Вы тут

Чым захапляецца пераможца конкурсу «Маладзёжны ПРАрыў Міншчыны 20/24»


Сёлета ў Беларусі ўпершыню прайшоў конкурс «Маладзёжны ПРАрыў Міншчыны» сярод найлепшых навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці. Першае месца па выніках усіх іспытаў заняла Анастасія Краўцова, навучэнка другога курса Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа па спецыяльнасці «Ветэрынарная медыцына». Таксама яна стала пераможцай у дадатковай намінацыі «Маладзёжны ПРАрыў Міншчыны ONLІNE». Мы пагутарылі з дзяўчынай і даведаліся шмат цікавага пра яе жыццё, вучобу, творчасць і, вядома, пра ўдзел у конкурсе.


Жаданне стаць ветэрынарам у нашай гераіні з’явілася яшчэ ў раннім дзяцінстве. На дачы ў бацькоў заўсёды былі трусы, сабакі... Дзяўчына з радасцю дапамагала тату даглядаць іх. Сур’ёзна зацікавілася заалогіяй і вырашыла паступаць у Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж на спецыяльнасць «Ветэрынарная медыцына». Бацькі выбар ухвалілі.

— Мая мама ў дзяцінстве марыла стаць ветэрынарам. У яе не атрымалася, і вось я ўвасабляю маю і яе мару, — дзеліцца Анастасія. — У маёй сям’і я першая, хто асвойвае такую спецыяльнасць. Па лініі мамы аж да прабабулі ў нас усе педагогі.

— Першыя ўражанні аб каледжы максімальна прыемныя, — працягвае Анастасія. — Калі мы прыехалі падаваць дакументы, нас сустрэла дырэктар каледжа Галіна Пятроўна Вашынка. Мы задалі ёй усе пытанні пра вучобу і працу, якія нас тады цікавілі. Яна адказала і супакоіла нас, усхваляваных абітурыентаў.

Чакаць вынікаў было нялёгка, аднак, калі стала вядома, што стала студэнткай — радасці не было мяжы! Хоць у глыбіні душы яна і не сумнявалася, што можа быць па-іншаму (нават халат загадзя купіла).

Вядома, першы час было няпроста. Пераезд з роднага Мінска ў аграгарадок Ілья, жыццё ў інтэрнаце, абсалютна новае асяроддзе…

— Зрабіць гэты пераход у дарослае жыццё больш камфортным дапамаглі выкладчыкі, і ўсё ў выніку аказалася не так ужо і складана, — дзеліцца дзяўчына.

А далей — з галавой у вучобу. Нашай гераіні больш за ўсё даспадобы прыйшліся анатомія, унутраныя незаразныя хваробы і кармленне, а таксама фармакалогія.

— Усе прадметы ў каледжы асаблівыя, і кожны з іх важны для таго, каб стаць добрым ветэрынарам, — распавядае Анастасія. — Ты павінен ведаць усё, таму што жывёла не раскажа пра хваробу.

Студэнцтва не абмяжоўваецца вучобай. Сярод усіх актыўнасцяў наша гераіня выбрала мастацтва. А менавіта — маладзёжны тэатр «Жывое слова», у якім Анастасія Краўцова з’яўляецца кіраўніком.

— Мы са студэнтамі стварылі яго ў 2023 годзе па сваёй ініцыятыве, заручыўшыся падтрымкай выкладчыкаў, — успамінае дзяўчына.

Дарэчы, менавіта гэты тэатр Анастасія прэзентавала на конкурсе «Маладзёжны ПРАрыў Міншчыны 20/24». Студэнты паказалі кранальную сцэнку на ваенную тэматыку. Галоўная гераіня — маленькая дзяўчынка, якая на свае вочы бачыла ўсе жахі вайны, але перажыць яе, на жаль, не змагла. Яна просіць з таго свету Багародзіцу, каб тая дапамагла бацьку і братам вярнуцца дадому жывымі. Ролю гэтай дзяўчынкі таленавіта выканала сама Анастасія. Пасля прагляду на вачах членаў журы былі слёзы.

Па словах дзяўчыны, сумяшчаць вучобу і тэатр зусім нескладана.

— Я займаюся тым, што мне падабаецца, і, можна сказаць, адпачываю такім чынам. Да таго ж гэтая актыўнасць развівае розныя навыкі: акцёрскае майстэрства, лідарскія якасці, уменне працаваць на сцэне так, каб гледачы цябе слухалі, — дзеліцца Анастасія. — Вельмі радуе, што можна адначасова і адукацыю ветэрынара атрымліваць, і займацца тэатральным майстэрствам.

А што наконт «Маладзёжнага ПРАрыву Міншчыны 20/24»? Як праходзіў адбор на ўзроўні каледжа і якім крытэрыям трэба было адпавядаць?

— Паўдзельнічаць у конкурсе мне прапанавалі выкладчыкі, — расказвае пераможца. — Вядома, былі і іншыя кандыдатуры, але я падыходзіла па многіх аспектах, такіх як высокая паспяховасць, актыўны ўдзел у жыцці каледжа і мерапрыемствах ад БРСМ.

Цяпер, калі спаборніцтва засталося ў мінулым, яно здаецца падобным на прыемны сон. Насамрэч за кожным выхадам на сцэну хавалася карпатлівая камандная праца. На ўсіх этапах Анастасіі дапамагалі як студэнты, так і выкладчыкі. Усяго ў дзяўчыны было 8 сапернікаў у барацьбе за першае месца. 

І вось, па выніках усіх выпрабаванняў, яе назвалі найлепшай. Ці разлічвала Анастасія і яе каманда на такі высокі вынік?

— Першым чынам мы імкнуліся выступіць годна, — дзеліцца дзяўчына. — Але, вядома, пасля бяссонных начэй і ўпартай падрыхтоўкі да конкурсу хочацца атрымаць максімальны вынік.

У нашай гераіні была магутная група падтрымкі, не дарма яна стала пераможцай і ў дадатковай намінацыі «Маладзёжны ПРАрыў Міншчыны ONLІNE». Гэта свайго роду прыз сімпатый гледачоў. За яе хварэў не толькі каледж, але і ўвесь аграгарадок Ілья.

Адным з конкурсных іспытаў было дэфіле ў прафесійным вобразе. Як жа гарманічна наша гераіня выглядала ў медыцынскім халаце ветэрынара! Адразу было відаць, што гэта не гульня, а сур’ёзнае імкненне звязаць сваё жыццё з гэтай справай.

— Цудоўна, калі твае веды і навыкі дазваляюць дапамагчы жывёлам. Калі бачыш вынік сваёй працы, перажываеш сапраўднае шчасце, — разважае гераіня.

З канкрэтным напрамкам будучай работы яна пакуль не вызначылася.

— Люблю маленькіх жывёл, але і з буйной рагатай жывёлай мне таксама было б вельмі цікава працаваць. Вось пакуль яшчэ не вырашыла, што бліжэй, ды і час ёсць: да размеркавання яшчэ два гады, — кажа яна.

У будучыню суразмоўца глядзіць упэўнена і аптымістычна. Яна пераканана, што ветэрынарыя — шырокая спецыяльнасць і падабраць кірунак па душы будзе нескладана. А пакуль планы такія: развівацца ўсё жыццё.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.