Вы тут

З якімі пытаннямі жыхары Магілёўшчыны звярталіся на прыёме да Анатоля Ісачанкі?


Магіляўчанін звярнуўся ад імя жыхароў дома па вуліцы Першамайскай з нараканнямі на ўздзеянне ападкаў на іх жылую пабудову. З 2020 года заяўнік неаднаразова агучваў праблему ў розных інстанцыях. Яго заўвагі ўлічваліся, але работы, якія былі праведзены, на яго думку, толькі пагоршылі становішча. 


Заяўнік лічыць, што трэба было рабіць бетонную аснастку, каб надзейна абараніць дом ад уздзеяння ападкаў. Ён агучыў шэраг прапаноў наконт паляпшэння сітуацыі. Напрыклад, устанавіць водаадводныя латкі, заасфальтаваць пляцоўку перад домам. Гарадскія ўлады прызнаюць праблемы і збіраюцца паставіць дом пад назіранне. Старшыня аблвыканкама пагадзіўся, што трэба на працягу 2,5 месяца правесці маніторынг з фіксацыяй усіх дэфектаў, якія будуць выяўляцца. Ён таксама параіў праводзіць гэтыя мерапрыемствы з удзелам заяўніка.

Шматдзетная сям’я, таксама з Магілёва, расказала пра сітуацыю з зямельным участкам у Магілёўскім раёне. Дзесяць гадоў таму ён быў выдзелены сужэнцам для будаўніцтва жылога дома для паляпшэння жыллёвых умоў. Мужчына паведаміў, што раней гэты участак апрацоўвалі яго бацькі, якія і паклапаціліся, каб зямля перайшла іх дзецям. Пабудаваць дом адразу не атрымалася, бо не было сродкаў. Пакуль маладыя збіралі іх, магчымасцю пабудавацца скарыстаўся брат заяўніка. Іншай магчымасці пабудаваць сабе асобнае жыллё ў мнагадзетнай сям’і няма. А жывуць сужэнцы з чатырма непаўналетнімі дзецьмі ў адным пакоі.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што пытанне можна вырашыць двума спосабамі: радыкальным і кампрамісным. Паколькі ўчастак належыць заяўнікам, трэба знесці незаконна пабудаваны на ім дом і даць гаспадарам магчымасць правесці законнае будаўніцтва з нуля. Або са сваім праектам і дазвольнымі дакументамі звярнуцца ў банк і адкрыць крэдытную лінію. З улікам таго, што сям’я шматдзетная, яна мае права на салідны сямейны капітал. Гэта дасць магчымасць разлічыцца са сваяком за самабуд і ўзаконіць пабудову. Магілёўскі райвыканкам, у сваю чаргу, паклапоціцца, каб дзеянні шматдзетнай сям’і суправаджаў спецыяліст на прадмет адпаведнасці заканадаўству.

На прыём да губернатара прыйшлі прадстаўнікі азербайджанскай дыяспары. Адзін з іх з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам: меў некалькі гандлёвых месцаў на рынку ў Бабруйску. Але летась дагавор арэнды быў скасаваны за сістэматычнае парушэнне правілаў гандлю, санітарна-эпідэміялагічных нормаў, грамадскага парадку. Заяўнік паведаміў, што гандаль — яго адзіная крыніца даходу і без яе сям’я застаецца без сродкаў да існавання. Да таго ж на яго выхаванні двое непаўналетніх дзяцей.

Падчас прыёму факты шматлікіх парушэнняў беларускага заканадаўства заяўнікам пацвердзілі адпаведныя спецыялісты. На прадпрымальніку дагэтуль некалькі не пагашаных штрафаў, пачынаючы з 2016 года. Анатоль Ісачанка даў распараджэнне разглядзець пытанне з улікам усіх складнікаў. Ён адзначыў, што мужчыне будзе прапанаваная магчымасць працягнуць работу, але ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам краіны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».