Вы тут

Праз прызму эстэтыкі класічнага слова


Асоба Максіма Багдановіча, яго творчасць на працягу многіх дзесяцігоддзяў знаходзіцца ў цэнтры пільнай увагі даследчыкаў, бібліёграфаў, гісторыкаў і тэарэтыкаў літаратуры. А гэта сведчыць, што спадчына слыннага паэта настолькі зместава багатая, шматмерная, сімвалічная, што не можа ўкласціся ў пэўныя інтэрпрэтацыйныя мярэжы, быць расчытанай і зразумелай даастатку, канчаткова. «Загадка Багдановіча» яшчэ доўга будзе непакоіць і даследчыкаў-багдановічазнаўцаў, і прыхільнікаў творчасці паэта. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла чарговая манаграфія Валерыя Максімовіча «Эстэтыка творчасці Максіма Багдановіча» — плён шматгадовай працы вядомага даследчыка літаратуры, крытыка, культуролага, загадчыка аддзела філасофіі літаратуры і эстэтыкі Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Фота: pixabay.com

Як сведчыць анатацыя да кнігі, у ёй разгледжаны тэарэтыка-метадалагічныя, філасофска-эстэтычныя праблемы ў кантэксце творчасці Максіма Багдановіча. Аўтар слушна даводзіць, што культуратворчая дзейнасць Багдановіча выступае істотным складнікам развіцця нацыянальнай культуры.

Манаграфія складаецца з трох раздзелаў, кожны з якіх прысвечаны разгляду пэўнага праблемнага кола пытанняў. У першым раздзеле «Па шляху цывілізацыйнага дыялогу: феномен творчасці ў кантэксце станаўлення інтэлектуальнай культуры» закранаюцца пытанні некаторых асаблівасцяў механізму культурастваральных працэсаў у культурным ландшафце Беларусі пачатку ХХ ст., раскрываецца спецыфіка рэалізацыі інтэлектуальнага і духоўна-творчага патэнцыялу літаратуры, робіцца спроба знаходжання агульных пунктаў судакранання творчасці беларускага паэта і рускага рэлігійнага філосафа Паўла Фларэнскага.

У другім раздзеле «Універсалізм творчасці Максіма Багдановіча» слушна сцвярджаецца, што эстэтычныя пошукі Багдановіча былі наўздзіў разнастайнымі, полікультурнымі, шматмернымі. Яны вылучаюцца дыялагічнасцю, цэласнасцю, сістэмнасцю, праграмнасцю ўспрымання розных мастацкіх сістэм і практык. Не пазбаўленым падстаў выглядае і меркаванне даследчыка, што на прыкладзе творчасці Багдановіча можна рэканструяваць своеасаблівую мадэль станаўлення нацыянальнай культуры, прасачыць алгарытм змяненняў у сацыякультурнай сістэме каштоўнасцяў у працэсе культуратворчасці.

Паводле пераканання даследчыка, Максімам Багдановічам ставілася задача стварэння літаратурнага канона як першаабраза, эталона нацыянальнага стылю, у якім будуць замацаваны пэўныя духоўныя канстанты нацыянальнага жыцця, мастацкія ўзоры, закліканыя выяўляць глыбінныя асновы нацыянальнага светапогляду і светапасціжэння.

У трэцім раздзеле «Тэарэтыка-метадалагічныя і эстэтычныя аспекты творчасці Максіма Багдановіча» размова ідзе пра адметнасць Багдановіча як крытыка і даследчыка літаратуры, эвалюцыя якога адбывалася ў кірунку пераадолення пастулатаў культурна-гістарычнай школы і вяла да засваення метадалогіі эстэтычнага літаратуразнаўства. Даволі слушнымі і ў нечым інтрыгоўнымі падаюцца разважанні даследчыка наконт крытычнай прозы Багдановіча як спецыфічнай мадэлі мастацкага і псіхалагічнага аўтапартрэта.

Мастацкая спадчына Максіма Багдановіча адкрывае новыя перспектывы для больш шырокага задзейнічання яе вялізнага мастацка-эстэтычнага патэнцыялу ў развіцці інтэркультурных сувязяў, камунікацый, абменаў, якія забяспечваюць і падтрымліваюць шматмерную сэнсавую культурную прастору. Безумоўна, кніга выкліча вялікую цікавасць у спецыялістаў-багдановічазнаўцаў, а таксама нашмат узбагаціць веды школьнікаў і студэнтаў пра класіка беларускай літаратуры, паспрыяе новаму прачытанню яго мастацкай і літаратурна-крытычнай спадчыны.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.