Вы тут

Далягляды вымалёўваюць кніжныя зацікаўленні


На мінулым тыдні і снежная завея не сталася памехай, каб у Беразіно, у цэнтральную раённую бібліятэку, прыехалі госці з Мінска. Цэлай камандай прыехалі пісьменнікі, чые кнігі ў апошні час выйшлі ў свет у Выдавецкім доме «Звязда». І як было не прыехаць, калі Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала фестываль беларускай кнігі «Кніжныя гарызонты».


Гаспадары кніжніцы падрыхтавалі выстаўку кніг сучасных беларускіх аўтараў «Суквецце талентаў — суквецце імёнаў». Нават беглы агляд палічак засведчыў, што да ўвагі ўдзельнікаў фестывалю прадстаўлены тыя кнігі, якія выйшлі ў айчынных выдавецтвах у апошні час. Відавочна, што бібліятэчны фонд даволі добра камплектуецца за кошт бюджэтных сродкаў.

Дырэктар бібліятэкі Наталля Мікалаеўна Маеўская запрасіла гасцей на экскурсію па бібліятэцы з наведваннем інфармацыйна-краязнаўчага цэнтра «Гісторыя роднага краю». Маштаб краязнаўчай, пошукавай працы, якую праводзяць у Беразіно, уражвае. А тое, як плён пошуку аформлены, уражвае яшчэ болей. Менавіта ў бібліятэку ідуць як у сапраўдны музей, каб даведацца нешта новае, каб атрымаць сістэмныя звесткі пра славутых прашчураў, ураджэнцаў Бярэзіншычны. Найпершая ўвага ў цэнтры — да літаратурнага краязнаўства, беларускага прыгожага пісьменства, што і зразумела. Бярэінскі край даў свету, нашай Айчыне нямала цікавых асоб, якія сцвердзілі сябе ў літаратурнай працы. Пра іх кнігі, мастацкія творы, народжаныя дзякуючы іх таленту, можна напоўніцу даведацца ў раённай бібліятэцы.

Пасля кароткага знаёмства, абмена ўражаннямі паміж гасцямі і гаспадарамі пачаліся размовы з чытачамі. Лаўрэата літаратурных прэмій розных краін, уладальніка медаля Канстанціна Сіманава (Расійская Федэрацыя) празаіка і публіцыста Алену Брава запрасілі ў чытальную залу на сустрэчу са старшакласнікамі. Імпрэзу, у час якой пісьменніца расказвала і пра аповесць «Дараванне», прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне, і пра іншыя ўласныя творы, назвалі даволі ўзнёсла, з асаблівым піетэтам да Алены Брава, — «Ластаўка беларускай літаратуры». Па атмасферы, што панавала ў час сустрэчы, па пытаннях ад яе ўдзельнікаў было відаць, што творчасць Алены Брава ведаюць, яе кнігамі захапляюцца.

Ірыну Карнаухаву, кіраўніка клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца», паэта, дзіцячага пісьменніка, віталі ў час імпрэзы «Укаранаваная талентам». Ізноў — высокая, прыгожая і адказная назва. Ірына Карнаухава знайшла агульную мову з аўдыторыяй — вучнямі сярэдняга школьнага ўзросту. Пісьменніца расказала пра тыя свае кнігі, якія адрасуе падлеткам. Прыадчыніла сваю творчую лабараторыю, звярнула ўвагу на тое, што, акрамя ідэі, творчага азарэння, якія спрыяюць нараджэнню новых апавяданняў, аповесцяў, важна настойліва рыхтавацца да мастацкага асэнсавання той ці іншай тэмы. А гэтага патрабуе веданне дзіцячай псіхалогіі, дзеля гэтага патрэбныя частыя сустрэчы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

«Караблік дзяцінства ў кніжным моры» — імпрэза, якую правяла паэт, празаік, перакладчык Іна Фралова. Яна выступала ў зале маладзёжнага цэнтра, дзе ладзіцца мноста мерапрыемстваў раённай бібліятэкі, у зале, якую добра ведаюць бярэзінскія школьнікі. Іна Фралова ў апошні час выдала цэлы шэраг кніг, адрасаваных зусім юным чытачам. Пісьменніца — часты госць у бібліятэках і школах краіны. Асабліва добра яна ведае бібліятэкі Мінска і Міншчыны. Сябруюць з таленавітым аўтарам і бібліятэкары, часта самі звяртаюцца з просьбай правесці прэзентацыі яе новых кніг. Зусім нядаўна Іна Фралова ўклала чытанку для юных аматараў мастацкага слова — «Верасок». Хрэстаматыйнага характару зборнік, выдадзены «Звяздою» накладам у дзве тысячы экзэмпляраў, даволі хутка разыходзіцца з выдавецкага склада. Пад адной вокладкай — дзесяткі цікавых, прыцягальных твораў пісьменнікаў розных пакаленняў. Чытанка «Верасок» — і добры ўрок роднай літаратуры, і добры ўрок выхавання.

Завяршыўся фестываль беларускай кнігі ў Беразіно «Кніжныя гарызонты» пасяджэннем круглага стала на тэму «Сучасная беларуская кніга: прыярытэты кнігавыдання і прапаганды». Мадэратарам размовы выступіла вядомы не толькі ў Беразіно, але ў супольніцтве бібліятэкараў вобласці, краіны, загадчык аддзела маркетынга раённай бібліятэкі Тамара Мікалаеўна Круталевіч. Яна і задала тон размове гасцей і бібліятэкараў. Удзел у абмеркаванні, трэба зазначыць, даволі няпростых пытанняў, прыняў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Многія абсягі дыялогу ў час круглага стала насілі праблемны характар. Не абмінулі выступоўцы, эксперты і тэму ролі моладзі, маладых аўтараў, у сучасным літаратурным працэсе. Згадалі і альманах «Першацвет», які не першы год выходзіць у нашай краіне пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Настрой ва ўсіх — і бібліятэкараў, і наведвальнікаў, удзельнікаў фестываля, пісьменнікаў, нягледзячы на зімовую сцюжу за вокнамі ўтульнага двухпавярховага памяшкання раённай бібліятэкі, быў даволі добры. Напрыканцы сустрэч у Беразіно, я звярнуўся да Наталлі Мікалаеўны Маеўскай з такім вось пытаннем: «А што далей, якіх фестываляў, сустрэч чакаць у галоўнай кніжніцы Бярэзінскага раёна ў 2024 годзе?» Дырэктар крышачку задумалася і вось што адказала: «...Сапраўды, у нас даволі шмат мерапрыемстваў. Часам нават ёсць некаторае напружанне з-за гэтага. Але іначай, набраўшы хуткасці, мы ўжо і не можам. Бібліятэка сёння — сапраўдны цэнтр асветніцтва, цэнтр выхаваўчай працы... Іншая справа, што патрэбна дадаваць навацый, каб нашым бярэзінцам было цікава. Невялікі горад, мы ўсе адзін аднаго ведаем... І наўрад ці на карысць будуць паўторы... Магчыма, наспеў час, супольна з іншымі ўстановамі, правесці ў раёне Бярэзінскія краязнаўчыя чытанні. Тады мы раскажам і пра плён новых даследванняў, і настаўнікаў, школьнікаў падштурхнём да большай актыўнасці ў пошукавай працы...»

Ідэя, якая прагучала ў размове з дырэктарам напрыканцы, напэўна, захопіць многіх. І не толькі жыхароў горада і раёна, а яшчэ і ўраджэнцаў Бярэзіншчыны. Ды нават і не толькі ўраджэнцаў, але і тых вучоных — гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, архівістаў, якім не чужыя імёны знакамітых бярэзінцаў, якім цікавыя падзеі розных дзесяцігоддзяў, што адбываліся ў гэтым краі. Застаецца паверыць у ідэю правядзення Бярэзінскіх краязнаўчых чытанняў, прыцягнуць да іх арганізацыі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі — і справа зрушыцца з месца, набудзе развіццё. А ў выніку дапаможа стварэнню паўнавартаснага гістарычнага партрэта Бярэзіншчыны!..

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Фота Алеся Бычкоўскага

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.