Вы тут

Каляды: асноўныя правілы і традыцыі, стравы, якія павінны быць на калядным стале


Раство Хрыстова — хрысціянскае свята памяці аб нараджэнні Ісуса Хрыста. Адзначаецца яно 7 студзеня па грыгарыянскім календары, што адпавядае 25 снежня па юліянскім календары. Каляды лічацца ў праваслаўнай царкве другім па значнасці святам пасля Вялікадня, з імі звязаны шматлікія звычаі, традыцыі і, вядома, падарункі. Каляды — ўрачыстасць нараджэння і, вядома, дзеці — важныя ўдзельнікі ўрачыстасці, таму так важна перадаваць ім дух зімовага свята.


У некаторых мясцовасцях да нашага часу захоўваецца старажытны звычай калядавання, калі людзі напярэдадні і ў ноч Раства ходзяць па хатах, часта з замацаванай на тычцы самаробнай зоркай, у спецыфічных касцюмах, спяваюць услаўленні Хрысту або калядкі-пажаданні, а ў адказ атрымліваюць пачастункі з каляднага стала.

Перад Раством

Перад Калядамі, да самай ночы напярэдадні Раства, у царкоўным календары стаіць пост — асаблівы час, калі чалавек выконвае абмежаванні ў ежы і думках.

  • За 40 дзён да свята праваслаўныя пачынаюць прытрымлівацца посту. Яны перастаюць ужываць мяса, яйкі, малако і прысмакі.
  • Таксама падчас посту важна захоўваць і чысціню думак: нельга сварыцца, крыўдзіць адно аднаго, злавацца.
  • Трэба рабіць больш добрых спраў, дапамагаць тым, каму неабходна дапамога, падтрымліваць і дзяліцца душэўнай цеплынёй.

Напярэдадні Раства Хрыстова перадсвяточны дзень — Куцця. Куцця — гэта «дзверы», якія адкрываюць  Каляды.

Галоўная падзея Куцці— калядная вячэра. За стол прынята садзіцца са з’яўленнем першай зоркі на небасхіле. Куццю праводзяць у коле сям’і або найбліжэйшых сяброў. І варта ў душы дараваць усім сваім ворагам і папрасіць прабачэння ў тых людзей, якіх вы, магчыма, пакрыўдзілі.

І крыху з гісторыі. Нашы продкі чакалі цемры і займалі месцы за сталом пасля ўрачыстай малітвы. Стол па традыцыі накрывалі белым абрусам і выстаўлялі 12 посных страў. Гэтая традыцыя даўно прысутнічае ў праваслаўнай веры: лічыцца, што колькасць страў роўнае колькасці святых апосталаў, вучняў Хрыста. Кожная з іх мае свой сімвал.

12 традыцыйных посных страў на Каляды:

  • Куцця.
  • Узвар.
  • Піражкі і пампушкі.
  • Марынаваныя грыбы.
  • Галубцы посныя з бульбай і грыбамі / з рысам і грыбамі / з просам і грыбамі.
  • Смажаная рыба з цыбуляй.
  •  Посны боршч з грыбнымі вушкамі.
  • Вінегрэт (ці іншыя салаты з бураком, гароднінай і духмяным сланечнікавым алеем).
  • Варэнікі (з бульбай, капустай і іншымі начыннямі).
  •  Рыба марынаваная і/ці заліўное з рыбы.
  • Тушаная капуста з фасоллю ці грыбамі / бліны з гарохам / фасолю з грыбной падліўкай.
  •  Хатнія саленні і квашаная капуста.

Самай галоўнай традыцыйнай стравай на калядным стале лічыцца куцця. Куццю рыхтавалі напярэдадні Калядаў і падавалі «да першай зоркі», калі ўся сям’я садзілася за святочны стол. 6 студзеня напярэдадні Раства вернікі да вечара не елі нічога, акрамя куцці.

Гэтую традыцыйную рытуальную страву гатуюць з пшаніцы, аўса ці ячменю. Спачатку крупы неабходна папярэдне замачыць у вадзе, а потым зварыць з даданнем мёда. Абагачаюць кашу макам, арэхамі, кавалачкамі сухафруктаў. Таму і існуе назва «багатая куцця» Збожжа сімвалізуе вечнае жыццё і дастатак. А дабаўкі — салодкае жыццё і райскае шчасце пасля смерці. Мак з’яўляецца сімвалам урадлівасці і багацця. А сама куцця тоіць у сабе сімвал яднання з Богам.

Зараз у куццю дадаюць шакалад, міндаль, мармелад, цукаты і вострыя прыправы. Па традыцыі першым куццю спрабуе гаспадар дома, а затым усе члены сям’і. Рэшткі куцці не прыбіраюць са стала пасля трапезы, каб духі памерлых сваякоў таксама маглі паласавацца калядным пачастункам. Гэтай традыцыйнай кашай пасля Каляднай ночы таксама частуюць хатніх жывёлін.

Рыба ўвасабляе жаночую энергію на калядным стале. Гэта таксама старажытны сімвал Хрыста.

Варэнікі, як і пірагі — абавязковая калядная страва. На Куццю варэнікі рыхтуюць без шкварак і з поснымі начыннямі. Звычайна гэта капуста, бульба, грыбы, мак, сухафрукты, замарожаныя ягады. Гэтая страва сімвалізуе малады месяц і яго энергію, якая дае жыццёвую сілу.

Бліны сімвалізуюць Сонца. Для нішчымнага каляднага меню іх рыхтуюць не на малацэ, а на бульбяным адвары або мінеральнай вадзе. У якасці начыння можна дадаць рыбу, ікру, гарох, мёд і варэнне.

Капуста — з’яўляецца сімвалам адзінства — веры ў Хрыста. Тушаная, квашаная, у пірагах
і варэніках. Без капусты калядны стол не будзе такім шчодрым і поўным. 

Прыметы на Каляды:

  •  Іней на дрэвах у першыя тры дні Калядных свят — да багатага ўраджаю хлеба.
  • Калі ў гэты дзень цёпла — вясна будзе халодная.
  • Калі завеяная ноч — пчолы добра раіцца будуць.
  • У ноч зорак густа — густа і ягад (гароху) будзе.
  • Калі Каляды на новым месяцы, то год будзе неўраджайным.
  • Выпаў снег — чакай добрых навін.

Што трэба абавязкова зрабіць перад Калядамі?

Напярэдадні Калядаў пажадана ўстаць крыху раней, прачытаць малітву. Добра было б схадзіць на Раство ў царкву, памаліцца за здароўе родных і блізкіх, паспавядацца і прычасціцца. Калі вы з кімсьці пасварыліся напярэдадні свята, паспрабуйце памірыцца. Нельга ў гэты дзень лаяцца, брыдкасловіць, асуджаць.

Алена ШАЎЧЭНКА
Фота pexels.com

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.