Вы тут

Наталля Качанава прыняла ўдзел у пасяджэнні Мінгарвыканкама


На парадку дня — вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця горада ў мінулым годзе і задачы на 2024-ы. Але, вітаючы ўдзельнікаў нарады, сярод якіх міністры, кіраўнікі адміністрацый раёнаў, прадпрыемстваў і арганізацый горада, старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў адзначыў, што ўвага таксама будзе скіравана на ацэнку дзейнасці службовых асоб па выкананні даведзеных паказчыкаў. А галоўная задача пасяджэння — гэта работа па ыфрашэнні задач, якія пастаўлены на бягучы год.


Старшыня Мінгарвыканкама звярнуў увагу ўдзельнікаў, што 2024 год асаблівы: завяршаецца пяцігодка, краіна знаходзіцца ў электаральным перыядзе. Гэта значыць, што перад кіраўніцтвам горада, арганізацый і прадпрыемстваў стаіць адна, галоўная, задача — забяспечыць выкананне паказчыкаў, каб людзям жылося лепей і камфортней. Дзеля гэтага патрэбна канструктыўная ацэнка становішча на пачатак года, акрэсленне праблемных пытанняў і азначэнне шляхоў іх вырашэння. Асобна Уладзімір Кухараў падкрэсліў, што для вырашэння пастаўленых задач ёсць усё: ад кадравага патэнцыялу да фінансавага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Трэба толькі добрасумленна і адказна выконваць узятыя абавязацельствы, бо канчатковы рэзультат залежыць ад унёску кожнага.

Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч адзначыла, што сёлета эканоміка Мінска выйшла на аднаўленчую дынаміку па валавым рэгіянальным прадукце, паказчык — больш за 100%. Добрая сітуацыя склалася па рознічным і аптовым тавараабароце, дзе назіраецца прырост выручкі ў 15,5%.

Сярод асноўных задач яна назвала рост узроўню заработнай платы, яе своечасовыя выплаты, даступнасць жылля, задавальненне запытаў насельніцтва на харчовыя і нехарчовыя тавары, фарміраванне камфортных і бяспечных умоў жыццядзейнасці.

Гаворачы пра заработную плату, Надзея Лазарэвіч адзначыла, што па выніках года намінальная налічаная зарплата работнікаў у Мінску склала Br2590,3, тэмп росту — 13,1%. Рэальная ж заработная плата вырасла на 7,6 працэнтных пункта. Праведзеная Мінгарвыканкамам работа дазволіла ў 12 з паловай разоў скараціць колькасць арганізацый, дзе зарплата не адпавядала належнаму ўзроўню. Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама падкрэсліла, што рост заработнай платы і своечасовасць яе выплат — на асобым кантролі і ў гэтым кірунку вядзецца сістэмная работа, удзел у якой прымаюць усе зацікаўленыя органы дзяржаўнага кіравання.

Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама адзначыла, што ў 2023 годзе шмат увагі ўдзялялася стварэнню бяспечных умоў працы. Акцэнт быў зроблены на будаўнічыя арганізацыі і прадпрыемствы прамысловасці. Па выніках праверак і рэйдаў мабільных груп, з улікам выяўленых парушэнняў складзены рэйтынг будаўнічых арганізацый, які размешчаны на сайце Мінгарвыканкама.

Таксама сярод прыярытэтаў былі названы інвестыцыі. У 2023 годзе ў эканоміку прыцягнута прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове $832,2 млн, што ў 1,3 раза больш, чым у папярэднім годзе. Дзякуючы рэалізацыі шэрагу мерапрыемстваў была забяспечана фінансавая стабільнасць прадпрыемстваў, рост аб’емаў прамысловай вытворчасці склаў 7,7%. Спажывецкі рынак сталіцы поўнасцю задаволіў патрэбы насельніцтва.

Дакладчыца зазначыла, што паспяхова ідзе рэалізацыя праграмы па імпартазамяшчэнні, у якой удзельнічаюць больш за 300 суб’ектаў гаспадарання розных формаў уласнасці, у асноўным — прыватнай і бязведамаснай. Ужо выпушчана больш як 500 найменняў прадукцыі на $2 млрд.

Абагульняючы ранейсказанае, Надзея Лазарэвіч зазначыла: рэзультаты студзеня гэтага года гавораць аб тым, што, папярэдне, горад выконвае паказчыкі, даведзеныя ўрадам. Створана добрая аснова, суб’екты гаспадарання, раёны і Мінгарвыканкам прыкладуць максімум намаганняў, каб вырашыць усе пастаўленыя на 2024 год задачы.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што набраныя ў мінулым годзе тэмпы збаўляць нельга. Яна адзначыла добрую работу гарадскіх улад і прадпрыемстваў горада. Аднак разам з тым заўважыла, што, на жаль, не ўсе даведзеныя заданні выкананыя ў поўных аб’ёмах.

«Вы павінны добра ўсведамляць: ніхто ні за кога не працаваць не будзе. Калі ёсць патрэба ў змяненнях у заканадаўстве — значыць, трэба рабіць гэта хутка. ...Калі сёння кожны не будзе мець на ўвазе думку аб тым, што выканаць даведзеныя задачы — гэта яго жалезабетонная задача, то нічога не атрымаецца», — падкрэсліла Наталля Качанава. Так, менавіта ад асабістай адказнасці кіраўнікоў, хуткасці прыняцця рашэнняў і іх дакладнасці залежыць паспяховая рэалізацыя тых ці іншых мерапрыемстваў. У адваротным выпадку можа атрымацца як з мерапрыемствамі па лічбавізацыі: у інавацыйным фондзе Мінгарвыканкама штогод рэзервуюцца фінансавыя сродкі, але не асвойваюцца.

Старшыня Савета Рэспублікі даручыла профільнаму міністэрству далучыцца да вырашэння праблемы, прааналізаваць сітуацыю і падрыхтаваць канкрэтныя прапановы. «Прэзідэнт ясна сказаў: кожнаму кіраўніку будзе дадзена ацэнка па рэзультатах. Выкананы задачы — працуй, не выкананы — саступі месца таму, хто можа вырашаць гэтыя пытанні», — адзначыла Наталля Качанава. Асобна спынілася яна на своечасовасці выплат заработнай платы і эфектыўнасці работы прадпрыемстваў, назваўшы іх ключавымі пытаннямі кіраўнікоў рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады. Нядрэнную работу ў гэтым кірунку адзначыла ў Мінску. Аднак падкрэсліла: сітуацыя на ўсіх прадпрыемствах, незалежна ад іх формы ўласнасці, павінна пастаянна кантралявацца.

Таксама Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на неабходнасць развіцця гарадоў-спадарожнікаў і нагадала: «Моцная краіна — гэта моцныя рэгіёны».

Спынілася яна і на пытаннях, з якімі людзі прыходзяць на асабістыя прыёмы і звяртаюцца падчас прамых тэлефонных ліній. У прыватнасці сітуацыя, звязаная з будаўніцтвам кватэр ў комплексе «Мінск-Свет». Наталля Качанава зазначыла, што праблема існуе: «Тыя сем’і, у якіх няма стартавага капіталу, бяруць крэдыты, растэрміноўкі. А потым не могуць прапісацца...» І даручыла тэрмінова разабрацца з сітуацыяй.

Асаблівую увагу Старшыня Савета Рэспублікі звярнула на тое, што ўсім трэба думаць пра будучыню краіны, яе мір і спакой. Яна выказала падзяку ўсім, хто прымаў удзел у выбарчай кампаніі: «Усім, хто прымаў удзел у выбарчай кампаніі, хто арганізоўваў участковыя, акруговыя камісіі, я шчыра ўдзячная. Усё было арганізавана зладжана. Асобныя словы падзякі — членам, старшыням выбарчых участковых камісій. Людзі адпрацавалі дастойна. Я ўдзячна нашым праваахоўным органам. Усё было дакладна выстраена, і нідзе не было ніякіх эксцэсаў».

На пасяджэнні Мінгарвыканкама таксама абмяркоўвалася работа будаўнічага комплексу, транспартнай галіны, добраўпарадкаванне, захады па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці асобных прадпрыемстваў і арганізацый.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?