Вы тут

Усё пачалося з мары. І кнігі…


Гонар быў па заслугах

Сёлета, 31 студзеня, спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза палкоўніка ў адстаўцы І. І. Кустава.

Родам Іван Ільіч са шматдзетнай сялянскай сям’і, са Свярдлоўшчыны. Пасля сямігодкі працаваў прычэпшчыкам і запраўшчыкам у калгасе. З пачаткам вайны яго бацька і старэйшы брат пайшлі ваяваць. Івана дабравольцам не ўзялі…

Прызвалі хлопца толькі праз год — накіравалі ў Свярдлоўскае пяхотнае вучылішча.

Пасля вучобы (па паскоранай праграме) малады афіцэр стаў камандаваць узводам з двух дзясяткаў бывалых і куды старэйшых салдат, якія, на шчасце, з разуменнем прынялі новага камандзіра і вельмі шмат чаму навучылі…

У пачатку 1945-га капітан Кустаў ужо камандаваў ротай 1052-га стралковага палка 301-й стралковай дывізіі. Разам з аднапалчанамі прымаў удзел у вызваленні ад фашысцкай нечысці Украіны, Малдавіі, Румыніі, Польшчы, на заключным этапе вайны — у Вісла-Одэрскай наступальнай аперацыі. Член Ваеннага савета 5-й Ударнай арміі генерал-лейтэнант Ф. Е. Бокаў у мемуарах «Вясна Перамогі» пісаў: «301-я дывізія вытрымала магутны ўдар гітлераўскай пяхоты і танкаў... Увесь дзень ішоў агнявы і рукапашны бой на рубяжы ад заходняга берага ракі Паліца, чатырнаццаць разоў хваля за хваляй вораг падымаўся ў контратакі... 14 студзеня рота Кустава на чале з камандзірам кідком уварвалася ў траншэі праціўніка, дзе завязаўся рукапашны бой. На наступную раніцу падраздзяленне фарсіравала раку Паліца, выбіла немцаў і заняло кругавую абарону на супрацьлеглым беразе, захапіла і ўтрымлівала плацдарм да падыходу асноўных сіл...». Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за праяўленыя мужнасць і гераізм капітан Кустаў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Герою быў 21 год.

Вестку пра Перамогу ён сустрэў у шпіталі, пасля якога, нягледзячы на заключэнне медкамісіі, вярнуўся ў рады Узброеных сіл: праходзіў службу ў Беларускай ваеннай акрузе, займаў адказную пасаду ў Мінскім абласным ваенкамаце, правёў безліч сустрэч з моладдзю і ў працоўных калектывах.

...Палкоўнік Кустаў узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі. Яму было чым ганарыцца, але найбольш, напэўна, тым, што выпаў гонар 20 красавіка 2010 года разам з Прэзідэнтам краіны закласці капсулу з сімвалічным пасланнем нашчадкам у падмурак новага будынка музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

г. Мінск


Асобы сышлі... Засталася памяць

Здымкі, біяграфіі, уклад у гісторыю і развіццё горада 240 асоб, памяць якіх увекавечана ў назвах гродзенскіх вуліц, пад вокладку аднаго біябібліяграфічнага даведніка сабралі супрацоўнікі цэнтральнай гарадской бібліятэкі. Для пошуку патрэбных звестак выкарыстоўваліся не толькі друкаваныя крыніцы і матэрыялы інтэрнэт-рэсурсаў, але і дакументы, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці, у гісторыка-археалагічным музеі.

Усяго ў горадзе налічваецца больш чым восемсот вуліц, завулкаў, праспектаў, плошчаў... Каля траціны іх носяць імёны выдатных людзей як мінуўшчыны, так і сучаснасці: сярод жанчын — Элізы Ажэшкі, Цёткі, Веры Харужай, Валянціны Церашковай... Сярод дзеячаў рэвалюцыйнага руху — Хаіма Александровіча, Арцёма, Юльяна Бакштанскага, Антона Баранцэвіча... Сярод герояў Вялікай Айчыннай — Льва Даватара, Дзмітрыя Карбышава, Агадыла Сухамбаева... Сярод дзеячаў мастацтва — Льва Бакста, Войцэха Багуслаўскага, Валенція Ваньковіча, Міхаіла Глінкі... Максіма Багдановіча, Якуба Коласа і Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Уладзіміра Караткевіча, Аркадзя Куляшова, Янкі Маўра, Адама Міцкевіча, Міхася Васілька, Аляксея Карпюка і інш.

Даведнік будзе цікавы гісторыкам, краязнаўцам, супрацоўнікам музеяў і архіваў, сродкаў масавай інфармацыі, ідэалагічным работнікам, педагогам, усім, хто цікавіцца гісторыяй і сучасным жыццём горада.

Інеса ІЛЮШЫНА

г. Гродна


Усё пачалося з мары. І кнігі…

У Год якасці і 100-гадовага юбілею Бярэзінскага раёна наша бібліятэка распачала новы творчы праект — «Землякі са знакам якасці». У планах — расказаць пра многіх, кім ганарыцца наша зямля, аднак першай была вечарына-прысвячэнне знакамітым жанчынам: з 12 яркіх ураджэнак Бярэзіншчыны гераінямі абралі дзвюх.

Роза Адамаўна Сярмяжка-Зінава — дзяўчынка з простай сялянскай сям’і, з вёсачкі Старая Князеўка — яшчэ са школы марыла стаць геолагам. У 1953 годзе паехала паступаць у Ленінградскі ўніверсітэт. Медалісты ў той час і там экзамены не здавалі, з імі праводзілі гутарку. Пры адказах на пытанні выпускніца беларускамоўнай школы не-не ды ўжывала тэрміны, словы з роднай мовы, тут жа, сама перакладала іх на рускую і трымалася вельмі ўпэўнена, бо адчувала, што веды, атрыманыя школе, ніколькі не горшыя, чым у іншых…

Пасля атрымання дыплома (прычым з адзнакай!) маладога спецыяліста запрашалі на работу ў Ленінградскі інстытут геабатанікі, аднак дзяўчына сама выбрала адзін з самых далёкіх пунктаў Савецкага Саюза — Караганду. І потым, калі можна так казаць, паставіла асабісты рэкорд: прайшла ў экспедыцыях ад Ціхага акіяна да Балтыйскага мора.

Дваццаць доўгіх гадоў геолаг Роза Сярмяжка-Зінава была далёка ад Беларусі, не чула роднага слова. Каб не забыцца яго, выпісвала часопіс «Беларусь», чытала, часта ўслых, для свайго мужа — рускага па нацыянальнасці, а неяк…

Лёсавызначальным стаў для жанчыны Міжнародны сімпозіум па геалогіі і фаўне Еўропы, дзе пашчасціла пазнаёміцца з беларускім акадэмікам і вялікім патрыётам Гаўрылам Іванавічам Гарэцкім. Менавіта ад яго Роза Адамаўна пачула мудрае: «Беларус павінен працаваць у Беларусі».

Час і сапраўды расставіў акцэнты: абараніўшы дысертацыю, і «зматаўшы ў клубок дарогі», яна прыйшла працаваць у Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР, выкладаць — па-беларуску — геаграфію ў сталічных школах. Нямала паездзіўшы па свеце, Роза Адамаўна пераканалася: найлепшае месца на зямлі тое, дзе ты нарадзіўся, найлепшыя пахі — лесу і сушаных грыбоў. 

15 лютага нашай шаноўнай зямлячцы спаўняецца 89 гадоў.

...Шлях ад участковага педыятра да кіраўніка Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра прайшла ўраджэнка Беразіно доктар медыцынскіх навук, дацэнт Элеанора Кузьмінічна Капітонова. Стажыравалася ў найлепшых клініках Савецкага Саюза і за мяжой. Дасканалае валоданне англійскай мовай дазваляла ёй лёгка кантактаваць з калегамі на прэстыжных сімпозіумах, выступаць з лекцыямі на міжнародных сесіях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Пра яе зняты дакументальны фільм, біяграфія прадстаўлена ў энцыклапедыі «Хто ёсць хто ў Беларусі»…

А пачалося ўсё з... кнігі. У восьмым класе ў рукі дзяўчынцы трапіў раман Юрыя Германа «Справа, якой ты служыш» і…

Выбар быў зроблены: толькі медыцына.

Першая прыступка да прафесіі — Гродзенскі медінстытут, дзе яна паспявала і выдатна вучыцца, і ўзначальваць камсамольскую арганізацыю, другая — кандыдацкая дысертацыя, прадстаўленая на Усесаюзны конкурс навукова-даследчых работ маладых вучоных і адзначаная прэміяй АН СССР. Далей — пасады першага прарэктара Гомельскага медінстытута, першага дырэктара РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека…

Ужо на заслужаным адпачынку Элеанора Кузьмінічна ўзначаліла першы і адзіны ў Беларусі інфармацыйна-асветніцкі цэнтр аздараўленчага харчавання і садзейнічання здароўю.

...Інтэлігентная сталічная дама і сёння радуецца кожнаму пражытаму дню: пад гітару спявае рамансы (музыка — добры лекар), піша вершы (гімнастыка для душы), штодзённа ў любое надвор’е праходзіць 6–10 кіламетраў.

...Відавочна: бярэзінскай моладзі ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад. Мы, супрацоўнікі бібліятэкі, стараемся дапамагчы ім выбраць годныя арыенціры.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ

г. Беразіно


З каханымі не расставайцеся, альбо у дарослых, як у дзяцей

У маладосці мой муж часта ездзіў у камандзіроўкі: калі на тыдзень, калі на два. Вяртаўся кожны раз з падарункамі, якія купляў на сэканомленыя грошы. Але ж дарагімі для мяне былі зусім не яны, а клопат каханага чалавека, часовыя разлукі з якім толькі ўмацоўвалі нашы пачуцці.

Цяпер — і, здаецца, усё часцей — сутыкаешся з тым, што яны... знікаюць.

...Чарга ў касу была досыць доўгай. Ззаду ў мяне стаялі двое маладых мужчын гадоў, можа, трыццаці.

— Чатыры месяцы ў Расіі на заробках быў, — расказваў адзін другому. — Дома — усяго толькі тыдзень. І — не паверыш — жонка ведае, што ў мяне калена баліць, бачыць, што кульгаю. А ні разу не сказала, што трэба схадзіць да доктара, палячыцца... Затое сёння за раніцу тры разы папыталася, калі ўжо паеду назад? Ёй ад мяне толькі грошы патрэбны, каб новых шмотак сабе купіць ды золата начапляць…

— А я ж папярэджваў, што разлука да дабра не давядзе, — азваўся суразмоўца. — Жонка, пэўна, адвыкла пра некага клапаціцца, шкадаваць... Ты, як выглядае, цяпер не столькі муж для яе, колькі банкамат. Так што кідай свае раз’езды, вяртайся на завод. Глядзіш, і дома ўсё наладзіцца, сям’ю ўратуеш…

Да чаго гэтыя маладыя людзі дамовіліся, я, на жаль, не пачула: падышла мая чарга ў касу, трэба было разлічвацца за прадукты.

Потым, па дарозе дамоў, я думала пра пачутае і міжволі ўспамінала свайго... унука. У першым класе ён, як расказваў, моцна закахаўся ў Дашу з прадоўжанкі. Але ў наступнай чвэрці ў тую прадоўжанку больш не пайшоў, і яны з Дашай рассталіся... Другой сімпатыяй стала аднакласніца Аліна. І зноў наступілі канікулы, яны доўга не бачыліся, і каханне прайшло…

У дарослых, выходзіць, як у дзяцей, ці што?

...З гэтымі думкамі зайшла ў кватэру. З залы, дзе стаіць тэлевізар, насустрач мне данеслася прыгожае: «С любимыми не расставайтесь, с любимыми не расставайтесь...»

Гэта муж — і каторы ж раз?! — глядзеў па тэлевізары «Іронію лёсу, ці З лёгкай парай!»

Н. СЯМЁНАВА

г. Гомель


Як гукнеш, так і адгукнецца…

Шмат розных бываліц пра паляўнічых ды рыбаловаў — не меней, мусіць, пра дачнікаў. У нас вось лецішчы Ганны і Андрэя (назавём іх так) знаходзяцца побач. Здавалася б, суседзі — павінны сябраваць. 

Аж не: няма ў іх блізкіх адносін. 

Што ёсць? Не ведаю, як і назваць.

...Ганна ўвосень капала бульбу. Усім хвалілася, што ў яе новы сорт, што вельмі ж удалы! Бульбачка, маўляў, і смачная, і разварыстая, і ўрадзіла так, што не абабрацца!

— Дык, можа, прадасі вядзерца? — спытаў Андрэй. — Я таксама пасадзіў бы.

— Не, нават не прасі, — з форсам адмовіла суседка. — Мая бульбачка догляд любіць, а ты, нябось, і не праполеш як след, і не пальеш, і жукоў не збярэш, а потым папракаць мяне будзеш, што не вырасла, што ўраджаю няма... Так што выбачай.

Прайшоў нейкі час, і ўжо Ганна падышла да Андрэя. Кажа:

— Надта ж добрыя ў цябе клубніцы былі. Новы сорт... Дык, можа, трохі вусоў дасі, — я таксама пасадзіла б.

— Не... І не прасі, — рашуча адказаў сусед, успомніўшы размову пра бульбу. — Мае клубніцы і без клопату файна растуць. А ты — я ж ведаю — даглядаць іх кінешся: палоць, падліваць угнаеннямі. Калі так, яны па добрым яблыку будуць — цэлымі ў рот не пакладзеш! А пачнеш адкусваць, — апошнія зубы зломіш. Скажаш, што я вінаваты. Так што выбачай!

...Няма, карацей, сяброўства. І варажнечы няма: культурныя людзі.

Васіль КАБАЧЭЎСКІ

г. Орша

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.