Вы тут

Выстаўка «33 ступені» адкрылася у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага


У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага некаторы час таму адкрылася выстаўка старажытнабеларускага сакральнага мастацтва «33 ступені» — сумесны праект Музея гісторыі горада Мінска і аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён знаёміць з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі сакральнага мастацтва, прысвечанымі евангельскім падзеям Крыжовага шляху Ісуса Хрыста, і прымеркаваны да свята Вялікадня. Убачыць унікальныя экспанаты можна да 19 мая.


«Тайная вячэра», пачатак XIX ст.

Выстаўка «33 ступені» размясцілася ў асобнай зале галерэі побач з работамі народнага мастака Міхаіла Савіцкага, прысвечанымі біблейскім сюжэтам. Гэта маштабныя палотны, у якіх робіцца спасылка на праваслаўныя іконы. Разам з імі — партрэты беларусаў, якім уласцівы эпічная шырыня і глыбокая народнасць. 

Увогуле ж усе экспанаты выставачнага праекта — з калекцыі аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Пасля закрыцця шматлікіх храмаў у 1960–1970-х гг. творы змаглі выратаваць (бо гісторыя мае шмат прыкладаў, калі рэліквіі і творы сакральнага мастацтва былі раскрадзены або знішчаны). Так, падчас навуковых экспедыцый прадметы, якія ўяўлялі сабой гістарычную і мастацкую каштоўнасць, беражліва збіраліся мастацтвазнаўцамі ў калекцыю Музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук. Сёння навуковыя калекцыі аддзела старажытнабеларускай культуры прызнаны нацыянальным набыткам краіны. 

«Паклонны крыж», XVIII ст.

У аснове выстаўкі — узоры іканапісу і скульптуры, створаныя ў XVII—XIХ стст. на тэрыторыі Беларусі. Збіралі экспазіцыю на працягу доўгага часу. Прадметы каштоўныя і крохкія. Сярод іх — фрагмент абпаленай драўлянай скуптуры «Галава Хрыста», якая знаходзілася ў Касцёле Дзевы Марыі Разарыі ў вёсцы Сігневічы Бярозаўскага раёна, паклонны крыж XVIII ст., знойдзены ў Царкве Святой Параскевы Пятніцы (в. Мясяцічы, Пінскі раён), палатно «Пакладанне ў труну» 1794 года з Царквы Нараджэння Багародзіцы (аграгарадок Парахонск, Пінскі раён). 

— Ідэя выстаўкі заключаецца ў тым, каб паказаць і падкрэсліць значныя падзеі ў жыцці беларускага народа, якія мы, верагодна, можам параўнаць з падзеямі мінулага ўсяго свету, праз якія маем магчымасць наблізіцца да разумення біблейскай гісторыі, — мяркуе загадчык аддзела Старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Барыс Лазука. — Трыццаць тры прыступкі як 33 гады жыцця Хрыста — гэта своеасаблівая алегорыя, якая адлюстроўвае і ступені ў жыцці кожнага чалавека ад нараджэння да скону. Гэтай выстаўкай мы імкнуліся паказаць не столькі зямны шлях Ісуса Хрыста, колькі важныя вобразныя, праграмныя і маштабныя ідэі і думкі, якія ўвасобіліся ў яго постаці, у тых старонках, што ляглі ў аснову Бібліі. Музей старажытнабеларускай культуры — адзін з нямногіх у нашай краіне, які валодае велізарнай калекцыяй сакральнага мастацтва. Гэта творы іканапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яны ахопліваюць розныя перыяды нашага мінулага і адлюстроўваюць самае рознае стаўленне да нашай сакральнай культуры і гісторыі. Многія з экспанатаў сведчаць аб тым, як мы часам нядбайна адносіліся і да сакральнага мастацтва, і да спадчыны продкаў. Няхай такія прадметы будуць сведчаннем нашага станаўлення як суверэннай нацыі, той, якая нясе адказнасць за сваю гісторыю і выхаванне грамадства. 

«Ушэсце гасподняе», 1805 г.

Віды драўляных крыжоў праваслаўнай і каталіцкай канфесій з розных рэгіёнаў Беларусі, прыклады драўляных «Галгоф», узоры беларускага іканапісу і алтарныя палотны — усё гэта склала выстаўку «33 ступені». Яе мэты — даць гледачу магчымасць усвядоміць значэнне духоўнай спадчыны для сучаснасці, вызначыць культурную ідэнтычнасць і ажывіць гістарычную памяць. 

— Адзін з экспанатаў — старадаўняя плашчаніца, — адзначае прадстаўнік Сінадальнага аддзела па культуры Беларускай праваслаўнай царквы Давід Баброў. — Рэстаўратары аднаўлялі яе з кавалачкаў, змацоўвалі літаральна па нітачцы, каб яна паўстала перад намі ў такой прыгажосці. Мяркую, уся вы¬стаўка адлюстроўвае імкненне яе арганізатараў знайсці ніці сакральных сувязей у гісторыі Беларусі і паказаць іх людзям. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.