Вы тут

Як складваліся жыццёвыя шляхі братоў Багдановічаў?


14 лістапада (па старым стылі) 1893 года ў сям’і памочніка бухгалтара Гродзенскага аддзялення Сялянскага пазямельнага банка Адама Багдановіча і яго законнай жонкі Марыі нарадзіўся сын Леў. Малодшы брат геніяльнага паэта, ён і сам быў надзелены талентам, які палягаў, праўда, у зусім іншай плоскасці. Звернемся да біяграфій братоў Багдановічаў, паспрабуем паглядзець, як складваліся іх жыццёвыя шляхі, ці былі ў іх кропкі перасячэнняў, ці, наадварот, яны жылі ў паралельных сусветах і траекторыі іх жыццяў ніколі не перасякаліся. 


Марыя Ягораўна Багдановіч з пляменнікамі. Ніжні Ноўгарад, пасля 1896 г.

Першае сімвалічнае супадзенне — гэта месяц нараджэння, бо цяпер дзень нараджэння паэта мы святкуем 9 снежня, але па новым стылі, што адпавядае 27 лістапада па ст. ст., Леў нарадзіўся 14 лістапада. Шчаслівая для сям’і падзея адбылася ўжо не ў Мінску, а ў Гродне, куды Багдановічы пераехалі летам 1892 года. Згодна з выпіскай з метрычнай кнігі Сафійскага сабора, якая сёння захоўваецца ў Доме-музеі М. Багдановіча ў Гродне, хроснымі бацькамі Льва сталі старшы ўрач 103 Петразаводскага палка, надворны саветнік Давід Глінскі і жонка капітана Гродзенскага крапаснога батальёна Марыя Іванова. Хрысціў настаўнік Закона Божага Гродзенскай мужчынскай гімназіі, святар Мікалай Дзікоўскі. Усе — людзі не выпадковыя, гэта кола блізкіх сяброў сям’і Багдановічаў, пра іх не раз згадваў А. Багдановіч у лістах да жонкі, калі яна разам з сынамі адпачывала ў вёсцы Вяззе пад Асіповічамі ў 1894 годзе. 

Марыя Багдановіч таксама пісала мужу з вёскі даволі часта, у яе лістах мы знаходзім звесткі пра Максіма і Льва. Яны яшчэ зусім малыя, але розніца ў характарах ужо праяўляецца. У лісце ад 13 мая 1894 года яна паведамляла: «Максім <...> усё такая ж мямля разлезлая, ледзь-небудзь усё хныкае. З ім таму ніхто і гуляць не жадае. А Лёўка буян, крый божа; Валодзя ад яго ўвесь час плача; той яго і не чапае, слабенькі такі, ледзь стаіць на нагах, а Лёва падыдзе, зараз яму ўлепіць, куды патрапіла, а калі той зваліцца, падамне яго пад сябе і пачне душыць. Мы ўжо смяяліся, зусім як мядзведзь». Максім — спакойны і сарамлівы хлопчык, Лёвушку Марыя называла буянам, пісала, што ён, гледзячы на старэйшых братоў, навучыўся лазіць па агароджах, з-за гэтага хутка рвецца вопратка і знасіўся абутак, што яна баіцца яго пакідаць нават на хвіліну, бо «шкоду зробіць ці зваліцца з агароджы». 

Яднальным момантам стала хвароба маці, хуткацечныя сухоты, якія выявіліся праз год. Летам 1896 года Марыльку адвезлі ў вёску пад Гродна, каб яна лячылася і адпачывала, клопаты па доглядзе дзяцей узяў на сябе Адам Багдановіч. Ён згадваў выпадак, калі прыехаў ад жонкі дадому. Убачыўшы, што матулі з ім няма, плакалі і Леў, і Максім. У дапамогу Адам Ягоравіч запрасіў сваю малодшую сястру Магдаліну, бо трэба было глядзець і за маленькай Ніначкай, якая з’явілася на свет у маі таго ж года. У адным з лістоў Марылька пісала мужу: «Ну, будзь здаровы, маё сонейка яснае. Кланяйся Магдаліне і Ніну цалуй. Хлапчукоў бо не пацалуеш, хоць бы і прасіла». Словы Марыі — сведкі яе бязмежнай любові да сыноў, і зразумела, што пасля яе смерці ім было вельмі цяжка. 

Максім Багдановіч. Яраслаўль, 1911 г.

Далейшае жыццё сям’і праходзіла ўдалечыні ад радзімы, у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі. Ва ўспамінах Адама Багдановіча пра Максіма знаходзім радкі, якія тычыліся малодшага сына Льва. Уважлівы бацька, канешне, бачыў розніцу паміж сынамі, якія жылі ў адным пакоі, але кропак судакранання амаль не было — «адзін паэт, другі матэматык». У сувязі з гэтым і спрэчак паміж імі не было, як і сардэчных размоў. У гімназію паступалі з розніцай у два гады, але Максім у чацвёртым класе застаўся на другі год, таму выпускаліся з розніцай у год, старэйшы брат — у 1911-м, малодшы — у 1912-м. «Прыкладныя паводзіны» запісана ў атэстатах абодвух, але дакументы, якія захаваліся ў ніжагародскім і яраслаўскім архівах, сведчаць аб іншым. У справе Льва Багдановіча ёсць такія запісы: «мешал заниматься», «шалил в начале урока немецкого языка», «вел себя очень беспокойно на уроке немецкого языка». Чамусьці хлопцы не любілі нямецкую мову, бо і ў Максіма сярод заўваг «на ўроку нямецкай мовы займаўся алгебрай». А вось па балах розніца заўважная: сярэдні бал Льва Багдановіча ў атэстаце сталасці — 4,58, значна вышэйшы, чым у яго старэйшага брата (3,66). 

Пры пераводзе па службе А. Багдановіча ў Яраслаўль яго сыноў не ўзялі ў гімназію. Папярэдняя дамова пра гэта была, але дырэктар М. Вярыгін атрымаў водгук ад ніжагародскіх калег і адмовіў, знайшоўшы выдуманую прычыну — перапоўненасць класаў. Спатрэбіўся час і дапамога ўплывовых асоб, сяброў бацькі, каб у Яраслаўскай мужчынскай гімназіі з’явіліся новыя вучні. Адам Ягоравіч пісаў, што вельмі хутка адносіны да хлапчукоў з боку адміністрацыі змяніліся, бо «малодшы сын Лёва ўразіў усіх у мясцовым матэматычным гуртку сваім незвычайным матэматычным талентам, а неўзабаве і Максім стаў вядомы сваім паэтычным дарам». 

Ёсць успаміны двух яраслаўскіх аднакласнікаў Максіма Багдановіча — Дзіядора Дзябольскага і Ціхана Годнева, дзе кожны аддае належную ўвагу паэту, але згадвае і яго малодшага брата. Ва ўспамінах відаць розніцу ў характарах Багдановічаў, у ладзе жыцця, у наладжванні стасункаў з навакольным светам. Дзіядор пісаў, што пісьмовы стол быў падзелены паміж братамі: «левы бок стала — Максіма, на ім нязменны беларускі слоўнік Насовіча, правы — Лёвы. Лёва з грыфельнай дошкай у руках рашае задачы (ён быў вельмі здольным матэматыкам)». Таксама сябра адзначаў, што паэт сярод незнаёмых людзей саромеўся, адчуваў сябе няёмка, сарамлівасць знікала, калі вакол былі блізкія. «Выгляд у Максімa быў сур’ёзны i засяроджаны. Калі пачынаў гаварыць, твар яго зацвітаў усмешкай. Карэктны i ветлівы, ён умеў іранізаваць, у сваёй (выдзелена намі. — І. М.) кампаніі жартаваў», — гэта падкрэсліваў Ціхан Годнеў. Пры гэтым вялікую частку ўспамінаў ён прысвяціў Льву Багдановічу. Вось як апісваў яго характар і талент: «Таварыскі, жывы, заўзяты весялун, ён быў усеагульным любімчыкам. У яго былі выключныя здольнасці да матэматычных навук. Задачы, якія з вялікай цяжкасцю рашалі самыя лепшыя вучні, ён заўсёды рашаў жартуючы». 

Пасля заканчэння Яраслаўскай гімназіі аднакласнікі Максіма Ціхан Годнеў і Дзіядор Дзябольскі паступілі вучыцца ў Імператарскі Маскоўскі ўніверсітэт. У адрозненне ад сяброў ён марыў вучыцца ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, куды яго рэкамендавалі акадэміку А. А. Шахматаву. Як ведаем, марам М. Багдановіча не суджана было здзейсніцца, бо сухоты перашкаджалі гэтаму. Была і яшчэ адна важная прычына — геніяльны матэматык Леў Багдановіч праз год збіраўся на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, як пісаў Адам Ягоравіч ва ўспамінах, «дваіх утрымоўваць у розных гарадах для мяне ў матэрыяльным плане было непасільна». Максім паступіў вучыцца ў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі, а Леў адправіўся ў Маскву. А. Багдановіч піша пра навучанне старэйшага сына: «Ліцэй ён наведваў даволі акуратна, залікі здаваў на „вельмі“, але лекцыі слухаў нячаста». Бацька падкрэсліваў, што Максім уваходзіў у склад беларускага зямляцтва, дзе чыталіся рэфераты па розных пытаннях беларусазнаўства, былі вечарыны з чытаннем беларускіх твораў і спевамі. У той самы час у лісце да Льва Багдановіча (ад 14 лютага 1913 года) чытаем: «Сынок! Мяне дзівіць твой водгук аб перакладзе Міцкевіча. Ты проста не ўмееш чытаць вершаў і не разумееш прыгажосці такога твора, як „Пан Тадэвуш“. Ну, не бяда; усё прыйдзе ў свой час. Ты ж наогул развіваўся своеасабліва: аднабакова, а таму ў іншых адносінах марудна». 

Першая сусветная вайна перакрэсліла мірныя планы мільёнаў людзей, змяніла яна і жыццё братоў Багдановічаў, але ў гэты страшны час кожны з іх дзейнічаў як сапраўдны патрыёт сваёй краіны. Максім паехаў у Мінск, прымаў актыўны ўдзел у рабоце Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Леў на хвалі патрыятычнага ўздыму вырашыў адправіцца на фронт. Абодва хварэлі на сухоты, з-за чаго перажываў бацька. У адным з лістоў да малодшага ёсць такія радкі: «Нюта (стрыечная сястра. — І. М.) паведамляе, што ты не наведваеш лекцый, а ходзіш глядзець ваенныя экзэрцыцыі. Або паклічуць цябе, або не. Яшчэ вялікае пытанне — ці прыдатны ты да ваеннай службы: хворыя былі б толькі вялікім цяжарам». У лістах ён называў Льва сваім «лепшым сынам, адзінай апорай сям’і», чалавекам, які мог бы ўзяць на сябе клопаты пра меншых зводных братоў, у адрозненне ад старэйшага «ненадзейнага» Максіма. 

У лютым 1917 года хворы на сухоты Максім Багдановіч выехаў з Мінска на лячэнне ў Крым. Прыкладна ў гэты час у камандзіроўку ў Сімферопаль выправіўся Адам Багдановіч, бацька марыў аб сустрэчы з сынамі, але старэйшага ён ужо не ўбачыў. З болем ён пісаў малодшаму Льву ў дзеючую армію: «Мой мілы сынок. Нас спасціг новы ўдар: Максім памёр у ноч на 14 мая ў Ялце. Крывацёк з горла. Ён нічога мне не пісаў пра сваё здароўе: аказалася, што ў апошні час ён пачуваўся дрэнна: кроў 3 разы пачынала ісці. Памёр зусім самотна і пахавалі яго без мяне. Усё гора ды гора. Зараз ты адзін застаўся ў маці». Пра апошнія месяцы жыцця Максіма Багдановіча мы ведаем са слоў уладальніцы кватэры, якую ён здымаў, запісаных бацькам. На месцы пахавання паэта быў пастаўлены драўляны крыж, у 1920-я гг. заменены на просты абеліск, у 2003 годзе на магіле паставілі прыгожы помнік, беларусы Крыма даглядаюць магілу, прыносяць кветкі, прыходзяць у дзень нараджэння і ў дзень памяці. 

Леў Багдановіч. Яраслаўль, 1912 г.

Дата смерці і месца пахавання малодшага брата паэта невядомы. Картка ўліку страт у Першай сусветнай вайне (афіцэраў і салдат), якая захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве, паведамляе, што 9 ліпеня 1917 года прапаршчык 486-га Верхнемядзведзіцкага палка Леў Багдановіч быў паранены каля вёскі Людвінаўка. Амаль год правёў у шпіталі, прычына — разрыўная куля. Пра бой, раненне і выратаванне ён падрабязна напісаў любімай цётцы Магдаліне, як праходзіў працэс лячэння — у лісце да бацькі. Гэтая куля, дакументы і рэчы Л. Багдановіча сёння захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, а прыгожы здымак у ваеннай форме — у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У апошнім лісце Льва да бацькі ад 21 чэрвеня 1918 года ёсць такія радкі: «Калі я дахаты прыеду, не ведаю, але ўжо пэўна не так доўга. Бывай». На жаль, Адам Багдановіч не ўбачыў малодшага сына, таямніца смерці яго застаецца неразгаданай. 

Ірына МЫШКАВЕЦ, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

Фота з фондаў ЛММБ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.