Вы тут

Вокамгненне праз уражанне


Мастацкая спадчына жывапісца, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева надзвычай багатая, як і ў многіх тагачасных аўтараў. Стваралі шмат — быў і дзяржзаказ, былі розныя нагоды для эксперыментаў, было шмат працы ў стол... Сёння палотны могуць гадамі пыліцца ў сховішчах і бог ведае калі паказацца шырокай публіцы. Гэта калі няма папулярызатараў творчасці таго ці іншага мастака. Аднак здараецца, такія знаходзяцца — як правіла, гэта члены сям’і, якія таксама звязалі сваё жыццё з мастацтвам. Напрыклад, работы бацькі Пятра Шарыпы часта прэзентуе дачка Алена Пятроўна. Папулярызацыяй жа спадчыны Барыса Уладзіміравіча займаецца адна з яго дачок Аксана Барысаўна. 


Работы Дар’і Цітовай

Нядаўна пры яе актыўным удзеле была арганізавана выстаўка «Малая радзіма ў творчасці беларускіх мастакоў» у Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. Няхай экспазіцыя атрымалася сціплай, як і наогул многія бібліятэчныя, але гэта ўсё адно важная частка справы ўвекавечання памяці мастака, папулярызацыі яго спадчыны. Між тым гэта не проста выстаўка выбраных, далёка не самых знакамітых работ майстра (гуаш, акварэль) — у праект увайшлі творы маладой мастачкі Дар’і Цітовай. 

Дар’я Цітова нарадзілася ў 1999 годзе ў горадзе Калінкавічы. У 2014–2018 гадах вучылася ў Гомельскім дзяржаўным мастацкім каледжы (спецыяльнасць — «Жывапіс»). У 2022-м скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (спецыяльнасць — «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка»). Між тым з 2018 года мастачка працуе настаўніцай выяўленчага мастацтва ў Дудзіцкай дзіцячай школе мастацтваў (Гомельская вобл., Калінкавіцкі р-н, аграгародок Дудзічы). Паспела паўдзельнічаць у некалькіх выстаўках у Беларусі і за мяжой. Сярод іх — Міжнародная выстаўка плакатаў, прысвечаных рэгі, у Ліверпулі (2017) і выстаўка-продаж «Асенні салон» (2022). У 2019-м была арганізавана персанальная выстаўка жывапісу Дар’і Цітовай «Малахітавая шкатулка» ў Калінкавіцкім краязнаўчым музеі. У такой колькасці работы аўтара ў Мінску экспануюцца ўпершыню. 

Творы аўтараў пасуюць адзін аднаму. Пяшчотнасць колераў, мяккасць пераходаў, багацце адценняў яднаюць работы, як і выразнасць адлюстраванага, яснасць кампазіцыі. Аднак у Барыса Аракчэева адлюстравана мінулае стагоддзе — пейзажы Яраслаўшчыны і вёскі Турбанава, у якой мастак нарадзіўся і жыў да свайго пераезду ў Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры ўвагі Дар’і Цітовай — добра знаёмыя ёй мясціны Калінкавіцкага раёна, сучасная Гомельшчына. Некаторым можа падацца: дык і тут нам прапаноўваюць здзейсніць падарожжа ў мінулае. Але ж не. Вулкі, здаецца, паўзанядбанай вёсачкі, маляўнічыя ваколіцы, буянства прыроды — апісанне сучаснай беларускай вёскі, у які куток Беларусі ні завітай. Не заўсёды пазнавальнасць ідзе на карысць твору, але ў дадзеным выпадку яна падаецца да месца. Погляд маладой мастачкі на, здаецца, нічым не адметныя мясціны, яе шчырае замілаванне традыцыйным мастацтвам падкупляе. 

Барыс Аракчэеў «Бярэзіна сухаходная», 1976 г.

— Мне цікава тое, што навокал, — а сельская мясцовасць побач, — адзначае Дар’я Цітова. — Аддаю перавагу гуашы, бо падабаецца яе колеравая насычанасць, цаню яе і за хуткасць выканання. Адсюль і маленькі фармат — хочацца паспець зрабіць болей. Да таго ж і ўражанне ад вокамгнення лепей перадаецца ў малых формах. Вялікія вымагаюць больш карпатлівай працы, прадуманасці, кампазіцыйнай завершанасці... Эцюд у гэтым плане непатрабавальны, але вынік таксама здольны ўразіць. 

Выстаўка «Малая радзіма ў творчасці беларускіх мастакоў» у Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна экспануецца да 15 снежня на другім паверсе. Уваход вольны. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.