Вы тут

Андрэй Худык: «Экалагічная сітуацыя ў цэлым спрыяльная»


На пашыраным пасяджэнні калегіі Мінпрыроды міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык агучыў асноўныя вынікі работы ведамства ў мінулым годзе. Так, у сферы аховы навакольнага асяроддзя ў 2023 годзе прынята больш за 75 нарматыўных прававых актаў, у тым ліку Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пяць Законаў, два распараджэнні Прэм’ер-міністра, 15 пастаноў Савета Міністраў, 55 пастаноў Мінпрыроды. Маштабная работа праведзена для падрыхтоўкі праекта Канцэпцыі Экалагічнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 



Новы для нашай краіны дакумент накіраваны на сістэматызацыю актаў заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ўстанаўленне прыярытэту прыродаахоўнага заканадаўства над прыродарэсурсным, а таксама прыярытэту аховы кампанентаў прыроднай асяроддзя над іх выкарыстаннем у працэсе гаспадарчай і іншай дзейнасці.

Забяспечаны прырост запасаў нафты, базальтаў, туфаў, суглінку, розных відаў пяску (для будаўніцтва, рамонту аўтамабільных дарог), торфу, прэсных і мінеральных падземных вод і інш. Падрыхтаваны і перададзены ў распрацоўку больш за 45 радовішчаў (іх частак) карысных выкапняў.

Праводзіліся розныя віды маніторынгу навакольнага асяроддзя Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь. Так, згодна з вынікамі маніторынгу якасці атмасфернага паветра, у гарадах яно значна палепшылася. Гэтаму садзейнічае кантроль за выкананнем мерапрыемстваў па скарачэнні выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу. Толькі за кошт рэалізацыі мерапрыемстваў па будаўніцтве, рэканструкцыі, мадэрнізацыі газаачышчальных установак выкіды ў 2023 годзе скараціліся на 4,4 тыс. т.

Дасягненні зводных мэтавых паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў на 2021—2025 гады»:

  • прырост рэсурсаў нафты — 457 тыс. т (182,8 % ад плана);
  • зніжэнне выкідаў парніковых газаў да ўзроўню 1990 года — 40 % (124 % ад плана);
  • рэалістычнасць кароткатэрміновых прагнозаў надвор'я па абласных цэнтрах — 95,9 % (на 3,1 % вышэй за план);
  • удзельная вага плошчы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) у агульнай плошчы краіны — 9,1 % (100% ад плана).

Дэманструецца істотны прагрэс у пытаннях захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці краіны. Забяспечана перадача пад ахову карыстальнікам 296 месцаў пасялення дзікіх жывёл і месцаў росту дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, 16 555,5 га тыповых і (або) рэдкіх прыродных ландшафтаў, тыповых або рэдкіх біятопаў. На 1 студзеня 2024 года функцыянуе 1354 ААПТ.

Дзякуючы планамернай працы навукоўцаў з 4-га выдання Чырвонай кнігі было выключана 20 відаў дзікіх жывёл і 8 відаў дзікарослых раслін і грыбоў (у наступным выданні плануецца выключыць яшчэ 12 відаў жывёл і 26 відаў раслін). Прапануецца знізіць ахоўны статус для зубра еўрапейскага, рысі, барсука звычайнага, бурага мядзведзя і інш.

Адначасова працягваецца барацьба з інвазійнымі раслінамі. У справаздачны перыяд поўнасцю знішчана 743 месцы росту баршчэўніку Сасноўскага (647,4 га) і 1169 месцаў росту сумніку канадскага агульнай плошчай (566,1 га).

Добрыя вынікі і на міжнароднай арэне. У мінулым годзе Мінпрыроды рэалізоўвала пяць праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі (МТП) па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і змякчэння наступстваў змянення клімату з агульным бюджэтам больш як 15 млн долараў ЗША.

Працягнута работа па ахове і захаванні трансгранічнага аб’екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча». У выніку 45-й сесіі Камітэта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА было вырашана накіраваць у сакавіку ў нацпарк рэактыўную маніторынгавую місію ЮНЕСКА і Міжнароднага саюза аховы прыроды. Задачы візіту — правядзенне аб’ектыўнай ацэнкі сітуацыі і выяўленне пагроз для прыроднага комплексу.

Апрача таго, прыродаахоўным ведамствам наладжваецца і развіваецца супрацоўніцтва з новымі замежнымі партнёрамі. Напрыклад, быў падпісаны пакет двухбаковых дакументаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і геолагаразведкі з Кітаем і Венесуэлай.

Шмат увагі ўдзяляецца экалагічнай асвеце насельніцтва. Так, на 1 студзеня 2024 года 413 устаноў адукацыі маюць статус «Зялёная школа», 23 установы ўдзельнічаюць у праекце «Зялёныя класы беларускай сталіцы». Усяго за 2023 год арганізавана 2315 экалагічных мерапрыемстваў з удзелам каля 160 тыс. чалавек (больш за 30 тыс. з іх — моладзь і падлеткі). 

Напрыканцы калегіі міністр падкрэсліў:

— Неабходна сур’ёзная праца — як у цэнтральным апараце, так і на месцах. Толькі комплекснае развіццё ўсіх кірункаў прыродаахоўнай дзейнасці дасць магчымасць дабіцца максімальнага эфекту ад іх рэалізацыі і забяспечыць высокую якасць навакольнага асяроддзя і спрыяльныя ўмовы для жыцця людзей. Асабліва гэта важна ў Год якасці.

Мерапрыемства завяршылася цырымоніяй узнагароджання калектываў арганізацый і работнікаў сістэмы Мінпрыроды, якія ўнеслі найбольш значны ўклад у выкананне задач ведамства.

Александрына ПАРШЫНА

Фота Андрэя КАРАБЕЛЬНІКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.