Вы тут

Пра што распавёў Алесь Карлюкевіч на пашыраным Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі?


Сёння мы сабраліся на размову ці, дакладней, на сустрэчу, якая ў межах пашыранага пленума Саюза пісьменнікаў Беларусі дазволіць нам выказацца на даволі грунтоўную, магчыма, бясконцую тэму з пункту гледжання стасункаў літаратуры і грамадства — тэму «Літаратура і выхаванне». Так называецца галоўная павестка работы пашыранага пленума Саюза пісьменнікаў Беларусі, да ўдзелу ў якім мы запрасілі не толькі членаў праўлення, але і адказных работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання — супрацоўнікаў міністэрстваў інфармацыі, культуры, адукацыі, а таксама Нацыянальнага інстытута адукацыі. Мы запрасілі і бібліятэкараў, кіраўнікоў цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм, а таксама кнігагандляроў, настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Удзел у пленуме прымаюць і шырокі пісьменніцкі актыў, і літаратурныя крытыкі, якія працуюць у розных універсітэтах і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. За што ім асаблівая ўдзячнасць! 


Рыхтуючыся да сённяшняга выступлення, я знайшоў адну цытату з дакумента, складзенага двума аўтарытэтнымі пісьменнікамі болей чым паўвека назад. Стогадовы юбілей аднаго з іх наша грамадскасць будзе адзначаць літаральна праз месяц. Не спяшайцеся абвінавачваць мяне ў архаічнасці, а проста падумайце над гэтымі словамі: «Літаратура заўсёды была складаным участкам выхаваўча-ідэалагічнай работы. Сёння ж асабліва. Барацьба дзвюх ідэалогій узвышае мастацкія крытэрыі да якасці літаратурных твораў. Болей строгім і патрабавальным стаў наш чытач. У гэтай сувязі асабліва прыкрыя недахопы беларускай літаратуры і крытыкі на сучасным этапе, якія часцей за ўсё зводзяцца да абстрактнай трактоўкі маральна-гуманістычных праблем, да недаацэнкі літаратурна-ідэалагічнай спадчыны 30–40-х гг., скажэння карцін Вялікай Айчыннай вайны і падзей пасляваеннага будаўніцтва». Не буду развіваць далей думку ў частцы таго, супадаюць ці не з сённяшнім часам словы, выкладзеныя людзьмі, мастакамі слова, якія на свае вочы бачылі ўсе жорсткія праявы ваеннага часу, мелі права ўжо тады даць ацэнку творчай, літаратурнай рэчаіснасці. Ды і ў наступныя дзесяцігоддзі свайго жыцця яны пацвердзілі свой грамадзянскі аўтарытэт. 

Ці разумеем мы, сённяшнія вартавыя мастацкага адлюстравання жыцця, празаікі, паэты, драматургі, публіцысты, літаратурныя крытыкі, усю вагу адказнасці за час, за праявы чалавечнасці, вернасці роднай Айчыне, вагу адказнасці за сваю і нашых сучаснікаў грамадзянскасць? Пра гэта — такая ўжо доля пісьменніка — мала гаварыць у сваім асяроддзі, нават мала гаварыць на сустрэчах з чытачамі, хаця жывы дыялог — таксама працэс выхавання. Асабліва калі сутыкаюцца розныя ўзроставыя і сацыяльныя групы суразмоўцаў. Адказваць на пытанне асэнсавання грамадзянскасці варта найперш усё ж праз мастацкія творы. Праз выпеставаныя талентам і натхненнем у цішы кабінета, за рабочым пісьменніцкім сталом, раманы, аповесці, апавяданні, п’есы, паэтычныя і таксама публіцыстычныя творы. 

Можа, і не будзем моцна чапляцца за сказанае нашымі папярэднікамі пра «літаратурна-ідэалагічную спадчыну 30–40-х гг.», але ж не сказаць пра тое, што мы, пісьменнікі, у большасці сваёй маўкліва сузіралі разбуральныя, абгорнутыя ў паперу, словы пра вайну, пра Вялікую Айчынную вайну розных і ў Беларусі выпеставаных «суворавых-рэзнікаў». Спатрэбіўся немалы адрэзак часу, каб сённяшняе пакаленне 50—60-гадовых літаратараў звярнулася да драматычнай і гераічнай памяці пра 1941–1945 гады. У школе па-ранейшаму, на шчасце, вучаць, чытаюць вершы паэтаў-франтавікоў, народных паэтаў Беларусі Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Максіма Танка. Хрэстаматыі, анталагічнага характару зборнікі, якія з густам укладзены супрацоўнікамі выдавецтва «Мастацкая літаратура» і выдадзены пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі краіны, усё яшчэ, на шчасце, друкуюцца з вершамі Міколы Сурначова, Алеся Бачылы, Анатоля Астрэйкі, з вершамі, словы якіх працінаюць сэрца, прымушаюць яго біцца часцей. А вось калі агледзець мінулыя дзесяцігоддзі, то ці шмат такіх вершаў з’явілася з-пад пяра нашых сучасных паэтаў. Можа, і няправільна я раблю, пачынаючы пошук літаратуры, важкай для выхавання грамадства, выхавання моладзі, з паэзіі. Але раблю гэта наўмысна. Па той простай прычыне, што вельмі ўжо паэзію як від літаратуры, як частку нацыянальнай культуры прымушаюць зніякавець перад сённяшнімі часінамі. І тыражы паэтычных зборнікаў зусім мізэрныя, і часцей выходзяць паэтычныя кнігі ў прыватных выдавецтвах зусім невялікімі тыражамі. Хаця ёсць і выключэнні. Як прыклад — кніжная серыя «Новая бібліятэка беларускай паэзіі» ў «Мастацкай літаратуры». Выйшлі зборнікі Яўгеніі Янішчыц, Анатоля Грачанікава, Навума Гальпяровіча, ведаю, што рыхтуецца кніга Еўдакіі Лось. А вось ці знойдуць кнігавыдаўцы на старонках нашай літаратурна-мастацкай перыёдыкі, асабліва ў «Маладосці», у газеце «Літаратура і масттацтва», сённяшнія творы пра Вялікую Айчынную вайну?.. Здаецца мне, што пытанне гэта рытарычнае. Сябры паэты, агледзьцеся, скажыце слова, балючае і праўдзівае, пра вайну, пра нашых дзядоў, прадзедаў, большасць якіх засталася ляжаць у зямельцы далёка ад нашых лясоў, рэк, ад нашых паселішчаў, у той зямельцы, на якой раструшчылі, размалацілі помнікі абаронцам, сапраўдным барацьбітам супраць фашызму. Легендарны летапісец Вялікай Айчыннай Сяргей Смірноў, аўтар кнігі «Брэсцкая крэпасць», уганараванай Ленінскай прэміяй, чалавек, які ўзнавіў праўду ў дачыненні да абаронцаў Брэста і савецкіх рубяжоў, з такім жа імпэтам узнаўляў памяць пра абаронцаў Ліепаі ў 1941 годзе. Вось што пісаў Сяргей Смірноў Пятру Машэраву ў 1966 годзе: «Зараз мой новы пітомец — латышскі горад Ліепая — 25–26 чэрвеня рыхтуецца адзначыць 25 гадоў сваёй абароны... А Ліепая ж яшчэ не горад-герой (хаця я ўпэўнены, што ім будзе, як быў упэўнены шмат гадоў назад у будучым лёсе Брэсцкай крэпасці)...» А ў 2022 годзе, 25 кастрычніка, быў дэманціраваны помнік абаронцам Ліепаі, была разбурана мемарыяльная сцяна з барэльефам, помнік, які некалі ўсталявалі ў знак 25-годдзя абароны, у 1966-м... Сярод герояў тыднёвай абароны латышскага горада былі ў братэрскім страі і нашы продкі — ураджэнцы Беларусі. Не ведалі яны яшчэ тады, што першымі памагатымі нямецкіх карнікаў у генацыдзе, знішчэнні дзясяткаў тысяч беларусаў у наступныя гады акупацыі на Асвейшчыне, Верхнядзвіншчыне будуць і латышскія калабарацыяністы. Аперацыя па знішчэнні людзей і іх паселішчаў была названа з прэтэнзіяй на высокі стыль — «Зимнее волшебство». Некаторы час назад былі выдадзены публіцыстычныя кнігі пра спаленыя вёскі Асвейшчыны. Чаму б сучасным пісьменнікам не пайсці следам, не раскрыць гэтую тэму болей глыбока, узяўшы за аснову і новыя факты, знойдзеныя супрацоўнікамі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь ў час шырокамаштабнай працы па выяўленні сапраўдных маштабаў генацыду беларускага народа?!. Журналісты сумесна з даследчыкамі, у тым ліку мясцовымі краязнаўцамі, музейшчыкамі, зрабілі цэлы шэраг кніг пра генацыд у нашай роднай Беларусі. А што ж псіхолагі чалавечых душ, пісьменнікі, якім наканавана лёсам паглыбляцца ў праўду жыцця, выносіць на паверхню з цянётаў памяці ўсю боль нашых прашчураў?!. Рабіць так і на такім мастацкім узроўні, як мастакі слова — нашы папярэднікі: Міхась Лынькоў, Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Алесь Савіцкі, Іван Навуменка, Янка Брыль, Іван Пташнікаў, Рыгор Няхай, Уладзімір Дамашэвіч, Антон Алешка, іншыя пісьменнікі — франтавікі і партызаны, нашы папярэднікі — дзеці вайны Іван Чыгрынаў, Мікола Купрэеў, Уладзімір Калеснік... Я назваў толькі частку літаратараў, чые вочы з фатаграфічных партрэтаў у час Урокаў мужнасці сустракаюцца з вачыма моладзі ў нашай, Саюза пісьменнікаў, мемарыяльнай зале. 

Але ж пра паэзію. У гэтай зале сёння прысутнічае паэт Алесь Казека, сціплы творца, які шмат часу аддае арганізацыйнай працы ў Магілёўскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў, узначальвае яго. І яшчэ — аўтар паэмы, з якой сочыцца кроў яго землякоў з вёскі Боркі Кіраўскага раёна, — паэмы «Марыйка». Такіх твораў, такога ўдумлівага ўшанавання памяці якраз і не стае дзеля таго, каб шырэй і болей адчувалася праца нашай літаратуры ў справе выхавання сучасніка. Як і не стае прозы, роўнай аповесцям, апавяданням лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Саламахі, які, хаця і нарадзіўся пасля Вялікай Айчыннай вайны, але ўвабраў у сябе ўвесь бацькоўскі боль, усю праўду пра вайну, які асэнсавана паказваў і паказвае, якімі маральнымі пакутамі жылі нашы папярэднікі 
ў пасляваенныя гады. 

Канешне ж, на свядомасць шырокага чытача ў большай ступені і ў наш «някніжны час» уплывае мастацкая проза. Наш пісьменніцкі атрад сёння не такі і малы. Болей чым 700 літаратараў у складзе Саюза пісьменнікаў Беларусі. А якія кнігі апошняга часу засталіся ў памяці, з тых, што вырашаюць сапраўды не толькі эстэтычныя задачы, не толькі з’яўляюцца ўвасабленнем розных пошукаў фармальнага характару, дзе фэнтэзі суседнічае з рознымі смс-жанрамі ці нечым падобным. Так, вага мастацкай формы вялікая, яе нельга не ўлічваць, але ж не меней, а шмат болей значыць ідэя, з якой пісьменнік збіраецца прыйсці і прыходзіць да чытача. Творчая ўдача пісьменніка Мікалая Чаргінца, яго прыклад як народнага пісьменніка Беларусі, адзначанага гэтым высокім званнем Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў мінулым, 2022-м, годзе, — раман «Аперацыя «Кроў»». Кніга вытрымала некалькі выданняў. Трапіла, дзякуючы падтрымцы двух міністэрстваў — інфармацыі і культуры, літаральна ва ўсе бібліятэкі краіны. Добра было б, каб кніга была і ва ўсіх школах рэспублікі. Пра яе варта шырэй і болей грунтоўна пісаць літаратурнай крытыцы. Не проста прэзентацыі арганізоўваць, а чытацкія канферэнцыі, і абавязкова — з удзелам самога аўтара, які гатовы прыйсці ў любую аўдыторыю, найперш да нашай студэнцкай і вучнёўскай моладзі. У аўдыторыю, якая ўжо папярэдне адкрые для сябе змест рамана, на старонках якога ў гераічнае спаборніцтва, у сваю вайну, і вайну перакананняў таксама, з фашыстамі ўступаюць зусім маленькія дзеці. Некаторы час назад у кінапракат прыйшоў цэлы шэраг пераканаўчых мастацкіх фільмаў расійскай вытворчасці. Многія з нас глядзелі балючыя кадры пра здзекі з мірнага насельніцтва, пра катаванні, у якіх фашысты выяўлялі не ўласцівую псіхічна здаровым людзям фантазію. Вось бы ўбачыць на кінаэкранах усёй нашай краіны мастацкі фільм «Аперацыя «Кроў»». Гэта быў бы яшчэ і падарунак дзяржавы, Міністэрства культуры творчым асяродкам краіны, напамін пра тое, што генацыд у фактах, у памяці сведкаў, у лёсах дзяцей з Сёмкава, пра якіх напісаў Мікалай Іванавіч Чаргінец, у карціне пра дзіцячы канцлагер у Скобраўцы, якую намаляваў народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі, сам вязень фашысцкага канцлагера, у вершах пра ўласны канцлагерны досвед Міколы Аўрамчыка, у нарысах і п’есах Алеся Махнача, які ў Брэсце трапіў у палон і прайшоў праз некалькі фашысцкіх катоўняў, вярнуўся інвалідам і ўсе пасляваенныя гады, нягледзячы на розныя складанасці, займаўся ваеннай тэмай. 

Наўрад ці большасць з удзельнікаў сённяшняга пашыранага пленума заўважыла кнігу дакументальнага характару «Беразянка». Яна выйшла невялікім накладам, здаецца, 100 экзэмпляраў. Пад вокладкай выдання, над якім доўгі час працавалі ваенныя вучоныя, адзін з іх — член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Плавінскі, — выключна дакументальны расповед пра лёс адной спаленай вёскі. Трагічная старонка ў жыцці мірных людзей, падрабязныя сведчанні людзей, якія выжылі ў вогненным пекле, сведчанні іх дзяцей і ўнукаў. Калі чытаеш пра Беразянку, не ўзнікае і думак вызначацца ў ацэнках формы гэтага твора. Калі чытаеш пра Беразянку, паўстаюць старонкі дакументальнай памяці, выкладзенай у кнізе Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі», якая некалі стала падзеяй для ўсёй Савецкай краіны, мастацкім і грамадзянскім асэнсаваннем трагедыі, генацыду народа Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне. Такія кнігі варты сістэмнага перавыдання, як і сістэмнага вяртання да іх літаратурна-мастацкай крытыкі, беларускага літаратуразнаўства. Думаю, што «Беразянка» Аляксандра Плавінскага і Андрэя Шавеля будзе перавыдадзена і накладам большым, і абавязкова ў дзяржаўным выдавецтве. А тое, што бібліятэкі краіны ў набыцці гэтай кнігі падтрымаюць новы творчы і грамадзянскі праект, 
як і падтрымае сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» ў распаўсюджванні кнігі, сумнявацца не даводзіцца. 

Некалькі слоў пра зробленае вядомым журналістам, дзіцячым пісьменнікам, празаікам з Жабінкі Анатолем Бензеруком. Толькі што пабачыла свет яго грунтоўная дакументальная аповесць пра жабінкаўскую вёску Драмлёва, спаленую фашыстамі ў час карнай аперацыі «Трохвугольнік». Назва твора — «Галавасек». 190 чалавек былі спалены і забіты 11 верасня 1942 года. Сярод 190 ахвяр — 103 ва ўзросце да 30 гадоў, пяці дзяўчынкам не споўнілася і года. Анатоль Бензярук, займаючыся тэмай, унёс многія і фактаграфічныя, лічбавыя праўкі. Але зараз размова не пра гэта. Пісьменнік здолеў не проста нагадаць, шчыра, пранікнёна, з усім сваім уласным болем правёў глыбокае дакументальнае расследаванне і па-мастацку здолеў стварыць свой творчы помнік вёсцы, якая не адрадзілася. Кніга каштоўная развагамі, адступленнямі, думкамі высокага грамадскага гучання, філасофіяй сённяшняга стаўлення да тэмы трагедыйнасці, ахвярнасці, пакут папярэдніх пакаленняў.

Толькі што здадзены ў друкарню раман лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча «Любі бліжняга твайго». Пісьменнік працягвае філасофскае асэнсаванне еднасці розных пакаленняў, імкнецца з вышыні сённяшняга часу сфарміраваць вобраз беларуса, які пакутуе разам з народам, які ўзвышаецца разам з народам, які думае, разважае пра будучыню. Кнігі Анатоля Бензерука, Уладзіміра Гаўрыловіча павінны прыйсці ў школу. Давайце разам з арганізатарамі асветы, адукацыі дадзім ім жыццё ў школьнай праграме, у пазакласным чытанні. Заўважым іх у школах не толькі Берасцейшчыны і Гомельшчыны, дзе аўтары жывуць і працуюць, але і па ўсёй краіне. Зусім нядаўна цікавая прэзентацыя «Драмлёва» прайшла ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага. А толькі што ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна прэзентавалі зборнік паэтычных, празаічных, публіцыстычных твораў «Званоў перазвон», які літаратары сабралі са шчымлівых радкоў, прысвечаных Хатыні і іншым спаленым, вогненным вёскам Міншчыны. Дзякуй усім аўтарам за гэты мастацка-дакументальны праект, дзякуй ініцыятару гэтай справы — Леаніду Крываносу. Чаму б не зрабіць такую кнігу ў маштабах усёй краіны?!. 

Паважаныя сябры! Хацеў бы сказаць пра некалькі балючых момантаў, якія патрабуюць надзвычайнай увагі. Атмасферу, найболей спрыяльную для нараджэння новых твораў, і на ваенную, гераічную тэматыку перш-наперш, не створыць адна толькі дзяржава, калі можна так сказаць, у асобе Міністэрства інфармацыі як галоўнага дзяржаўнага памагатага ў кнігавыдавецкай дзейнасці і Міністэрства культуры як гаспадара, фінансавага фундатара па фарміраванні бібліятэк. Атмасфера — гэта дзейсны плён, багатыя практыкі ў прапагандзе айчыннай кнігі, прапагандзе пісьменніцкай працы. Мы павінны быць удзячны за ўвагу да нашых сціплых наробкаў грамадска-палітычным перыядычным выданням, якія рэцэнзуюць, аглядаюць кнігі. Але калі гэта з’яўляецца нормай у газетах «СБ. Беларусь сегодня», «Сельская газета», «Звязда», брэсцкай «Заре» і «Гродзенскай праўдзе», то далёка не ўсе раённыя газеты расказваюць пра кнігі сучасных аўтараў у розных куточках нашай краіны. Паверце на слова, у газетах 1960–1970-х гадоў, у раённых газетах, здавалася б, далёкіх ад вялікіх мастацкіх з’яў, расказвалася пра кожны раман Івана Шамякіна, Івана Навуменкі, Івана Чыгрынава, Янкі Брыля, пра кожную кнігу Петруся Броўкі, Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова. І пісалі пра навінкі не толькі крытыкі са сталічных і абласных універсітэтаў і інстытутаў, а яшчэ — і самі журналісты, настаўнікі, шараговыя чытачы. Няўжо гэтая практыка была дрэннай?! 

Сёлета мы паспрабавалі ажывіць работу секцыі крытыкі і літаратуразнаўства, якую ў Саюзе ўзначаліў доктар філалагічных навук Валерый Максімовіч. Яго хвалюе ўсё: і творчыя дыскусіі на старонках перыядычных выданняў, і агляды часопісаў, да ўдзелу ў якіх ён запрасіў маладзейшых калег. Спадзяюся, што секцыя дапаможа аб’яднаць розных крытыкаў, літаратуразнаўцаў з універсітэцкіх і акадэмічнага цэнтра літаратуразнаўства. Сябры, болей увагі да сучаснасці! Ваша крытычнае слова дапаможа вызначыць арыенціры развіцця літаратуры шырокага грамадзянскага гучання, твораў, якія паспрыяюць вырашэнню выхаваўчых задач у школе. Прыходзьце на пляцоўку Саюза, Дома літаратара, абмяркоўвайце тэмы і творы. Мы чакаем вас, чакаем вашай аргументаванай размовы. За вамі — веды, прафесійнае разуменне літаратурных традыцый, добрае веданне гісторыі беларускай літаратуры. Так, можна назваць імёны многіх аўтараў, якія змяшчаюць свае публікацыі ў часопісе «Полымя», асабліва ў ВАКаўскім раздзеле «Навуковыя публікацыі». Часопіс моцна падтрымлівае навукоўцаў, якія працуюць над дысертацыямі альбо, абараніўшыся, развіваюць тэмы сваіх даследаванняў. Несумненна, добрая і патрэбная справа. Але так мала ўвагі да сучаснага творчага працэсу. Азірніцеся, скіруйце свой творчы досвед да яго абсягаў. 

І ўсё ж пра публіцыстыку. За апошнія некалькі гадоў у СПБ увайшоў шэраг калег, якія працуюць у грамадска-палітычным друку, у газетах «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда». У гэтым — адзнака часу. Мы папрасілі ўзначаліць секцыю публіцыстыкі СПБ вядомага ўсім аўтара Андрэя Мукавозчыка. За тры мінулыя гады ён выдаў ладны стос кніг. Спадзяёмся на новыя праекты, якія — аператыўны водгук на тое, што адбываецца вакол, аналіз пазіцыі і творчай інтэлігенцыі. Зборнік нарысаў для аднаго з дзяржаўных выдавецтваў уклала Людміла Гладкая — смелая журналістка, смелая жанчына, якая пабывала і ў гарачых кропках, як кажуць, на лініі агню. І, магчыма, дадасць новае разуменне таму, што адбываецца ў свеце, шмат каму, хто заглыбіўся ў паэтычны разгляд адно толькі прыродных з’яў. Шмат у галіне гістарычнай публіцыстыкі робяць сацыёлаг, палітычны эксперт Сяргей Мусіенка, доктар гістарычных навук, вядомы палітык, нераўнадушны да беларускай гісторыі чалавек Ігар Марзалюк. Мы ўдзячны Ігару Аляксандравічу, што нядаўна ён стаў сябрам нашай пісьменніцкай арганізацыі. Членскі білет мы яму ўручылі на міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час», які праводзіцца Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі не першы год. Сёлета ён праходзіў у Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Кнігу пра Буйніцкае поле і тыя падзеі, якія звязаны з абаронай Магілёва ў 1941 годзе, падрыхтываў пісьменнік, наш калега, член Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы Мікалай Барысенка. Нядаўна калегі з Саюза пісьменнікаў Расіі адзначылі яго аўтарытэтнай прэміяй «Прохараўскае поле». А ў студзені 2023 года старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў выказаў ідэю заснаваць супольна з Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам літаратурную прэмію «Буйніцкае поле». Думку нашага калегі 
з Масквы падтрымаў і губернатар Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачанка. Будзем спадзявацца, што ідэя рэалізуецца ў найбліжэйшы час.

У Лунінцы — бачыце, ізноў звяртаемся да вопыту калег з глыбінкі, так званай правінцыі, але той правінцыі, дзе прысутнічаюць добрыя справы і развіваюцца разумныя твочрыя ініцыятывы, — шмат робіць для практычнай работы па патрыятычным выхаванні моладзі Таццяна Канапацкая. Член нашага Саюза, вопытная журналістка, публіцыстка, яна доўгі час выступае арганізатарам Дзён памяці Аляксандра Блока і краязнаўчага пісьменніка Міколы Калінковіча, аўтара некалькіх кніг пра Лунінец, даследчыцкай працы «Палескія дні Аляксандра Блока». Таццяна Канапацкая за апошнія гады падрыхтавала і выдала каля дзесяці зборнікаў «Лунінецкая памяць», у якіх і лёс вогненных падзей Вялікай Айчыннай вайны, і іншыя драматычныя старонкі лунінецкай, берасцейскай памяці. Са сваімі даследаваннямі пісьменніца ідзе ў школы, у розныя ўстановы. Перадае выдадзеныя экзэмпляры ў бібліятэкі. Хіба ж гэта не жывая праца публіцыста па выхаванні грамадства?! Вось толькі ўсе свае зборнікі «Лунінецкая памяць» Таццяна Канапацкая выдае саматужна, збіраючы ахвяраванні, трацячы і ўласныя сродкі. Дапамагчы б ёй — і катораму з дзяржаўных альбо нераўнадушных недзяржаўных выдавецтваў, дапамагчы б ёй і бібліятэчнай падтрымкай. 

Гаворачы пра публіцыстыку, дакументальны погляд на апошнія дзесяцігоддзі, на час стварэння Рэспублікі Беларусь, не магу не сказаць пра серыю кніг доктара педагагічных навук, вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча, сябра нашага Саюза Аляксандра Радзькова. Яго кнігі пра вучоных, інтэлектуальную эліту нашай краіны выходзяць на асэнсаванне многіх задач у будаўніцтве новай Беларусі, акрэсліваюць тое, што мы не павінны страціць, прыўнесці ў заўтра, у чым прадстаўнікі старэйшага пакалення павінны пераканаць маладых, юных будаўнікоў Беларусі. Такіх кніг і такіх аўтараў адзінкі. А ўжо даўно наспеў час і ў Беларусі выкласці, асэнсаваць апошнія дзесяцігоддзі, мадэль развіцця краіны праз разумную інтэлектуальную літаратуру, праз разумную аналітычную і разам з тым мастацкую публіцыстыку.

У дачыненні да глыбока патрыятычнага твора Мікалая Чаргінца мы ўжо закранулі тэму іншых, блізкіх да літаратуры відаў мастацтва, кірункаў культуры. Некалькі слоў пра драматургію. Так, п’есы сучасных пісьменнікаў не ідуць ці амаль не ідуць на сучаснай прафесійнай тэатральнай сцэне. Хаця варта згадаць зробленае, здзейсненае драматургамі светлай памяці Васілём Ткачовым, светлай памяці Георгіем Марчуком, Таццянай Сівец, іншымі калегамі. Сёння з боку Міністэрства культуры, за што мы і ўдзячны органу дзяржаўнага кіравання, яго пазіцыі, ажывілася работа ў гэтым кірунку. Пакуль, праўда, саміх яркіх п’ес не знайшлося. Конкурс, у якім у якасці членаў журы былі запрошаны і прадстаўнікі нашага Саюза, нічога яркага, на жаль, не выявіў. Відавочнай падаецца стагнацыя гэтага віду літаратуры. У Саюзе пісьменнікаў за гэты кірунак адказвае кіраўнік Цэнтра папулярызацыі літаратуры Анатоль Матвіенка. Мне падаецца, ён зможа разварушыць нашых калег. Але важна зрабіць і нейкія супольныя захады і з Міністэрствам культуры краіны, у першую чаргу прадоўжыць конкурс на найлепшую п’есу. Міністэрства інфармацыі мы папрасілі б нас падтрымаць вось у чым. Не першы год не выяўляюцца пераможцы ў галіне драматургіі. Можа быць, адкарэкціраваць Палажэнне, а гэта, канешне ж, не так проста, бо яно зацверджана ўрадам, — і прысуджаць прэмію не толькі за кнігі п’есы альбо п’ес, але і часопісныя публікацыі разглядаць, а магчыма нават і пастаноўку на сцэне, нягледзячы на тое, што п’еса ні-
дзе не друкавалася. 

Паважаныя сябры! Літаратура, мастацкае слова тады становяцца складнікам выхавання грамадства, калі творы, надрукаваныя ў часопісах, выдадзеныя асобнымі кнігамі, заслугоўваюць чытацкай увагі, калі творчыя адкрыцці здзейснены на высокім мастацкім узроўні. У наш Саюз уваходзіць вялікая каманда аўтарытэтных творцаў. Імёны, творчыя здабыткі гэтых паэтаў і празаікаў з года ў год перад вашымі вачыма: лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, Прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, заслужаныя дзеячы культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Башлакоў, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Саламаха, Зіновій Прыгодзіч, Міхась Шыманскі, Алена Стэльмах, Васіль Шырко, Наталля Голубева, Тамара Краснова-Гусачэнка, Іван Саверчанка, Віктар Шніп, Казімір Камейша, Людміла Кебіч, Алесь Бадак, Іван Юркін, Сяргей Трахімёнак, Іна Фралова і многія іншыя нашы калегі. Хацелася б і ўвагі грамадства да гэтых сапраўдных мастакоў слова болей шырокай. Мы вельмі на гэта спадзяёмся. І верым у гэта. 

Тое, што мы робім сёння, што плануем на заўтра — калектыўны плён. Ніводная ініцыятыва не знайшла б нармальнай рэалізацыі, калі б не падтрымка кіраўнікоў Мінскага гарадскога, усіх абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. У апараце Саюза па-ранейшаму працуе ганаровы старшыня Саюза народны пісьменнік Беларусі Мікалай Іванавіч Чаргінец. Дзякуючы генерацыі многіх яго думак выбудаваны і ўмацоўваюцца добрыя адносіны з Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урадам нашай краіны, Кіраўніцтвам справамі Адміністрацыі. Гэта вельмі вялікая праца, не заўсёды заўважная, але надзвычай значная. Я ўдзячны першаму намесніку старшыні СПБ Алене Стэльмах, якая ў апошні год-паўтара ўдзяліла шмат увагі дзіцячаму кнігавыданню, шмат клопатаў аддала падтрымцы дзіцячага чытання, дзіцячага кніжнага фестывальнага руху па ўсёй краіне. Удзячны намесніку старшыні Саюза пісьменнікаў, старшыні прыёмнай камісіі Аляксею Чароту, які вядзе зладажаную працу па папаўненні нашых пісьменніцкіх радоў. Вельмі шмат арганізацыйных спраў, асабліва ў стасунках з сілавымі ведамствамі краіны, у арганізацыі розных мерапрыемстваў, у юрыдычным суправаджэнні дзейнасці на плячах кіраўніка Цэнтра папулярызацыі літаратуры СПБ Ангатоля Матвіенкі. Непрыкметнай часам падаецца праца людзей з апарату, інспектара па кадрах, галоўнага бухгалтара, якіх большасць з членаў праўлення СПБ добра ведае. 

Наперадзе — новы, 2024-ы, год. Год 90-годдзя заснавання ў нашай краіне, у Беларусі, Саюза пісьменнікаў. Давайце годна яго сустрэнем. І не толькі з пункту гледжання ўшанавання юбілейнай даты, але і нараджэннем цікавых чытачу, патрэбных грамадству мастацкіх твораў.

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.