Вы тут

Куды рушыць амерыканскі штат «адзінокай зоркі»?


Губернатар амерыканскага штата Тэхас Грэг Эбат аб’явіў аб пачатку будаўніцтва вайсковай базы ў горадзе Ігл-Пас недалёка ад граніцы з Мексікай для стрымлівання нелегальнай іміграцыі. Эбат растлумачыў, што на базе будуць размяшчацца да 1800 салдат з магчымасцю пашырэння да 2300 вайскоўцаў, паведаміла ТАСС. «Новы ваенны лагер, які дасць магчымасць нацыянальнай гвардыі Тэхаса палепшыць правядзенне аперацый у гэтым раёне», — сказаў Грэг Эбат. Як вядома, напружанасць паміж уладамі штата Тэхас і Белым домам з-за наплыву нелегальных мігрантаў з Мексікі абвастрылася напрыканцы студзеня. Тэхаскі губернатар заявіў, што гатовы да канфлікту з федэраламі дзеля абароны граніц. Раней улады штата прыцягнулі мясцовую нацыянальную гвардыю для абароны ад патоку нелегальных мігрантаў, а таксама пачалі будаўніцтва сцяны з калючага дроту. Новы міграцыйны закон Тэхаса, які набудзе моц 5 сакавіка, дазволіць тэхаскім уладам арыштоўваць і дэпартаваць людзей, якія падазраюцца ў незаконным перасячэнні граніцы. Куды ж рушыць амерыканскі штат «адзінокай зоркі»?


Нелегалы, зброя, наркотыкі

Паток людзей, якія незаконна перасякаюць амерыканскую граніцу, дасягнуў небывалых маштабаў. Так, у снежні мінулага года з боку Мексікі ў ЗША прыбылі 225 тысяч нелегальных мігрантаў. Гэта рэкордны паказчык з 2000-га. Агулам за час прэзідэнцтва Байдэна ў ЗША прыбылі каля чатырох мільёнаў мігрантаў. І гэта толькі афіцыйныя даныя, адзначыла БелТА. Сітуацыя пагаршаецца тым, што разам з мігрантамі на тэрыторыю ЗША пападае зброя і наркотыкі. У амерыканскіх СМІ неаднаразова пісалі, што ў Злучаных Штатах вылілася апіоідная эпідэмія. Штогод яе ахвярамі становяцца каля 100 тысяч жыхароў краіны.

Толькі ў 2022 годзе паліцыя Тэхаса канфіскавала на тэрыторыі штата больш за 385 мільёнаў смяротных доз апіоіду фентанілу, які завозіцца ў ЗША пераважна з Мексікі. Па словах губернатара Грэга Эбата, такога аб’ёму хапіла б, каб «забіць усё насельніцтва Злучаных Штатаў». Вінаватым у апіоіднай эпідэміі, як і ў цэлым у міграцыйным крызісе, па яго меркаванні, з’яўляецца не хто іншы, як дзейны прэзідэнт ЗША. Губернатар Тэхаса неаднаразова ўказваў на няздольнасць Байдэна гарантаваць бяспеку дзяржаўнай граніцы і абараніць уласных грамадзян. Бяздзейнасць Вашынгтона заахвоціла Эбата прыняць шэраг самастойных рашэнняў па абароне Тэхаса ад нелегальнай міграцыі. Аднак у Белым доме такое самаўпраўства не ацанілі.

«Туры» для мігрантаў

Працягласць граніцы паміж ЗША і Мексікай складае больш за 3,1 тысячы кіламетраў, з іх каля дзвюх тысяч кіламетраў прыпадае на Тэхас. Улады штата выдатна разумелі, што гарантаваць бяспеку і спыніць некантраляваны паток нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Мексікі сваімі сіламі будзе няпроста. Таму спачатку Эбат спрабаваў пераканаць федэральныя ўлады ў неабходнасці ўмацаваць граніцу, прасіў вылучыць на гэтыя мэты фінансаванне, звяртаўся ў суды. Паралельна з гэтым губернатар Тэхаса распачаў шэраг правакацыйных крокаў, якія выклікалі ў ЗША далёка неадназначную рэакцыю. У прыватнасці, Эбат пачаў арганізоўваць для мігрантаў бясплатныя рэйсы да Вашынгтона.

Першыя аўтобусы з мігрантамі накіраваліся ў сталіцу ў красавіку 2022 года. Каб федэральныя ўлады па заслугах ацанілі такі крэатыў, Эбат адправіў два аўтобусы наўпрост да рэзідэнцыі віцэ-прэзідэнта ЗША Камалы Харыс. Каля дзвярэй Харыс высадзіліся каля 100 чалавек, якія незаконна трапілі на тэрыторыю ЗША з Венесуэлы, Калумбіі, Мексікі і Уругвая. Услед за Вашынгтонам аўтобусы з мігрантамі пачалі прыбываць у Нью-Ёрк і Чыкага. Ініцыятыву Эбата падтрымалі губернатары Арызоны і Фларыды. Для паўднёвых штатаў, якія нясуць асноўны цяжар міграцыйнага крызісу, выправаджэнне мігрантаў у той жа Вашынгтон ці Нью-Ёрк, бліжэй да федэральных улад, стала своеасаблівай акцыяй пратэсту. Аднак знайшлося нямала тых, хто выступіў з асуджэннем падобнай практыкі. Сам Эбат, каментуючы інфармацыю аб масавай адпраўцы мігрантаў у штаты Нью-Ёрк і Вашынгтон, заявіў, што такім чынам ён абараняе дзяржаўную граніцу, у той час як адміністрацыя амерыканскага лідара Джо Байдэна ў гэтым пытанні нічога не робіць.

На фоне масавага прыбыцця мігрантаў з Тэхаса і Арызоны ўлады Вашынгтона заявілі аб гуманітарным крызісе і запыталі дапамогу ў нацыянальнай гвардыі і адміністрацыі Байдэна, паведаміла БелТА. Аднак у Мінабароны ЗША адмовіліся прадаставіць падтрымку штату. Забілі трывогу і ў Нью-Ёрку. З вясны 2022-га да верасня 2023-га ў мегаполіс прыбылі больш за 110 тысяч мігрантаў. Мэр горада Эрык Адамс заявіў, што цэнтры ўтрымання бежанцаў перапоўнены, і калі сітуацыя не вырашыцца, то людзей давядзецца размяшчаць у Цэнтральным парку на Манхэтэне. Па словах Адамса, міграцыйны крызіс можа разбурыць Нью-Ёрк. У сувязі з гэтым мэр звярнуўся па дапамогу да Белага дома. Аднак адміністрацыя Байдэна ў чарговы раз самаўхілілася. Тым часам улады Тэхаса пачалі перапраўляць мігрантаў у іншыя штаты не толькі аўтобусамі, але і самалётамі. Першы такі рэйс быў выкананы напрыканцы мінулага года. Самалёт, на борце якога знаходзіліся больш за 120 мігрантаў, быў накіраваны ў Чыкага.

«Тэхас вывеў аперацыю „Адзінокая зорка“ на новы ўзровень. Я падпісаў новыя гістарычныя законы, якія дапамогуць абараніць наш штат і нашу нацыю ад безразважнай палітыкі адкрытых граніц Байдэна. Тэхас пашырыў дзейнасць, уключыўшы ў яе рэйсы ў Чыкага», — напісаў Эбат у сацсеткі. Усяго з 2022 года з Тэхаса былі вывезены больш за 100 тысяч нелегальных мігрантаў.

Супраць федэралаў

Разам з адпраўкай мігрантаў у іншыя штаты ўлады Тэхаса прынялі шэраг экстраных мер па ўзмацненні бяспекі. «Я прымяніў адпаведныя палажэнні канстытуцыі ЗША і штата Тэхас, каб прыняць беспрэцэдэнтныя меры для абароны нашага штата ад уварвання», — заявіў губернатар у лістападзе 2022 года. Эбат паведаміў, што на граніцы Тэхаса будуць размешчаны байцы Нацыянальнай гвардыі ЗША і супрацоўнікі Дэпартамента грамадскай бяспекі штата, якія зоймуцца выяўленнем, затрыманнем і выправаджэннем нелегальных мігрантаў, а таксама ўзвядзеннем дадатковых ахоўных збудаванняў, патруляваннем рэк і азёр.

У лютым мінулага года ўлады Тэхаса аднавілі будаўніцтва сцяны ўздоўж граніцы з Мексікай. «Тэхас будуе ўласную пагранічную сцяну», — паведаміў Эбат. Праект распрацоўваўся на працягу некалькіх месяцаў. Кошт кантракта з будаўнічай кампаніяй ацэньваецца ў $167 млн. Улетку мінулага года ўлады Тэхаса пачалі ўсталёўваць загароды ўздоўж ракі Рыа-Грандэ, уздоўж якой праходзіць граніца паміж ЗША і Мексікай. Паводле слоў Эбата, бар’ер закліканы абараніць Тэхас ад наплыву мігрантаў, а таксама ад увозу зброі і наркотыкаў з Мексікі.

Самаўпраўства Тэхаса ўсё ж не засталося незаўважаным. Адміністрацыя Байдэна заявіла, што ўлады штата ўмешваюцца ў пытанні міграцыйнага і пагранічнага кантролю, якія знаходзяцца ў федэральным веданні. Пытанне было вынесена на ўзровень Вярхоўнага суда, які вынес рашэнне на карысць федэральных улад.

Згодна з пастановай суда, пакуль вядзецца судовы разбор, патрулі пагранічнай службы маюць права прыбраць драцяную агароджу даўжынёй каля 48 кіламетраў на амерыкана-мексіканскай граніцы ў Тэхасе. Аднак улады Тэхаса рашэнню суда падпарадкавацца адмовіліся. Нацыянальная гвардыя штата ўзяла пад кантроль адзін з прыгранічных участкаў у горадзе Ігл-Пас, заблакаваўшы доступ да граніцы супрацоўнікам федэральнай пагранічнай службы.

Міністэрства ўнутранай бяспекі запатрабавала ад улад Тэхаса забяспечыць доступ да граніцы агентам федэральнага пагранічнага патруля. Адпаведны ліст быў таксама накіраваны генеральнаму пракурору Тэхаса Кену Пакстану. Аднак генпракурор адказаў адмовай. Больш за тое, улады Тэхаса далі зразумець, што маюць намер не толькі захаваць агароджы, але і пабудаваць новыя. Так, віцэ-губернатар Тэхаса Дэн Патрык паабяцаў працягнуць калючы дрот уздоўж усёй граніцы штата з Мексікай. Ён называе Байдэна пагрозай і заклікае «сысці з дарогі»: «Прэзідэнт Байдэн пагражае Тэхасу, паколькі мы выконваем работу па забеспячэнні бяспекі граніцы, а ён — не. Мы маем права абараняць наш штат і краіну». Пры гэтым віцэ-губернатар адзначае, што, колькі б федэральныя ўлады ні спрабавалі перарэзаць калючы дрот, тэхасцы будуць працягваць аднаўляць агароджу.

У чаканні «тэкзіту»

Эбата падтрымалі яго калегі-рэспубліканцы з 25 штатаў ЗША. Яны апублікавалі сумесную заяву, у якой прызналі канстытуцыйнае права на самаабарону. Паводле звестак тэлеканала Fox News, калектыўны ліст Байдэну накіравалі генеральныя пракуроры 26 рэспубліканскіх штатаў. У лісце гаворыцца аб праве Тэхаса на абарону: «Гэта ўварванне, а штаты павінны мець магчымасць абараняць сябе ад уварвання».

Улады Тэхаса таксама звяртаюцца да сацыялагічных апытанняў, якія паказваюць, што меркаванне амерыканскага грамадства на баку паўднёвага штата. «Амаль 70% амерыканцаў падтрымліваюць узвядзенне Тэхасам загарод на мяжы, каб не дапусціць перасячэння граніцы нелегальнымі мігрантамі, у тым ліку 53% рашуча падтрымліваюць гэтую акцыю. Я буду працягваць змагацца за амерыканцаў і за самаабарону Тэхаса», — напісаў Эбат у сацсетцы Х. Пры гэтым губернатар заяўляе, што гатовы да магчымага канфлікту паміж Тэхасам і федэральнымі ўладамі. «Калі гэтая малаверагодная падзея ўсё ж адбудзецца, мы будзем гатовыя і далей рабіць тое, чым займаліся на працягу апошняга месяца, а менавіта — узводзіць бар’еры», — заявіў Эбат.

Са словамі падтрымкі ў адрас тэхаскага губернатара і рэзкай крытыкай адміністрацыі Байдэна выступіў Дональд Трамп. «Байдэн падбухторвае да масавага ўварвання мільёнаў нелегальных мігрантаў у ЗША. Замест таго каб змагацца і абараняць нашу краіну ад гэтага нападу, Байдэн, што неверагодна, змагаецца за тое, каб звязаць рукі губернатару Грэгу Эбату», — напісаў Трамп у сацсетцы Truth Socіal. Ён таксама заклікаў іншыя амерыканскія штаты аказаць садзейнічанне Эбату ў абароне мяжы. Трамп адзначыў, што цяперашняя сітуацыя на паўднёвай мяжы стала зброяй масавага разбурэння краіны. Пры гэтым экс-прэзідэнт паўтарыў сваю вядомую фразу аб тым, што Амерыка коціцца ў пекла. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што з-за масавага наплыву мігрантаў у ЗША могуць адбыцца тэракты. Апасенні наконт будучыні краіны выказаў кангрэсмен Клей Хігінс. На яго думку, ЗША можа пагражаць грамадзянская вайна. «Я думаю, што федэралы развязваюць грамадзянскую вайну, а Тэхас павінен стаяць на сваім», — напісаў Хігінс у сацсетцы X.

Не варта забываць і пра тое, што Тэхас — адзін найважнейшых штатаў у структуры эканомікі ЗША. Тут пражывае больш за 30 мільёнаў чалавек, якія вырабляюць для краіны амаль 10 працэнтаў ВУП. Калі б Тэхас быў краінай, то ўваходзіў бы ў дзясятку найбуйнейшых сусветных эканомік. Як казаў экс-губернатар штата Рык Пэры, гэта «ўнікальнае месца, вельмі незалежнае па сваім духу». І размовы аб так званым «тэкзіце» — выхадзе штата са складу ЗША — узніклі зусім не на пустым месцы. Тым больш, што ў гісторыі Тэхаса ўжо быў перыяд незалежнасці — ён існаваў як асобная рэспубліка з 1836-га да 1845-га, паміж аддзяленнем ад Мексікі і ўваходжаннем у склад ЗША. Тады кангрэс зацвердзіў сцяг дзяржавы — чырвона-бела-блакітнае палотнішча з зоркай. Менавіта гэта і стала падставай для таго, што пасля Тэхас пачалі называць штатам «адзінокай зоркі».

Тым часам стала вядома, што ў красавіку на экраны выйдзе фільм брытанскага рэжысёра Алекса Гарланда «Грамадзянская вайна». У ім апісваюцца магчымыя падзеі найбліжэйшай будучыні ў ЗША. Па сцэнарыі, штаты аб’явілі вайну Вашынгтону, прычым альянсы ўтварыліся вельмі мудрагелістыя. Напрыклад, на штурм амерыканскай сталіцы ідуць аб’яднаныя войскі Каліфорніі і Тэхаса…

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.