Вы тут

Урач-траўматолаг: Бацькі потым ірвуць на сабе валасы і кусаюць локці...


Сёлетняя зіма выдалася снежнай, і для дзяцей гэта магчымасці для выключна зімовых забаў. Катанне з горак на санках, лядзянках, цюбінгах прыносіць ні з чым не параўнальнае задавальненне, але часам, на жаль, здараюцца і трагедыі. Цягам шэрагу апошніх гадоў у лідарах па траўміраванні знаходзяцца цюбінгі. Медыкі не стамляюцца папярэджваць аб небяспеках, аднак пазбегнуць нешчаслівых выпадкаў не ўдаецца.


Як адзначае начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Вікторыя Фіневіч, з выпадзеннем снегу і ўстанаўленнем мінусавых тэмператур пагаршаецца сітуацыя з траўміраваннем дзяцей. З пачатку сезона больш за 200 непаўналетніх атрымалі траўмы пры катанні на цюбінгах, санках і лядзянках. Пры гэтым 65 дзяцей атрымалі цяжкія траўмы, звыш 2 тысяч дзяцей атрымалі галалёдныя траўмы.

Часам зімовыя забавы прыводзяць да цяжкіх наступстваў. Сёлета 7 студзеня пасля катання з горкі на цюбінгу ў гродзенскую бальніцу з чэрапна-мазгавой траўмай і лінейным пераломам касцей зводу чэрапа шпіталізавана шасцігадовая дзяўчынка. 14 студзеня гэтага года пасля катання на цюбінгу ў Лагойску васьмігадовы хлопчык з надзвычай цяжкімі траўмамі таксама быў шпіталізаваны.

— Калі пэўная бестурботнасць дзяцей нам зразумелая, то грэбаванне бацькамі элементарнымі правіламі бяспекі і часам поўная бескантрольнасць за паводзінамі дзяцей выклікаюць занепакоенасць. Прыклады таму: ролікі з сеткі інтэрнэт з прывязваннем цюбінга да машыны, катанне на схілах каля аўтамабільнай дарогі, — кажа Вікторыя Фіневіч.

Пры гэтым і ў сталіцы, і ў іншых рэгіёнах мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы арганізуюць месцы для катання на цюбінгах, на санках, на лядзянках удалечыні ад аўтамабільных дарог. Іх лакацыі можна паглядзець у інтэрнэце.

Прычынай надзвычайных сітуацый з дзецьмі штогод становіцца тонкі лёд. У Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці 3 студзеня дзве школьніцы спрабавалі падняць мабільны тэлефон, які зваліўся на пакрытую лёдам раку, і праваліся пад лёд. Трагедыі цудам удалося пазбегнуць. Дзяўчынкі з дапамогай дарослых змаглі выбрацца і былі шпіталізаваны з агульным пераахаладжэннем.

— Хочацца парэкамендаваць бацькам: у цяперашні час ва ўсіх ёсць гаджэты, дзе можна ўстанавіць дадаткі з бяспечнымі і небяспечнымі зонамі. Гэта дапаможа своечасова прадухіліць трагедыю або прыняць неабходныя меры. Акрамя гэтага, хочацца звярнуцца да грамадзян, якія могуць быць выпадковымі сведкамі знаходжання дзяцей у небяспечных месцах на лёдзе. Не будзьце абыякавымі: праганіце дзяцей, адвядзіце бяду. Не трэба здымаць на тэлефон і выкладваць у інтэрнэт, трэба прадухіліць сітуацыю, прыняць меры для таго, каб не дапусціць трагедыі, — дадаў намеснік старшыні Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах» (АСВОД), начальнік аддзела рэспубліканскай вадалазна-выратавальнай службы АСВОД Дзмітрый Бараноўскі.

На шчасце, за апошнія тры гады колькасць дзяцей, якія загінулі, памяншаецца.

— У 2023 годзе колькасць дзяцей, загінуўшых ад знешніх прычын, знізілася на 16%. Асноўнымі прычынамі смерці сталі ўтапленне, дарожна-транспартныя здарэнні, пажары, падзенне з вышыні, суіцыды і злачынныя дзеянні, — прывяла статыстыку Вікторыя Фіневіч.

Значная колькасць дзяцей траўміруецца і з прычыны дарожна-транспартных здарэнняў — як у якасці пасажыраў транспартных сродкаў, так і ў якасці пешаходаў і веласіпедыстаў. У некаторых выпадках непаўналетнія пешаходы становяцца ахвярамі нецвярозых дарослых. Сумны выпадак адбыўся напярэдадні Новага года ў Гомелі. Нецвярозы вадзіцель на пешаходным пераходзе збіў пятнаццацігадовага падлетка. Пры гэтым кіроўца не толькі не спрабаваў аказаць дапамогу пацярпеламу, але і ўцёк з месца ДТЗ. Было ўстаноўлена, што ў аўтамабілі знаходзіліся яго жонка ў стане алкагольнага ап’янення і непаўналетняя дачка, чые жыцці таксама былі пастаўлены пад пагрозу нецвярозым кіроўцам.

Асобная сітуацыя з цюбінгамі, якія кіроўцы прывязваюць да аўтамабіля, каб пакатаць дзіця. Нядаўна зафіксаваны выпадак, калі бацька сямейства катаў гэткім чынам сваё трохгадовае дзіця і жонку.

— Па-першае, катэгарычна забаронена правіламі перавозкі пасажыраў прывязваць цюбінг да аўтамабіля. Па-другое, гэта не забава, калі вы змяшчаеце дзіця ў цюбінг, які прывязаны да транспартнага сродку. Вы павінны ўсведамляць, што не зможаце яго спыніць і ў выпадку нейкага небяспечнага заносу ці павароту наступствы могуць быць проста трагічнымі, аж да смерці дзіцяці, — папярэдзіла начальнік аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Вераніка Раманькова.

У чым спецыфіка і асаблівасць траўм, якія атрымліваюць дзеці пры катанні на цюбінгах, расказаў галоўны пазаштатны дзіцячы траўматолаг-артапед Міністэрства аховы здароўя, вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Дзмітрый Цесакоў.

— Пры катанні на санках, на лыжах, на снаўбордах патрабуецца пэўны тэхнічны навык, і той, хто катаецца, можа прадпрымаць нейкія дзеянні, калі раптам штосьці пайшло не так. На цюбінгу дзіця не ў стане кіраваць гэтым сродкам. Атрымліваецца так, што малое адчувае адрэналінавы стрэс ад гэтага некантраляванага стану і пачуцця хуткасці. Добра, калі ўсё добра, але, калі раптам нешта адбываецца не так — страсянула, стукнула, перавярнуўся цюбінг, выкінула дзіця — гэты адрэналінавы стрэс выклікае найцяжэйшы псіхалагічны шокавы кампанент, не кажучы аб тым, што сам чалавек, які траўміруецца, не ў стане сябе неяк абараняць і групавацца.

Урач адзначыў, што ў арганізаваных месцах — спецыялізаваных цэнтрах, дзе кантралюецца траса і адсочваецца яе стан, — практычна няма надзвычайных здарэнняў, толькі адзінкавыя сітуацыі.

Ён дадаў, што з пачатку зімовага сезона з чэрапна-мазгавой траўмай у выніку катання на цюбінгах у дзіцячае нейрахірургічнае аддзяленне РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі на стацыянарнае лячэнне паступілі 42 чалавекі. Там патрабавалася і хірургічная дапамога. У РНПЦ траўматалогіі і артапедыі за гэты перыяд паступілі 17 чалавек, з іх пяць — з цяжкімі пашкоджаннямі. У чатырох — пашкоджанні пазваночніка, адзін пералом ключыцы і пералом рукі, што таксама патрабавала хірургічнага ўмяшання.

— Мы часта назіраем, што бацькі, якія не кантралявалі дзяцей, дапусцілі траўміраванне, потым ірвуць на сабе валасы і кусаюць локці, бачачы, якія наступствы, якая траўма, якія далейшыя праблемы для здароўя іх дзяцей. Таму хочацца, каб перш за ўсё дарослыя ўсведамлялі, што яны адказваюць за дзяцей. Ад свайго імя, ад імя сваіх калег траўматолагаў, нейрахірургаў, хірургаў, якія аказваюць спецыялізаваную дапамогу, звяртаюся да бацькоў: кантралюйце паводзіны дзяцей, прычым не толькі сваіх, але ўсіх, хто побач з вамі. Не ідзіце на павадку дзіцячага капрызу, а калі ўжо прымаецца рашэнне пакатацца на цюбінгу, то катанне павінна ажыццяўляцца выключна ў падрыхтаваных, спецыяльна адведзеных, кантраляваных пляцоўках, — рэзюмаваў Дзмітрый Цесакоў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.