Вы тут

Адкрыла 13-ы Мінскі міжнародны Калядны оперны форум прэм’ера Чайкоўскага «Іаланта»


Адкрыла 13-ы Мінскі міжнародны Калядны оперны форум 10 снежня прэм’ера оперы П. Чайкоўскага «Іаланта».


...У далёкіх гарах Паўднёвай Францыі, у замку караля Рэнэ, схаваная ад знешняга свету, жыве прынцэса Іаланта. Дзяўчына з дзяцінства не бачыць, і па загадзе бацькі ніхто не можа сказаць ёй пра слепату. Уваход у замак старанна ахоўваецца, а ўсім тым, хто жыве ў ім, пад страхам смяротнага пакарання забаронена згадваць пра прыгажосць, святло і магчымасць чалавека бачыць. Паэтычная гісторыя сляпой дзяўчыны, якой каханне дапамагае вытрымаць пакутлівае лячэнне, стала сюжэтам знакамітай оперы Пятра Чайкоўскага «Іяланта», дзе сімвалічна паказаны няпросты шлях чалавека да духоўнай відушчасці. Недарэмна менавіта гэты спектакль абраны для адкрыцця мінскага міжнароднага опернага форуму, які праходзіць пад знакам самага духоўнага свята — Раства. Значнасць спектакля, з якога пачынаецца сёлетняе музычнае свята, яшчэ і ў тым, што гэта — прэм’ера Вялікага тэатра Беларусі.

Пастаноўшчыкамі спектаклю выступілі дырыжор Арцём Макараў, рэжысёр Ганна Маторная, мастак Любоў Сідзельнікава.

— «Іаланта» — гэта безумоўны шэдэўр Пятра Чайкоўскага, лірычная філасофская споведзь кампазітара. Сёння немагчыма казаць пра яе, як пра казку, — кажа галоўны рэжысёр тэатра, уладальніца медаля Францыска Скарыны Ганна Маторная. — У гэтай оперы спалучаюцца сярэднявечная французская легенда, містычнае адчуванне, сімволіка, сакральнасць, праваслаўная духоўнасць. Гэта рэдкая опера, якая прыходзіць да абсалютна светлага катарсічнага фіналу. І мы павінны прадставіць яе гледачу так, каб кожны мог адчуць гэты катарсіс.

Дарэчы, у оперы прынялі ўдзел лаўрэаты міжнародных конкурсаў Алена Золава, Аляксандр Міхнюк, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Валенцій, народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў, дыпламанты міжнароднага конкурсу Дзяніс Янцэвіч, Кацярына Міхнавец, Дзіяна Трыфанава, Вольга Маліноўская, Тарас Прысяжнюк, лаўрэат Нацыянальнага конкурсу вакалістаў імя Л.П. Александроўскай Сяргей Лазарэвіч. За дырыжорскім пультам у гэты вечар быў галоўны дырыжор тэатра, народны артыст Башкартастана Арцём Макараў. 

Нічога дзіўнага, што і на генеральнай рэпетыцыі спектакля, куды запрасілі журналістаў, і на самім спектаклі быў аншлаг, адчуваўся святочны настрой. Наперадзе яшчэ некалькі дзён, напоўненых адкрыццямі, узорамі высокага музычнага майстэрства. Дарэчы, нагадаю, што гасцямі Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму сталі адразу два калектывы з пастаноўкамі, якіх няма ў рэпертуары беларускага Вялікага — Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Узбекістана імя А.Наваі прывёз оперу «Шукальнікі жэмчугу», а Самарскі акадэмічны тэатр оперы і балета імя Д.Д. Шастаковіча — «Любоў да трох апельсінаў».

Яна ВАЛАСАЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.