Вы тут

Удалы год для развіцця


Новы год... Каляды... Гэтыя святы заўжды атаясамліваюцца з утульнасцю і цеплынёй роднага дома. І няважна — ці то вясковая, бацькоўская хата, ці кватэра з сучасным рамонтам. Галоўнае, каб ёлка ціхенька, прыглушана міргала агеньчыкамі, каб усе разам сабраліся — родныя і блізкія, добрыя сябры, якія часам бліжэй за далёкіх сваякоў. І шумна ў хаце, усе гаваркія, і хоць пасмейваюцца з гаспадыні, што дастае з шафы старыя — «яшчэ дзед купляў» — прыборы, але з належнай увагай і ўзрушана ставяцца да той «прыборнай» традыцыі. Бо яна ўжо нешта большае, чым проста звычай — гэта ўжо нешта накшталт старадаўніх абрадаў ушанавання продкаў, калі хочаце, сувязь з імі і запрашэнне да агульнага свята.


Фота pexels.com

Так. Кожны з нас праходзіць тыя этапы, калі спачатку, у маладосці, хочацца святкаваць Новы год у вялікай кампаніі — шумна і весела, а потым — дома, з сям’ёй, у цішыні, разбаўленай амаль нягучнымі размовамі, часцей успамінамі ды расказамі, хто дзе з сваякоў. Чаму так? Відаць, таму што з цягам часу ўсё часцей азіраешся назад, у мінулыя гады, бо разумееш, што ўсе мары і планы на наступны год — нішто без года сыходзячага, што ён, саступаючы, не заходзіць назаўсёды, не знікае ў завеі, а застаецца з намі. Падмуркам для ўсяго таго, аб чым так марым, да чаго імкнёмся.

Можа менавіта таму ледзь не адразу пасля курантаў за сталом узнікае паўза. Ніхто не гаворыць, нават «штатныя» балакі сядзяць моўчкі, баючыся парушыць той момант, калі кожны ўглядаецца ў сваё мінулае, падводзіць вынікі, ацэньвае мінулы ўжо год. Хто з гонарам, хто з сумам, хто з радасцю... Я таксама прапаную вам, паважаныя чытачы, азірнуцца назад і паглядзець, як мы пражылі 2023 год. Мы — гэта Беларусь, наша родная краіна, якая для ўсіх нас — агульны дом. І ў навагоднюю ноч мы ўсе сабраліся разам, у розных гарадах, вёсках, дамах і кватэрах, але — разам. Бо жывем разам, працуем разам і будучыню для нашых дзяцей таксама будуем разам. Які падмурак стварылі за апошнія дванаццаць месяцаў, чаго дасягнулі, а дзе «не хапіла»? Давайце паглядзім супольна, як жа мы спрацавалі.

Вядома, канчатковыя дакладныя эканамічныя вынікі 23-га будуць пазней, калі ўсёведная статыстыка звядзе «дэбет і крэдыт», аднак ужо цяпер, на падставе даных за 10-11 месяцаў, можна зрабіць пэўныя высновы. І яны даволі ўражваючыя, найбольш важныя галіны эканомікі паказалі добрую станоўчую дынаміку развіцця, нягледзячы на ўсе знешнія перашкоды, што чыняць нашай краіне.

Перш-наперш трэба адзначыць, што эканоміка краіны выконвае прагнозы па росту ўнутранага валавога прадукту — ён складае 3,8% у параўнанні з адпаведным перыядам 2022 года. Найбольш «падраслі» прамысловая вытворчасць — на 7,9%, горназдабываючая — 4,6%, апрацоўваючая прамысловасць — 9,4%. Запасы гатовай прадукцыі складаюць 66,4% да сярэднемесячнага аб’ёму прамысловай вытворчасці.

Парадавалі ў гэтым годзе аграрыі, якія, нягледзячы на экстрэмальныя ўмовы надвор’я, сабралі важкі каравай — больш за 9,5 тыс. тон збожжа. Вытворчасць жывёл і птушкі павялічылася на 3,1% у параўнанні са студзенем—лістападам 2022 года, малака — на 5,7%. Дарэчы, экспарт малака і малочнай прадукцыі павялічыўся на 6,7%. Агульная вытворчасць сельгаспрадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак павялічылася на 0,9%, а непасрэдна ў сельгасарганізацыях — на 2,1%.

Яшчэ адзін важны паказчык развіцця эканомікі — рознічны тавараабарот, яго рост па выніках 11 месяцаў склаў 8,2%. Аптовы гандаль павялічыўся на 13,5%, а абарот грамадскага харчавання — на 10,3%. Істотна вырас сёлета і ўнутраны попыт — вынік росту рэальных даходаў насельніцтва і пашырэння банкаўскіх прадуктаў у частцы спажывецкага крэдытавання.

Гэта толькі некалькі паказчыкаў развіцця краіны, але і яны яскрава паказваюць, што эканоміка не ў заняпадзе — яна развіваецца, ідзе наперад. Немалую ролю ў тым развіцці адыграла пераарыентацыя рынкаў збыту, выстройванне новых і ўдасканаленне ўстаялых лагістычных ланцужкоў, павялічэнне попыту на беларускую прадукцыю з боку Расійскай Федэрацыі і краін — удзельніц ЕАЭС увогуле. Не менш значны ўплыў аказала і актыўная ўнутраная стымулюючая палітыка, якая дазволіла забяспечыць эканамічны рост дзяржавы. Аснову яго забяспечылі прамысловая вытворчасць, будаўніцтва, гандаль. Таксама важкі момант, які нельга не згадаць, — гэта прыкметны рост інвестыцыйнай дзейнасці, таксама дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы.

Такім чынам, з вышэйсказанага напрошваецца відавочная выснова: эканоміка Беларусі ўстойліва развіваецца, з года ў год нарошчвае свой патэнцыял. Да слова, пацверджанне таму і прагноз Еўразійскага банка развіцця наконт ВУП Беларусі ў 2023 годзе — яго аналітыкі прагназуюць рост у 3,9%, а адным з галоўных фактараў росту называюць менавіта павышэнне попыту на беларускія тавары на расійскім рынку. Сапраўды, пры сённяшніх умовах нашым прадпрыемствам, як кажуць, самім Госпадам наканавана актыўна працаваць на гэтай велізарнай прасторы. І яны гэта робяць.

Так, Мінскі аўтамабільны завод значна надбавіў продаж цягачоў і аўтобусаў у Расійскую Федэрацыю — іх рэалізацыя ў студзені—лістападзе павялічылася на 53% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. На сёння тэхніка МАЗа займае на расійскім рынку сёмае месца ў сегменце грузавікоў і аўтобусаў. Што да легкавых аўто, то тут беларускія GEELY упэўнена замацаваліся на чацвёртым месцы, саступіўшы толькі LADA, CHERY і HAVAL. У працэнтным выяўленні рост продажу больш чым уражваючы: 176,4% у адносінах да мінулага года. Вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі таксама актыўна асвойваюць суседні рынак. Так, Гомсельмаш, напрыклад, плануе сёлета выпусціць каля 3 тыс. адзінак тэхнікі, значная частка якіх адпраўляецца на экспарт. Нельга абмінуць увагай яшчэ адзін прамысловы гігант — Беларускі металургічны завод. Яго сёлетні экспарт можа дасягнуць рэкорднага $1 млрд.

Увогуле тэмп росту фізічных паставак у Расію складае 131%, сёлетні прырост — $2,7 млрд, прычым значная іх частка прыпадае на рэгіёны, што з’яўляецца важным паказчыкам наладжвання ўстойлівых гандлёвых кантактаў.

Можна, канешне, яшчэ доўжыць пералік прадпрыемстваў, прыводзіць лічбы, працэнты. Але ці варта? Асабліва напярэдадні навагодняга свята, калі ўсе ўжо думкамі там, у будучым годзе, які павінны быць лепшым за гэты? Можа і не варта... Але ж што трэба абавязкова зрабіць — дык гэта парадавацца за нашу краіну, за яе эканоміку, устойлівае развіццё, за мір і спакой. І абавязкова згадаць усіх тых, хто сваёй працай стварае гэта.

Са святам, з Новым годам!

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.