Вы тут

Натурпрадукт у спадчыну


І ў дачнікаў, і ў фермераў зараз модна весці гаспадарку, не ўжываючы «хімію». Больш за тое, асновы экалагічнага земляробства сёння імкнуцца прымяняць і буйныя гаспадаркі краіны.


Перажыўшы пандэмію (і нават яшчэ да яе), спажывец стаў больш усвядомленым. Людзі хочуць ужываць прадукты, не «запраўленыя» гербіцыдамі, пестыцыдамі і геннай мадыфікацыяй, без кансервантаў, фарбавальнікаў і ўзмацняльнікаў смаку. То-бок альбо шукаюць на ўпакоўцы маркіроўку «эка», «бія» ці «фермерскі прадукт», альбо «вяртаюцца да вытокаў» і вырошчваюць вітаміны самастойна. На карысць апошняга варыянта робяць выбар многія — тут табе і хобі, і ўпэўненасць у прадукце, а часцяком яшчэ і эканомія. Але як атрымліваць высокія ўраджаі, калі ад «хіміі» вы вырашылі адмовіцца?

Экатэхналогіі ад прадзедаў

Дваццатае і пачатак дваццаць першага стагоддзя прынеслі з сабой тэхналагічны і навуковы прарывы ў многіх сферах. Мне запомніўся аповед майго дзеда, ён быў ваенным медыкам, пра тое, як у Савецкім Саюзе ўпершыню сталі шырока ўжывацца антыбіётыкі (было гэта ў 1942 годзе): «пачалі выжываць нават тыя, хто, здавалася, адной нагой ужо ў магіле, і, — казаў ён, — здавалася, навука здолела перамагчы смерць».

Тое ж самае і ў сельскай гаспадарцы: па ўсім свеце шырокае распаўсюджванне атрымалі інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур з актыўным прымяненнем хімізацыі і ўраджаі павысіліся да неймаверных, як тады здавалася, велічынь. Але прагрэс (і ў медыцыне, і ў аграрнай сферы, і ў шматлікіх іншых) апынуўся, на жаль, медалём з двума бакамі. І сёння аб харчовай, у прыватнасці, бяспецы людзі гавораць не толькі з пазіцый колькасці. Калі дозы ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін дасягнулі дзясяткаў кілаграмаў на гектар, медыкі забілі трывогу і на першы план выйшлі пытанні якасці і «экачысціні» таго, што мы ядзім. У прыродных біяцэнозах адсутнічаюць натуральныя сістэмы нейтралізацыі злучэнняў, атрыманых у выніку хімічнага сінтэзу, сцвярджалі медыкі. Жорстка эксплуатаваць зямлю і не вяртаць ёй узятае — шлях у нікуды, дадавалі эколагі. Для вытворчасці здаровай ежы трэба браць у саюзнікі мікраарганізмы і бактэрыі, а жорсткія «хімічныя» тэхналогіі пакінуць у мінулым, паўтаралі і тыя, і другія. Словам, усё новае — добра забытае старое. А прыгадаць яго дапамагаюць старыя кнігі.

Дарэчы, родапачынальнікам арганічнага падыходу да земляробства (у сучасным разуменні) у Беларусі можна лічыць якраз класіка нашай літаратуры — Якуба Коласа. У 1950-х пісьменнік актыўна «земляробнічаў» на сваім прысядзібным участку. Але, як чалавек выключна таленавіты і энцыклапедычна адукаваны, і да гэтага пытання ён падышоў, як сёння сказалі б, крэатыўна. Па легендзе, ураджаі, якім дзівіліся суседзі, ён атрымліваў па тэхналогіі... 1611 года. Крыніцай натхнення для класіка паслужыла работа «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» сярэднявечнага гісторыка Аляксандра Гваньіні, выдадзеная ў пачатку XVІІ стагоддзя па-польску ў Кракаве. Гэта адно з першых дэталёвых геаграфічных, эканамічных і геапалітычных апісанняў ВКЛ. У прыватнасці, там падрабязна расказваецца аб старажытных спосабах земляробства на тэрыторыі сучасных Магілёўшчыны і Віцебшчыны.

Па шляху Коласа сёння ідуць супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь (дзе, дарэчы, у аддзеле рэдкіх кніг ёсць работа Гваньіні, а таксама мноства кніг і перыёдыкі, карысных сучаснаму «эказемляробу»). Клімат, вядома, змяняецца, але старыя спосабы па-ранейшаму нядрэнна працуюць на дачных участках, запэўніваюць яны.

— Сучасныя агароднікі-садаводы шукаюць адказы на свае пытанні ў інтэрнэце, — адзначае намеснік дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Ала Пенда. — Але за дакладнасць інфармацыі ў інтэрнэце ніхто не адказвае. Асабіста я — а я таксама агароднік-аматар — карыстаюся іншымі крыніцамі. Напрыклад, выданнямі, якія выходзілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў блакадным Ленінградзе, у Маскве, а пасля вызвалення БССР — і ў нашай рэспубліцы. Акадэмія навук СССР працавала і падчас вайны, у яе складзе былі і беларускія навукоўцы. Простай мовай, літаральна «пакрокава» вучоныя тлумачылі, як выгадаваць высокія ўраджаі: накарміць краіну і армію тады было першачарговай задачай. Памылак у гэтых кнігах і артыкулах няма і быць не можа, таму што цаной памылкі для навуковых супрацоўнікаў у тыя гады было, без перабольшання, жыццё. Каштоўна і тое, што гэтыя выданні разлічаныя ў першую чаргу на людзей без аграрнай адукацыі, у тым ліку гарадскіх жыхароў. Так, у блакадным Ленінградзе кожны кветнік станавіўся градкай і ўраджаі, па ўспамінах відавочцаў тых падзей, былі годнымі.

Можна звярнуцца да выданняў тых часоў, калі спосабы земляробства па вызначэнні былі «эка»

Можна звярнуцца і да больш ранніх выданняў, гаворыць суразмоўніца. Чытаць старадаўнія тэксты ці нават тэксты больш «маладыя», але з «яцямі», спадабаецца не кожнаму. Але вось артыкулы і брашуры 1930-х лёгкія для сучаснага чытача, а спосабы земляробства тады апрыёры былі «эка».

Цёплыя градкі для таматаў і радыскі

А яшчэ карысна перад «пасяўной на ўласных градках» пагартаць старыя падшыўкі газет.

— Асаблівасцю БССР у 1930–1940-х гадах быў высокі інтарэс менавіта да прэсы, газет і іншых перыядычных выданняў, ва ўсіх пластах грамадства, — распавядае Ала Пенда. — І для беларускага чытача агратэхналогіі тлумачылі менавіта газеты. Вось, напрыклад, артыкул у «Советской Белоруссии» за 4 сакавіка 1945 года, які распавядае аб цёплых градках для таматаў. Калі вы лічыце, што цёплыя градкі прыдумалі «на нашай памяці», вы памыляецеся.

У артыкуле «Больш ранняй гародніны» за аўтарствам начальніка садавіна-агародніннага ўпраўлення Наркамзема БССР М. Хабенкі паведамляецца, што тэхналогія дазваляе атрымаць прадукцыю нашмат раней, чым у няўцепленым грунце.

— І гэта праўда: як кажуць, праверана на сабе, — пацвярджае Ала Пенда.

«Усе віды ўцепленага грунту неабходна размяшчаць на месцах узвышаных, добра асветленых сонцам, абароненых з паўночнага і ўсходняга бакоў. Спачатку пракладваецца шырокая і глыбокая разора, у якую накладваецца гарачы гной пластом 25–30 см. Да гною з бакоў прывальваецца зямля і разраўноўваецца граблямі. На ноч пасевы на ўцепленым грунце ўкрываюцца мешкавінай, рагожай, саламянымі матамі. Уздоўж град або грабянёў забіваюцца калкі, і да іх прымацоўваюцца тычыны, на якіх трымаецца сховішча. На ўцепленым грунце вырошчваюцца таматы, агуркі, радыска, салата, цыбуля. Расаду таматаў можна высаджваць на ўцепленыя грады ў першых чыслах мая. Пасадка здзяйсняецца нахільна ўздоўж грады на адлегласці 18 см рад ад раду і расліна ад расліны. Пад расаду таматаў гной выкладваецца ў градкі пластом да 40–50 см. Па заканчэнні замаразкаў расліны паднімаюць і прывязваюць да калоў.

Агуркі лепш вырошчваць на ўцепленых грабянях, для якіх наразаюцца разоры шырынёй да 50 см, у іх укладваецца гной пластом да 20 см над паверхняй зямлі. Зямлю прыкочваюць з бакоў, апраўляюць грабянямі так, каб па краях утварыліся ўзвышэнні. Уздоўж сярэдзіны грэбня праводзяць дзве баразёнкі, у якія высаджваецца расада агуркоў. На ноч грабяні ўкрываюць».

Пасеў радыскі на ўцепленыя градкі ажыццяўляюць у пачатку красавіка. Пасевы накрываюцца да з`яўлення ўсходаў, потым укрыцці на дзень здымаюцца, паведамляе крыніца.

«Пры наяўнасці тарфяна-гнаявых збанкоў пасеў насення на расаду можна пачынаць раней, затым высаджваць на градкі расаду больш дарослую, што яшчэ паскорыць атрыманне ўраджаю». Тут жа апісана, як такія збанкі зрабіць самастойна (хоць у наш час купіць іх не праблема, але калі мы жадаем весці агарод аўтэнтычна — дык хай ужо будзе аўтэнтычна). Рэцэпты розныя. Напрыклад, дзве часткі торфу, дзве часткі каровінага гною і адна частка дзярновай зямлі.

Другі хлеб — як мага раней

Вялікі артыкул за красавік 1945-га прысвечаны яравізацыі (прарошчванню) насеннага матэрыялу бульбы ранніх сартоў — «аднаму з найважнейшых мерапрыемстваў па вырошчванні высокіх і максімальна ранніх ураджаяў гэтай культуры». Прапануюцца два спосабы — на святле па метадзе акадэміка Лысенкі і ў вільготным асяроддзі пры адсутнасці святла.

Агратэхналогіі часта тлумачылі газеты

«Лепш за ўсё адбіраць клубні вагой не больш за 50–60 грамаў», раіць крыніца, «папярэдне вызваліўшы іх ад ужо наяўных парасткаў». Па Лысенку адабраныя і прасушаныя клубні ўкладваюцца ў памяшканні з тэмпературай 12–15 градусаў пластом да 20 см (святло пакуль не патрэбна). Як толькі вочкі крануцца ў рост (2-3 мм), клубні раскладваюцца ўжо на святле ў адзін пласт і вытрымліваюцца пры той жа тэмпературы. Пазней тэмпературу змяншаюць да 10–12 градусаў. Да часу высадкі ў грунт парасткі павінны быць зялёнымі, дужымі, памерам 0,5–1 см. А зручней за ўсё, піша аўтар, нанізваць клубні для яравізацыі на тонкі дрот ці шпагат, апрацаваныя двухпрацэнтным растворам фармаліну. «Памеры знізак робяць рознымі: на дроце ў залежнасці ад вышыні памяшкання — да 3 м, на шпагаце — не больш за 1,5 м. Яравізацыю бульбы на шпагаце або дроце з поспехам можна праводзіць у кватэрных умовах, што вельмі каштоўна».

Спосаб яравізацыі ранняй бульбы ў вільготным асяроддзі быў распрацаваны Інстытутам бульбяной гаспадаркі. Асяроддзем можа служыць торф, мокрае пілавінне, саламяная дробная сечка. За 15–20 дзён да высадкі ў грунт клубні выкладваюцца пластом у адзін клубень у такі вільготны грунт пры тэмпературы 16–17 градусаў. «Да канца яравізацыі клубні даюць масу моцных махрыстых каранёў, а парасткі павінны быць не больш за 2-3 см».

Апісаны і яшчэ адзін спосаб яравізацыі ранняй бульбы — у конскім гноі або сумесі конскага і каровінага гною (тэмпература ў бурце павінна быць не больш за 17–20 градусаў, а тэрмін яравізацыі — 14–16 дзён). Пасадка прарошчанай бульбы дапускаецца, калі глеба на глыбіні 10–12 см прагрэецца да 5-6 градусаў.

Агуркі: вялікія ці маленькія?

Вырошчванню агуркоў у адкрытым грунце прысвечана выданне 1935 года Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута агародніннай гаспадаркі, якое пабачыла свет у Мінску. Апроч іншага, тут разглядаюцца розныя спосабы падрыхтоўкі арганічных угнаенняў «з падручных матэрыялаў», якія дазваляюць атрымліваць высокія ўраджаі. «Калгас «Чырвоны гароднік» (прыгарад Менска) ад прымянення ўгнаенняў з гарадскога смецця атрымлівае ўраджай агуркоў 370 цэнтнераў з гектара», паведамляе выданне.

«Іншы раз пасевы пападаюць пад дзеянне ранішнікаў. Добрую страхоўку дае пасеў у два-тры тэрміны з прамежкам у пяць—восем дзён. Для пасеву намячаецца не адна, а дзве-тры баразёнкі. Адна засяваецца пры першым тэрміне пасеву, яна робіцца найбольш глыбокай. Другая — праз пяць дзён. Калі ёсць небяспека замаразкаў, пасеў праводзіцца і ў трэцюю баразёнку».

Брашуру ў далёкім 1935 годзе, відавочна, чыталі ўважліва: асобныя прапановы невядомы чытач падкрэсліў сінім хімічным алоўкам. Яго ўвагу прыцягнулі, напрыклад, такія парады навукоўцаў: «Пры рыхленні глебы ў радках вельмі карысна лёгкае акучванне раслін — да семядоляў. Пасля акучвання развіваюцца дадатковыя карані, якія жывяць і ўмацоўваюць расліны. Акучванне праводзіцца на вільготнай глебе»; «Паліваць патрэбна да поўнага прамочвання верхняга слою глебы. Слабае спырскванне глебы не толькі не прыносіць карысці, але нават шкодзіць»; «Ва ўсіх выпадках паліўкі вадкімі ўгнаеннямі трэба памятаць, што моцным растворам можна абпаліць карані. Таму ўгнойвальныя паліўкі прымяняюцца ў слабых растворах і па вільготнай глебе. Гноевую жыжу трэба разбаўляць 3-4 часткамі вады»; «Вялікае значэнне для павышэння колькасці і якасці ўраджаю маюць паўтаральныя зборы пладоў праз 1-2 дні. Чым радзей і больш у беспарадку праводзяцца зборы, тым менш атрымліваецца агульны ўраджай па вазе».

— Цікавая дэталь, — тлумачыць суразмоўніца. — Сёння спажыўцу падабаюцца маленькія агурочкі — зелянцы або карнішоны. У пачатку і сярэдзіне мінулага стагоддзя, мяркуючы па друкаваных крыніцах, агуркі імкнуліся вырасціць большымі, перш чым сарваць (зразумела, не даўшы ім пераспець). Зрываць дробны плод было проста марнатраўна.

Цікавы і падбор сартоў, прапанаваных да вырошчвання на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Большасць з іх адышлі ў нябыт, але, напрыклад, «Нежынскія» агурочкі або народны сорт «Доўжык» (зараз ён селекцыяніраваны ў Інстытуце плодаагародніцтва з аднайменнага мясцовага сорту) дачнікі росцяць да гэтага часу.

Такія ж падрабязныя брашуры Усесаюзны інстытут агародніннай гаспадаркі выпускаў у 30-я гады мінулага стагоддзя па шматлікіх культурах — дыні, гарбузу, кавуну, тапінамбуру... Былі падобныя інструкцыі па садовых раслінах, па вырошчванні ягад і па пчалярстве. Азнаёміцца з парадамі амаль стагадовай даўніны для агароднікаў-садаводаў можна ў аддзеле старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, у чытальную залу якой (у правым крыле Дома ўрада), паўторымся, пускаюць усіх, хто выкажа жаданне. І калі ўсё новае — добра забытае старое (а гэта, безумоўна, так), то, мабыць, менавіта ў старых выданнях дачнікі трэцяга тысячагоддзя адшукаюць мноства лайфхакаў для эказемляробства.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.