Вы тут

Дайсці да будучыні


«Вы бачылі лес, // дзе прагал скразны? // Скажыце, вы бачылі бор той, // дзе кожнай другой няма сасны // ці сама меней — чацвёртай? // Тое ж было і з народам маім. // Сякера ваеннай навалы // прайшлася бязлітасна па ім, // і — прагалы, прагалы...» Памятаеце, як вобразна адзін беларускі паэт апісаў трагедыю нашага народа ў сваім «Рэквіеме...»? «Ізноў пра вайну? — спытаецца чытач. — Навошта? Колькі ж можна ўжо?» І сапраўды, для міралюбівага беларускага характару прыкрая і агідная ўся гэта ваеншчына. Нам, як і нашым продкам, больш даспадобы палеткі засяваць збожжам, душы і розум дзяцей — разумным, добрым, вечным...


А што датычыцца мяча ў працавітых, натруджаных руках беларуса, то гэта справа вымушаная. Геаграфія, месцазнаходжанне пастаянна кідае выклік. Ад першых слоў гімна да аб’яўленага для суседзяў бязвізу, ад канцэпцыі міжнароднай палітыкі да пастаянных заяў Прэзідэнта — усё падкрэслівае наша міралюбства. А яшчэ прагу да самастойнага жыцця пад нашым сонцам на нашай зямлі. 

А колькі разоў не заглядвала сонейка ў ваконца беларускай хаты, зацемненае дымам вайны. Але заўжды прадзіраліся скрозь цемру і выжывалі. Цаной вялікіх ахвяр. Але ж нездарма кажуць, што з самых незадзірлівых народаў вырастаюць самыя мужныя нацыі.

Існуе меркаванне ў некаторай часткі інтэлігенцыі, «прагрэсіўных» гісторыкаў і эстэтаў экспертнай супольнасці: маўляў, сышоў тэрмін даўнасці. Не трэба палохаць моладзь фактамі генацыду... (Я ўяўляю, як бы на заклік забыцца аб Халакосце адрэагавалі яўрэі.) Давайце шчыра: да нядаўняга часу ў разы больш прадстаўнікоў сталічнага «бамонду» наведвала «Акропаліс» (гандлёвы цэнтр у Вільнюсе), чым Хатынь...

Мір расслабляе. Але, каб яго захаваць, трэба памятаць цану, якую заплацілі ўсяго два пакаленні назад. Калі мы навучымся сябе паважаць? А ці ўпэўненыя мы ў тым, што кожны юны беларус ведае пра Хатынь? А ці шмат дарослых беларусаў бачылі ў новым музеі калыску, унутры якой — макет Хатыні?.. Добра, а ці многія назавуць спаленую беларускую вёску, дзе знішчылі людзей у 12 разоў больш, чым у Хатыні? ...Ала ў Светлагорскім раёне. Тут нацысты па-зверску забілі 1758 чалавек, амаль тысяча з якіх — дзеці.

У Еўропе нацысты паводзілі сябе цывілізавана. А на нашай тэрыторыі адразу не цырымоніліся. А што рабіць з «недачалавекамі»: гвалтаваць, рабаваць, забіваць. Прычым самымі жудаснымі метадамі. У Германію вывозілі ўсё, што маглі, — ад людзей да каштоўнасцяў.

Вось таму нашчадкі тых, хто тварыў гэты жах, і хочуць зруйнаваць памяць разам з помнікамі. Вось таму, каб такога больш ніколі не паўтарылася, мы павінны зберагчы памяць аб Вялікай Айчыннай і аб Вялікай Перамозе — нашай Перамозе. Абавязкова. Інакш — нябыт.

Памятаеце, як вобразна паэт апісаў трагедыю нашага народа. Кожнае скалечанае дрэва — то сімвал нашага чалавека. Дрэва можна параніць, загубіць, але пакуль карэнні жывыя — будзе новае жыццё. Праб’ецца скрозь зямлю, пацягнецца да сонца. То ж пра нас — беларусаў.

Пакуль з пакалення ў пакаленне перадаём сваё — будзе будучыня. Пакуль захоўваем памяць, пакуль шануем традыцыі продкаў — невычэрпную крыніцу нашага народа. Яе намагаюцца запэцкаць, заваліць брудам сённяшняга часу. Марна.

Давайце паразважаем. Менавіта традыцыі — а гэта павага да бацькоў, да старых і дарослых, да Куцці і пагосту, да Каляд і да земляробчага календара, уменне мірна жыць з суседзямі, не зважаючы, у які храм яны ходзяць, прыходзіць на дапамогу тым, хто трапіў у бяду, — дапамаглі выжыць і адбіць і крывыя шаблі татара-манголаў, і цяжкія мячы крыжакоў. Нас у нашу родненькую зямельку ўтоптвалі колы шведскіх абозаў, капыты французскіх драгунаў, гусеніцы «цывілізаваных» арыйцаў. Марна. Беларусы выжылі і засталіся беларусамі. Таму нашы ворагі сёння атакуюць менавіта нашы традыцыі, расхвальваючы на ўсе лады чужыя «сапраўдныя каштоўнасці», ганьбячы нашы, якія насамрэч сапраўдныя. І тут нам галоўнае — самім не збіцца, не пераблытаць. Каб былі арыенціры. Каб было дакладнае ўяўленне, кім і чым мы ганарымся, пра каго і пра што памятаем. Бо хапае, асабліва ў моладзі, сучасных неспадзяванак, а калі яшчэ неразбярыха ў трактоўцы гістарычных падзей? У руках заўжды гаджэт — такі час. А ён і выхавацель, і дарадца, і сябар... Калі не прапануем іншага — больш трывалага, надзейнага, пераканаўчага.

Нездарма кіраўнік краіны заўжды гаворыць пра неабходнасць як мага больш паспець вырашыць розных цяжкіх пытанняў. Каб новым пакаленням было зручней. Але тыя ж пакаленні павінны быць і самі гатовы быць і сейбітамі, і аратымі, і воінамі. А для гэтага трэба дайсці да кожнага сэрца. Шлях той цяжкі — па звілістых сцяжынках віртуальных інтарэсаў, праз дрыгву глабалісцкай прывабнасці. Але калі не мы, то нашых дзяцей выхаваюць іншыя. Трэба ва ўсіх сэнсах займацца будучыняй. Каб не страціць Спадчыну і захаваць Айчыну.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.