Вы тут

Дыстанцыйныя пакупкі і лічбавая рэгістрацыя жылля


Купіць кватэру ў іншым горадзе, не прыязджаючы ў яго. Пры рэгістрацыі здзелак з нерухомасцю карыстацца не папяровымі дакументамі, а інфармацыяй з дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў. Аддаваць дакументы не толькі рэгістратару, але і ўпаўнаважанай асобе. Падаваць заяву на рэгістрацыю праз адзіны партал электронных паслуг. Гэтыя і іншыя новаўвядзенні, як плануюць у Нацыянальным кадастравым агенцтве, дзе распрацавалі комплексны праект закона аб унясенні змен у Закон «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй», прыняты ў 2002 годзе, запрацуюць налета. Цягам 20 гадоў закон, якім кіруюцца ў сваёй дзейнасці арганізацыі па дзяржрэгістрацыі нерухомасці, удасканальваўся. З узнікненнем новых формаў выдачы інфармацыі з’явілася патрэба ў чарговых прагрэсіўных зменах, патлумачылі спецыялісты, якія агучылі асноўныя навелы, запланаваныя праектам закона.


Афармленне здзелкі без выезду

Дакумент прайшоў ужо практычна ўсе стадыі ўзгаднення. Як спадзяюцца ў кадастравым агенцтве, праект неўзабаве будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў, і ўжо налета краіна будзе працаваць па абноўленым законе.

Сярод навел — магчымасць набыць маёмасць у іншым горадзе без выезду на месца, агучыў Сяргей Сянчук, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага кадастравага агенцтва:

— Калі вы набываеце кватэру ў іншым горадзе, зараз, згодна з законам, вам трэба прайсці рэгістрацыю, або зрабіць натарыяльнае сведчанне такога дагавора, або засведчыць дагавор рэгістратару. Каб аформіць такую здзелку, вам неабходна выехаць у гэты горад. Праект закона прадугледжвае магчымасць кожнаму з бакоў (пакупніку і прадаўцу), якія знаходзяцца ў розных гарадах, звярнуцца з дакументамі, якія сведчаць асобу, да свайго рэгістратара па месцы знаходжання. А рэгістратары пасродкам інфармацыйнага ўзаемадзеяння змогуць засведчыць, што бакі здзелкі (прадавец і пакупнік) з’яўляюцца сапраўднымі асобамі, і здзейсніць здзелку. Адпаведна, адпадзе патрэба ехаць у другі горад, каб аформіць здзелку.

У новым законе плануецца таксама некалькі змясціць фокус з дакументаў (як асновы, на падставе якой рэгіструюцца правы або правяраецца іх наяўнасць) на інфармацыю, заўважыў спецыяліст:

— Па сутнасці, мы жывём у інфармацыйным грамадстве, і дакументы зараз страчваюць такую значнасць, якой яны валодалі раней. Большую каштоўнасць набывае інфармацыя, якая знаходзіцца ў базавых інфармацыйных рэсурсах. Адпаведна, праект нібыта сцвярджае закон, што ўсе рэгістрацыйныя дзеянні могуць здзяйсняцца не на аснове дакументаў, а на падставе даных з адпаведных дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў. Па сутнасці, гэта адно і тое ж, аднак новы спосаб больш хуткі і прагрэсіўны. Гэта абмен электроннымі паведамленнямі з верыфікаваных абароненых рэсурсаў. Такі падыход стане не толькі больш хуткім, але і больш танным, чым абмен папяровымі дакументамі.

Ад рэгістратара — праз SMS, рэгістратару — праз электронны кабінет

Праект закона мае на мэце даць магчымасць прымаць дакументы не толькі рэгістратару нерухомай маёмасці, але і ўпаўнаважаным асобам. Сёння выключным правам прымаць дакументы на здзяйсненне здзелкі валодае толькі рэгістратар пэўнай арганізацыі.

— Здаецца, напрыклад, у эксплуатацыю некалькі дамоў, і ідзе вялікі наплыў людзей, што стварае вялікія чэргі. Павялічыць жа штат рэгістратараў немагчыма, бо на падрыхтоўку спецыяліста патрабуецца каля паўгода, а да гэтага часу патрэба ў ім знікне, — патлумачыў Сяргей Сянчук. — Упаўнаважаныя асобы будуць толькі прымаць дакументы і перадаваць іх рэгістратару, аднак здзяйсняць рэгістрацыйныя дзеянні па іх не будуць. Толькі рэгістратар будзе вывучаць дакументы і вырашаць, ці рабіць рэгістрацыю, ці матывавана адмовіць у ёй, калі ў дакументах знойдзены нейкія праблемы.

У планах дапоўніць пералік паведамленняў, якія рэгістратар у асобных выпадках абавязаны накіраваць уласнікам аб аб’ектах нерухомасці не толькі пісьмова (заказной карэспандэнцыяй), але і пасродкам SMS-паведамленняў ці электроннай пошты.

— Вядома, гэта робіцца і зараз, аднак падобныя паведамленні не маюць юрыдычнага статусу, а з’яўляюцца проста дадатковай крыніцай інфармацыі, — акрэсліў прадстаўнік кадастравага агенцтва. — Згодна з законам, калі рэгістратар здзяйсняе нейкае рэгістрацыйнае дзеянне, якое закранае правы не толькі таго, хто рэгіструецца, але і іншых асоб, то ён абавязаны паведаміць пра гэта заказным лістом тым самым асобам. Такім чынам гэты момант спрашчаецца, і такая форма будзе, пэўна, больш хуткай і зручнай і самім грамадзянам.

Самастойна, праз пасрэдніка, з лічбавым подпісам

Фактам, які налета стане рэальнасцю, спецыялісты лічаць перавод адміністрацыйных працэдур, якія здзяйсняюць тэрытарыяльныя арганізацыі па дзяржрэгістрацыі, у электронны выгляд. Грамадзяне змогуць не толькі звярнуцца напрамую да рэгістратара з пакетам дакументаў, але і падаць электронную заяву на дзяржрэгістрацыю праз Адзіны партал электронных паслуг, удакладніў спецыяліст:

— Праз асабісты кабінет на адзіным партале вы зможаце накіраваць дакументы рэгістратару. Ён разгледзіць іх і, калі ўсё добра, здзейсніць рэгістрацыю, пра што паведаміць вам таксама пасродкам партала. Мы толькі скончылі дапрацоўку праграмнага забеспячэння і мяркуем, што з 2024-га неабходнасць хадзіць да рэгістратара асабіста адпадзе, бо дакументы можна будзе накіроўваць дыстанцыйна.

Дакументы ў электронным выглядзе можна ў прынцыпе падаваць і сёння (ёсць адпаведная інструкцыя Дзяржкаммаёмасці), аднак для гэтага абавязкова спатрэбіцца электронны лічбавы подпіс (ЭЛП) для ідэнтыфікацыі асобы, дадаў Сяргей Сянчук:

— ЭЛП таксама будзе неабходны, каб падпісаць дакументы, якія вы збіраецеся адправіць рэгістратару па электроннай пошце. Зыходзячы з практыкі адзначу, што калі вы збудавалі кватэру і хочаце яе зарэгістраваць, то няма сэнсу толькі дзеля такой падачы дакументаў набываць ЭЛП. Насамрэч прасцей самому схадзіць да рэгістратара — гэта будзе больш зручна, хутка і танна.

Яшчэ адна паслуга, якая апасродкавана аказваецца ў электронным выглядзе, датычыцца магчымасці падаць заяву праз аўтарызаванага пасрэдніка. Такая катэгорыя — прадстаўнікі заяўнікаў, якія могуць падаць заяву ад імя кандыдата ў праваўладальнікі, не атрымліваючы даверанасць, нагадаў намеснік гендырэктара:

— Напрыклад, забудоўшчык збудаваў кватэру. Каб вы змаглі зарэгістраваць ваша права ўласнасці на гэту кватэру ў нашым агенцтве, забудоўшчык абавязаны выдаць вам камплект дакументаў, з якім вы прыйдзеце да рэгістратара. Закон дазволіў такім аўтарызаваным пасрэднікам (у прыватнасці, забудоўшчыку), па сутнасці, ад вашага імя падаць у электронным выглядзе заяву рэгістратару, каб той здзейсніў рэгістрацыю. Гатовыя дакументы (пасведчанне аб рэгістрацыі, дзе ўжо будзе ўказана, што вы з’яўляецеся рэальным уладальнікам нерухомасці) будуць накіраваны вам па пошце або вернуцца забудоўшчыку, і вы іх забераце іх ужо ад яго (зручны варыянт атрымання пасведчання вы самі ўказваеце ў заяве). Аднак з 2024-га рабіць гэта праз адзіны партал будзе больш зручна.

Праверыць, чыя нерухомасць, можа любы

Адзін з прынцыпаў вядзення рэгістру нерухомасці — публічнасць, то-бок звесткі аб рэгістрацыі права ўласнасці той ці іншай асобы не закрытая інфармацыя. Атрымаць яе можа любы жадаючы: фізічная або юрыдычная асоба. Адзіны абавязковы момант — чалавек, які запытвае такую інфармацыю, абавязаны ідэнтыфікаваць сябе, удакладніў спецыяліст:

— Вы не можаце проста прыйсці і папрасіць інфармацыю, а павінны прадаставіць дакументы, якія засведчаць вашу асобу, каб рэгістратар змог зафіксаваць факт такога звароту ад вас адносна нейкага аб’екта нерухомасці. Адпаведная інфармацыя будзе выдадзена ў форме выпіскі з рэгістрацыйнай кнігі.

Выпіску можна ўзяць адносна ўласнага аб’екта нерухомасці, каб, напрыклад, праверыць або проста ўпэўніцца, ці зарэгістравана нерухомасць на вас, а то ці мала што. І такое магчыма, асабліва калі рэгістраваліся старыя аб’екты яшчэ 90-х гадоў мінулага стагоддзя і раней, удакладніў Сяргей Сянчук:

— Калі ж вы маеце намер купіць нерухомасць і жадаеце праверыць, ці сапраўды гэты аб’ект належыць прадаўцу, то таксама можаце атрымаць выпіску па гэтым аб’екце. Аднак сёлета ўзнік нюанс, звязаны з работай Закона «Аб абароне персанальных даных». Калі вы запытваеце выпіску і звесткі аб аб’екце нерухомасці, які належыць фізічнай асобе, то яго імя, імя па бацьку і прозвішча адлюстраваны ў дакуменце не будуць (толькі інфармацыя, што ён грамадзянін Беларусі ці замежны). Аднак праверыць характарыстыкі аб’екта: плошчу, адрас, наяўнасць абмежаванняў ці абцяжаранняў у выглядзе арыштаў або забарон і іншае, як і раней, можна — усё гэта, акрамя імя ўласніка, будзе ў выпісцы.

Тым не менш, калі нерухомасць належыць не фізічнай асобе, а юрыдычнай, то ў выпісцы будзе ўказана яе найменне, бо ў дачыненні да юрасоб у гэтым аспекце абмежаванні Закона «Аб абароне персанальных даных» не дзейнічаюць.

Прадстаўнік кадастравага агенцтва параіў пакупніку, калі ён зацікаўлены ў аб’екце, папрасіць прадаўца ўзяць такую выпіску (аб сваёй нерухомасці, якая прадаецца) ад уласнага імя, каб пакупнік пераканаўся, на каго зарэгістравана нерухомасць. Тым больш што кошт выпіскі не надта вялікі — 0,2 базавай велічыні.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.