Вы тут

Бібліятэкі Магілёва і Тулы арганізавалі тэлемост паміж невідушчымі чытачамі


Сёлета гэтаму шчыраму сяброўству споўнілася 5 гадоў. Тульская і магілёўская бібліятэкі, якія абслугоўваюць невідушчых, пашыраюць межы для сваіх асаблівых чытачоў. А скараціць адлегласць паміж гарадамі дапамагаюць тэлемасты. Традыцыйна яны адбываюцца раз у год і супадаюць з Міжнародным днём сляпых і месячнікам «Чалавек з белым кіем», які праходзіць у Беларусі. Чытачы старанна рыхтуюцца да віртуальнай сустрэчы і вельмі чакаюць яе. Сёлетні кантакт, напрыклад, быў назначаны на поўдзень, але магіляўчане пачалі збірацца яшчэ за гадзіну да прызначанага часу. Пакуль ішлі апошнія прыгатаванні да трансляцыі, нехта сядзеў над сшыткам і перабіраў рукамі радкі тэксту па Брайлю, нехта рэпеціраваў свой выхад да мікрафону. Было бачна, што ўсе хвалююцца.


З боку Тулы арганізатарам выступае абласная спецыяльная бібліятэка для сляпых. У Магілёве гэтыя функцыі выконвае абанемент па абслугоўванні інвалідаў па зроку пры дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 2. На днях тут адкрыўся Цэнтр дзелавога і адаптыўнага чытання, а гэта адкрывае новыя магчымасці для стасункаў са светам і асабістага развіцця. Да паслуг чытачоў тут тры камп’ютары, з дапамогай якіх можна чытаць анлайнкнігі, іншая неабходная для невідушчага чытача тэхніка. Новыя магчымасці забяспечылі і якасны кантакт з тульскімі чытачамі. Роўна а 12-ай гадзіне ад іх прагучаў званок і пакой напоўніўся цёплымі галасамі, усмешкамі, прывітальнымі ўзмахамі рук.

— Беларускія сябры, добры дзень, — бадзёра гучала з дынамікаў. — Сёння ў міжнародны дзень невідушчых, міжнародны дзень дабрыні мы вельмі рады новай сустрэчы з вамі. Кожны раз мы з асаблівым настроем вітаем вас.

Тулякі прыгатавалі шмат творчых падарункаў, але права пачаць першымі велікадушна перадалі беларускаму боку. Магіляўчане на гэты раз вырашылі ўразіць расійскіх сяброў вершаванымі творамі і арганізавалі для іх паэтычны сет.

Мікалай Варапай — вядомая ў Магілёве асоба: музыкант, артыст, кіраўнік некалькіх харавых калектываў, кампазітар, дырыжор. Ён цалкам невідушчы, але гэта не перашкаджае яму вобразна і ярка перадаваць свае пачуцці ў вершах. Адзін з іх ён прысвяціў Магілёву, гораду, які заўсёды быў для яго крыніцай натхнення. Яшчэ адзін верш — пра жыццё, яго складанасць і прадвызначэнне. Шчаслівыя моманты змяняюцца сумнымі, але нешта дае сілы прымаць і тое, і другое, піша паэт у сваіх вершах.

У Наталлі Дзегцяровай сваё прысвячэнне Магілёву, яна асацыюе горад з нечым адушаўлёным і прызнаецца: «Я цябе люблю». «Дарагі», «адзіны», «родны» — маладая паэтка не шкадуе цёплых слоў для сваёй малой радзімы.

— Калі я вучылася ў школе-інтэрнаце і жыла ў іншым населеным пункце, то вельмі сумавала па доме, — падзялілася яна эмоцыямі. — Калі скончыла школу, сабрала ўсе свае перажыванні і склала з іх вось такое прызнанне.

Маргарыта Манкевіч, якая не ўпершыню ўдзельнічае ў тэлемосце, падзялілася жыццёвай мудрасцю і прачытала вершаваныя гісторыі. Прызнаецца, што піша толькі пра рэальныя падзеі і больш за ўсё любіць пісаць пра дзяцей. Атрымліваецца, дарэчы, не горш чым у Агніі Барто. Чытачка прызналася, што кантакт з тульскімі чытачамі вельмі абагачае. «Цудоўна, што тэхналогіі даюць нам магчымасць хадзіць адзін да аднаго ў госці з дапамогай экрана, — адзначае яна. — Яшчэ пасля першага нашага тэлемосту, які адбыўся пяць гадоў таму, у мяне засталося разуменне, што гэта абавязкова трэба рабіць. Гэта стасункі, сувязь».

Настасся Лусцянкова самая маладая ўдзельніца сустрэчы з магілёўскага боку. Яна таленавітая мастачка, а нядаўна адкрыла ў сабе яшчэ адзін талент: пачала складаць вершы. Выступленне перад тульскімі сябрамі стала для яе дэбютам.

Арцём Бязрукаў — паэт са стажам, вядзе сваю старонку ў Тэлеграм-канале.

Асаблівы настрой стварылі вядучая гурту ўсходняга танца Ірына Васіленка і яе сяброўкі па bellydance Ларыса Мельнікава і Яўгенія Карнеева. Жанчыны вельмі часта выступаюць у сацыяльных установах, у тым ліку дамах-інтэрнатах. Ірына Васіленка таксама піша цудоўныя вершы на беларускай мове. Два з іх, прысвечаныя хлебаробам і народнаму святу «Дажынкі», яна прачытала тульскім сябрам. Ірына падкрэсліла: «Дзякуючы хлебаробам, мы квітнеем».

Яўгеніі Карнеевай 80 гадоў, але ёй ніколі не дасі такія паважаныя гады. Дарэчы, усходнім і цыганскім танцам яна пачала вучыцца пяць гадоў таму і зараз запальвае не горш, чым маладая жанчына. Прызнаецца, што ніколі раней не танцавала, але гэта была яе мара. Акрамя гэтага трымаць сябе ў форме дапамагае язда на ровары і любоў да добрай паэзіі.

Тулякам вельмі спадабаліся вершы магіляўчан, асабліва на беларускай мове. Яны прызналіся, што было ўсё зразумела і блізка. І прапанавалі паўдзельнічаць у стварэнні чарговага паэтычнага зборніка, якія штогод выпускае паэтычны клуб пры іх бібліятэцы. Магіляўчане вельмі ўзрадаваліся магчымасці выйсці на міжнародны ўзровень.

Да прыгожай паэтычнай старонкі ад магіляўчан тулякі дабавілі не менш рамантычную музычную старонку. Гучалі кампазіцыі на сінтэзатары і баяне, лірычныя і бадзёрыя песні. А пад рытмы танга ад пастаяннага ўдзельніка фестываляў і конкурсаў Тульскай вобласці Валерыя Апуціна магілёўскія прыхільніцы bellydance зымправізавалі танец.

— Спадзяемся, што такія душэўныя мерапрыемствы і канцэрты будуць працягвацца, — казалі напрыканцы тулякі. — Да нас сёння завіталі мясцовыя тэлевізіёншчыкі, вельмі здзівіліся нашым вось такім віртуальным адносінам. І нават не паверылі, што яны працягваюцца пяць гадоў. Яны не разумеюць, што гэта ніяк немагчыма прапусціць або змяніць. Калі мы не можам прыехаць, відэасувязь дазваляе нам датыкнуцца адзін да аднаго. І толькі дзякуючы ўсім нам гэта адбываецца з вялікім душэўным цяплом.

— Мы атрымалі шмат моцных уражанняў, вы зачаравалі нас музычнымі нумарамі, — прызналіся ў адказ магіляўчане. — Вы нам стварылі добры настрой. Жадаем вам здароўя, шчасця, далейшага творчага росту. І вашай маладой дзяўчыне Ганне, і ветэранам, і Люсьяне, якая так цудоўна для нас пела.

Кіраўнік абанемента па абслугоўванні інвалідаў па зроку дзіцячай магілёўскай бібліятэкі-філіяла № 2 Вольга Пінчук прызнаецца, што сяброўства з Тулай вельмі важная старонка ў жыцці асаблівых чытачоў. І тое, што за кошт дзяржавы для іх быў створаны сучасны цэнтр для стасункаў і развіцця, вялікі плюс, і ў першую чаргу для маладых. Моладзь прываблівае і тое, што ў бібліятэцы рэалізуецца шмат розных праектаў. Напрыклад, праект «Прасвятленне» ў рамках сацыяльна-культурнай праграмы «Свет без межаў».

— У нас каля 400 чытачоў, і кожны другі чымсьці займаецца і дзесьці ўдзельнічае, — падкрэслівае Вольга Пінчук. — У бібліятэцы шырокі выбар дыскаў з літаратурнымі творамі, кніг з шрыфтам Брайля. Ёсць літаратура з буйным шрыфтам для слабавідушчых чытачоў, чытаючая машынка. Цяпер вось ёсць магчымасць чытаць на месцы анлайн-кнігі, праслухаць тэкст па шрыфту Брайля. Для зносінаў на адлегласці прадугледжаны навушнікі і мікрафон.

Пра карысць міжнародных стасункаў кажа і бібліятэкар Магілёўскай дзіцячай бібліятэкі № 2 Людміла Юманава. Прапанова расійскіх сяброў надрукаваць вершы магіляўчан ў іх паэтычным зборніку яшчэ адзін штуршок для развіцця.

— Кожнаму хочацца, каб яго творчасць пачулі, а людзям з абмежаванымі магчымасцямі цяжка самастойна сябе рэалізаваць, — кажа яна. — Яны чытаюць у асноўным у коле сяброў, блізкіх, удзельнічаюць у паэтычных конкурсах. Але гэта абмежаванае кола. Да таго ж не кожны можа надрукаваць свае вершы. І прапанова ад тулякоў для нас вялікі плюс.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.