У СШ № 28 г. Гродна ўрачыста адкрылі клас прававой накіраванасці «Юны пракурор», перадае БелТА.
Гэта першы такі клас у Гродзенскай вобласці, у якім будуць вучыцца 27 дзяцей. Упор у навучанні будзе рабіцца на грамадазнаўстве і юрыспрудэнцыі. Як зазначаецца, 10-класнікі змогуць прымаць удзел у розных мерапрыемствах пракуратуры, у тым ліку і ў раскопках, якія праводзяцца па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.
«Ад усяго сэрца віншую вас з гэтай знакавай падзеяй. Яна важная не толькі ў маштабах Гродзенскай вобласці, Гродна, але і ў цэлым нашай краіны. Сёння стаіць для нас задача па ўсёй рэспубліцы ў кожным рэгіёне адкрыць як мінімум па адным такім спецыялізаваным класе. Гэта вельмі важна не толькі для органаў пракуратуры, але ў цэлым для нашай дзяржавы. Наш Прэзідэнт неаднаразова казаў, што самае каштоўнае, што ёсць у нашай краіне, гэта людзі і асабліва дзеці. Мы разумеем, як важна будучым пакаленням перадаць сілу праўды, слова праўды, таму што сёння вайна ідзе не толькі на палях бітваў — яна ідзе ў інфармацыйным полі, яна ідзе ў розумах і сэрцах найперш нашых дзяцей і тых, хто ў далейшым будзе несці сцяг Рэспублікі Беларусь», — сказаў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.
Ён падкрэсліў, што праўда з’яўляецца асноўнай зброяй. «І тое, што цяпер Генеральная пракуратура сумесна з дзяржаўнымі органамі займаецца расследаваннем справы па генацыдзе беларускага народа, гэта таксама вельмі важны элемент таго, што мы называем барацьбой за гістарычную справядлівасць, барацьбой за будучыню нашай краіны», — сказаў генпракурор.
Ён дадаў: «Для нас важна, каб такія класы сталі кузняй кадраў. Для нас важна, каб гэтыя класы выхоўвалі будучых патрыётаў нашай краіны. Няхай не ўсе будуць працаваць у органах пракуратуры. Але галоўнае, што атрыманыя веды будуць з’яўляцца зыходным пунктам для таго, каб маладыя людзі ў далейшым выбралі свой жыццёвы шлях. Няхай яны не будуць працаваць у праваахоўнай сістэме, але будуць працаваць на карысць дзяржавы, будуць працаваць у любой іншай сферы. Мы з вамі будзем разумець, што часцінку патрыятызму, часцінку веры ў нашу краіну мы ў гэтых дзяцей уклалі».
Дарэчы, 27 маладых людзей, якія будуць вучыцца ў прававым класе «Юны пракурор» ва ўрачыстай абстаноўцы прамовілі клятву.
«Рашэнне аб вучобе ў прававым класе „Юны пракурор“ было ўсвядомленым і звязаным з цікавасцю да гэтай прафесіі. Хочацца даведацца законы сваёй краіны, пазнаёміцца бліжэй з Канстытуцыяй і выкарыстоўваць гэтыя веды ў далейшым для абароны сваіх блізкіх. На мой погляд, вельмі важна зараз ведаць законы. І гэта як мінімум цікава», — падзялілася Аліна Іоч.
Дзяўчына ўпэўнена, што шмат чаго набудзе ў прававым класе: «Веды законаў вельмі шмат чаго дае. У цэлым мне заўсёды хацелася дапамагаць людзям. І выбірала я паміж правам і медыцынай, але спынілася ўсё ж на праве. І я ўпэўнена, што прававы клас стане для нас акном у пракурорскую справу, прафесію, пра якую я мару».
Яе прыяцелька Маргарыта Марцішык дзеліцца, што паступленне ў клас «Юны пракурор» на крок наблізіла і яе да мары. «З 7-га класа, калі не было ў нас яшчэ профільных класаў, я марыла стаць юрыстам. У мяне шмат сваякоў у гэтай прафесіі, і я хачу пайсці па іх шляху», — адзначыла Маргарыта Марцішык.
Найбольш цікавіць дзяўчыну ход расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. «Мы здавалі іспыт па гісторыі Беларусі ў 9-м класе і ў нас былі білеты аб генацыдзе беларускага народа. Шчыра, гэтая тэма вельмі страшная, і забываць пра гэта сапраўды нельга. І тая праца, якую праводзіць Генеральная пракуратура, яна проста вялізная. Мне б вельмі хацелася паглыбіцца ў гэтае расследаванне. І, думаю, што навучанне ў профільным класе будзе гэтаму спрыяць».
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.