Вы тут

Дзіцячы садок — тэрыторыя для ўсіх, або Да кожнага дзіцяці можна падабраць ключык


Нашы карэспандэнты наведалі дзіцячы сад № 302 горада Мінска, дзе паняцце інклюзія ўжо даўно перастала быць ілюзіяй. Там мы завіталі ў адну з трох інтэграваных груп, дзе разам са звычайнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі выхоўваюцца дзеткі з аўтызмам.


Пра сенсарны пакой, візуальны расклад дня і талерантнасць

Выхавацель Наталля Ткачэнка ведае, як зацікавіць дзяцей гуляць разам

Калі мы зайшлі ў групу, дзеткі якраз вярталіся з прагулкі. Я зазіраю ў раздзявалку і лаўлю на сабе сур’ёзны позірк хлопчыка. «Прывітанне», — усміхаюся і махаю яму рукой. Хлопчык расплываецца ва ўсмешцы і махае мне ў адказ. 

— Госці! Госці! — не хавае ён сваёй радасці. 

— Ты памахаў цёці, малайчына, — хваліць яго выхавацелька.

— Андруша вельмі дабрадушны хлопчык, — кажа загадчыца дзіцячага сада № 302 Юлія Джэйгала. — Калі ён прыйшоў да нас пяць год таму, зусім не размаўляў. Зараз, як бачыце, прагрэс навідавоку. Галоўнае, што яму хочацца больш гаварыць. 

Загадчыца дзіцячага сада № 302 Юлія Джэйгала паказвае свае аўтарскія распрацоўкі дыдактычных гульняў для дзетак з асаблівасцямі

Юлія Сяргееўна звяртае нашу ўваг на тое, што ўся прастора ў групе візуалізаваная. Паўсюль — у раздзявалцы, ля ракавіны — вісяць заламінаваныя карцінкі-падказкі: што надзець на прагулку, як правільна памыць рукі. Акрамя таго, у кожнага дзіцяці з асаблівасцямі ёсць свой расклад дня ў малюнках. 

— У адных ён больш падрабязны, у другіх — больш сціслы. Калі дзіця ведае, што пасля занятку з настаўнікам-дэфектолагам будзе прагулка, а пасля абеду сон, радзей здараюцца нежаданыя паводзіны, зрывы. Як бачыце, да кожнага такога візуальнага «планшэту» на ліпучках мацуецца не толькі фота дзіцяці, але і фота выхавацеля, які ажыццяўляе яго персанальнае суправаджэнне. За кожным выхаванцам замацаваны па два выхавацелі. Яны мяняюцца пазменна....Дзеці, а давайце пакажам нашым гасцям ваша любімае месца! Зусім нядаўна ў нас па рэкамендацыі начальніка ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна Інэсы Мікалаеўны Сабаленкі з’явіўся сучасны сэнсарны пакой. Дзеці вельмі любяць у ім бавіць час, бо тут цудоўная атмасфера і шмат новых гульняў. 

Сапраўды, чаго там толькі няма: і балансіры, і планшэт з падсветкай, дзе можна маляваць пяском, дошчачкі з розных матэрыялаў, сухі басейн з шарыкамі, міні-батут... Вельмі шмат бюджэтных сэнсарных дапаможнікаў прыдумалі самі супрацоўнікі садка. 

— Вось у гэтым кантэйнеры — розныя вяровачкі, дзеці з аўтызмам любяць змотваць іх у клубок, гэта для іх як заахвочванне, — паказвае і расказвае Юлія Сяргееўна. — А тут мяккія палачкі, з якіх можна выкладваць домікі і іншыя фігуры, яны выдатна гнуцца. Усе цацкі ў сэнсарным пакоі цудоўна здымаюць псіхаэмацыйнае напружанне. 

Пакуль дзеткі дружна гулялі на дыване з бізі-кубамі, адзін хлопчык як заварожаны разглядаў фотаапарат нашага фатографа. Але праз некалькі хвілін інтарэс да новай «цацкі» прапаў і «будучы фатограф» аддзяліўся ад групы і пайшоў скакаць на батуце. Суправаджаючы выхавацель ідзе за ім.

— Усё, стаміўся, пайшоў адпачываць, — тлумачыць мне Юлія Сяргееўна. — Для яго ўжо нас зашмат... 

— Я паўсюль знаходжуся побач з Кірушам, — распавядае суправаджаючы выхавацель Наталля Міхайлаўна Ткачэнка. — Дапамагаю яму, у тым ліку на занятках: стараюся адаптаваць тое заданне, якое даецца для ўсіх дзетак, пад яго ўменні, магчымасці. Напрыклад, занятак па аплікацыі ідзе 25 хвілін. Для Кірушы гэта вельмі доўга. Яго час — 15 хвілін максімум. Потым пачынае капрызіць. Я ўжо ведаю, што яму проста трэба адпачыць, пераключыць увагу. Ён і сам гэта ведае, ідзе ў сэнсарны пакой, там я яму ўключаю праектар зорнага неба. Плюс да ўсяго ў нас прама ля групы знаходзіцца кабінет настаўніка—дэфектолага. Дарэчы, настаўнік-дэфектолаг тут вельмі сумленна займаецца з дзецьмі. Яна вучыць іх размаўляць, лічыць, гуляць разам. Далёка не ўсе дзеці ў звычайных групах ідуць такімі падрыхтаванымі ў школу. 

Выхавацель Аксана Яўгеньеўна Кавалёва працуе ў інтэграванай групе першы год: «Спачатку баялася, як мае выхаванцы ўспрымуць дзетак з асаблівасцямі. Але страх аказаўся надуманым, дзеці хутка раззнаёміліся, цяпер ахвотна гуляюць разам. Насця, Лера, Ліза, калі трэба, могуць падысці да Андрушы, Ярыка ці Кірыла, даць ім іншую цацку. Яны ўжо ведаюць, як іх супакоіць, бо бачаць, як гэта робім мы, дарослыя». 

— Акрамя таго, на цыкле заняткаў «Мы такія розныя, мы такія роўныя» выхавацелі расказваюць сваім выхаванцам, што ёсць дзеці з розным колерам скуры, разрэзам вачэй, высокія і нізкія, якія ўмеюць гаварыць і ў якіх цяжкасці з маўленнем, — дадае Юлія Сяргееўна. — У інтэграванай групе такая якасць, як талерантнасць, выхоўваецца на практыцы штодзённа. Сфарміраваць яе на прыкладзе з дзіцячай казкі не атрымаецца. Дзіцяці складана зразумець тое, з чым яно ніколі не сутыкалася.

Пра «лячэбную» дзяўчынку, прызванне і астравок шчасця

— Юлія Сяргееўна, а праўда, што вы самі былі выхаванкай гэтага садка?

— Так, але ў той час ён быў звычайным. У 2016 годзе, за два гады да таго, як я прыйшла сюды працаваць загадчыцай, у дзіцячы сад звярнулася мама дзіцяці з сіндромам Даўна з просьбай стварыць групу інтэграванага навучання і выхавання. Па яе ініцыятыве тады і з’явілася першая такая група. Цяпер у нас іх тры. І колькасць інтэграваных груп, пераканана, будзе расці. Бо яшчэ нават не пачаўся прыём заявак на наступны навучальны год, а па званках бацькоў бачу, што попыт ёсць. Нашы інтэграваныя групы наведваюць не толькі дзеці з расстройствамі аўтыстычнага спектру, але і з іншымі асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: з парушэннем слыху, з лёгкай інтэлектуальнай недастатковасцю. За ўсе гады, што я ўзначальваю дзіцячы сад, не быў пакінуты без увагі ні адзін запыт бацькоў. Упраўленне па адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна аператыўна рэагуе на ўсе нашы хадайніцтвы, за што ім шчыры дзякуй. 

Калі я прыйшла сюды працаваць, стала думаць, як аб’яднаць педагогаў і бацькоў. Вельмі важна, каб усе дзейнічалі ў адным ключы, каб была адзіная сістэма патрабаванняў. Як толькі мы чаму-небудзь навучылі дзіця, стараемся, каб дома бацькі аўтаматызавалі гэтае ўменне. Мы не даём пустых абяцанняў і прагнозаў, але спрыяем таму, каб мама паверыла ў дзіця. Гэта для яго развіцця вельмі важна. 

Для кожнага дзіцяці з асаблівасцямі распрацаваны індывідуальны адукацыйны маршрут. Ён вельмі гнуткі і пры патрэбе карэктуецца ў працэсе. Важна, каб дзіця асвоіла вучэбную праграму. Але яшчэ важней, каб яму было камфортна. Таму, калі на занятку ў яго памяняўся настрой ці яно хоча цішыні, суправаджаючы выхавацель, вы ж гэта самі бачылі, гэта разумее і следуе за ім. Вельмі важна, каб бацькі на этапе паступлення ў сад падрабязна расказвалі нам пра сваіх дзетак: што ім падабаецца і можа быць заахвочваннем, а чаго катэгарычна нельга рабіць. Гэта дапаможа ўсім разам зрабіць траекторыю адукацыйнага маршрута максімальна прадуктыўнай. 

Аб тым, што дзеткам у нас добра, сведчыць і тое, што пасля адаптацыі бацькі смела пакідаюць асаблівага малога на цэлы дзень, без страху, што ён не вытрымае. Тым самым мы даём маме паўнацэнную магчымасць працаваць, што таксама вельмі важна. 

Ну і канешне, вялікая работа праводзіцца з бацькамі норматыповых дзяцей. Бо далёка не ўсе спачатку хочуць, каб іх дзеці знаходзіліся ў адной групе з асаблівымі дзецьмі. Мая задача як кіраўніка праводзіць тлумачальную работу яшчэ на этапе фарміравання групы. 

Сёння, на мой погляд, кожная ўстанова адукацыі павінна быць гатова да сустрэчы з дзіцем з асаблівасцямі. Форма інтэграванага навучання і выхавання вельмі эфектыўная, яна дае дастаткова хутка плённыя вынікі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з асаблівасцямі цягнуцца за больш моцнымі аднагрупнікамі, лепш развіваюцца. І бацькі рады, што іх дзяцей не ўспрымаюць асобна. 

— Як мяняюцца хлопчыкі і дзяўчынкі пасля зносінаў з асаблівымі дзеткамі?

Выхавацель Аксана Кавалёва даўно марыла трапіць у інтэграваную групу. Прызналася, што некалькі год чакала, пакуль вызваліцца месца

— Ёсць дзеці, якія выдзяляюцца з групы, у якіх асабліва чулае сэрца. Ангелінка, якая летась пайшла ў школу, якраз такая. Мы нават яе паміж сабой называлі «лячэбная». Дзяўчынка з нормай у развіцці, яна сэрцам адчувала, што трэба гэтым дзецям. Бачыць, што не атрымліваецца ў малога куртку зашпіліць, расстрайваецца хлопчык — яна абавязкова падыдзе, дапаможа. Магчыма, доктарам будзе ці нашай калегай. Я пераканана, што нашы выхаванцы не стануць на вуліцы тыцкаць пальцам у чалавека з інваліднасцю. Яны ведаюць змалку, што побач жывуць людзі з асаблівасцямі. І гэтыя іх асаблівасці трэба паважаць. Вельмі многае, канешне, залежыць ад выхавацеля. Калі ў яго самога высокі ўзровень інклюзіўнай культуры, ён гэта і нясе дзецям. Далёка не кожны педагог зможа працаваць у гэтай групе. Гэта прызванне. 

«Як вы дабіліся такога выніку?» — спытала ў мяне неяк загадчыца аднаго з мінскіх дзіцячых садкоў. Сакрэт просты — ён у штодзённай працы. Аднаго жадання дапамагчы такім дзецям мала. Трэба ведаць, як правільна гэта зрабіць. Таму я сама пастаянна вучуся...

— І тым самым натхняеце, зараджаеце, як батарэйка, сваіх супрацоўнікаў на паглыбленне ў тэму інклюзіі?

— Ад кіраўніка насамрэч залежыць вельмі шмат. Калі калектыў бачыць, што я зацікаўлена ў канкрэтным выніку кожнага дзіцяці, у іх таксама з’яўляецца матывацыя. У нас практыкуецца такая форма работы, як настаўніцтва — калі больш дасведчаны педагог замацоўваецца за маладым спецыялістам. Два гады таму ўзялі на працу выхавацеля, і цяпер ў яе такая дынаміка ў развіцці! Задаволены і дзеці, і бацькі, і ў педагога самаацэнка моцна павысілася. Ёй стала цікава развівацца ў гэтай прафесіі, і яна пайшла вучыцца на настаўніка-дэфэктолага. У нас спецыялісты пастаяна павышаюць кваліфікацыю. Сёння супрацоўнікі нашага садка самі чытаем лекцыі ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, у Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі пры педуніверсітэце імя Максіма Танка. Акрамя таго, пры нашым садку працуе гарадскі рэсурны цэнтр «Сучасны менеджар», дзе сталічных педагогаў і кіраўнікоў навучаюць працаваць з дзецьмі, якія маюць аўтыстычныя і іншыя парушэнні.

Высокіх вынікаў у рабоце з гэтымі дзецьмі дасягнулі кіраўнік фізвыхавання Міначкіна Людміла Яўгеньеўна, музычны кіраўнік Лугіна Таццяна Барысаўна. Калі б вы зайшлі на занятак, то нейкі час не разумелі б, хто з хлопчыкаў і дзяўчынак мае асаблівасці. Нашы дзеці разам са звычайнымі дзецьмі паўнавартасна займаюцца ў меру сваіх магчымасцяў, чуюць і выконваюць каманды педагога. Падчас падрыхтоўкі да ранішнікаў абавязкова задзейнічаны кожны. Задача педагогаў не раздзяляць дзяцей, а наадварот аб’ядноўваць. 

— Раскажыце пра поспех сваіх выхаванцаў. Магчыма, хтосьці запомніўся больш...

— Чамусьці адразу згадала Сашу. Гэты светлы хлопчык кожнаму педагогу прыдумаў пяшчотную мянушку: Ірына — кветачка, Святлана — бусінка, Таццяна — матылёк... Прычым калі паглядзець на калег, сапраўды такія асацыяцыі ўзнікалі. У хлопчыка цудоўныя бацькі, якія ні на секунду не сумняваліся, верылі ў свайго сына з аўтызмам. І што вы думаеце — за год Саша здзівіў усіх: стаў добра размаўляць, рабіць поспехі ў матэматыцы. Сёння ён вучыцца ў 3 класе. Настаўніца яго хваліць. Для нас гэта самая высокая ацэнка і ўзнагарода.

Наш удзел у жыцці гэтых дзяцей не заканчваецца выпускным ранішнікам. Я асабіста з многімі бацькамі кантактую, часта ім патрэбна парада, адабрэнне. Яны ўсе з цеплынёй згадваюць пра наш дзіцячы сад, кажуць, што гэта для іх сям’і быў «астравок шчасця». Я ўвесь час паўтараю: «Мой тэлефон для вас заўсёды даступны». Быць мамай дзіцяці з аўтызмам няпроста. Добра калі ў цябе ёсць сям’я, ёсць каму дапамагчы. А калі няма?.. Адна такая мама мне сказала: «Вы адзіны чалавек, з якім я магу падзяліцца тым, што датычыцца майго сына». 

— Што б параілі бацькам такіх дзетак?

Добры настрой дзяцей — радасць для выхавальнікаў

— Не баяцца, не зацягваць з праблемай. З вопыту работы: чым меншае дзіця да нас прыводзілі, тым больш паспяховае на выхадзе забіралі ў школу. Бо вельмі часта прыводзяць у 5-6 год, калі ўжо сфарміраваны стэрэатыпы няправільных паводзінаў. Тады дапамагчы дзіцяці складаней. 

— Юлія Сяргееўна, адкуль у вас такі шчыры інтарэс да тэмы інклюзіі?

— Я сама працавала дзесяць год настаўнікам—дэфектолагам. Вельмі любіла сваю прафесію. Нягледзячы на тое, што стала кіраўніком, любоў да прафесіі не знікла. Калі прыйшла ў гэты дзіцячы садок і ўбачыла, што тут шмат дзетак з асаблівасцямі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, не магла заставацца абыякавай. У нашай прафесіі, лічу, нельга спыняцца. Нават калі здаецца, што ты дасягнуў вяршынь, насамрэч ты знаходзішся яшчэ ў самым пачатку шляху. Таму я працягваю распрацоўваць новыя дапаможнікі для бацькоў і педагогаў, а таксама рыхтуюся да чарговага творчага конкурсу «Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы». У сваёй працы кіруюся фразай: «Калі я дапамагла хоць бы адной сям’і, аднаму дзіцяці — значыць я недарэмна прыйшла ў гэты свет».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.