Вы тут

Сённяшняя Беларусь і Расія праз погляд Апалінарыя Гараўскага


Нацыянальны мастацкі музей Беларусі апошнім часам радуе гледача найлепшымі ўзорамі акадэмічнага жывапісу са сваіх скарбонак. Напрыклад, да 28 студзеня ў наведвальнікаў ёсць магчымасць пазнаёміцца з выстаўкай «Апалінарый Гараўскі», прысвечанай 190-годдзю знакамітага жывапісца, малявальшчыка і педагога. Куратар часовай экспазіцыі — Юлія Лісай, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва музея. 


Апалінарый Гараўскі «Вечар», 1854 г.

Жыццяпіс Апалінарыя Гараўскага звязаны галоўным чынам з сённяшнімі Беларуссю і Расіяй. Нарадзіўся на Бярэзіншчыне, але кар’еру зрабіў у Санкт-Пецярбургу. Ствараў і тут, і там. Таму сёння дзве краіны маюць права гаварыць пра свайго Апалінарыя Гараўскага, мастака, які выбраў шлях яшчэ ў юнацтве і прытрымліваўся ўласных прынцыпаў да канца жыцця. 

Нарадзіўся Апалінарый Гараўскі ў 1833 годзе ў сям’і збяднелай шляхты. Месцам нараджэння паўсюль значыцца маёнтак Уборкі былога Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер гэта Бярэзінскі раён Мінскай вобласці). Між тым некаторыя даследчыкі згадваюць, што ў метрыцы гаворыцца аб іншым месцы нараджэння — Наборках (недалёка ад Уборкаў). З дакладнай датай нараджэння таксама, здаецца, не вызначыліся. Шмат дзе фігуруе 23 студзеня, аднак метрыка гэтаму супярэчыць. У ёй стаіць дата 18 (30) студзеня.

Вучыўся будучы мастак у Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе. Тады талент хлопчыка заўважыў архітэктар Мікалай Бенуа, які паўплываў на тое, каб Апалінарый Гараўскі трапіў на вучобу ў Санкт-Пецярбург. Там юнак праходзіў падрыхтоўку ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Дарэчы, ужо ў студэнцтве яго заўважылі крытыкі і калекцыянеры. А пейзаж «Балота» (1852) набыў нават імператар Аляксандр II. 

Апалінарый Гараўскі «Каля кузні», 1862 г.

Пасля заканчэння вучобы, згодна з завядзёнкай акадэміі, Апалінарый Гараўскі атрымаў стыпендыю, якая дазваляла ўдасканаліць прафесійнае майстэрства за мяжой. Жэнева, Дзюсельдорф, Рым, Парыж... Аднак мастаку была не даспадобы замежная мастацкая манера. Не адбыўшы ў Еўропе нават тэрміну навучання, ён вярнуўся ў Расійскую Імперыю. Там яму прысвоілі званне акадэміка жывапісу — за заробленае падчас вандроўкі. Амаль два дзесяцігоддзі Апалінарый Гараўскі выкладаў у Пецярбургскай малявальнай школе пры Таварыстве заахвочвання мастацтваў. Паспяваў шмат вандраваць і працаваць над палотнамі падчас і пасля паездак. Так, перыяд творчай актыўнасці прыпаў на сярэдзіну — другую палову XIX стагоддзя. Тады мастацкі працэс віраваў, жывапіс і погляд грамадства на яго змяняліся, аднак на стылістыку работ майстра гэта амаль не паўплывала. Апалінарый Гараўскі быў прыхільнікам акадэмізму. Мастацтвазнаўцы падкрэсліваюць, што пейзажы створаны старанна і добрасумленна па ўсіх правілах акадэмічнай вывучкі, а ілюзорна-рэалістычныя партрэты ўпісваюць яго творчасць у рэчышча акадэмічнага рэалізму сярэдзіны XIX стагоддзя. 

Апошнія гады правёў у маёнтку Кірылавічы (135 кіламетраў ад Санкт-Пецярбурга). З жыцця пайшоў 10 красавіка 1900 года ў сталіцы. Пахаваны на Выбаргскіх могілках. 

Сёння значная колькасць работ аўтара знаходзіцца ў Расіі, напрыклад, у Рускім музеі і Траццякоўцы (дарэчы, мастак сябраваў з Паўлам Траццяковым, уплываў на яго ў пытаннях калекцыяніравання). Большай жа часткай карцін валодае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (каля чатырох дзясяткаў экспанатаў). Яшчэ адно «беларускае» палатно належыць карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. Гэта пейзаж «Замак» (1868), які таксама ўвайшоў у экспазіцыю. 

Апалінарый Гараўскі (?) «Вечар у Мінскай губерні», 1870-я (фрагмент работы).

Аснову выстаўкі склалі творы з калекцыі НММ. Упершыню за апошнія 40 гадоў прадстаўлена адмысловая панарама творчасці Апалінарыя Гараўскага 
ў кантэксце мастацкага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Праект, апроч іншага, прэзентуе новыя атрыбуцыі. Так, нядаўна калекцыя твораў Апалінарыя Гараўскага паменшылася на дзве карціны, што звязана з дэталёвым даследаваннем партрэтаў «Старая, якая моліцца» і «Яўрэй, які моліцца». Цяпер іх аўтарства прыпісваецца невядомаму мастаку. Побач з работамі — падрабязнае тлумачэнне сітуацыі. Вядома, што работу «Старая, якая моліцца» (1857) Апалінарый Гараўскі лічыў найлепшым партрэтам у сваёй творчасці. Згаджаліся з ім і крытыкі, калегі. Месцазнаходжанне арыгінальнай карціны і аўтарскай копіі 1873 года невядома... 

P. S. Згодна з канцэпцый праекта, прысвечанага творчасці знакамітага жывапісца, у экспазіцыю ўключылі работы яго настаўнікаў па Акадэміі мастацтваў — творы Фёдара Бруні і Максіма Вараб’ёва, а таксама творы брата мастака — пейзажыста Іпаліта Гараўскага. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.