Вы тут

Сяргей Белаяр. «Час назад»


Брастаўчанін Сяргей Белаяр, гісторык па адукацыі, піша ў жанры навуковай фантастыкі. Лаўрэат трэцяй ступені конкурсу апавяданняў «Звязды» 2018 года, пераможца абласной літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя У. Калесніка 2019 года ў намінацыі «Проза» зноўку запрашае чытачоў у касмічнае падарожжа. На Месяцы два астранаўты расследуюць загадкавае знікненне сваіх таварышаў, чые сляды вядуць у дзіўны лаз, падобны на трусіную нару з вядомай казкі Льюіса Кэрала. Вось толькі не Белы Трус і Сакавіцкі Заяц сустрэнуцца Мэцьюсу і Уайтхэду ў гэтым змрочным месцы. Пакручасты сюжэт агаломшыць чытача і пакіне больш пытанняў, чым адказаў...

Алена БРАВА


Фота pexels.com

— Ну і за якім д’яблам яны сюды палезлі? — Мэцьюс спыніў месяцовы мабіль побач з такім жа ўсюдыходам місіі «Апалон-18», якая знікла без вестак.

— Пярун яго ведае, — паціснуў плячыма Уайтхэд.

Два ланцужкі слядоў сыходзілі ад месяцовага мабіля да правалу ў рэгаліце, які нагадваў абваленую шахту. Дыяметр правалу не дацягваў і да пяці футаў, і заўважыць яго — правал зліваўся па колеры з астатнім пейзажам — можна было толькі выпадкова.

— Будзь напагатове, — загадаў Мэцьюс. У тым, што Гордан і Шміт сустрэлі на Месяцы іншапланецян, не верылі ні ў NASA, ані члены каманды «Апалона-19». Хутчэй, у кратэры Каперніка пабывалі рускія. Праўда, бянтэжыла поўная адсутнасць іншых слядоў. А прайшло ўсяго толькі менш за месяц.

Астранаўты падрыхтавалі да бою тытанавыя арбалеты спецыяльнай канструкцыі і з апаскаю зазірнулі ў правал. Якім жа было іх здзіўленне, калі сярод абломкаў астранаўты заўважылі лаз.

— Падобна на трусіную нару, — падзяліўся думкамі Уайтхэд, успамінаючы кэралаўскую Алісу.

— Белы Трус і Сакавіцкі Заяц на Месяцы?.. Да такога нават вялікі Жуль Верн не дадумаўся... Чаму яны нічога не паведамілі ні на Зямлю, ні на арбіту?

— Не ведаю.

Дапамагаючы адзін аднаму, астранаўты асцярожна спусціліся ў правал. Памеры лаза дазвалялі пралезці ў яго нават у грувасткіх скафандрах. Мэцьюс не мог праігнараваць відавочныя адбіткі ботаў Гордана і Шміта. Прэзідэнт Ніксан патрабаваў адказу — ніхто ў NASA не мог дакладна растлумачыць, што ж менавіта здарылася з «Апалонам-18».

— Я іду першым, — пастанавіў Мэцьюс.

Нават абсалютна псіхічна здаровы чалавек, трапіўшы ў лаз, лёгка мог перажыць прыступ клаўстрафобіі. Звілісты тунэль быў моцна падобны на кішку. Прыйшлося нават нагадаць сабе, што маналітныя сцены не стуляцца і не раздушаць астранаўтаў. Не вернецца і гіпатэтычны «дзюнаўскі» чарвяк. Лаз нібыта прабіла вада.

Падарожжа расцягнулася на цэлую вечнасць, хоць Мэцьюс і Уайтхэд мелі магчымасць даведацца дакладна, колькі часу мінула. Абодва ўзрадаваліся, калі нарэшце выпалі з лаза. І адразу абмерлі — да стварэння невялікага памяшкання са згладжанымі кутамі прырода відавочна не прыклала нават мінімальнага намагання. «Пячору» дугой аточвалі рознапамерныя лазы.

— Выходзіць, мы не самотныя? — зрывістым ад хвалявання голасам спытаў Уайтхэд. Яго вочы загарэліся дзіцячым захапленнем.

Рэакцыя Мэцьюса аказалася іншай: праігнараваўшы пытанне аб братах па розуме, капітан перахапіў арбалет і пачаў выклікаць Томпсана, які чакаў вяртання таварышаў у камандным модулі на арбіце.

— Сувязі няма, — праз нейкі час канстатаваў Мэцьюс. Уайтхэд толькі кіўнуў — навушнікі гермашлема транслявалі выключна белы шум. Пытанне вяртання пілот месяцовага модуля не ўзняў.

На жаль, якія-небудзь знакі ці ўказальнікі, па якіх можна было б меркаваць аб тым, куды накіраваліся Гордан і Шміт, у рукатворнай пячоры адсутнічалі.

— Пойдзем па самым шырокім ходзе, — Мэцьюс звярнуўся да логікі. Для таго каб мець магчымасць без праблем вярнуцца да месяцовага мабіля, астранаўты карысталіся грыфельным мелам. Тактыка даказала сваю эфектыўнасць ужо на першых метрах — лаз разгаліноўваўся, становячыся падобным на каранёвую сістэму.

— Не хацелася б уступаць у кантакт з месяцовымі мурашкамі, — агучыў уласныя страхі Уайтхэд. Радыёсувязь з камандным модулем па-ранейшаму адсутнічала. Лабірынт станавіўся ўсё больш заблытаным. Большасць памяшканняў аказаліся запячатанымі. Частка пустых выкарыстоўвалася для захоўвання россыпу складана-геаметрычных прадметаў. Чорны глянцавы колер ператвараў іх у сапраўдныя люстэркі.

— Паспрабуем адкрыць? — удакладніў Уайтхэд, літаральна згараючы ад цікаўнасці.

— Мы тут не за гэтым, — Мэцьюс прымусіў сябе трымаць навуковую цікавасць у аброце. Перадусім — пошукі Гордана і Шміта.

Блуканне па лабірынце магло працягвацца да поўнага расходавання запасу кіслароду, электраэнергіі і вады. На дапамогу астранаўтам прыйшоў выпадак.

— Я бачу Шміта, — паведаміў Мэцьюс і промнем ручнога ліхтара пазначыў мёртвага астранаўта. Пілот месяцовага модуля супакоіўся ў «пячоры», з нізкай столі якой крута ўверх сыходзілі вузкія трубкі, падобныя на паветразаборнікі.

Шміт ляжаў на жываце. У позе, якая выдавала гарачае жаданне збегчы.

— Пераварочваем, — распарадзіўся Мэцьюс.

Цела, за вылікам вагі скафандра, гермашлема і рыштунку, важыла на здзіўленне мала. Прычына высветлілася тут жа.

— Малпа, — ахнуў Уайтхэд і чамусьці адскочыў. Як быццам тая магла ўкусіць яго праз шкло.

— Homo ergaster, чалавек, які працуе, — паправіў Мэцьюс, ліхаманкава спрабуючы адшукаць рацыянальнае тлумачэнне таму, як архантрап мог апынуцца ўсярэдзіне скафандра з патчам «Schmіtt». Прыматаў у місіі «Апалон-18» не выкарыстоўвалі. Людзі абыходзіліся танней.

— Як гэта разумець? — разгублены Уайтхэд утаропіўся на Мэцьюса ў надзеі на тое, што той усё растлумачыць.

— Шміт пакінуў сляды.

Шмітам валодаў жывёльны страх. І заставалася толькі здагадвацца, чым ён мог быць выкліканы. Арбалеты астранаўты трымалі напагатове.

Тунэль са слядамі неаднаразовага падзення, якія не паспеў прыцярушыць касмічны пыл, вывеў астранаўтаў у прасторнае памяшканне мудрагелістай формы. Вялікую яго частку займаў складаны механізм.

Мэцьюс згубіўся ў пошуках аналогіі, а праз некалькі імгненняў стала не да таго — на падлозе ляжаў парантрап у скафандры.

— Калі гэта Рычард Гордан, то я — Папа рымскі, — Уайтхэд правёў пальчаткай па шкле гермашлема. Неабходнасці сціраць пыл не было — у святле ручных ліхтароў перад поглядамі астранаўтаў паўстала морда Paranthropus boіseі. Грубыя, нібы высечаныя сякерай рысы твару выдавалі жах. Скафандр і гермашлем засталіся цэлымі.

Мэцьюс спахмурнеў. Кошт розыгрышу быў залішне высокі. Празмерна высокі. Прасцей напампаваць каманду «Апалона-19» тым жа ЛСД. Саветы пад страхам вайны ніколі не рашацца на падмену. Ды і навошта?

Іншапланецяне?

Мэцьюс міжволі азірнуўся, суправаджаючы насцярожаны погляд рухам арбалета. Схавацца ў «пячоры» было няма дзе. Хіба што іншапланецяне зусім ужо невялікага росту...

Перарывісты, падобны на трызненне шызафрэніка ход думак Мэцьюса абарвала пытанне Уайтхэда:

— Цікава, што гэта за штука такая?

У адрозненне ад людзей, скафандры не...

...састарэлі.

— Не чапай! — крыкнуў Мэцьюс, але было позна: часткі чужога механізму прыйшлі ў рух. У іх узаемадзеянні прысутнічала нейкая нечалавечая логіка. І гэтая логіка аказалася пабудавана на парушэнні звыклых фізічных законаў.

Нядоўга думаючы, Мэцьюс кінуўся да Уайтхэда і з сілай тузануў яго за руку, цягнучы да выхаду. Якім бы ні было прызначэнне чужога механізма, сабранага з дэталяў невядомай прыроды, ад яго трэба было трымацца далей. Як і ад самой пячоры.

Уайтхэд нечакана пакорліва рушыў услед за Мэцьюсам, аднак варта было астранаўтам сустрэцца вачыма, як сэрца Мэцьюса ўпала: з хуткасцю, якая імкліва нарастала, Уайтхэд скочваўся ўніз па эвалюцыйнай лесвіцы.

Інстынкт выжывання ўзяў верх. Мэцьюс адштурхнуў таварыша і з усіх ног кінуўся прэч. Усё роўна куды. Абы далей ад гэтага месца...

Наляцеўшы на цела Шміта, Мэцьюс расцягнуўся на падлозе, падняўшы воблака пылу. Дзіркі ў столі... магчыма, удасца выклікаць дапамогу. Пілота каманднага модуля. Ужо што тамака пайшло не так, невядома. Бранд загінуў пры прылуненні.

Томпсан дапаможа. Трэба толькі падаць сігнал SOS.

Мэцьюс нечакана ўсвядоміў, што сэнс звыклых рэчаў пачынае імкліва знікаць з яго свядомасці. Страх падсцёбнуў, і з дзікім лямантам Мэцьюс літаральна панёсся па выпадковым тунэлі. Астранаўтам валодала адно-адзінае жаданне — як найхутчэй прыбрацца з праклятага Месяца.

Пакуль не стала запозна.

Момант, калі шалёны крык пазбавіўся апошніх нотак чалавечага, Мэцьюс прапусціў. А пасля нават пры ўсім жаданні не здолеў бы зразумець, што адбылося. І з якой мэтай чужы механізм, які сціснуўся да памеру фалангі мезенца, узяў курс на Зямлю.

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.