Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Пакаштуйце!


Капусная салата з чарнаслівам і грэцкімі арэхамі

Спатрэбіцца: белакачанная капуста — 0,5 кг; морква — 1 штука; чарнасліў без костачак — 50 г; арэхі грэцкія ачышчаныя — 50 г; лімон — 1 штука; смятана — 2 ст. л.

Чарнасліў вымыць і замачыць у цёплай вадзе на 10 хвілін. Капусту тонка нашаткаваць. Моркву надзерці на буйной тарцы.

Змяшаць капусту з морквай, паліць сокам лімона, пасаліць і як след, з сілай перацерці. Чарнасліў адкінуць на друшляк, нарэзаць невялікімі кавалачкамі. Арэхі пасекчы ў буйную дробку. Дадаць у капусту чарнасліў, арэхі і цэдру лімона. Змяшаць і паставіць у халадзільнік на 20 хвілін. Перад падачай заправіць смятанай.


Бульбяныя ватрушкі з фаршам

Незвычайныя ватрушкі, асновай якіх з’яўляецца не цеста, а бульбяное пюрэ. У якасці начынкі выкарыстаны свіны фарш, яго можна замяніць на ялавічны або курыны.

Спатрэбіцца: бульба — 700 г; мясны фарш — 300 г; яйка — 1 шт.; мука — 2 ст. л.;соль, чорны молаты перац — на смак; сыр цвёрды — 100 г; смятана — 2 ст. л.; алей — 1 ст. л.

Бульбу ачысціць, вымыць і адварыць да гатоўнасці ў падсоленай вадзе. Гатовую бульбу расцерці ў пюрэ.

Даць крыху астыць, затым убіць яйка і ўсыпаць муку. Усё добра перамяшаць. Бульбяная маса павінна атрымацца не вадкай.

Фарш абсмажыць на алеі на працягу 10-15 хвілін, на невялікім агні, перыядычна памешваючы і разбіваючы мясныя камячкі, затым пасаліць і паперчыць.

З бульбяной масы мокрымі рукамі сфармаваць невялікія аладкі таўшчынёй, прыкладна, 1,5 см. Выкласці іх на бляху, засланую пергаментам.

Кожную аладку прамазаць смятанай.

Зверху выкласці абсмажаны фарш, не даходзячы крыху да краёў.

Зверху на фаршы размеркаваць надзёрты на тарцы сыр.

Адправіць бульбяныя ватрушкі з фаршам у разагрэтую да 180 градусаў духоўку на 20-25 хвілін.

Смачныя, апетытныя, з румянай скарыначкай ватрушкі гатовыя. Даць ім крыху астыць, затым зняць з бляхі з дапамогай драўлянай лапаткі і падаваць на стол.


Пірог з яблыкамі «Спакуслівы»

Спатрэбіцца. Для цеста: мука — 200 г, масла ці маргарын — 125 г, яйкі курыныя — 3 шт., цукар — 125 г, соль — 1 дробка, ванільны цукар — 1 пакуначак, разрыхляльнік — 3 ч. л., вяршкі — 3 ст. л., яблыкі — 600 г, лімонны сок — 20 мл. Для заліўкі: смятана — 200 г, цукар — 75 г, яйкі курыныя — 2 шт., цукровая пудра — 1 ст. л.

Масла, соль, цукар і ванільны цукар расціраем у місцы. Уводзім па адным яйку. Муку ўводзім часткамі, разам з разрыхляльнікам. Дадаем вяршкі.

Выкладваем цеста ў форму, змазаную алеем ці маслам.

Яблыкі абіраем, разразаем на чацвярцінкі, выдаляем сарцавіну, апырскваем лімонным сокам. Выкладваем яблыкі на цеста, злёгку ўціскаючы.

Выпякаем пры 175—180?С каля 15 хвілін.

Заліўка: змешваем смятану, яйкі, цукар.

Пірог дастаём з духоўкі і паліваем заліўкай. Выпякаем яшчэ 50 хвілін.

Гатовы пірог астуджаем і пасыпаем цукровай пудрай.


Другое жыццё


Цёплыя тапачкі

Калі ў вас дзесьці заляжалася непатрэбная рэч са штучнага футра, ці ёсць проста асобныя футравыя кавалачкі, то за 20-30 хвілін вы лёгка можаце пашыць цёплы хатні абутак і парадаваць свае ножкі або зрабіць цудоўны падарунак родным і блізкім.

Рыхтуючы матэрыялы да шыцця, паглядзіце, як размешчаны ворс, каб усе дэталі выкрайкі раскласці ў адным напрамку. Лякалы можна лёгка зрабіць самім. Звярніце ўвагу, што дэталі вусцілкі трэба выразаць люстранымі.

Выразаўшы дэталі, састрыжыце футра па краях на шырыню прыпускаў — так швы атрымаюцца больш тонкімі, а шыць будзе лягчэй. Пасля гэтага такія ж дэталі неабходна выразаць з трыкатажу, напрыклад, кулеркі.

Дэталі верху (і з трыкатажу, і з футра) складаем напалову добрым бокам унутр і пракладваем радок па задніку.

Далей складаем дэталі верху з абодвух матэрыялаў і сшываем па верхнім зрэзе. Перад гэтым прыпускі швоў на задніку трэба акуратна расправіць. Пасля гэтага дэталі выварочваем, выпростваем і адпарваем, не націскаючы на прас, каб не сапсаваць мех.

Далей па ніжнім зрэзе фіксуем трыкатаж і футравую тканіну паміж сабой шпількамі.

Сколваем дэталь верху з вусцілкай. Паварочваем дэталь вусцілкі так, каб пасля выварочвання футра апынулася ўсярэдзіне тапачка.

Пасля гэтага засталося толькі пракласці радок па крузе, вывернуць тапачкі, акуратна адпарыць, і наш абутак гатовы!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.