Вы тут

Як размаўляць з дзяўчынкамі аб іх рэпрадуктыўным здароўі


Як размаўляць з дзяўчынкамі аб іх рэпрадуктыўным здароўі, аб адносінах з супрацьлеглым полам? Мы заўсёды адны і тыя ж або нам уласціва мяняцца? Ці ёсць сувязь паміж харчовымі звычкамі, выбарам адзення, рэжымам дня і жаночым здароўем? Аб гэтым і не толькі размаўляем з дырэктарам Цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля», аўтарам адукацыйнага праекта па захаванні рэпрадуктыўнага здароўя дзяўчынак-падлеткаў «Еве 13», культуролагам, мамай пяцярых дзяцей Веранікай Сярдзюк і з лектарам-валанцёрам, кансультантам «Матулі» Таццянай Станкевіч.


Вераніка Сярдзюк са сваёй малодшай дачкой на семінары

Пра «вёску прывязанасці» і ўплыў блогераў

— Ведаю, што асноўная ўвага «Матулі» накіравана на арганізацыю дапамогі мамам у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Як атрымалася, што вы сталі праводзіць заняткі для дзяўчынак-падлеткаў?

Вераніка Сярдзюк: Сапраўды, больш як 10 гадоў мы працуем у асноўным з крызісным мацярынствам, падтрымліваем жанчын у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Акрамя таго, праводзім перадабортнае кансультаванне. І вельмі часта ад саміх жанчын на кансультацыях чуем: «Чаму вы не прыйшлі да мяне раней, у школу, са сваёй інфармацыя? Можа, тады я не дапусціла б столькі памылак у сваім жыцці». Пасля гэтых слоў я задумалася: «А чаму б не прыдумаць праграму для дзяўчынак-падлеткаў?» У выніку нарадзілася «Еве 13» — невялікі базавы курс з 4 заняткаў. Мы яго рэалізоўваем пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя.

— Чаму менавіта такая назва — «Еве 13»?

Вераніка Сярдзюк: Ева — гэта зборны вобраз жанчыны. А 13 гадоў — сярэдні ўзрост першай менструацыі. У гэты перыяд дзяўчынцы вельмі важна атрымаць якасную інфармацыю, якая дапаможа ёй прымаць узважаныя рашэнні. Пачыналі з таго, што праводзілі заняткі ў царкоўных прыходах, нядзельных школах. Дзякуючы «сарафаннаму радыё» пра нас даведаліся і ў звычайных школах. Сёння супрацоўнічаем таксама з цэнтрамі, дружалюбнымі падлеткам. Нас часта запрашаюць паразмаўляць пра тое, як сёння дзяўчыне захаваць сваё рэпрадуктыўнае здароўе, у студэнцкія інтэрнаты. Неабыякавыя мамы дамаўляюцца аб занятках з цыкла «Еве 13» для сваіх дачушак. Перад тым, як да нас прывядуць дзяўчынак, мы збіраемся з бацькамі і выслухоўваем іх пажаданні, пытаемся, якія тэмы закрануць. Выбіраем матэрыял для размовы ў залежнасці ад узросту дзяўчынкі. Інфармацыю падаем без адмоўнай часцінкі «не», бо ў падлеткавым узросце і так шмат адмаўлення.

Таццяна Станкевіч: Вядома, адных толькі ўрокаў біялогіі недастаткова для рэпрадуктыўнага выхавання падлеткаў, ды і вельмі часта настаўнік пакідае іх для самастойнага вывучэння. Інфармацыі ў інтэрнэце шмат, як якаснай, так і не вельмі. Але ў дзяцей няма крытэрыяў адбору. Чым ярчэй пададзена тэма, тым ім здаецца праўдзівей, тым больш калі яна гучыць з вуснаў маладых блогераў. Падлеткі як губка ўсмоктваюць усё, што бачаць і чуюць. І наша задача — каб добрага, стваральнага побач з імі было як мага больш.

— А ў ідэале хто павінен дзяўчынцы пра ўсё гэта распавядаць?

Вераніка Сярдзюк: У ідэале, канешне, кожная мама павінна жыць у культуры прыняцця сябе, сваіх дзяцей, любові да ўсяго жаночага і атрымліваць ад гэтага задавальненне. І тады дзяўчынка будзе мець перад сабой добры прыклад для пераймання. Ёсць свята Бабін дзень. Здаўна у праваслаўных краінах было прынята віншаваць 8 студзеня сваіх акушэрак. Жанчыны, якія нараджалі, збіраліся ў сваёй акушэркі, дарылі ёй салодкае, мыла, ручнікі. Ладзілі багаты стол, частаваліся, размаўлялі. Дзяўчынка, бачачы гэта, так ці інакш разумее, што ў мацярынстве ёсць штосьці ганаровае, сакральнае. У псіхалогіі лічыцца, што пра некаторыя інтымныя моманты сталення дзяўчынцы павінны расказваць не мама, а іншыя старэйшыя жанчыны з акружэння — цёткі, сёстры, хросная. І тут задача мамы, як раіць псіхолаг Гордан Ньюфелд, стварыць «вёску прывязанасці» — кола жанчын вакол дзяўчынкі, да якіх яна можа звярнуцца з любым пытаннем. І мы, педагогі-валанцёры, часта з’яўляемся гэтым колам. Да нас прыводзяць сваіх дачок сяброўкі, знаёмыя.

Таццяна Станкевіч (у цэнтры) праводзіць заняткі «Еве 13»

Таццяна Станкевіч: Далёка не ўсе бацькі адчуваюць сябе кампетэнтнымі ў тым, каб размаўляць з дзецьмі на такія далікатныя тэмы, многія проста не ведаюць, што і як трэба казаць дочкам. Мне пашанцавала, са мной размаўляла не толькі мама, але і бабуля, яны знаходзілі патрэбныя словы. І сёння, маючы дзвюх уласных дачок, я разумею, што гэта размова павінна пачынацца не ў падлеткавым узросце, а значна раней. Бо па ўзроставай псіхалогіі каштоўнасць сям’і закладваецца задоўга да падлеткавага ўзросту. Нават чытаючы беларускія народныя казкі сваім дзецям, можна ненавязліва і далікатна займацца палавым выхаваннем.

Вераніка Сярдзюк: У нас у «Матулі» перыядычна праходзіць семінар «Дочкі-маці», дзе мы расказваем мамам, як правільна самім размаўляць з дочкамі на важныя і няпростыя тэмы. У цёплай, даверлівай атмасферы абмяркоўваем тонкасці выхавання дзяўчынкі пубертатнага перыяду. Размаўляем пра тое, калі расказваць дачцэ аб зменах у арганізме, якія яе чакаюць. Як адказваць на нязручныя пытанні і падлеткавыя правакацыі. Што нармальна і фізіялагічна ў падлеткавым узросце. Як не сумна гаварыць аб рэжыме і правільным харчаванні. Наколькі глыбока пасвячаць у пытанні цыкла і плоднасці. І вельмі радуемся, калі жанчыны прыходзяць, каб знайсці адказы на падобныя пытанні, бо не хочуць страціць сувязь са сваімі дочкамі.

Пра цыклапацеркі і Дзюймовачку

— Падлеткі — спецыфічная аўдыторыя, каб прыцягнуць іх увагу, зацікавіць, напэўна, трэба прыкласці нямала намаганняў?

Вераніка Сярдзюк: — Менавіта таму мы і выкарыстоўваем шмат інтэрактыўных момантаў. Стараемся, каб дзяўчынкам на нашых занятках было не толькі карысна, але і цікава. У нас няма ніякіх сухіх лекцый, запужванняў. На кожны занятак прыносім з сабой рэчы, якія дзеці могуць памацаць. Напрыклад, цыклапацеркі. Гэта самы старажытны жаночы каляндарык. Нанізваючы шкляныя ці драўляныя шарыкі на нітачку, дзяўчынкі даведваюцца, што кожны дзень у залежнасці ад перыяду цыкла мяняецца іх самаадчуванне і настрой, вучацца назіраць за сабой і кантраляваць эмоцыі. Сёння, вядома, ёсць сучасныя мабільныя дадаткі, і мы пра іх таксама расказваем на занятках. Але мы хочам, каб не дадатак казаў дзяўчынцы, калі ў яе будзе менструацыя, а каб яна сама разумела, бо гэта дапамагае планаваць сваё жыццё больш эфектыўна. Напрыклад, бліжэй да авуляцыі, калі энергія на піку, браць на сябе дадатковыя здзяйсненні, а ў апошні тыдзень перад менструацыяй дазваляць сабе больш прагулак і адпачынку. Гэтыя веды пра сябе дапамогуць у будучыні пазбегнуць лішніх непаразуменняў ды канфліктных сітуацый у сям’і.

Таццяна Станкевіч: Для старшакласнікаў і студэнтаў праводзім гульню «Толькі факты». Кожны выцягвае паперку з фактам па дэмаграфіі Беларусі (напрыклад, гэта можа быць інфармацыя пра сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб ці аб колькасць абортаў і г. д.). Затым па чарзе падлеткі агучваюць тое, што выцягнулі, і выказваюць свае меркаванні: добра гэта ці дрэнна. Калі нашы погляды супадаюць, я як мадэратар кажу: «Цудоўна, што нашы каштоўнасці супадаюць. Я таксама так лічу». Калі ж не супадаюць, то прапаную ім іншы пункт гледжання і кажу: «Падумайце пра гэта ў вольны час».

Вераніка Сярдзюк: Дзецям на прыкладзе макетаў эмбрыёнаў у натуральную велічыню паказваем, як малое развіваецца ўнутры маткі. Падаём гэты орган праз накрыты стол, утульны домік для малога, вяртаемся да старажытнага слова «ўлонне». Акцэнтуем іх увагу: каб той домік быў зручным, каб дзіця было ў ім у бяспецы і атрымлівала ўсё неабходнае, пачынаць клапаціцца пра жаночае здароўе трэба ўжо цяпер. А для гэтага важна з павагай ставіцца да сябе і свайго арганізма, абараняць свае органы ад пераахалоджвання і неабдуманых паводзін. Дзяўчынкі павінны ведаць, што іх рэпрадуктыўная сістэма яшчэ дастаткова кволая, яе фарміраванне завяршаецца да 21 года. Дзіцячыя гінеколагі, з якімі мы часта працуем у тандэме, кажуць: «Мы б гаварылі сваімі медыцынскімі тэрмінамі і дзецям было б сумна, палову б не зразумелі». У нас жа размова пабудавана на простых, зразумелых дзецям асацыяцыях, прыкладах, вобразах. Жаночы цыкл параўноўваецца з чатырма порамі года, яйцаклетка — з Дзюймовачкай, якая сама свядома выбірае сабе жаніха. На сваіх занятках звяртаемся да народных традыцый, фальклору, напрацаванага нашымі мудрымі продкамі. Дзякуючы дапамозе Акадэміі навук Беларусі, куды мы рабілі запыт, у нас цяпер ёсць цэлая калекцыя беларускіх прыказак і прымавак, у якіх заключаны сакрэты сямейнага шчасця. Мы разбіраем іх на ўроку разам з дзецьмі, просім паразважаць над значэннем. Ладзім элементы абрадаў, напрыклад, такіх як «Дзяжа» — аб каштоўнасці чысціні і дзявоцкасці. Таццяна часта праводзіць заняткі ў нацыянальным строі. Любяць дзеці разглядаць традыцыйную беларускую ляльку «дзеўка-баба». З аднаго боку палачкі там дзяўчына, а пераварочваеш — ужо замужняя жанчына, маці. Мы тлумачым, што дзве лялькі знаходзяцца на адной палачцы, бо ад таго, як ты сябе паводзіш у дзявоцтве, залежыць тваё жаночае здароўе і шчасце.

Пра празмерную худзізну і цноту

— Вы цэлы занятак прысвячаеце харчаванню, гігіене і адзенню дзяўчынкі…

Таццяна Станкевіч: Гэта вельмі важная размова, бо рэгулярнасць менструальных цыклаў напрамую залежыць ад таго, якія лад жыцця мы вядзём: што ядзім і п’ём, калі кладземся спаць, колькі рухаемся. Адкрыццём для многіх дзяўчынак і для іх мам з’яўляецца тое, што проста наладжванне рэжыму харчавання прыводзіць да нармалізацыі цыкла. Многія падлеткі засмучаюцца, даведаўшыся, што іх любімыя чыпсы, шакаладныя батончыкі і газіроўка не дадаюць ім здароўя, але задумваюцца. Размаўляем з дзяўчынкамі і пра негатыўны уплыў на здароўе празмернай худзізны. З-за навамодных дыет і імкнення да стэарэатыпнага знешняга выгляду могуць з’явіцца парушэнні цыклаў, бо, каб працавалі экстрагены, неабходны тлушчавыя тканкі. Падлеткавы ўзрост — час, калі актыўна растуць і развіваюцца органы, якія адказваюць за працяг роду. У гэты перыяд вельмі важны добры прыток крыві да даспяваючых органаў і адсутнасць інфекцый, здольных разбурыць настройку ўсіх сістэм. Мы расказваем дзяўчатам пра небяспечнае адзенне — якое парушае кровазварот, спрыяе размнажэнню бактэрый. А таксама пра шкоду штодзённых пракладак ды сродкаў для інтымнай гігіены — апошнія забіваюць не толькі шкодныя, але і карысныя бактэрыі, парушаючы інтымную мікрафлору. Гэтыя сродкі варта мінімізаваць ці выключыць. Для многіх становіцца адкрыццём, што для належнага догляду дастаткова праточнай вады, пры неабходнасці можна выкарыстоўваць адвары рамонку, календулы, натуральнае мыла на аснове раслінных алеяў.

Вераніка Сярдзюк: Са старшакласнікамі і студэнтамі, а таксама іх бацькамі мы размаўляем і пра негатыўны ўплыў на здароўе дзяўчыны і жанчыны гарманальных кантрацэптываў і ў цэлым гармальнальнай тэрапіі. Мы з Таццянай, акрамя ўсяго, выкладаем яшчэ і натуральныя метады, якія дапамагаюць мужу і жонцы адкласці зачацце дзіцяці або, наадварот, вызначыць найлепшы момант для гэтага. Нам хацелася б, каб беларускія гінеколагі навучаліся гэтым метадам і маглі б перадаваць веды сваім пацыенткам.

Таццяна Станкевіч: Адна дзяўчына пасля занятку паднялася і сказала: «Як добра, што з намі пра гэта хтосьці размаўляе!» Другая падышла і папрасіла: «А можна я вас абдыму?». Дзяўчаты-падлеткі адчуваюць шмат таго, што раней не адчувалі. Яны перажываюць, ці нармальныя гэтыя адчуванні. І ім часта няма з кім гэта абмеркаваць. Мама з радасцю супакоіла б, але, магчыма, ведаў не хапае, смеласці. Таму пасля занятку ў іх такое аблягчэнне: «Усё, што я адчуваю, гэта нармальна». Яны пачынаюць разумець, што ўся справа ў фарміраванні гарманальнага фону, і гэта часова.

Вераніка Сярдзюк: Вельмі часта да нас пасля заняткаў падыходзяць падлеткі і кажуць: «Вы першыя дарослыя, якія пагаварылі з намі пра ГЭТА». Мне здаецца, што мы не павінны пакідаць нашых дзяцей у інфармацыйным вакууме наконт цноты. Ёсць даследаванне амерыканскага інстытута сям’і аб уплыве колькасці палавых партнёраў да шлюбу на яго ўстойлівасць. У жанчын, якія захоўваюць цноту да шлюбу, колькасць захаванных сем’яў складае 80%. І з кожным новым палавым партнёрам жанчыны страчваюць гэту здольнасць. Калі гэта быў адзін мужчына і нават будучы муж — гэта ўжо 54%. Трэба казаць нашым дзецям пра «цноту, якая дзявочае шчасце беражэ» як пра здароўезберагальную стратэгію, гарантыю таго, што не будзе непажаданай цяжарнасці, захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам. Наша задача хаця б расказаць, што так можна.

Таццяна Станкевіч: Мы разумеем, што адных нашых заняткаў недастаткова, каб ахапіць усіх школьнікаў. Таму было б цудоўна, калі б настаўнікі рускай і беларускай літаратуры, сусветнай мастацкай культуры, калі праходзяць нейкі мастацкі твор ці разглядаюць карціну ў рамках школьнай праграмы, акцэнтавалі б увагу дзяцей і на чысціні кахання, на мацярынстве. Гэта немагчыма зрабіць прымусова, тут усё залежыць ад настаўніка. Дасведчаны педагог інтуітыўна адчуе і знойдзе, дзе зрабіць невялікі акцэнт, які застанецца ў дзіцячай памяці і стане важным урокам фарміравання сямейных каштоўнасцяў.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Канстанціна ВЕКА і з сямейнага архіва Веранікі СЯРДЗЮК

Загаловак у газеце: Жаночае шчасце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.