Валянціна Рыгораўна любіць сваю вёску і нават зараз, калі гады прыціснулі сваім гнётам, не ўяўляе жыцця за яе межамі. На прапановы сацслужбы пераехаць у аддзяленне кругласутачнага знаходжання на зімоўку, адказвае: мне і дома нядрэнна. Акрамя таго, што яе некалькі разоў на тыдзень наведвае памочніца з сацслужбы, перыядычна на дапамогу прыходзяць валанцёры і дэпутаты.
Яноўскі сельскі Савет дэпутатаў нават знаходзіцца ў адным будынку з сацпунктам ад раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сумеснымі намаганнямі яны і рэагуюць на праблемы сельчан.
— Мы з’яўляемся своеасаблівым каардынатарам гэтай работы, бо да нас сцякаецца ўся інфармацыя, — расказвае старшыня Яноўскага сельсавета Наталля Лагуціна. — Усе людзі пенсійнага ўзросту, адзінокія і тыя, што жывуць адны, пад стопрацэнтным аглядам. Алгарытм нашай работы такі: сацыяльныя работнікі — а іх на тэрыторыі сельсавета дзевяць — інфармуюць аб праблемах свайго начальніка, а яна, у сваю чаргу, прыходзіць да мяне і расказвае пра іх. Большасць пытанняў яны, канешне, вырашаюць, а тое, што не могуць самастойна зрабіць, мы робім талакой. Аднаму дзядулю з Яноўкі дровы прывезлі, а ён пасля аперацыі нават рухацца не можа. Дзяцей няма, радні таксама. Мы разам дапамогу яму арганізавалі. Валанцёры са школьнага атрада «Міласэрнасць» пад кіраўніцтвам дырэктара школы, дарэчы, нашага дэпутата, Святланы Козік дровы ў павець перанеслі.
Летась па зіме ад сацслужбы паступіў сігнал, што жыхарка вёскі Казелле не можа дабрацца да аўтакрамы — дарогу снегам занесла. Супрацоўнік міліцыі і яшчэ некалькі яго калег па сігнале з сельсавета адправіліся на дапамогу. Тэхніка туды прайсці не можа, таму прыйшлося працаваць уручную. Вёска Казелле калісьці была вялікая, зараз маланаселеная, людзі жывуць на адлегласці 2-3 кіламетры адзін ад аднаго. Дом той бабулі якраз наводшыбе. Да яе двойчы на тыдзень ходзіць сацработнік, але часам ёй і самой хочацца схадзіць прадуктаў купіць. Былі прыклады, калі пасля моцных ураганаў дрэвы на дарогу падалі. Сацработнікі тэлефанавалі старшыні сельсавета, а яна — дарожнікам.
Наталля Лагуціна адзначае, што, дзякуючы сацработнікам, старыя і інваліды ўсе дагледжаныя. І па пажарнай бяспецы пытанняў няма. Дзяўчаты і самі нагадваюць пенсіянерам пра правілы паводзін у экстрэмальных сітуацыях. З іх жа падачы праводзяцца рамонты печак. Яны такія моманты абавязкова адсочваюць. Такая ўзаемасувязь спрашчае жыццё адзінокім і адзінока пражываючым пажылым людзям. А іх непасрэдна ў Яноўскім сельсавеце 75 чалавек.
— Да зімы насельніцтва падрыхтаванае, і за старых я цалкам упэўнена, — кажа старшыня. — Гэта ж не разавая нейкая сітуацыя, гэта ўжо сістэма. Алгарытм адпрацаваны гадамі. Калі ўзнікае нейкі форс-мажор, мы хутка рэагуем. Яшчэ да пачатку ацяпляльнага сезону з участковым абышлі ўсе двары і асабіста пераканаліся, што нашы адзінокія старыя гатовы да зімы. Звяртаем увагу, ці ёсць у іх запас дроў, у якім стане печкі, іншае ацяпляльнае абсталяванне. Асаблівая ўвага тым, хто схільны да прыняцця алкагольных напояў. А для старых, калі па прагнозе неспрыяльнае надвор’е, сацыяльныя работнікі загадзя робяць запас дроў на верандзе. Жывём на сваёй тэрыторыі адной вялікай сям’ёй і адзін за аднаго перажываем і турбуемся.
Дырэктар Краснапольскага раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Дзям’янава па сумяшчальніцтву яшчэ і дэпутат. Як і яе намесніца Наталля Герашчанка. На уліку ў раёне 1351 чалавек з ліку адзінока пражываючых і інвалідаў і 155 адзінокіх. Напярэдадні асенне-зімовага сезона сацработніцы-дэпутаткі таксама наведалі кожнага з гэтых людзей. Нягледзячы на тое, што непасрэдна на абслугоўванні сацслужбы толькі 422 чалавекі з іх. Іх доглядам у раёне займаецца каля 70 сацработнікаў.
Па выніках праверак, некалькім чалавекам аказана дапамога ва ўстаноўцы пажарных апавяшчальнікаў, у тым ліку з вывадам на святло-гукавое прыстасаванне, некалькім чалавекам дапамаглі ў зборы дакументаў на атрыманне дроў, яшчэ некалькім пасадзейнічалі ў перасяленні у дамы-інтэрнаты на тэрыторыі вобласці. Апошнія — людзі яшчэ даволі маладога ўзросту з ліку інвалідаў.
— Работу па падрыхтоўцы да зімняга перыяду пачынаем праводзіць яшчэ летам, — прысвячае ў нюансы працы Алена Дзям’янава. — Наведваем людзей «залатога ўзросту», расказваем ім, якія паслугі яны могуць атрымаць, нагадваем родным пра іх старэнькіх бацькоў. У выніку такіх перамоў атрымалася дзесяцярых пажылых грамадзян размясціць у родных.
Набірае ў раёне папулярнасць і такая форма дапамогі, як замяшчальныя сем’і для пажылых і людзей з інваліднасцю. Звычайна ў якасці такіх сямей выступаюць далёкія сваякі, але ёсць выпадкі, калі да сябе прымаюць старых ці інвалідаў зусім чужыя людзі.
— Мы кіруемся меркаваннем, што прыватны дом не заменіць ніякая сацыяльная ўстанова, — кажа суразмоўніца. — Таму мы да апошняга шукаем варыянты, каб чалавеку было псіхалагічна лягчэй і прасцей настроіцца на новы лад жыцця. Каб ён не адчуваў сябе кінутым і нікому не патрэбным.
Дырэктар Яноўскай базавай школы Святлана Козік таксама дэпутат і натхняльнік валанцёрскага атрада «Міласэрнасць», які існуе пры школе. Гэта невялічкая мабільная група старшакласнікаў, якая заўсёды гатова прыйсці на дапамогу старым.
— Летась, як толькі нас заваліла снегам, мы ўзялі ў рукі рыдлёўкі і пайшлі чысціць вуліцы, — кажа суразмоўніца. — Населены пункт невялікі, знаем, да каго прыязджаюць памочнікі, а да каго не, і чысцім каля іх. Жыве у нас шматдзетная маці, у якой дзеці раз’ехаліся па розных населеных пунктах, прыходзіцца самой сябе абслугоўваць. Выйшла яна зімовай раніцай па ваду, а дарожка да яе дома ўжо расчышчаная. Яна расчулілася да слёз. А гэта нашы дзеці яшчэ да заняткаў снег раскідалі. Наогул, шмат каму дапамагаем і парадак навесці, і дроў або вады прынесці. Летась пайшлі дзеці па вуліцы Хутарской двум пенсіянерам дапамагчы, а па дарозе дапамаглі яшчэ некалькім. Жыхары тэлефануюць у школу, дзякуюць за ўвагу. Нават цукеркі спецыяльна купляюць, каб было чым парадаваць сваіх памочнікаў.
Жыхарка Краснаполля Марыя Храмко, якая сёлета адзначыла свой 92 год нараджэння, лічыць сябе пад надзейнай аховай.
— Засталася адна пасля смерці мужа, — уздыхае яна. — Але дом свой не збіраюся пакідаць. Мне тут і цёпла, і ўтульна. Да мяне прыходзіць сацыяльны работнік, вельмі добрая жанчына. Яна мне ва ўсім дапамагае, гатуе есці, купляе прадукты і лекі. З надыходам зімы да мяне прыходзяць валанцёры, дапамагаюць маёй памочніцы Святлане чысціць дарожкі, ваду насіць. Восенню прыбягалі, каб дровы скласці. Адным словам, не забываюць. Так што адзінокай я сябе не лічу. Вунь колькі ў мяне памочнікаў!
Старшыня Краснапольскага райсавета Анжэліка Гоман адзначае, што напярэдадні зімы ўсе сілы сканцэнтраваныя на дапамозе людзям уразлівых катэгорый:
— Асабліва гэта датычыцца аддаленых і маланаселеных пунктаў, — кажа яна. — Насельніцтва старэе, і людзі, якія жывуць адны, у нас на асаблівым рахунку. Вырашаем усе пытанні, звязаныя з іх жыццезабеспячэннем — дастаўка прадуктаў, работа аўтакрам, вулічнага асвятлення і гэтак далей. У раёне працуе сацыяльна-інфармацыйны цягнік «Клопат», у рабоце якога задзейнічаныя і дэпутаты, і ратавальнікі, і медыкі, і праваахоўнікі, і сацыяльная служба. Мы сустракаемся з людзьмі пажылога ўзросту, цікавімся іх праблемамі. І самае актуальная тэма сёння, вядома ж, зіма. Мы паклапаціліся, каб усе пажылыя былі забяспечаны палівам. Нашы старшыні сельсаветаў цесна супрацоўнічаюць са старэйшынамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі населеных пунктаў, і робім усё магчымае, каб пажылым людзям і інвалідам было больш камфортна пражываць на тэрыторыі раёна.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіваў РЦСАН і Яноўскага сельсавета
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.