Вы тут

Як навучыць дзіця наводзіць парадак


Цяжка знайсці дзіця, у пакоі якога заўсёды чыста. Найчасцей за ўсё, наадварот, бацькі прыкладаюць шмат намаганняў, каб прымусіць малых сабраць цацкі, пакласці ў шафу вопратку і адправіць у сметнік розныя паперкі і абгорткі з-пад цукерак. Хтосьці пагражае аддаць дзіця «нядобраму дзядзьку», хтосьці ідзе на ўлагоджванні накшталт «вось навядзеш парадак, а я табе прысмакі куплю». Здаецца, простыя выхады з сітуацыі. Аднак ці дастаткова іх?


Тры памылкі

Насамрэч метад «бізуна і перніка» ў дадзеным выпадку тактыка неадназначная, бо і той, і другі маюць непажадальныя наступствы. Запалохванні і пагрозы, напрыклад, — шлях да падарванай упэўненасці ў будучыні. Мама і тата — апора дзіцяці, крыніца любові, цеплыні, увагі, даверу. І тут раптам атрымліваецца, што ў любы момант нейкая злая сіла можа разлучыць яго з бацькамі, пакінуць сам-насам з незразумелым варожым светам. А калі гэта інфармацыя яшчэ і гучыць ад блізкіх?.. Гарантаваны кашмары, сумненні ў сваёй неабходнасці для сям’і, розныя комплексы — чым меншыя па ўзросце дзеці, тым больш глабальная псіхаэмацыянальная катастрофа і яе наступствы.

Подкуп — таксама прыём далёка не бясшкодны. Па-першае, «манетызаваныя» патрабаванні, напрыклад, прымаць душ увечары або прыбірацца ў пакоі, ствараюць у дзіцяці ілюзію, што гэтыя дзеянні неабходны не яму, а бацькам. Па-другое, малое хутка прызвычайваецца, што яго ўчынкі маюць пэўны кошт, і ў далейшым можа адмаўляцца ад выканання просьбаў, не падмацаваных матэрыяльна. Нарэшце, фарміруецца ўяўленне, што ўсё можна купіць — і сяброўства, і ўвагу, і каханне. Таму растлумачыць потым такія паняцці, як узаемадапамога, альтруізм, спачуванне, можа быць вельмі цяжка.

Трэцяя памылка сустракаецца ў бацькоў, якія стаміліся чакаць ад дзіцяці актыўнасці і вырашылі навесці ў яго пакоі парадак самастойна. Дачка ці сын такія дэманстратыўныя пакуты не ацэняць, а вось высновы зробяць: у яго здольнасці спраўляцца з цяжкасцямі дарослыя сумняваюцца (пахіснецца ўпэўненасць у сабе); калі пацягнуць час, праблема вырашыцца за кошт мамы ці таты; бацькі не адказваюць за свае словы, таму можна просьбы не выконваць. Так што прыбраць за дзіця можна, але гэта пазбавіць яго матывацыі наводзіць чысціню ў далейшым.

Падыход па ўзросце

Пачынаць вучыць прыбіраць у кватэры трэба з ранняга дзяцінства. Аднак перш за ўсё неабходна адаптаваць «вучэбны матэрыял» пад узрост малога.

Да 5 гадоў прыборку можна ператварыць у пазнавальную гульню з замацаваннем ведаў аб навакольным свеце, напрацоўкай карысных навыкаў і развіццём здольнасцяў. Напрыклад, прапануйце сабраць і рассартаваць цацкі па колеры, форме або прызначэнні: лялькі — у адну скрыню, машынкі — у другую, кубікі — у трэцюю і г. д. Папрасіце дзіця растлумачыць свой выбар.

З 6 гадоў і да малодшага падлеткавага ўзросту навядзенне чысціні павінна выклікаць цікавасць. Лепш за ўсё ўводзіць у працэс элементы гульняў і спаборніцтваў. Так, можна прапанаваць дзіцяці стаць дэтэктывам, які шукае пакінутыя рэчы і вяртае іх на месца. Даволі папулярная таксама гульня — «паход у грыбы»: раскіданыя прадметы «ператвараюцца» ў грыбы, якія трэба сабраць. Для большай захапляльнасці можна разам прыдумаць ім назвы: «накрэслікі», «заканапік», «падложачнік» і іншыя.

Пры вялікім беспарадку можна прапанаваць дзіцяці знайсці пэўную рэч. Напрыклад, схавайце любімую цацку — няхай паспрабуе адшукаць яе сярод раскіданых прадметаў. Страціўшы надзею знайсці, малы сам возьмецца за прыборку.

Старайцеся пазбягаць аднастайнасці. Навучыцца наводзіць чысціню з дапамогай такіх звычайных рэчаў, як губка і швабра, дзіця яшчэ паспее. Прыдумвайце нестандартныя даручэнні, увядзіце ў дзіцячы інвентар для барацьбы з хаосам незвычайныя інструменты: дазвольце выкарыстоўваць яркую мяцёлку для пылу, самаробны фартух, на які разам наляпіце прыгожую аплікацыю, цацачны пыласос. Няхай працэс прыборкі будзе звязаны з прыемнымі асацыяцыямі.

Калі ў сям'і некалькі дзяцей, можна арганізаваць спаборніцтвы, накшталт «хто хутчэй збярэ паперкі?» або «хто лепш пазбавіцца ад пылу на паліцах?» з невялікімі прызамі ўдзельнікам. Дарэчы, фармат чэленджу можа быць і «дзеці супраць бацькоў». Такія гульні спрыяюць напрацоўцы навыкаў каманднай работы і паляпшэнню ўзаемаадносін у сям'і.

У падлеткавы перыяд з-за імклівай перабудовы арганізма дзеці часта адчуваюць моцную стомленасць і апатыю. Акрамя таго, пачынаецца пераасэнсаванне свайго «я» і месца ў свеце. Бацькі ператвараюцца ў стрымлівальную сілу, таму любыя іх просьбы і патрабаванні ўспрымаюцца ў штыкі і альбо ігнаруюцца, альбо выконваюцца з дакладнасцю да наадварот. Аднак справіцца можна і з юнымі бунтарамі.

У першую чаргу давядзецца прызнаць права падлетка на асабістую прастору. Дзіцячы пакой у гэтым узросце ўспрымаецца як своеасаблівая крэпасць, дзе можна адпачыць ад перажыванняў і пераасэнсаваць падзеі, якія адбываюцца ў жыцці. Таму перш чым заходзіць у памяшканне, пастукайце ў дзверы. Правядзенне прыборкі лепш узгадняць загадзя. Дайце юнаку зразумець, што прыбраць трэба, але дамоўцеся аб зручным для яго часе.

Здараецца, беспарадак выкліканы не столькі лянотай, колькі недахопам месца для захоўвання рэчаў. Выйсці са становішча дапамогуць кошыкі, скрынкі і арганайзеры. Аднак падлетка трэба ўключыць у іх падбор, тады на жаданні мець сваё «логава» можна няблага сыграць. Растлумачце, што як частка кватэры дзіцячы пакой павінен быць чыстым і акуратным, але яго інтэр'ер — гэта выбар тынейджара. Тады ён з энтузіязмам возьмецца за захаванне чысціні ў створанай прасторы, бо будзе адчуваць за яе адказнасць.

Яшчэ важны момант — канкрэтызуйце патрабаванні. Часам з-за віру думак юнакі не заўважаюць брудныя талеркі, абгорткі, вопратку ў кутках. Лепш удакладніць: «Я хачу, каб ты падняў майку і паклаў яе ў шафу, сабраў паперкі і выкінуў, памыў талеркі і падлогу». Прастымуляваць гэтыя дзеянні дазволіць падрыхтоўка прасторы: праветрыце, пакладзіце на бачнае месца смеццевыя пакеты, пастаўце кантэйнеры для бруднай бялізны і рознай дробязі і г. д.

Не патрабуйце навядзення парадку, калі ў падлетка няма настрою. Пазбаўляцца ад стрэсу пры дапамозе веніка і шуфліка здольны не кожны, а надта частае і настойлівае «капанне на мозг» прывядзе да фарміравання ўстойлівага непрымання прыборкі.

Будзьце прыкладам для пераймання. Патрабаванні прыбраць у пакоі не павінны зыходзіць ад чалавека, які спакойна існуе ў хаосе. Дзіця больш рэагуе на ўчынкі, а калі яны адрозніваюцца ад слоў... Увас дома пануюць чысціня і парадак? Значыць, і падлетак будзе мімаволі іх падтрымліваць.

Александрына ПАРШЫНА

Загаловак у газеце: Прыборка без ляноты і капрызаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.