Вы тут

Данііл Савеня: Музыка з майго жыцця дакладна не сыдзе, я жыву ёй


Крыху больш за месяц таму прайшоў суперфінал самага маштабнага музыкальнага тэлешоу краіны «Фактар.by». Пераможцам стаў 19-гадовы студэнт Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Данііл Савеня. Сціплы, далікатны, таленавіты юнак са Случчыны, нягледзячы на пэўную асаблівасць — адсутнасць зроку, — змог дастойна прайсці шлях на праекце і здабыць, напэўна, галоўнае — любоў і падтрымку гледачоў. Карэспандэнт «Чырвонай змены» пагутарыла з Даніілам пра яго дзяцінства, шлях да музыкі, атмасферу на «Фактар.by», а таксама даведалася, як спявак адносіцца да папулярнасці, якая прыйшла да яго падчас удзелу ў тэлешоу.


— Данііл, раскажыце, якім было ваша дзяцінства?

— У тры месяцы мне паставілі цяжкі дыягназ з-за праблем са зрокам. Гэтую хваробу нельга вылечыць, таму я сляпы амаль з самага нараджэння. Я ніколі не бачыў і ўвогуле не магу ўявіць, напрыклад, як выглядае чорны або белы колеры. Нягледзячы на такую асаблівасць, калі мяне папрасілі б апісаць сваё дзяцінства, я шчыра адказаў бы, што яно было паўнавартасным. У прынцыпе па аповедах маці я заўсёды быў досыць актыўным, непаслухмяным і дапытлівым дзіцём, шмат чым цікавіўся.

— Хто запрыкмеціў ваш інтарэс да музыкі?

— Мае вакальныя здольнасці першым заўважыў педагог музычнага гуртка, які я наведваў у дзіцячым садку. Мяне часта запрашалі выступаць на ранішніках. А каля пяці гадоў, зусім яшчэ дзіцем, я трапіў, можна сказаць, на сваю першую вялікую сцэну, калі выступаў на фестывалі мастацкай творчасці «Вясёлкавы карагод», які праходзіў у Маладзечне.

Потым сямігадовы Данііл Савеня паступіў у Маладзечанскую агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем зроку, дзе правучыўся дзевяць гадоў. Там, па яго словах, і пачалося станаўленне зусім юнага Даніка-артыста, а вакальныя здольнасці пачалі раскрывацца дзякуючы кіраўніку музычнага гуртка Таццяне Уілсан.

— Чым вам запомніліся школьныя гады?

— З цяплом успамінаю гэты перыяд, але не магу сказаць, што я надта моцна любіў вучыцца. Нягледзячы на тое, за дзевяць гадоў адкрыў для сябе шмат усяго новага. 

Напрыклад, засвоіў работу за камп’ютарам, а гэта, як вы разумееце, не так проста было зрабіць. Я, дарэчы, шмат ад каго чую, што дарослыя людзі хочуць вярнуцца ў школьныя гады, але мне бліжэй іншы падыход: люблю паступова рухацца наперад.

Я быў вельмі актыўным вучнем, пастаянна ўдзельнічаў у школьных творчых мерапрыемствах, шмат займаўся музыкай. У 5 класе прыйшло разуменне, што трэба мяняць методыку работы, бо пачалася мутацыя голасу. У сувязі з гэтым мы звярнуліся па дапамогу да педагога па вакале Алены Атрашкевіч, з якой пазнаёміліся на конкурсе юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок» у 2015 годзе. Там яна, напэўна, і заўважыла мой патэнцыял. І, як бачыце, усё нездарма, ужо больш за восем гадоў працуем разам.

— Ці можна сказаць, што талент да спеваў перадаўся вам ад родных?

— Сапраўды, у мяне ўсе члены сям’і добра спяваюць: дзядзька быў удзельнікам самадзейнага ансамбля, тата таксама валодае пэўнымі вакальнымі здольнасцямі, і сястра малодшая.

— Данііл, а як лічыце, музыка з вамі назаўсёды?

— У падлеткавым узросце я нават не здагадваўся, што буду займацца музыкай настолькі прафесійна. Шчыра кажучы, сур’ёзна аб гэтым задумаўся толькі ў 8 класе, калі надыходзіў час выбіраць прафесію. Тады мой педагог па вакале Алена Атрашкевіч прапанавала паспрабаваць паступіць у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, у якім яна і цяпер працуе, каб мы маглі больш часу ўдзяляць музычным заняткам і каб я атрымліваў тую спецыяльнасць, да якой ляжыць душа. І цяпер я разумею, што зрабіў правільны выбар, таму што вучоба ў каледжы — велізарная база навыкаў, ведаў, знаёмстваў і рэсурсаў.

Пра сваю будучыню я неаднаразова размаўляў і са сваёй сям’ёй. Мама і бабуля казалі, што мне трэба працягваць займацца музыкай і ўвогуле не бачылі мяне ў нейкай іншай сферы дзейнасці. Безумоўна, калі я захацеў бы цалкам змяніць сваё жыццё і заняцца справай, ніяк не звязанай з творчасцю, сям’я прыняла б маё рашэнне. Але мне было б складана гэта зрабіць, таму што я і сам адчуваю, што музыка са мной назаўсёды.

У маім жыцці быў такі перыяд, калі спрабаваў уладкавацца на працу, якая не была звязана з музыкай. Я шукаў рабочае месца, таму што хацеў адчуць сябе самастойным і занятым, як кажуць, сур’ёзнымі карыснымі справамі. Крыху пазней зразумеў, што музыка — гэта таксама адказна і значна. Не заракаюся, у жыцці ўсякае можа здарыцца: сёння ты запатрабаваны артыст, а заўтра — не. І калі так адбудзецца, то я, упэўнены, знайду сабе прымяненне. У любым выпадку дзе б я ні быў, музыка з майго жыцця дакладна не сыдзе, я жыву ёй.

— А як у ваша жыццё прыйшоў «Фактар.by»?

— Думкі наконт удзелу ў гэтым тэлешоу ў нас з педагогам Аленай Атрашкевіч узніклі пасля заваявання Гран-пры на Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Цяпер я гляджу на гэта так: у мяне з’явілася магчымасць праявіць сябе — я яе выкарыстаў.

— Вы прайшлі доўгі шлях у праекце: ад адпраўлення відэавізітоўкі да песні-пераможцы. Раскажыце, чым вам запомніўся ўдзел у «Фактар.by»?

— Калі казаць пра кастынгі і этап «крэслы», то падчас іх я фактычна атмасферу тэлешоу яшчэ не адчуў. А вось на прамых эфірах сапраўды прыйшло ўсведамленне, што стаў удзельнікам самага маштабнага музычнага праекта краіны. Падчас здымак інтэрв’ю, візітовак я пачаў прывыкаць да тых, хто са мной працуе, да тэхнічнага абсталявання, да атмасферы «Фактар.by».

— Ці моцна хваляваліся перад суперфіналам?

— З большага ўся гэта гісторыя пра хваляванне, на мой погляд, — візуальнае адчуванне. Я практычна ўвесь час да пачатку здымак праводзіў у грымёрцы, рэдка выходзіў на грым або даць інтэрв’ю журналістам, таму хвалявання асабліва не адчуваў.

— Ці марылі вы аб перамозе?

— Пра перамогу я стараўся не думаць нават на суперфінале, бо гэта вельмі збівае з толку. На мой погляд, сапраўдны артыст павінен усведамляць, што на сцэне працуе для людзей, а не для сябе і рэалізацыі сваіх амбіцый. Калі ўвесь час думаць пра перамогу, можа ўзнікнуць нездаровая канкурэнцыя, а вось думкі кшталту «Я павінен быць першым» — увогуле не мая гісторыя. На кожным з этапаў праекта я думаў пра тое, што магу не прайсці далей. Мне ўвогуле ўласціва рыхтавацца да горшага, каб было прасцей прымаць паражэнне.

— Раскажыце пра свайго настаўніка Сярогу…

— Ён вельмі глыбокі, удумлівы і канкрэтны чалавек, і за гэта я яго моцна паважаю. У большасці выпадкаў мой настаўнік гаварыў выключна грунтоўна. А яшчэ Сяргей Васільевіч вельмі ўважлівы да дэталяў. Калі і ўзнікалі некаторыя праблемы падчас здымак, то, дзякуючы яму, яны максімальна хутка вырашаліся. Яшчэ для яго было важна маё самаадчуванне. Мы шмат гаварылі пра ператамленне, якое магло пагоршыць вынік. Ён аднойчы сказаў: «Табе не трэба рвацца цяпер» і меў рацыю. Калі б не Сяргей Васільевіч, магчыма, гэтай перамогі і не здарылася б.

— Чаго вы чакалі ад удзелу ў праекце і што ўдалося рэалізаваць?

— Адназначна хацеў паспрабаваць сябе ў прамых эфірах. А яшчэ на ўсіх канцэртах я звычайна працую ў адным і тым жа касцюме, а тут была магчымасць прымераць на сябе розныя вобразы. І мне гэты вопыт спадабаўся.

— Ці пагадзіцеся вы з тым, што да вас прыйшла папулярнасць пасля ўдзелу ў тэлешоу?

— Так, мяне пачалі пазнаваць пасля прамых эфіраў. Але я для сябе вырашыў, што папулярнасць у шырокім сэнсе слова гэта не зусім тое, што мне патрэбна. Хутчэй за ўсё, паспяховым артыстам я буду лічыць сябе тады, калі мае песні будзе слухаць тая аўдыторыя, якая разумее, што хачу данесці сваёй творчасцю.

— А што наконт хейтэраў?

— Нянавісці ці зайздрасці ў рэальным жыцці не адчуваў ніколі, а вось у сацыяльных сетках гэтага хапае. Вядома, я ўсе каментарыі чытаю, таму што мне цікава, што людзі насамрэч думаюць пра мяне і маю творчасць. Але стаўлюся да іх спакойна, адзінае, з-за гэтага вельмі перажывае мама.

Кожны чалавек бачыць тое, што хоча бачыць. Мы з камандай добра разумеем, што людзей, якія мяне падтрымліваюць, значна больш, чым хейтараў. І я вельмі ўдзячны ўсім і кожнаму, хто цікавіцца маёй творчасцю. Я просты чалавек, які спявае, і добра, калі гэта падабаецца гледачу.

Гутарыла Яна ВАЛАСАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.