Вы тут

Ігар Шуневіч: «У нас павінен быць свой рэйтынгавы інструмент ацэнкі трафеяў»


 

У інтэрнэт-прасторы з’явілася інфармацыйная сістэма, накіраваная на збор і прадстаўленне звестак аб найбольш значных поспехах паляўнічых — Нацыянальная трафейная кніга Рэспублікі Беларусь.


З далёкіх сівых часін праявілася цікавасць чалавека да паляўнічых трафеяў. Калі па абшарах нашай планеты вандравалі шарсцістыя маманты, стэпавыя бізоны і гіганцкія алені, а стэпы і лясы кішэлі ад шаблезубых тыграў і іншых прадстаўнікоў старажытнага жывёльнага свету, рогі, іклы, чэрапы і шкуры звяроў ў першую чаргу былі доказам майстэрства, смеласці і моцы паляўнічага і толькі потым матэрыялам для стварэння адзення, зброі, прылад працы, а таксама будоўлі і ўпрыгожвання жылля.

Прайшлі стагоддзі, паляванне са сродка да існавання ператварылася ў экстрэмальную форму баўлення часу, а трафеі — у сімвал меткага вока і моцнай вытрымкі і элемент інтэр’ера.

Да пачатку ХХ ст. матэрыяльныя доказы паспяховага палявання ацэньваліся па розных параметрах: размеру, форме, вонкавай прыцягальнасці. Але ў 1920-х гг. Аўстрыя, Германія, Чэхаславакія і Венгрыя распрацавалі адзіную сістэму ацэнкі некаторых відаў трафеяў. Яе пакрысе ўдасканальвалі, пакуль у 1952 г. Міжнародны з’езд паляўнічых у Мадрыдзе не ўзгадніў методыку, на якой заснавана сучасная версія сістэмы ацэнкі.

Врез. Згодна Правіл палявання, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 сакавіка 2018 г. № 112 (у рэд. ад 16.09.2020 № 345), паляўнічыя трафеі — іклы і рогі, якія ўтвараюць адзінае цэлае з чэрапам або лобнай косткай, чэрапы, радзей шкуры, якія могуць ацэньвацца ў парадку, вызначаным Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальная трафейная кніга Рэспублікі Беларусь (кніга) — інфармацыйная сістэма, якая кумулюе звесткі пра паляўнічыя трафеі, здабытыя на тэрыторыі паляўнічых тэрыторый і ў іншых месцах пражывання паляўнічых жывёл нашай краіны. Старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) Ігар Шуневіч на прэзентацыі кнігі, што адбылася напрыканцы гэтага студзеня, адзначыў: «Наша краіна мае даўнія паляўнічыя традыцыі, таму ў нас павінен быць свой рэйтынгавы інструмент ацэнкі трафеяў. Мы звярнуліся да сусветнага вопыта вядзенне такіх кніг, ацанілі магчымасці яе стварэння. Быў вызначаны падрадчык, які тэхнічна ажыццявіў задуму, і сёння мы гатовы прапанаваць вынік. Трафейная кніга ўжо працуе і чакае напаўнення».

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення палявання, рыбалоўства і турызму БТПР Уладзіміра Казлоўскага, каб зафіксаваць трафей у кнізе, паляўнічаму неабходна яго здабыць і ацаніць. Затым зарэгістравацца на сайце БТПР і падаць заяўку, якая разгледжваецца на працягу 3 дзён. Пазначыць свае прозвішчы, месца і дату здабычы, сертыфікат паляўнічага трафея, колькасць набраных балаў і некаторыя іншыя звесткі, а таксама прыкласці фота трафея.

Апрача збору інфармацыі аб трафеях, кніга створана для развіцця трафейнай справы, правядзення аналізу і кантролю стану папуляцыі жывёл, а таксама папулярызацыі трафейнага палявання. Так, на аснове звестак гэтага электроннага рэсурсу плануецца правядзенне конкурсу «Лепшы паляўнічы трафей» з дзвюма намінацыямі — «Вялiкая беларуская пяцёрка» і «Вялiкая беларуская сямёрка» і адпаведнымі нагруднымі знакамі-узнагародамі.

Так, знак «Вялікая беларуская сямёрка» атрымаюць паляўнічыя-мужчыны, якія за пяць гадоў здабылі «залатыя» трафеі: лася, аленя, казулю, ваўка, кабана, зубра і глушца. «Вялікая беларуская пяцёрка» чакае беларускіх жанчын-паляўнічых, якія «ўзялі» лася, аленя, казулю, ваўка і кабана. Кожная ўзнагарода выраблена з выкарыстаннем золата і срэбры. «Усе знакі нумарныя, да іх будзе выдавацца сертыфікат, а Нацыянальная трафейная кніга захавае фатаграфію і дадзеныя кавалера гэтага знака на сваіх старонках», — паведаміў Ігар Шуневіч.

​Александрына ПАРШЫНА

Фота аўтара, Аляксандра АЧАРЭТНЯГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.