Вы тут

Ваеннаслужачыя Узброеных Сіл дапамагаюць ахоўваць Дзяржграніцу


Праяўляць пільнасць на фоне мілітарысцкай абстаноўкі ў суседніх краінах — адпаведную заяву Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка нядаўна зрабіў пры зацвярджэнні рашэнняў на ахову Дзяржаўнай граніцы ў 2024 годзе.


У сілу таго становішча, якое разгортваецца вакол Беларусі, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, патрабуецца асаблівае стаўленне да бяспекі нашых рубяжоў. За мяжой сочаць як мае быць. І ў абароне граніц пагранічнікаў адных не пакінулі. Узброеныя Сілы — таксама напагатове. У гэтым чарговы раз упэўніўся і наш пастаянны аўтар, які адправіўся на паўднёвыя рубяжы Беларусі. На гэтым напрамку задзейнічаны асабовы склад сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл.

Асноўная мэта — забеспячэнне бяспекі грамадзян Беларусі, спыненне парушэння дзяржграніцы, выключэнне каналаў пастаўкі зброі і боепрыпасаў. Пад аховай — важныя аб’екты, у тым ліку дарогі і пуцеправоды. Ваеннаслужачыя настроены сур’ёзна і вельмі рашуча. Інакш ніяк, бо за іх спінамі — мірныя жыхары.

Дэсантнікі гатовы да розных варыянтаў развіцця абстаноўкі. Баявая падрыхтоўка ў вайскоўцаў ССА праходзіць штодзень, нават у раёне выканання задач. Заняткі ў раёне засяроджвання праходзяць па ўсіх прадметах баявой падрыхтоўкі, пачынаючы з тактычнай, заканчваючы, магчыма, адной з самых важных дысцыплін — медыцынскай падрыхтоўкай. Адпрацоўваюцца многія пытанні тактычнай медыцыны.

Загадзя падрыхтаваны пазіцыі на ўчастках мясцовасці. Абсталяваны пазіцыі для стральбы са стралковай зброі і ваеннай тэхнікі. Калі спатрэбіцца, граніца і яе абаронцы гатовы сустрэць ворага ў поўным узбраенні. Асаблівую ўвагу дэсантнікі надаюць рабоце на кантрольна-прапускных пунктах.

— І для пагранічнікаў, і для нас, агульная задача — быць надзейным шчытом краіны, — увёў у курс справы камандзір аднаго з падраздзяленняў ССА. — На вартавых пасадах у рэжыме 24/7 мы нясем службу. За нашымі спінамі — звычайныя грамадзяне, мір і спакой якіх мы абавязаны засцерагаць. Асабовы склад добра падрыхтаваны, умее прафесійна і зладжана дзейнічаць на незнаёмай мясцовасці ва ўмовах абстаноўкі, якая раптоўна мяняецца. На граніцы многія ўжо не першы раз. У нас створаны кругласутачныя патрулі, абсталяваны агнявыя пазіцыі і перакрытыя шчыліны. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі спакойна, мы пільнасці не губляем. Мы ўжо давялі выкананне шматлікіх дзеянняў да аўтаматызму, таму ўпэўненыя: у выпадку неабходнасці спрацуем без прамаруджвання. Мірныя жыхары могуць спаць спакойна — мы не падвядзём!

Дзякуючы падвозу гаруча-змазачных матэрыялаў і харчавання дэсантнікі гатовы ў аўтаномным рэжыме выконваць пастаўленыя задачы. Для гэтага разгорнуты ўсе неабходныя элементы ахоўвання.

— Асабовы склад працуе на кантрольна-прапускным пункце, дзе праводзіцца праверка і надгляд асоб і тэхнікі ў зададзеным раёне, — расказаў намеснік камандзіра брыгады ССА гвардыі палкоўнік Вадзім Бабілевіч. Ваеннаслужачыя выконваюць сваю работу прафесійна. Гэта для нас не новае. Да таго ж у пункце дыслакацыі пастаянна праводзяцца заняткі па павышэнні прафесіяналізму і боегатоўнасці нашых падраздзяленняў, Разам з вайскоўцамі кантрактнай службы на гэтым участку выконваюць пастаўленыя задачы і салдаты тэрміновай службы. Зразумела, мы шчыльна ўзаемадзейнічаюць з органамі мясцовай улады, супрацоўнікамі МУС, пагранічнікамі. Сур’ёзную дапамогу аказваюць і мясцовыя жыхары.

У ахове граніцы актыўна задзейнічаны і беспілотныя лятальныя апараты. Дзяржграніца кантралюецца пастаянна і кругласутачна. З дапамогай беспілотных лятальных апаратаў, абсталяваных цеплавізарамі, спецыяльная група пад прыкрыццём праводзіць разведку з неба.

У інтарэсах сіл спецыяльных аперацый на мяжы задзейнічаны і Supercam S350. Гэта беспілотнік самалётнага тыпу, прызначаны для выканання задач па аэрафотаздымцы і відэаманіторынгу. Працягласць палёту да 4,5 гадзін з перадачай інфармацыі да 100 кіламетраў забяспечвае неабходны запас магчымасцяў для выкарыстання БПЛА ў назіранні і разведцы, абароне дзяржаўнай граніцы, а таксама пры вырашэнні іншых задач.

— Гэта ўжо неад’емная частка вядзення разведкі, — патлумачыў асаблівасці патруля зверху аператар БПЛА. — Ёсць опцыя цеплавізара, начны рэжым — розныя спектры назірання. Беспілотнік заўважае ўсё: машыны, людзей, у тым ліку замаскіраваных. Беспілотнік у нас называюць вачыма камандзіраў. Знятая інфармацыя аналізуецца анлайн і дадаткова ў штабе.

Падраздзяленні Узброеных Сіл, якія знаходзяцца на ўзмацненні ўчасткаў дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, нікому не пагражаюць, але надзейна абараняюць Радзіму, яе суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць. Мясцовае насельніцтва ведае абстаноўку на сумежнай тэрыторыі і разумее, што беларускія вайскоўцы забяспечваюць іх бяспеку. Дэсантнікі не ведаюць выходных, не могуць дазволіць сабе расслабіцца, таму што займаюцца найважнейшай справай — ахоўваюць мір і спакой Беларусі.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.