Вы тут

Адкуль у Зайца кажушок


Некалі Расціслаў Бензярук у аўтабіяграфічным вершы прыгадваў свае пачаткі: «На парозе вясны, сярод лютай вайны, меў я шчасце калісь нарадзіцца». І вось 27 лютага да пісьменніка, які жыве ў Жабінцы і дасюль актыўна шчыруе на творчай ніве, завітаў прыгожы юбілей — 80 гадоў з дня нараджэння. 


Расціслаў і Анатоль Бензерукі

І ў вершах, і ў прозе Расціслаў Мацвеевіч не раз прыгадваў няпростае сваё пасляваеннае маленства, нізка схіляючы ў думках пасівелую галаву перад матуляй Кацярынай і бабуляй Дуняй, якія выхавалі, далі адукацыю, вывелі ў вялікі свет вясковага хлапчука. У памяці і вобраз таты Мацвея Усцінавіча, што загінуў у студзені сорак пятага на варшаўскім напрамку, калі малодшаму сыну і года яшчэ не было…

Але шматлікія добрыя людзі, што трапляліся на жыццёвым шляху, пабачылі і падтрымалі іскрынкі маладога таленту, літаральна прымусілі паверыць сціплага юнака ў свае сілы. Так і атрымалася, што ў асяродку беларускай літаратуры аднойчы і назаўжды загучаў арыгінальны голас Расціслава Бензерука. 

Вядома, у самым пачатку крыху паспрыяла ўдача. А яна ж — дама капрызная — не да кожнага ставіцца ласкава... Талент, памножаны на ўменні ды працалюбства, падтрыманыя той самай удачай, надоўга замацавалі за Расціславам Мацвеевічам высокі «тытул» дзіцячага пісьменніка. Нездарма яго творы ўжо паўвека вывучаюць ў школе. Было і шмат кніг паэзіі і прозы, прысвечаных дарослым. Аднак Бензеруку наканавана, як некалі Чукоўскаму ці Маршаку, заставацца перш-наперш аўтарам для самых маленькіх чытачоў, нават тых, хто яшчэ чытаць не ўмее, але ўважліва слухае маму або бабулю, выхавальніцу ці настаўніцу, якія чытаюць «на славу казкі дзеда Расціслава». 

Таму ёсць прычына ў юбілейны час падрабязней расказаць, як у айчыннай літаратуры некалі нарадзіўся «казачнік з Жабінкі». І адбылося гэта дзякуючы выпадковай (ці ўсё ж заканамернай?) сустрэчы ў далёкім студзені 1971 года... 

Ва «ўдачы» было гучнае імя — Васіль Вітка, тагачасны рэдактар вядомага дзіцячага часопіса «Вясёлка». Цімох Васільевіч Крысько (сапраўднае імя Віткі) прыняў маладое дараванне і прапанаваў прачытаць свае творы. У кейсе (як бы цяпер сказалі) пачаткоўца былі апавяданні. Расціслаў чытаў адно, другое, трэцяе... Масціты пісьменнік слухаў, не перабіваў, але і радасці не выказваў. Калі апавяданні скончыліся, мэтр нарэшце запытаў: 

— І ўсё?

Было зразумела: гэта правал. Аднак замест таго, каб пакрочыць да дзвярэй, Расціслаў Бензярук усё ж зрабіў апошнюю адчайную спробу ўратаваць становішча. 

— Ёсць яшчэ казка…

— Чытайце, — спакойна прапанаваў рэдактар. 

Так упершыню прагучала казка, якая стала візіткай Расціслава Мацвеевіча. Яна мела назву «Зайцава футра». Аўтар чытаў, а Васіль Вітка мяняўся на вачах: стаў рухавы, твар ажывіўся, вусны заўсміхаліся, быццам паспытаў нешта вельмі смачнае, а затым сказаў упэўнена:

— Гэта найлепшае, што вы сёння нам прывезлі! Але чаму «Зайцава футра»? Футра — у лісы, мядзведзя, а ў зайца — кажушок. Так-так, кажушок. Падумайце: «Зайцаў кажушок», — і Вітка дзіўна прыцмокнуў языком, мусіць, ад сваёй знаходкі. 

Гэтак ужо ў красавіцкім нумары за 1971 год «Зайцаў кажушок» з’явіўся на старонках «Вясёлкі», а малады аўтар паверыў, што можа стаць пісьменнікам-казачнікам. 

З лёгкай Віткавай рукі казка трапіла на старонкі школьных падручнікаў і дапаможнікаў, яе чыталі на абласным тэлебачанні, зрабілі перадачу для «Калыханкі».

Таму не дзіўна, што, калі ў 2005 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыла свет чарговая кніга казак Расціслава Бензерука, яна атрымала назву «Зайцаў кажушок» і прысвячэнне «Светлай памяці Васіля Віткі». А праз год Расціслаў Мацвеевіч супольна з Вісарыёнам Крысько (сынам свайго Настаўніка ў дзіцячай літаратуры) стварыў кніжку абразкоў «Жыў на свеце дзед Васіль». Абодва выданні чакаў шчаслівы лёс: «Зайцаў кажушок» быў уганараваны літаратурнай прэміяй Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка, а абразкі «Пра Васіля Вітку, ягоны час і сяброў» чакала прызнанне на рэспубліканскім узроўні. 

Здаецца, усё... Аднак гэтая гісторыя займела нечаканы працяг у 2024 годзе. Калі я гартаў старонкі бязмежнага інтэрнэту, выпадкова трапіўся на вочы невядомы «В. Бензерук». Можа, сваяк? Альбо аднафамілец?.. Адкрываю старонку, а там... казка! Нейкія паны-дабрадзеі вырашылі выкласці «ў лічбе» ўсе нумары ўсесаюзнага часопіса для школьнікаў «Костёр», і вось у № 6 за 1972 год у раздзеле «Вугалёк»... не, не «Зайцаў кажушок» — «Заячья шубка» ў перакладзе вядомага савецкага і расійскага паэта Міхаіла Яроміна. Вось як Зайку апраналі: то ў футру, то ў шубку. Але ж меў, меў рацыю мудры Вітка: кажушок найлепшы! 

А тое, што слынны перакладчык няправільна «пераклаў» імя казачніка... Ёсць і гэтаму тлумачэнне: сам не раз папраўляў тых, хто звяртаўся да мяне «Анатоль Вячаслававіч»: 

— Бацька ў мяне Расціслаў, а я, адпаведна, Расціслававіч! 

Дарэчы, яшчэ часцей, чым імёны, блытаюць нашу творчасць і літаратурныя дасягненні. Усё ж неардынарная справа, калі ў адным Саюзе пісьменнікаў Беларусі адразу два Бензерукі — і бацька, і сын: так бы мовіць, і яблыня, і яблычак…

Мабыць, каб хоць нейкім чынам «прымірыць» гэткі стан рэчаў з «суровай» рэчаіснасцю, паэтэса і празаік Зінаіда Дудзюк аднойчы напісала эпіграму «Абодвум адразу»: 

Па тых шляхах, 

Дзе мы хадзілі сёння, 

Натхненне наша 

Гойсала на ўлонні. 

Яго лавіць 

Заўжды з рукі 

Умеюць 

Два Бензерукі. 

Многія пісьменнікі прызнаюцца: «Мае кнігі мне як дзеці». Калі гэта так, дык Расціслаў Бензярук даўно шматдзетны бацька. Кніжак надрукавана ўжо сямнаццаць, вось ужо і новая на падыходзе. Будзе яна сатырычная і гумарыстычная, са шматлікімі дасціпнымі і добрымі пародыямі на калег па пяры ад аўтара «Зайцава кажушка». 

Ён і сам не раз у падарунак ад сяброў-пісьменнікаў атрымліваў незласлівыя эпіграмы. Прыкладам, ад Анатоля Шушко, напісаную дзесяць гадоў таму да мінулай круглай даты. Анатоля Іванавіча, на жаль, ужо няма з намі, але яго вясёлае прысвячэнне дасюль грэе душу:

Мацеева сына-растка Расціслава 

Шушковая рыфма віншуе яскрава 

З ягонымі ўгодкамі юбілейнымі, 

Яшчэ каб дзясяткі былі пасеяны!

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота з сямейнага архіва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.