Вы тут

Этнаграфічная экспедыцыя. Стагоддзе назад...


У 1923 годзе Інбелкуль і Галоўархіў Беларусі арганізавалі і правялі этнаграфічную экспедыцыю. Сабраныя экспанаты былі прадстаўлены ў беларускім павільёне Першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай і кустарна-прамысловай выстаўкі ў Маскве. А пасля сталі асновай этнаграфічнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея. Сярод удзельнікаў экспедыцыі — М. Мялешка, А. Шлюбскі, М. Азбукін, Л. Дашкевіч. Зорнае суквецце даследчыкаў беларускай культуры!.. 

Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтаваў (а Выдавецкі дом «Беларуская навука» выступіў выдаўцом) альбом-манаграфію «Забытая экспедыцыя 1923 года: ля вытокаў акадэмічнай этнаграфіі ў Беларусі». Аўтары даўно наспелага і ўнікальнага творчага, навуковага праекта — Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч, Надзея Саўчанка, аўтарытэтныя даследчыкі беларускай культуры. Чытаем ва «Уводзінах»: «Нават сярод спецыялістаў, этнолагаў і фалькларыстаў, толькі нямногія памятаюць пра экспедыцыю 1923 г., яшчэ менш тых, хто працаваў з яе фотаздымкамі і выкарыстоўваў у сваіх працах. Яна займае месца на маргінэсе навуковай літаратуры, узгадваецца ў асобных артыкулах, яе фотаздымкі часам трапляюцца ў краязнаўчай літаратуры і публікацыях у інтэрнэце — без пазначэння аўтарства і нярэдка з памылковым годам у подпісе. Экспедыцыю нельга назваць невядомай, яна хутчэй «забытая» — бо засталася ў архіўных справах, газетных публікацыях, музейных зборах». І далей: «Па цэлым шэрагу прычын яна заслугоўвае большай вядомасці і лепшага месца ў памяці і беларускай культуры. Па-першае, гэта была першая вялікая этнаграфічная экспедыцыя, арганізаваная нядаўна створаным Інбелкультам разам з Дзяржархівам. Гэта экспедыцыя адзначае самыя пачаткі беларускай акадэмічнай этнаграфіі. Матэрыялы, сабраныя ў ёй, былі пакладзены ў аснову вопыту першай комплекснай рэпрэзентацыі розных бакоў і аспектаў беларускай народнай культуры на Ўсесаюзнай выставе ў Маскве. Пасля створаная тут экспазіцыя паслужыла асновай для прадстаўлення народнай культуры ў Беларускім дзяржаўным музеі ў Мінску. Гэта азначае, што навукоўцы, якія збіралі матэрыялы ў экспедыцыі, а пасля арганізавалі беларускі павільён у Маскве, стаялі ля вытокаў фарміравання самапрэзентацыі беларускай нацыі і яе этнічнай культуры. Як выглядае тыповы беларускі дом? А беларускі краявід? А як выглядае тыповая беларуская сялянка і селянін? Як паказаць адметнасці краіны для саміх беларусаў і для прадстаўнікоў іншых рэспублік? Усе гэтыя пытанні стаялі перад удзельнікамі экспедыцыі, і яе плён — досвед першых адказаў на іх». 

Альбом-манаграфія складаецца з наступных раздзелаў: «Экспедыцыя 1923 года: падрыхтоўка і правядзенне» (аўтар — Н. Саўчанка); «Фотаздымкі і каментары» (у сваю чаргу ў змест уваходзяць два падраздзелы: «Першы этап. Да вытокаў Нёмана», «Другі этап. У Лагойск», аўтар — С. Грунтоў); «Першая Усесаюзная выстава 1923 года ў Маскве» (падраздзел «Падрыхтоўка ў Беларусі», аўтарам якога з’яўляецца Я. Грыневіч; і — «Свята народаў» — адкрыццё і правядзенне«, аўтар — Н. Саўчанка); «Удзельнікі экспедыцыі 1923 года» (пра Міхася Мялешку, Аляксандра Шлюбскага, Мікалая Азбукіна расказвае Я. Грыневіч; пра Льва Дашкевіча — Н. Саўчанка); «Развіццё этнагарфіі і фалькларыстыкі ў 1920-я — пачатку 1930-х гг.» (аўтар — Я. Грыневіч). 

Альбом-манаграфія — выданне, якое надзвычай багата крыніцазнаўчым матэрыялам. Праз цытаванне ўнікальных архіўных матэрыялаў, а таксама публікацый з тагачаснага перыядычнага друку сучасныя даследчыкі ствараюць партрэт дзейства, якое заклала асновы, сфармаціравала грунт вялікай справы. Выданне, праз якое мы маем магчымасць зазірнуць у падзеі стогадовай даўніны, падасца надзвычай цікавым і для сённяшніх краязнаўцаў. Следам за вандроўнікамі 1923 года мы трапляем у Рудзенск, Цітву, Сяргеевічы, Шацк, Лошу, Даўгінічы, Узду, Негарэлае (сучасныя Пухавіцкі, Уздзенскі, Дзяржынскі раёны). Знаёмімся на фатаграфічных ілюстрацыях з моладдзю з Цітвы (гэта каля Рудзенска) і селянінам 67 гадоў з Сяргеевіч, маем магчымасць прайсціся па грэблі з Сяргеевіч на возера Муха. А ў Кавалевічах сюжэтам фотаздымка з’яўляецца перанясенне хаты. Уражлівым з’яўляецца і знаёмства з Хатлянамі і яе жыхарамі. Не меней цікавае падарожжа атрымаецца і праз агляд ілюстрацый, прысвечаных Лагойску і ваколіцам. 
Высокая навуковая культура аўтараў альбома-манаграфіі — і ў расповядах пра ўдзельнікаў экспедыцыі. Фактычна перад чытачом паўстаюць міні-манаграфіі жыццяпісаў Льва Дашкевіча, Мікалая Азбукіна, Аляксандра Шлюбскага, Міхася Мялешкі. Унікліва чытаючы пра лёсы гэтых дзіўных, самахвярных людзей, ловіш сябе на думцы, што з часам пра іх будуць напісаны кнігі, мо нават не толькі дакументальныя. 
 
Выданне «Забытая экспедыцыя 1923 года...» пабачыла свет накладам 600 экзэмпляраў. Набыць альбом-манаграфію можна ў кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне і ў кнігарні «Акадэмкніга» ў Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 
 
Мікола БЕРЛЕЖ
Прэв'ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.