Вы тут

Адзёр зноў актуальны


У Беларусі працягваюць рэгістравацца завозныя і звязаныя з імі выпадкі захворвання на адзёр. За другую палову мінулага года захваральнасць на гэту інфекцыю ў Еўропе, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, вырасла ў 30 разоў. У сувязі з гэтым Міністэрства аховы здароўя нагадвае, што ёсць магчымасць прышчапіцца ўсім, хто не прышчэплены і не хварэў на адзёр.


— Адзёр — вострае віруснае захворванне, якое перадаецца праз выдзяленні з носа, рота і горла хворага чалавека пры размове, кашлі, чханні. Ён праяўляецца павышэннем тэмпературы цела, запаленнем слізістай поласці рота і верхніх дыхальных шляхоў, сыпам на скуры і іншымі сімптомамі. Высыпае тры дні па чарзе ў «тры паверхі»: спачатку твар, шыя і верхні плечавы пояс, затым — тулава і ў апошнюю чаргу — ніжнія канечнасці. Сып знікае ў той жа паслядоўнасці, а на яго месцы застаецца пігментацыя. Гэта высокаантагіёзнае захворванне. Успрымальнасць да віруса адру ў асоб, якія не маюць імунітэту да гэтай інфекцыі, набліжана да 100%. Вірус вельмі лятучы і здольны ў складзе дробнадысперснага аэразоля са струменямі паветра пераносіцца ў іншыя памяшканні, на іншыя паверхі шматпавярховага будынка. Крыніцай інфекцыі з’яўляецца хворы чалавек. Інкубацыйны перыяд складае 7–21 дзень, — расказвае ўрач-эпідэміёлаг, загадчык аддзела імунапрафілактыкі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марына Качкан.

Медык нагадвае, што самы дзейсны спосаб знізіць імавернасць інфікавання — гэта масавая вакцынацыя насельніцтва. У адпаведнасці з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак вакцынацыя супраць адру праводзіцца дзецям ва ўзросце аднаго і шасці гадоў трохкампанентнай вакцынай супраць адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі.

У цяперашні час Міністэрства аховы здароўя дае магчымасць кожнаму даросламу атрымаць прафілактычную прышчэпку супраць адру ў выпадках, калі чалавек не прышчэплены і не хварэў на адзёр (у медыцынскай дакументацыі адсутнічаюць дакументальныя звесткі аб вакцынацыі супраць інфекцыі, аб перанесенай хваробе, аб станоўчым выніку сералагічнага даследавання крыві на напружанасць імунітэту) альбо маюцца звесткі толькі аб адной прышчэпцы.

Для вакцынацыі дзяцей выкарыстоўваецца вакцына супраць адру, эпідэмічнага паратыту, краснухі вытворчасці Індыі і вакцына «Прыёрыкс» вытворчасці Бельгіі (таксама трохкампанентная), а таксама жывая супрацьадровая вакцына вытворчасці Расіі — для дарослых.

— Беларусь адносіцца да краін, у якіх адзёр элімінаваны, гэта значыць, адсутнічае мясцовая цыркуляцыя віруса. Тым не менш, краіна схільная да рызыкі завозу віруса і развіцця ўспышак з сур’ёзнымі наступствамі, — папярэджвае Марына Качкан.

Па даных СААЗ, захваральнасць на адзёр у Еўрапейскім рэгіёне за перыяд з ліпеня 2023 да снежня 2023 вырасла ў 30 разоў — зарэгістравана больш за 30 000 выпадкаў. Сярод усіх краін найбольшая колькасць захварэлых у Емене, Азербайджане, Казахстане. Наша блізкая суседка Расія — на шостым месцы.

У сувязі з дрэнным эпідэмічным становішчам па захваральнасці на адзёр у краінах Еўрасаюза, а таксама ў суседняй Расіі, у Беларусі рэгіструюцца завазныя і звязаныя з завазнымі выпадкі захворвання.

Паводле інфармацыі эпідэміёлага, летась у Мінскай вобласці паказчык захваральнасці на адзёр склаў 1,27 выпадка па 100 тысяч насельніцтва. За мінулы перыяд бягучага года — 0,84 выпадка на 100 тысяч насельніцтва. Сярод тых, хто захварэў у 2023 годзе, 56,7% — дзеці і 43,3% — дарослыя.

«Адзёр — вострае віруснае захворванне, якое перадаецца праз выдзяленні з носа, рота і горла хворага чалавека пры размове, кашлі, чханні. Ён праяўляецца павышэннем тэмпературы цела, запаленнем слізістай поласці рота і верхніх дыхальных шляхоў, сыпам на скуры і іншымі сімптомамі».

— Асноўнай прычынай такой колькасці захварэлых дзяцей з’яўляецца адсутнасць у іх вакцынацыі супраць адру (88,2%) у сувязі з адмовамі бацькоў ад прафілактычных прышчэпак (76,4%) і наяўнасцю супрацьпаказанняў да вакцынацыі (11,8%) Няпоўны курс вакцынацыі па ўзросце склаў 11,8%. Дзяцей з поўным курсам вакцынацыі супраць адру сярод хворых няма. Сярод дарослых у 53,8% хворых адсутнічаюць звесткі аб вакцынацыі супраць адру, — прывяла лічбы Марына Качкан.

Для папярэджання распаўсюджвання інфекцыі па кожным выпадку захворвання праводзіцца пэўны комплекс санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваны на перапыненне шляхоў перадачы інфекцыі. У аператыўным парадку асобам (дзецям і дарослым), якія кантактавалі з хворым на адзёр і не былі прышчэплены, не хварэлі раней, з невядомым імунным статусам, прапануецца атрымаць прышчэпку. Зрабіць гэта неабходна не пазней за 72 гадзіны ад моманту кантакту з захварэлым.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Сып у «тры паверхі»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.