Вы тут

У Магілёве старшакласнікам прадэманстравалі магчымасці ДТСААФ


Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту вельмі цесна супрацоўнічае са школамі. Штотыдзень на базе магілёўскага аб’яднання ДТСААФ ладзяцца экскурсіі для школьнікаў і навучэнцаў устаноў адукацыі. Аналагічную работу праводзіць і Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру». На гэты раз арганізацыі аб’ядналі свае намаганні.


Старшыня Магілёўскага аб’яднання ДТСААФ Аляксандр Коньшынпавіншаваў новых членаў ДТСААФ

Дадатковая спецыяльнасць і заняткі ў секцыях

Для вучняў 9–10 класаў армія — пакуль тэма абстрактная. Яны, вядома, тэарэтычна ведаюць, што значыць Айчыну абараняць, але яшчэ не вельмі атаясамліваюць сябе з гэтым. І ДТСААФ — менавіта тое месца, дзе па армейскай тэме добра падкоўваюць.

— Існуе дарожная карта, якая падпісана на ўзроўні Цэнтральнага савета ДТСААФ і Міністэрства адукацыі, — расказвае старшыня Магілёўскага аб’яднання ДТСААФ Аляксандр Коньшын. — Таварыства садзейнічае патрыятычнаму выхаванню моладзі і падрыхтоўцы да службы ў арміі, а таксама дае магчымасць атрымаць спецыяльнасці і навыкі, якія там спатрэбяцца.

Знаёмства дапрызыўнай моладзі з арганізацыяй пачынаецца з яе гісторыі і цяперашнімі магчымасцямі. Школьнікам расказваюць, што для будучых абаронцаў ёсць вельмі прыемныя бонусы. Напрыклад, яны могуць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне бясплатна. Для гэтага трэба звярнуцца ў ваенкамат і прайсці медкамісію. Калі супрацьпаказанняў па здароўі няма, выдаецца дазвол на атрыманне прафесіі вадзіцеля катэгорыі «C» або электрыка-асвятляльніка сілавых электрычных станцый. Пасля заканчэння ўручаецца адпаведны дакумент. Акрамя гэтага, ДТСААФ прапануе шмат іншых цікавых заняткаў, якія таксама вельмі карысныя для будучых абаронцаў.

— У нас ёсць спартыўныя секцыі, авіямадэльны гурток, матацыклетны спорт, фігурнае кіраванне матацыклам, джып-трыял, картынг, стралковая секцыя, страйкбол, пінтбол, хуткасная тэлеграфія і іншыя, — уводзіць моладзь у курс справы старшыня аб’яднання. — У кожнай секцыі займаецца прыкладна па 15–20 чалавек. Кіраўнікі ўсе высокакласныя. Азы хуткаснай тэлеграфіі выкладае вельмі дасведчаны спецыяліст Вольга Бегунова. Пад яе кіраўніцтвам падлеткі выязджаюць на абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы. У нас вельмі моцная школа. Вялікай папулярнасцю карыстаецца стралковая секцыя, там створаны ўсе ўмовы для заняткаў. Шмат хто цікавіцца фігурным кіраваннем матацыклам. Дзеці вывучаюць устройства транспартнага сродку, Правілы дарожнага руху, удзельнічаюць у спаборніцтвах на мотадроме.

Выстава ад «Віккру» зацікавіла і хлопцаў, і дзяўчат

Арганізацыя мае вялікі досвед у плане падрыхтоўкі моладзі да арміі. Вопыт работы паказаў, што, калі моладзь прыходзіць у армію падрыхтаваная, гэта вялікі плюс.

— Два разы ў год мы праводзім падрыхтоўку і перападрыхтоўку прызыўной моладзі, якая збіраецца ў армію па накіраванні ад ваенкаматаў, — адзначае суразмоўца. — Юнакі абучаюцца за кошт сродкаў Мінабароны і праз паўгода ідуць служыць, маючы на руках вадзіцельскае пасведчанне або пасведчанне электрыка. 

Атрымаць іх можа малады чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў. А ў студзені да нас прыйдуць на перападрыхтоўку ваеннаслужачыя з Узброеных Сіл. Яны ўжо атрымалі катэгорыю «C», а для арміі патрэбны яшчэ катэгорыі «E», што дазваляе працаваць з прычэпамі, і «D», каб можна было кіраваць аўтобусамі. Сярод гэтых людзей — і нашы папярэднія выпускнікі. Мы толькі здзіўляемся, наколькі хлопцы памужнелі за зусім кароткі час службы ў арміі.

Цікавасць да вайсковай службы

Пасвяціць моладзь у тэму абароны Айчыны дапамагаюць і прадстаўнікі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» Эдуард Карпюк і Дзмітрый Паклонскі. Яны наведваюць школы і грамадскія аб’яднанні, дзе займаюцца дзеці, расказваюць пра сваю дзейнасць і знаёмяць з узорамі зброі. Абодва цалкам паглыбленыя ў ваенную тэматыку. А дзеючы ваеннаслужачы танкавай вайсковай часці 63615 старшы прапаршчык Эдуард Карпюк — яшчэ і ў адзенні чырвонаармейца.

Эдуард Карпюк і Дзмітрый Паклонскі глыбока ведаюць і армейскую, і ваенную тэмы

— Мы з Дзмітрыем не толькі пошукавікі, але яшчэ і рэканструктары, — удакладняе ён. — Удзельнічаем у пастановачных баях, здымаемся ў дакументальных рэпартажах, расказваем пра нашу дзейнасць.

Для школьнікаў яны арганізавалі цікавую выставу ваеннай амуніцыі. Дарэчы, частка яе — з асабістай калекцыі Эдуарда Карпюка. «Усё гэта калісьці было баявым, але дэактывавана і не з’яўляецца небяспечным, — расказвае ўладальнік прыватнай калекцыі. — Жонка і дочкі, якіх у мяне чатыры, маё хобі падтрымліваюць».

У калекцыі легендарны ПКШ — пісталет-кулямёт Шпагіна, «лімонкі», аўтаматы, карабіны, каскі, форма ваеннаслужачых... На асобным століку — тое, што было паднята падчас раскопак. Дзмітрый паказвае прабітую нямецкую каску, іржавую, знойдзеную на поле былых баёў, а Эдуард дэманструе яе «чыставы» варыянт.

Урачыстым момантам стала прыняцце трынаццаці навучэнцаў СШ № 42 у пярвічку ДТСААФ. Юнакі і дзяўчаты атрымалі членскія білеты і сталі паўнавартаснымі членамі арганізацыі.

— Гэта дзеці з паралеляў дзявятых і дзясятых класаў, яны захапіліся аповедамі прадстаўнікоў ДТСААФ, якія да нас прыходзілі, і выказалі жаданне далучыцца да арганізацыі, — удакладніў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 42 Дзмітрый Давыдаў. — Школьнікі жадаюць атрымаць ваенную спецыяльнасць, хочуць быць стралкамі, вадзіцелямі. У школе мы вучымся страляць, ДТСААФ прадставіла нам зброю. У студзені будзе адкрыты гурток па навучанні кіраванню матацыклам. У нас пабудаваны аўтагарадок, адзіны ў Магілёве, з усімі неабходнымі знакамі, разметкай, святлафорамі. Школьнікі, якія сталі членамі ДТСААФ, змогуць там займацца. Будзе закуплена два матацыклы.

Хлопцам і дзяўчатам паказалі фільм пра дзейнасць ДТСААФ, арганізавалі экскурсію па кабінетах і ў лабараторыю. Яны ўбачылі, якая тэхніка знаходзіцца на ўзбраенні арганізацыі. Было заўважна, што ім гэта цікава.

Вучань 10 класа Павел Байдакоў хоча звязаць сваё жыццё з ваеннай прафесіяй і паступіць у Ваенную акадэмію. «У бацькі дзядзька быў ваенным, і мне захацелася, — усміхаецца хлопец. — Бацькі мне не расказвалі пра ДТСААФ, для мяне тут усё ў навінку, цікава і карысна. Хачу навучыцца ездзіць і атрымаць правы».

Мірон Чайкоўскі вучыцца ў 9-м класе. Яго асабліва зацікавіла інфармацыя пра пілотаў, якія займаюцца пры ДТСААФ. «Пра тое, што тут існуе аэраклуб, даведаўся, калі ў школу прыходзілі прадстаўнікі ДТСААФ, — кажа Мірон. — Захацелася паспрабаваць».

Дзесяцікласнік Ягор Шагойка запісаўся ў ДТСААФ, каб атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. У арміі юнак хоча быць вадзіцелем. Па яго словах, гэта спецыяльнасць ніколі не нашкодзіць. Хлопцы прызнаюцца, што ім вельмі не хапае канкрэтных ведаў пра армію. Кажуць, што нават пра такую традыцыю, як дэмбельскі альбом (быў такі своеасаблівы рытуал у савецкі час), чуюць упершыню. Але цяпер яны таксама частка ДТСААФ, і тыя магчымасці, якія перад імі адкрываюцца, выклікаюць непадробленую цікавасць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Армейская прафесія для школьніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.