Вы тут

Віцебскія дэсантнікі атрымалі новую спецыяльную тэхніку


На мінулым тыдні на пляцы 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады было шматлюдна. Тут адбылося замацаванне новай ваеннай тэхнікі за асабовым складам злучэння. Цырымонію перадачы тэхнікі правёў камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёр Вадзім Дзенісенка. У брыгаду паступілі рамонтныя эвакуацыйныя машыны (РЭМ-КЛ) і майстэрні тэхнічнага абслугоўвання (МТА-УБ1). Карэспандэнт «Звязды» дзеліцца падрабязнасцямі падзеі.


Як адзначыў камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёр Вадзім Дзенісенка, працягваецца паслядоўная і паэтапная рэалізацыя напрамкаў і развіццё сіл спецыяльных аперацый, якія дазваляюць быць роду войскаў абсталяваным самай перадавой тэхнікай і ўзбраеннем, здольнымі выконваць шырокі спектр задач. Пацверджанне гэтаму, па яго словах, — паступленне ў дэсантныя брыгады новых узораў тэхнікі. 

Рамонтна-эвакуацыйныя машыны і майстэрні тэхнічнага абслугоўвання прызначаны для аказання дапамогі экіпажам і кіроўцам пры выкананні працаёмкіх работ тэхнічнага абслугоўвання і бягучага рамонту. Рамонтныя машыны адназначна будуць спрыяць падтрыманню баяздольнага стану ваеннай тэхнікі.

«Дадзеныя машыны з’яўляюцца аднымі з найлепшых у сваім родзе, — падкрэсліў камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл. — Яны абсталяваны багатым наборам абсталявання. Мыйка і чыстка машын, дыягностыка сістэм, зарадка акумулятараў, замена змазачных матэрыялаў, электразварка, эвакуацыя — толькі той невялікі спектр работ, выкананне якіх здольныя забяспечваць гэтыя машыны».

Вадзім Дзенісенка звярнуўся да асабовага складу 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады: «Асвойвайце надзейна і якасна новую тэхніку, каб умела яе ўжываць у ходзе вучэбна-баявых задач, а калі спатрэбіцца, то і ў рэальным баі. Беражліва і з любоўю стаўцеся да яе. Удыхніце ў яе новае жыццё. Любіце, як родную маці, і яна вас ніколі не падвядзе».

МТА-УБ1 уяўляе сабой аўтамабіль з выкладзеным у яго камплектам усіх неабходных інструментаў, станкоў і агрэгатаў для выканання працаёмкіх рамонтных работ любой штатнай тэхнікі рознай складанасці, падрыхтоўкі моцна пашкоджанай тэхнікі да перамяшчэння ў стацыянарныя пункты рамонту. Мае кран-маніпулятар для ўзняцця рухавікоў машын і іншых грузаў масай да трох тон.

РЭМ-КЛ прызначаны для эвакуацыі тэхнікі, што выйшла з ладу, буксіроўкі і тэхнічнага абслугоўвання. Гэта мадэрнізаваныя ўзоры для рамонтных работ у палявых умовах, эвакуацыі выведзенай з ладу тэхнікі на полі бою. Такія ўзоры будуць знаходзіцца на ўзбраенні ў рамонтнай роце брыгады.

«Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь багатыя на традыцыі і рытуалы, — падзяліўся камандзір 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі палкоўнік Уладзімір Сафонаў. — Адным з найважнейшых воінскіх рытуалаў з’яўляецца ўручэнне асабоваму складу ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Мы атрымалі новую, сучасную спецыяльную тэхніку: рамонтна-эвакуацыйныя машыны і майстэрні тэхнічнага абслугоўвання і рамонту».

На думку камандзіра брыгады, прафесійна падрыхтаваныя экіпажы здольныя выконваць шырокі спектр задач на гэтай спецыяльнай тэхніцы, што безумоўна павысіць баявую гатоўнасць злучэння.

Калі ў РЭМ-КЛ асноўная задача — гэта эвакуацыя, то МТА-УБ1 — гэта майстэрня тэхнічнага абслугоўвання, якая разгортваецца на аддаленні для працы рамонтнага падраздзялення. У машыны даволі шырокі спектр: замена тэхнічных алеяў, дэмантажна-мантажныя работы, зварачныя, мыйныя працы. Гэта па сутнасці міні-СТА на колах, якая ў палявых умовах здольная забяспечыць шырокі спектр задач.

Як расказаў начальнік бранятанкавай службы сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл палкоўнік Андрэй Гламазда, дадзеная тэхніка актуальная для дзеянняў у жоўтай зоне, дзе няма непасрэднага кантакту з праціўнікам. «Яна дазваляе вырабляць даволі шырокі спектр работ, — дадаў ён. — Для эвакуацыі тэхнікі з чырвонай зоны існуюць браняваныя варыянты».

Павіншаваць ваеннаслужачых са знамянальнай падзеяй вырашылі і частыя госці 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады — ветэраны вайны ў Афганістане. «Мы, ветэраны паветрана-дэсантных войскаў і афганскай вайны, ганарымся сіламі спецыяльных аперацый і асабліва асабовым складам нашага роднага злучэння, вашымі поспехамі ў баявой падрыхтоўцы, — падзяліўся старшыня Віцебскай абласной арганізацыі „Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане“ падпалкоўнік у адстаўцы Валяр’ян Мацкевіч. — У вас значная падзея — атрыманне новай спецыяльнай тэхнікі, якая будзе спрыяць якаснаму тэхнічнаму абслугоўванню ўсёй баявой тэхнікі злучэння».

Тры ўзоры новай тэхнікі адправяцца ў 38-ю дэсантна-штурмавую брыгаду ў Брэст, чатыры застануцца ў 103-й віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, ваеннаслужачы 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, гвардыі малодшы сяржант

Фота аўтара

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».