Вы тут

Жыць сумленна і памятаць...


Жыць сумленна і памятаць…

Такім быў наказ ветэрана

Імя лётчыка-штурмавіка П. С. Старавойтава раней было мала вядомым, нават у адмысловай кнізе «Памяць. Гродна» пра героя — хіба ўпамінанне...

Супрацоўнікам нашай цэнтральнай гарадской бібліятэкі шмат што ўдалося вярнуць з забыцця.

Нарадзіўся Піліп Сцяпанавіч ў 1905 годзе ў вёсцы Блізняцы (сёння гэта Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці), скончыў сем класаў і прафесійную школу, удзельнічаў у трох войнах: Грамадзянскай у Іспаніі, Савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай... У 1933 годзе скончыў Адэскую школу пілотаў і пасля гэтага ўжо сам быў прызначаны камандзірам лётнай вучэльні ў горадзе Карасцень, якую ў першыя ж дні вайны эвакуіраваў у Свярдлоўск...

Адтуль — з просьбай адправіць на фронт — Піліп Сцяпанавіч звяртаўся асабіста да Сталіна: пісаў, што кадравы афіцэр, што мае вялікі вопыт, што не можа змірыцца з тым, што гінуць маладыя, неспрактыкаваныя хлопцы.

З ліпеня 1943-га маёр Старавойтаў — на франтах Вялікай Айчыннай, пасля стажыроўкі з лістапада гэтага ж года — камандзір 62-го штурмавога авіяцыйнага палка, які да лютага 1944-га здзейсніў 714 паспяховых вылетаў, у выніку чаго было знішчана і выведзена са строю 30 танкаў, 444 аўтамашыны, 128 гармат супрацьпаветранай абароны, 150 гармат зенітнай артылерыі і зенітных гармат, 65 мінамётаў, 80 чыгуначных вагонаў, каля 800 салдат і афіцэраў праціўніка, разбурана 20 бліндажоў, восем перапраў, запалена і падарвана чатыры склады з гаручым і боепрыпасамі.

У адным з баёў самалёт Старавойтава быў падбіты, ахоплены полымем, аднак Піліпу Сцяпанавічу ўдалося прызямліцца — спланіраваць на сваю тэрыторыю, сесці бліз станцыі Лёзна. З кабіны яго, непрытомнага камандзіра, стралок-радыст.

На іх шчасце, непадалёк быў медсанбат...

Пасля аказання дапамогі Старавойтаў адчуў сябе больш-менш нармальна і папрасіў адправіць яго на найбліжэйшы аэрадром, а ўжо адтуль (яшчэ раз адмовіўшыся ад шпіталізацыі) — у свой полк.

Лётчыкі, якія бачылі, што самалёт камандзіра збілі, ну, вядома ж, не чакалі ўбачыць яго жывым: сустракаць збягаліся ўсе...

І гэта — не адзін вось такі выпадак: падчас вайны Піліп Сцяпанавіч некалькі разоў быў паранены, па стане здароўя яго хацелі камісаваць, але ён вярнуўся ў строй і Перамогу сустрэў у званні палкоўніка, намесніка камандзіра 233-й штурмавой авіяцыйнай дывізіі.

Пра Старавойтава ў сваіх ваенных успамінах «Над полем бою» двойчы Герой Савецкага Саюза (пасля — маршал авіяцыі) Яфімаў пісаў: «Лётчыкі і паветраныя стралкі, інжынерна-тэхнічны склад любілі свайго камандзіра... за адвагу і прастату. Ён заўсёды першым лятаў на баявыя заданні і хутка арыентаваўся ў становішчы... Часам ён рабіў па два, а то і па тры вылеты.... Камандзір у авіяцыі — найлепшы лётчык і найлепшы баец. Такім быў Старавойтаў, вакол якога заўсёды гуртавалася моладзь».

Піліп Сцяпанавіч узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, Суворава ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі і іншымі, васьмю медалямі.

...Напрыканцы жыцця перамяшчаўся на мыліцах, быў інвалідам І групы. Памёр у 1977 годзе.

У музеі воінскай славы СШ № 11 ёсць экспазіцыя, прысвечаная 62-му Гродзенскаму штурмавому авіяпалку. Там жа захоўваюцца асабістыя рэчы камандзіра, Ганаровага грамадзяніна горада — яго ваенны кіцель з ордэнскай планкай, фуражка, лётны шлем, кішэнны даведнік штурмана, медыцынская картка, кіёк, на які абапіраўся ў старасці... Іх перадалі музею дочкі героя.

У асабістым архіве гродзенца Юрыя Бедзіка захоўваюцца здымкі. На адным з іх — дароўны надпіс: «Юра, памятай старога, будзь заўсёды сумленным. Ад ветэрана вайны Старавойтава. 26.12.76 г.»

Інеса ІЛЮШЫНА

г. Гродна


Каму застанецца спадчына?

«Мы з мужам — людзі немаладыя, маем двух сыноў, чатырох унукаў... Хацелі б скласці завяшчанне. Растлумачце, калі ласка, як гэта правільна зрабіць?»

Алена Мікалаеўна, Бабруйскі раён.

Завяшчаннем прызнаецца волевыяўленне грамадзяніна па распараджэнні маёмасцю, якая яму належыць, на выпадак смерці. Гэта аднабаковая здзелка, якая ажыццяўляецца толькі асабіста і ўступае ў сілу толькі пасля смерці завяшчальніка.

Завяшчанне можа здзейсніць грамадзянін, які валодае дзеяздольнасцю ў поўным аб’ёме, гэта значыць грамадзянін, які дасягнуў паўналецця. Для гэтага неабходна звярнуцца ў натарыяльную кантору або ў натарыяльнае бюро да любога натарыуса, незалежна ад свайго месца жыхарства. Пры сабе неабходна мець дакумент, які сведчыць асобу, пры наяўнасці права на льготу па аплаце натарыяльнага тарыфу — дакумент, які сведчыць такое права (пенсіённае пасведчанне, пасведчанне інваліда І або ІІ групы). Пры гэтым дакументы, якія пацвярджаюць права на маёмасць, не запатрабоўваюцца, паколькі завяшчаць можна не толькі тую маёмасць, якая ўжо належыць завяшчальніку, але і маёмасць, якая будзе набытай.

Пры складанні завяшчання грамадзянін не абмежаваны ў колькасці спадчыннікаў і мае права, паводле свайго меркавання, завяшчаць маёмасць любым асобам, якія і ўваходзяць, і не ўваходзяць у кола спадчыннікаў па законе, падназначыць спадчынніка, пазбавіць спадчыны аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў па законе, а таксама ўключыць у завяшчанне іншыя распараджэнні, якія не супярэчаць заканадаўству.

Варта адзначыць, што, калі завяшчальнік ніяк не змяняе прадугледжаны законам парадак атрымання спадчыны (то-бок усю сваю маёмасць завяшчае спадчыннікам па законе ў роўных далях), у складанні завяшчання мэтазгоднасці няма.

Тэкст завяшчання павінен дакладна перадаваць волю завяшчальніка, быць выразным і зразумелым, не дапускаюцца выразы, якія змяшчаюць супярэчнасці і розныя тлумачэнні. Невыкананне правіл аб пісьмовай форме завяшчання і яго сведчанні цягне несапраўднасць завяшчання. Натарыяльна засведчанае завяшчанне павінна быць напісана завяшчальнікам уласнаручна ў двух экзэмплярах альбо запісана з яго слоў натарыусам у прысутнасці сведкі (у такім выпадку ён павінен мець пры сабе дакумент, які сведчыць асобу).

Грамадзянскім заканадаўствам вызначаны асобы, якія не могуць быць сведкамі: натарыус або іншая асоба, якая сведчыць завяшчанне; асоба, на карысць якой складзена завяшчанне або зроблена завяшчальная адмова, муж (жонка) такой асобы, яе дзеці, бацькі, унукі і праўнукі; спадчыннікі па завяшчанні або па законе; грамадзяне, якія не валодаюць поўнай дзеяздольнасцю; непісьменныя; асобы, якія маюць судзімасць за дачу лжывых паказанняў; грамадзяне з фізічнымі недахопамі, якія не дазваляюць ім у поўнай меры ўсвядоміць сутнасць таго, што адбываецца; асобы, якія не валодаюць у дастатковай ступені мовай (за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам).

Падчас складання завяшчання таксама неабходна памятаць, што свабода завяшчання абмяжоўваецца правіламі аб абавязковай долі ў спадчыне, аб недапушчэнні ўскладання на асоб, назначаных спадчыннікамі ў завяшчанні, абавязку ў сваю чаргу пэўным чынам распарадзіцца завешчанай маёмасцю на выпадак іх смерці, а таксама ўключэння ў завяшчанне супрацьпраўных або невыканальных для спадчынніка з-за аб’ектыўных прычын умоў яго паводзін для атрымання спадчыны.

Дзеючае заканадаўства не абмяжоўвае колькасць завяшчанняў, якія можа скласці грамадзянін, не абмяжоўвае завяшчальніка і ў праве валодання, карыстання і распараджэння завешчанай маёмасцю пры жыцці. Завяшчальнік мае права ў любы час, без тлумачэння прычын, адмяніць зробленае ім завяшчанне ў цэлым альбо змяніць яго, склаўшы новае. Аднак для гэтага таксама неабходна звярнуцца да натарыуса (то-бок, немагчыма адмяніць завяшчанне, проста перакрэсліўшы ці парваўшы свой экзэмпляр).

Неабходна адзначыць, што завяшчанне — гэта эфектыўны інструмент, з дапамогай якога завяшчальнік можа змяніць прадугледжаны законам парадак атрымання спадчыны, даючы завяшчальніку магчымасць рэалізаваць правамоцтва па распараджэнні сваёй маёмасцю на выпадак смерці зыходзячы з волевыяўлення.

Наталля ЖУКАВА, натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.