музычны свет дае магчымасць слухачам менавіта опера, дзе гукі ліюцца нібыта з сэрца радзімы... 

3. Мова

Напэўна, Уладзіміру Караткевічу было няпроста адаптаваць літаратурны твор для сцэнічнага ўвасаблення, але ж яго светабачанне і стыль усё ж адчуваюцца, асабліва, калі слухаеш прыгожа-пранікнёныя арыі, якія гучаць па-беларуску. А як іначай, калі героі разважаюць пра вельмі тонкія і інтымныя рэчы: каханне да жанчыны і любоў да радзімы?.. Між іншым, залатая формула поспеху для оперы. Аўтары разумелі, што і дзеля чаго ствараюць. 

Дзіва яшчэ і ў тым, што праслухоўванне оперы звычайна вядзе да прачытання аповесці. Адно не адмаўляе другое, а, наадварот, толькі заахвочвае дапытлівага слухача. Па сутнасці, два розныя творы — літаратурны і музычны — пра адно. Але ці так яно было ад пачатку? 

4. Дзве ўзнагароды

Оперу «Сівая легенда» ў Вялікім тэатры Беларусі паставілі ў 1978 годзе — той выпадак, калі твор узялі да пастаноўкі адразу пасля заканчэння работы над партытурай. На той час яе ажыццявіў рэжысёр Сямён Штэйн. І яна тады лічылася сучаснай, таму што мела адмысловы падыход да характарыстыкі герояў — станоўчых і адмоўных, што было падкрэслена ў тым ліку з дапамогай музычных сродкаў. Трупа працавала натхнёна, што асабліва радавала кампазітара, які бачыў оперу лірычнай праз тэму кахання Ірыны і Рамана. Але ж не быў бы ў лібрэтыстах сам Караткевіч, калі б не прагучалі матывы, важныя асабіста для яго: пра Беларусь, якая імкнулася сябе адстаяць... Не магло не закрануць: у 1980 годзе опера «Сівая легенда» была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Але нават адзначаныя творы з часам сыходзяць са сцэны... 

Пра «Сівую легенду» згадалі ў ХХІ стагоддзі: тэатру трэба былі творы нацыянальнага рэпертуару. У 2012 годзе другую пастаноўку оперы ажыццявіў рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ. Новае прачытанне, новыя пастановачныя магчымасці, нават новая 2-я рэдакцыя оперы, якую зрабіў сам Дзмітрый Смольскі. Ён вельмі хацеў, каб опера жыла на сцэне — дзеля гэтага ў яе музычнай частцы шмат што змянілася. Кампазітар пайшоў на гэта, разумеючы, што атрымліваецца крыху іншы твор, больш рамантычны, сканцэнтраваны на паводзінах і жарсцях, што паглынаюць галоўных герояў — Рамана і Кізгайлу, Любку ды Ірыну. З акцэнтам на трагедыю двух закаханых, але ж з надзеяй, паказанай пастаноўшчыкамі ў выглядзе вобразаў святых Пятра і Фяўронні ў фінале. Што праўда, гэта выклікала больш пытанняў, але ж зразумела: у тэатры публіка чакае (шукае?) надзеі. Магчыма, гэтыя чаканні і пошукі далі новы штуршок для жыцця оперы «Сівая легенда», якая ў 2012 годзе была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

 Сцэна са спектакля «Сівая легенда», 2012 год

5. Моцныя характары 

Уся ўвага да твора зразумелая, у ім ёсць усё: шчырае і ахвярнае каханне, жаданне змагацца за яго, сяброўская здрада і бязлітасная рэўнасць, за якой стаіць смерць. І цяжка сказаць, хто з чатырох герояў тут другасны. Сплятаецца складаная інтрыга, калі шляхціц Раман закаханы ў халопку Ірыну, якая належыць яго сябру Кізгайлу. А яго жонка Любка супраць таго, каб адпусціць Ірыну, і саслоўныя абставіны тут ні пры чым... Увага гледача пераключаецца з аднаго героя на іншага, вельмі адметныя дуэты. Але сутнасць і кульмінацыя — арыя Рамана, калі яго раздзіраюць сумненні, але тут выразна гучыць тэма болю за радзіму. Яна ёсць, няхай дзея ўсё ж ідзе ўслед за каханнем — яно ставіцца ў аснову ўсяго, яно перамагае змрок і разбурае смерць. Але стрыжань галоўнага героя ў тым, што ён умее любіць і кахаць. 

6. Гістарычнасць

Пасля прэм’еры заставалася шмат пытанняў наконт таго, як дзейнічаюць героі, ці апраўданы іх паводзіны на сцэне. Ці магла б Любка паводзіць сябе так, як мы бачым? Ці дастаткова пераканаўча выбудавана і прадумана сцэна, калі Раман застаецца сам-насам са сваімі думкамі на фоне мультымедыйнай праекцыі? Ці дазваляе сцэнічны антураж адчуць далёкую эпоху — дзеянне адбываецца ў ХVII стагоддзі. Але гістарычнасць ствараюць усё ж з дапамогай сучасных сродкаў — стылізаваных касцюмаў, сцэнаграфіі (мастак Аляксандр Касцючэнка). І зноў-такі з дапамогай тэхналогій мультымедыя, што ў сучасным тэатры выкарыстоўваюцца даволі актыўна. І тут мы бачым праекцыі, якія павінны дазволіць адчуць Беларусь (вось толькі далёкую ці сучасную — пытанне, бо сучасную паказаць значна прасцей). Магчымасці нашай сцэны дазваляюць вельмі шмат, што і паказалі стваральнікі спектакля. Галоўнае, каб адно не супярэчыла другому і працавала на агульную ідэю. 

7. Галасы

На агульную ідэю працуюць і артысты, у кожнага з якіх свая задача, згодна з канцэптуальным падыходам рэжысёра-пастаноўшчыка. Але якія б ні былі падыходы, у оперы галоўным застаецца голас, і гэта тое, што ў дадзеным выпадку хутчэй за ўсё вызначыць уражанне ад праслухоўвання. Напрыклад, мой уласны досвед стасункаў з «Сівой легендай» палягаў у тым, каб пасля прагляду спектакля аднойчы, слухаць гэтую оперу з заплюшчанымі вачыма: уласнае ўяўленне дапамагала надаць героям дадатковыя афарбоўкі. Але калі на сцэне зорны склад, то, вядома, будзеш глядзець, слухаць і адзначаць самыя яскравыя моманты. Напрыклад, 1 лістапада Ірыну спявала народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна, Любку — заслужаная артыстка Беларусі Аксана Якушэвіч, народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў увасобіў Кізгайлу. А вось у ролі Рамана ўпершыню можна было пабачыць маладога тэнара Дзмітрыя Шабецю, які звярнуў увагу на прыгожую музыку, моцнае беларускае слова, магутнасць беларускага духу і любоў ды чысціню ва ўсіх праявах. Калі так лічыць моладзь, то опера жыве недарма. Самы час упэўніцца ў гэтым. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з сайта Вялікага тэатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.