Вы тут

Блізкая ўлада. Наталля Качанава правяла прамую лінію


Наталля Качанава правяла прамую лінію, падчас якой адказала на многія разнастайныя пытанні.


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў сераду правяла прамую тэлефонную лінію. Тэлефанавалі з розных рэгіёнаў Беларусі па самых розных праблемах — ад добраўпарадкавання вясковых дарог і гарадскіх вуліц да вырашэння нюансаў па жыллёвых і зямельных пытаннях. Вельмі часта звароты пачыналіся са слоў «Спадзяюся толькі на вашу дапамогу», «Абышлі ўсе інстанцыі, куды толькі ні звярталіся, вы — наша апошняя надзея». Некаторыя пытанні патрабавалі часу, каб у іх разабрацца, і спікер верхняй палаты парламента запрашала заяўнікаў на асабісты прыём, па некаторых рэакцыя была імгненнай — Наталля Качанава аддавала распараджэнні ўпаўнаважаным членам Савета Рэспублікі і мясцовым кіраўнікам выехаць на месца і неадкладна вырашыць пытанне.

Пераважна гэта датычылася праблем з добраўпарадкаваннем. Жыхарка вёскі Перажыр Пухавіцкага раёна паскардзілася на стан вясковай дарогі, па якой не можа праехаць хуткая дапамога, а дзеці вымушаны хадзіць у школу ў гумавых ботах. Пры гэтым у вёсцы, па словах заяўніцы, каля 600 дамоў. З аналагічным пытаннем нездавальняльнага стану дарогі звярнуўся Анатоль Дзмітрыевіч з вёскі Прылессе Мінскага раёна, які мае працяглую гісторыю перапісак з уладамі розных узроўняў. Наталля Качанава запрасіла пенсіянера на асабісты прыём, дзе пытанне будзе разгледжана ў прысутнасці губернатара Мінскай вобласці і іншых зацікаўленых.

Валянціна Іванаўна з Віцебска таксама паскардзілася на стан вуліцы Арэхаўскай у абласным цэнтры: палову вуліцы рэканструіруюць, а астатнюю частку прапануюць добраўпарадкаваць за кошт жыхароў. «На нашы звароты адказваюць, што гэта забудова пасёлка Арэхава, хоць мы ўжо 20 гадоў адносімся до горада. На нашай частцы вуліцы жывуць адны пенсіянеры, нам складана знайсці сродкі на добраўпарадкаванне за свой кошт». Наталля Качанава паабяцала разабрацца ў праблеме.

Вольга Ігараўна з Баранавіч паскардзілася на стан аднаго з гарадскіх двароў. Яна, як і яе брат, — інваліды па зроку з дзяцінства. Аднак працуюць на вытворчасці і кожную раніцу, выходзячы з кватэры, з цяжкасцямі дабіраюцца на працу. Дом, дзе жыве заяўніца і яе брат, пабудаваны ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, і некалькі апошніх гадоў дваровая тэрыторыя прыйшла ў непрыдатны стан з-за вялікай колькасці ям. Гэтак жа ў дрэнным стане знаходзіцца і тратуар побач з дамамі на гэтай вуліцы, часткова адсутнічае асвятленне. Наталля Качанава паабяцала пасадзейнічаць у вырашэнні пытання добраўпарадкавання.

Жыхарка вёскі Шчытамірычы Мінскага раёна звярнулася на прамую лінію са скаргай на пашырэнне могілак. «Могілкі збіраюцца пашыраць не ў бок трасы Р23 Мінск — Мікашэвічы, а ў бок жылых дамоў, не выконваючы нават санітарныя нормы па належнай адлегласці». Наталля Качанава ўзяла гэты зварот на асабісты кантроль.

Алена Аляксееўна з вёскі Краснае Маладзечанскага раёна звярнулася да спікера Савета Рэспублікі з просьбай пасадзейнічаць у аднаўленні аўтобуснага прыпынку. «У бок Маладзечна ў нас знік аўтобусны прыпынак, патлумачылі, што ДАІ забараніла. З пасёлка Чысць людзі вымушаны ехаць аж да чыгуначнага вакзала, а нам, пенсіянерам, цяпер трэба ісці ў краму па хлеб пешшу чатыры кіламетры». Наталля Качанава паабяцала, што ў найбліжэйшы час на месца выедзе ўпаўнаважаны член Савета Рэспублікі і пытанне будзе вырашана.

Магіляўчанка Наталля Уладзіміраўна — шматдзетная маці. З дзяржпадтрымкай яна пабудавала кватэру, але падчас прыёмкі ў яе былі заўвагі па вокнах — яны прадзімаліся і прамярзалі. Забудоўшчык не змог ліквідаваць недахопы — на раме і падаконніках усё роўна назапашваўся лёд. Заяўніца прапанавала памяняць вокны, на што атрымала адмову. Пасля гэтага яна звярнулася ў суд, які вынес рашэнне аб тым, што УКБ усё ж павінна замяніць вокны. Замест выканання гэтага рашэння УКБ падавала апеляцыі, якія кожны раз не задавольваліся, суды прымалі рашэнне на карысць шматдзетнай маці. Але і дагэтуль вокны не заменены. Наталля Качанава адзначыла, што відавочна, што кіраўнік УКБ валакіціць вырашэнне пытання і даручыла ўпаўнаважаным разабрацца.

Жыхарка Навагрудка расказала, што ў 2020 годзе прыватнае прадпрыемства па вытворчасці спецадзення стала банкрутам. Цяпер яно знаходзіцца на стадыі ліквідацыі. А яго былыя работнікі дагэтуль не атрымалі зарплату. «З мая 2020 года каля 40 работнікаў не могуць атрымаць заробленыя грошы. Куды толькі ні звярталіся, ніхто не можа нам дапамагчы. А наш былы дырэктар адкрыў новае прадпрыемства пад іншай назвай», — расказала жанчына. Наталля Качанава паабяцала разабрацца ў праблеме. З падобным пытаннем звярнулася і жыхарка Асіповіч, у яе выпадку прыватнае прадпрыемства не разлічылася з шасцю работнікамі.

Двое заяўнікаў звярнуліся да спікера Савета Рэспублікі ад імя жыхароў некалькіх вёсак у Лагойскім раёне з аднолькавым пытаннем: пасля рэканструкцыі трасы М3 Мінск — Віцебск, якая цяпер вядзецца, знікне шэраг левых паваротаў, з-за чаго жыхарам прыйдзецца рабіць крук у некалькі дзясяткаў кіламетраў, каб трапіць дадому. «Развязкі паміж вёскамі Дабрэнева і Кузевічы не прадугледжаны, толькі пешаходны пераход. Хуткая і пажарныя, напэўна, павінны дабірацца ў вёскі пешшу, — з сумнай іроніяй расказаў заяўнік. — А каб з вёскі Слагавішча паехаць у бок Віцебска, трэба вярнуцца 12,5 км аж да Лагойска і там развярнуцца». Наталля Качанава паабяцала разабрацца, адзначыўшы, што нельга рабіць рэканструкцыю такім чынам, каб жыхарам вёсак ствараць нязручнасці. «Не могуць быць вёскі адрэзаны ад свету», — падкрэсліла яна.

Папрасіла разабрацца ў яе сітуацыі і шматдзетная маці з Бярозаўскага раёна. Год таму яна нарадзіла трэцяе дзіця, аднак нядаўна ў яе забралі пасведчанне шматдзетнай маці і папрасілі вярнуць сямейны капітал. Усё з-за таго, што старэйшая, 14-гадовая дачка жыве з першым мужам жанчыны. «Мне незразумела рашэнне мясцовага райвыканкама, на якое вы спасылаецеся, аб адмене сямейнага капіталу і пазбаўлення вас статусу шматдзетнай маці. Будзем разбірацца», — паабяцала Наталля Качанава.

Пенсіянерка з Ліды расказала, што стала ганаровым донарам СССР яшчэ ў маладосці. Аднак звестак пра гэта нідзе не маецца. «Я не захавала тое пасведчанне. Працавала на абутковай фабрыцы, там і здавала кроў. Цяпер куды ні звярталася, кажуць, што немагчыма аднавіць мой статус». — «Паспрабуем дапамагчы», — паабяцала спікер верхняй палаты парламента, згадаўшы, што раней ужо дапамаглі аднавіць такі статус яшчэ адной заяўніцы.

Жыхарка Ганцавічаў патэлефанавала Наталлі Качанавай з падзякай: пасля папярэдняга звароту яна атрымала аднаразовую выплату і штомесячную дапамогу, а яе справа зрушылася з месца. «Дзякуй вам за вашу дапамогу і ўвагу да простых людзей, божага вам бласлаўлення», — падзякавала жанчына.

Сёлета Савет Рэспублікі арганізаваў больш за 300 прамых тэлефонных ліній. Акрамя таго, прайшло больш за 600 асабістых прыёмаў. У цэлым за год разгледжана каля 6,5 тысячы зваротаў грамадзян.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: grodno.belprofmash

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.