Вы тут

«Звязда» прасачыла шлях навагодняй прыгажуні ад самага пачатку


Чароўны дух Каляд і Новага года паступова ахоплівае ўсё навокал. Казачная ілюмінацыя, тэматычныя ўпрыгожанні кафэ і магазінаў, вясёлыя гулянні на вуліцах гарадоў і, вядома ж, пах мандарынаў і яловых галінак. Здаецца, свята і не свята зусім без лясной прыгажуні. А ці задумваліся вы калі-небудзь, які доўгі шлях робіць навагодняе дрэва перш, чым апынуцца ў вашай хаце? Спецыяльна для таго, каб паказаць вам гэты працэс з самага пачатку, «Звязда» адправілася ў Валожынскі лясгас.


Перад намі разгарнулася плантацыя плошчай у адзін гектар. Як аказалася, тут з 2019 года высаджана 15,5 тысячы навагодніх дрэў. А пачынаецца ўсё з маленькай шышкі.

— Яны збіраюцца лесаводамі з лістапада да сакавіка. Затым адпраўляюцца на шышкасушылку, дзе з шышак выцярэбліваецца насенне з крылаткай, — расказвае начальнік лесагадавальніка Аляксандр Раманчук. — Пасля гэтага яны трапляюць у Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр, дзе іх абяскрыльваюць пад дзеяннем вільгаці і паветра.

Начальнік лесагадавальніка Аляксандр Раманчук дэманструе елку-двухгодку, вырашчаную ў цяпліцы

З усяго гэтага атрымліваецца насенне. Ну ўсё, цяпер яго можна пасадзіць і чакаць, пакуль вырасце вялікая і пухнатая елка? Як бы не так! Перад пасевам увесь матэрыял абавязкова апрацоўваецца ад шкоднікаў і хвароб, да таго ж, усё гэта ажыццяўляецца выключна спецыялізаванай тэхнікай.

Праз год атрымліваюцца сеянцы-аднагодкі, якія знешне нагадваюць невялікую частку яловай галінкі. На працягу ўсяго гэтага часу іх трэба старанна даглядаць: праполваць, падкормліваць, абганяць. Але да перасадкі яны яшчэ не гатовы. Трэба пачакаць яшчэ годзік, калі яны, ужо будучы сеянцамі-двухгодкамі, дасягнуць вышыні ў 12 сантыметраў. Толькі тады іх можна адпраўляць з «садка» ў «школу» (так у лесагаспадарчай галіне называюць пераход з сеянца ў саджанец).

На працягу трох гадоў у «школе» саджанцы набіраюцца сіл. 

Ёлачны базар

І толькі па заканчэнні гэтага тэрміну адпраўляюцца на лесакультурную вытворчасць. Там іх высаджваюць у кантэйнеры ці на плантацыі навагодняй ёлкі. У цэлым увесь гэты працэс ад шышкі да паўнавартаснага дрэва займае ад 5 да 15 гадоў.

Наша ўважлівае вывучэнне сеянцаў, саджанцаў і дарослых елак перапыніў гук трактара. Як аказалася, гэта прывезлі навагоднія дрэвы прама з лесу. Хутка іх перагрузілі ў іншы транспарт і павезлі на ёлачны кірмаш, куды мы таксама вырашылі адправіцца.

Ляснік Румскага доследна-вытворчага лясніцтва Міхаіл Амілаўскі  выгружае елкі для транспарціроўкі на ёлачны базар

Але, на жаль, спакой нам толькі сніўся. На выездзе з гадавальніка нас чакала рэйдавая група ў форменнай вопратцы з надпісам «Дзяржаўная лясная ахова». Прама на нашых вачах яны спынілі машыну і поўнасцю праверылі яе на наяўнасць незаконна высечанага дрэва. На шчасце, яго там не аказалася і вадзіцель хутка працягнуў свой шлях. Але так бывае не заўжды.

Па словах начальніка аддзела аховы і абароны лесу і паляўнічай гаспадаркі Дзмітрыя Пінчука, самыя праблемныя раёны ў гэтым плане Маладзечанскі, Барысаўскі і Салігорскі. Таму сёлета ў пераднавагодні перыяд створана больш за 40 рэйдавых груп, якія патрулююць лес і выяўляюць парушэнне ляснога прыродаахоўнага заканадаўства. Калі вы законапаслухмяны грамадзянін і купілі дрэўца на ёлачным базары або высеклі яго па лясным білеце, то перажываць не варта: дастаткова ўсяго толькі даць чэк або сам білет. А вось калі вы вырашылі не зусім законным шляхам займець навагодняе дрэва, то вас чакаюць штраф і аплата кошту дрэва ў памеры адной базавай велічыні. І не варта сёння недаацэньваць Дзяржаўную лясную ахову, бо, апроч усяго іншага, у іх арсенале ёсць яшчэ і фотафіксацыя, якая аператыўна дапамагае выяўляць парушальнікаў.

Рухаемся далей і трапляем на ёлачны кірмаш у Валожыне. Там пакупнікі зацікаўлена разглядаюць святочны асартымент. Аднак самы вялікі попыт на дрэвы тут традыцыйна непасрэдна перад каталіцкімі Калядамі і Новым годам. Па словах галоўнага інжынера, намесніка дырэктара Валожынскага лясгаса Алега Садоўскага, у добрыя дні толькі ў Валожыне прадаецца да 40–50 навагодніх дрэў. Усяго Валожынскім лясгасам арганізавана дзевяць пунктаў продажу. Адзін з іх хутка з’явіцца ў Мінску ў раёне гандлёвага цэнтра каля метро «Каменная Горка».

А якая ж статыстыка па краіне? Намеснік начальніка ўпраўлення, вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Мінлясгаса Віталь Бандарэвіч расказаў нам, што па ўсёй Беларусі арганізавана больш за тысячу ёлачных базараў. Паводле яго слоў, летась было прададзена каля 140 тысяч навагодніх дрэў, сёлета прагноз на попыт застаецца такім жа, таму лясгасы вядуць актыўную падрыхтоўку да свят.

Самае папулярнае навагодняе дрэва — гэта еўрапейская елка, але ўжо пачала карыстацца попытам хвоя, таксама ёсць запыт на навагоднія букеты і вянкі, — адзначыў Віталь Бандарэвіч. — Наша асноўная мэта — пашырыць асартымент для таго, каб у пакупніка быў выбар.

У паляўнічым комплексе «Румскія сцежкі» дзяцей з нецярпеннем чакаюць Дзед Мароз, Снягурка і іншыя казачныя персанажы

Таксама ён нагадаў, што ёсць альтэрнатыва паходу на лясны базар. Гаворка ідзе пра самастойную высечку навагодняга дрэва па лясным білеце:

— Грамадзяне могуць звярнуцца ў лясгас альбо ў лясніцтва. Там яны запоўняць адпаведныя дакументы і атрымаюць лясны білет, па якім могуць самі высечы елку.

Дарэчы, многія ходзяць у лес за ялінкай з дзецьмі, так што гэта цалкам можа стаць добрай сямейнай традыцыяй. А яшчэ цудоўная святочная традыцыя — наведванне ранішнікаў ад лясгасаў, якія арганізоўваюцца па ўсёй краіне.

Валожынскі лясгас не стаў выключэннем. Так, у паляўнічым комплексе «Румскія сцежкі» дзяцей з нецярпеннем чакаюць Дзед Мароз, Снягурка і іншыя казачныя персанажы. Паводле слоў намесніка кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Валожынскага лясгаса Таццяны Казыра, такія мерапрыемствы дапамагаюць дзецям бліжэй пазнаёміцца з лесам, а таксама паказваюць, што лясгасы могуць займацца не толькі нарыхтоўкай і пасадкай лесу.

Вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Валожынскага лясгаса Алег Садоўскі замацоўвае камеру фотафіксацыі на дрэве

Па асабістых назіраннях — дзеці былі ў захапленні. Карагод вакол жывой ялінкі на свежым паветры, забаўляльная праграма, Дзед Мароз, Снягурка, смачныя пачастункі і падарункі... Што ж яшчэ трэба для добрага святочнага настрою? Магчыма, толькі «навагодняя прыгажуня», якая напоўніць дом прыемным пахам лесу і ігліцы.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».