Вы тут

Сцікерпакі з супер-героямі прэзентаваў Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных


Тэматычныя сцікеры з выявамі людзей у вобразе супер-герояў, якія абараняюць персанальныя даныя (іх прататыпам сталі спецыялісты, работа якіх — забяспечваць абарону сабраных персанальных звестак пра беларусаў), можна спампаваць у Тэлеграм па спасылках. Днямі Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных (НЦАПД) адзначыў двухгоддзе з дня стварэння і зрабіў такі крэатыўны падарунак не толькі сваім падпісчыкам, якіх, дарэчы, у Тэлеграм-канале «Центр персональных данных» ведамства больш за ўсё — яго аўдыторыя звыш васьмі тысяч, але і ўсім карыстальнікам месэнджара. У Цэнтры таксама падзяліліся 15 рэальнымі вынікамі работы за два гады.


Фота прадстаўлена прэс-службай НЦАПД

Дзяліцца асцярожна, карыстацца бяспечна

Штодня ў Тэлеграм-канале з’яўляюцца цікавыя факты, матэрыялы, практычныя кейсы ў сферы абароны персанальных даных (ПД). Акрамя таго, тут можна знайсці адказы на пытанні, якія часта ўзнікаюць у аператараў, якія займаюцца зборам і апрацоўкай асабістых даных людзей, і ў саміх грамадзян, якія часцяком сутыкаюцца з няправільным стаўленнем і патрабаваннямі да іх ПД.

— Ідэя распрацаваць тэматычныя сцікерпакі з’явілася, каб прыцягнуць яшчэ больш увагі да тэмы беражлівага і руплівага стаўлення да персанальных даных і неабходнасці іх усебаковай абароны, — адзначыў дырэктар НЦАПД Андрэй Гаеў. — Зараз ужо мала каго можна здзівіць інсайдам, што арганізацыі, бізнес, сайты вядуць збор велічэзнага масіву персанальных даных грамадзян, а часам, гэта вельмі адчувальная асабістая інфармацыя. У сучасным лічбавым свеце ўсё больш звестак пра нас захоўваецца і перадаецца праз інтэрнэт. Менавіта таму мы хочам нагадаць, што ва ўсіх арганізацыях, якія збіраюць, выкарыстоўваюць і захоўваюць ПД беларускіх грамадзян, павіны быць забяспечаны неабходныя меры абароны гэтых звестак, у тым ліку прызначана адказная за гэтую работу асоба ці падраздзяленне.

Асноўныя задачы НЦАПД — папярэджваць парушэнне правоў грамадзян пры апрацоўцы іх персанальных даных і прымаць меры па абароне ПД, а таксама навучаць аператараў бяспечнай працы з асабістай інфармацыяй беларусаў.

— Мы разглядаем звароты і скаргі і суб’ектаў ПД, аказваем практычную дапамогу арганізацыям пры стварэнні і рэалізацыі імі мер па забеспячэнні абароны асабістай інфармацыі беларусаў, — паведаміў Андрэй Гаеў. — Мы ўзаемадзейнічаем з аператарамі, якіх у нашай краіне больш за 400 тысяч, і надаём пільную ўвагу пытанням вытрымлівання балансу інтарэсаў грамадзян і бізнесу.

У цэнтры падкрэслілі, што ў сеціве людзі пакідаюць вялікую колькасць лічбавых слядоў, таму вельмі важна беражліва ставіцца да ўласнай інфармацыі, не публікаваць у адкрытым доступе адчувальныя звесткі пра сябе, не пакідаць персанальныя звесткі на падазроных сайтах.

Рэальныя вынікі ў лічбавай абароне

За два гады работы цэнтр абароны персанальных даных дасягнуў рэальных вынікаў.

Створана ўся неабходная нарматыўная і метадалагічная база для абароны персанальных даных. Падрыхтаваны комплексныя рэкамендацыі і тлумачэнні для найбольш уразлівых сфер у частцы апрацоўкі ПД — працоўнай, банкаўскай, адукацыйнай, страхавой, электрасувязі, гандлю, ЖКГ. Створаны паартыкульны каментар да Закона «Аб абароне персанальных даных».

Аказваецца практычная дапамога арганізацыям сацыяльна значных сфер у справе абароны персанальных даных. Адна з такіх — сфера адукацыі.

Вядзецца сістэмная работа па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства з улікам патрабаванняў закона аб ПД для забеспячэння балансу інтарэсаў грамадзян і аператараў пры апрацоўцы асабістай інфармацыі.

Праведзена 100 праверак суб’ектаў гаспадарання.

Выдалена больш як 22 мільёна запісаў з незаконна распаўсюджанымі ПД жыхароў Беларусі. 1,7 мільёна з іх — унікальныя запісы, больш як 220 тысяч — асабістыя звесткі непаўналетніх, звыш пяці тысяч — даныя студэнтаў. Найбольш буйныя базы (кур’ерскай службы «Сдэк», гандлёвых сетак «Суседзі» і Kari) выдаляліся паўторна больш за 30 (!) разоў. Дарэчы, больш за ўсё ўцечак менавіта ў сферы рытэйлу.

Праведзены добраахвотныя аўдыты ў пяці буйных аператараў па пытаннях адпаведнасці патрабаванням заканадаўства аб ПД. Падчас укаранення новых бізнес-працэсаў, праграмных прадуктаў гэтыя аператары жадалі прадухіліць магчымыя парушэнні на этапе іх планавання.

Разгледжана больш як 2,3 тысячы зваротаў грамадзян і арганізацый.

У рамках «гарачай лініі» і асабістых прыёмаў дадзена адказы 670 заяўнікам.

Прынятыя меры па 250 скаргам грамадзян адносна апрацоўкі ПД аператарамі. Чвэрць скаргаў датычыцца сферы гандлю і паслуг. 16% зваротаў звязаны з дзейнасцю арганізацый уласнікаў, а 10% — закранаюць дзейнасць банкаў, фінансавых і страхавых арганізацый. 8% скаргаў датычацца выпадкаў апрацоўкі даных у працэсе асабістага, сямейнага і іншага падобнага выкарыстання (незаконнае распаўсюджванне фізічнымі асобамі ПД іншых грамадзян у інтэрнэце, незаконная відэаздымка грамадзянамі асабістай уласнасці іншых фізічных асоб і таму падобнае).

Арганізавана больш за 200 адукацыйных і асветніцкіх мерапрыемстваў, удзел у якіх узяло звыш 25 тысяч спецыялістаў. Тры чвэрці зладжаных сустрэч — тлумачальная работа, якая адбываецца бясплатна. 

На курсах павышэння кваліфікацыі навучана больш за тры тысячы спецыялістаў. Даступнае анлайн- і карпаратыўнае навучанне, у межах якога прайшлі падрыхтоўку звыш 2,5 тысячы чалавек. 

Мерапрыемствамі па прававой адукацыі (рэгіянальнымі семінарамі, практыкумамі, анлайн-марафонамі, сустрэчамі і праектамі са школьнікамі і студэнтамі) ахоплена больш як 20 тысяч асоб.

У СМІ і інтэрнэт-рэсурсах падрыхтавана больш як тысяча публікацый, тэле- і радыеэфіраў, інтэрв’ю, матэрыялаў на тэму абароны ПД і інфармацыйнай бяспекі. 

Каб вызначыць праблемныя аспекты абароны ПД, праведзена сацыяльнае апытанне насельніцтва, у выніку якога высветлілася, што больш за тры чвэрці апытаных высока ацэньваюць значнасць асабістай інфармацыі і ўсведамляюць неабходнасць абароны ПД.

Інфармацыя пра дзейнасць цэнтра і сацыяльная рэклама, якая адлюстроўвае ключавыя аспекты абароны ПД і асабістай бяспекі пры іх выкарыстанні, распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках і месэнджарах.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.