Вы тут

Як пазнаёміцца з гісторыяй горада?


Пазнаваць горад можна па-рознаму. Напрыклад, паглядзець на яго вачыма мастакоў. На карцінах, створаных імі, паказаны не толькі будынкі і вуліцы, у тым ліку і тыя, што ўжо змянілі сваё аблічча, але і эпізоды з жыцця гараджан. Камусьці цікава будзе даведацца, як абстаўляла свае дамы шляхта ў ХІХ стагоддзі, ці зазірнуць у яшчэ больш старажытныя часы, падказкі пра якія дадуць прадметы археалогіі. А можна сягнуць яшчэ далей, калі па гэтай зямлі хадзілі маманты і шарсцістыя насарогі — адметная карта пакажа, дзе былі знойдзены іх косткі. Навучыцца нестандартным падыходам да пазнання горада можна ў Музеі гісторыі горада Мінска. Пра сакрэты і здабыткі супрацоўнікаў гэтай установы распавядае тэматычны 12-ы нумар «Беларускага гістарычнага часопіса», задума стварэння якога, па словах галоўнага рэдактара «БГЧ» Аляксандра Корзюка, узнікла яшчэ год таму, калі калектыў выдання ладзіў у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (адным з філіялаў Музея гісторыі горада Мінска) сустрэчу, прымеркаваную да 30-гадовага юбілею часопіса.


Прэзентацыя тэматычнага нумара прайшла ў Ратушы. Яна сабрала супрацоўнікаў выдання, аўтараў, якімі, дарэчы, з’яўляюцца самі музейныя работнікі, студэнтаў і вучняў СШ № 173 і СШ № 223 імя Іона Солтыса.

Як заўважыла намеснік галоўнага рэдактара «Беларускага гістарычнага часопіса» Наталля Матусевіч, «калі няма ідэі, часопіс не адбудзецца». Таму супрацоўнікі выдання ставяць перад сабой амбіцыйную мэту — кожны нумар зрабіць не проста цікавым, але і карысным для чытачоў. Серыю «Музеі Беларусі» яны распачалі яшчэ ў 2022 годзе. Кожны часопіс, прысвечаны пэўнаму музею, — выдатны дапаможнік для настаўнікаў, педагогаў дадатковай адукацыі, экскурсаводаў. Змястоўныя і добра ілюстраваныя выданні дапамогуць зацікавіць навучэнцаў і турыстаў, паказаць ім, наколькі незвычайны музейны свет, даведацца пра некаторыя сакрэты, пра якія можна і не пачуць на экскурсіі.

Асаблівасць гэтага нумара яшчэ і ў тым, што яго імкнуліся зрабіць каштоўным для работнікаў музейных устаноў. Дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава прапанавала сваім супрацоўнікам распавесці ў «БГЧ» пра новыя формы работы, якія паказваюць, што сёння музей — гэта яшчэ і асяроддзе для творчасці, крэатыву, камунікацыі. Аўтары артыкулаў падказваюць, на што варта звярнуць увагу падчас экскурсій, падрыхтоўваюць да адкрыццяў не толькі па гісторыі, паколькі выставачная прастора дапамагае, у тым ліку, шукаць сувязі мінулага з сучаснасцю, спазнаваць сябе.

«У музеі вучацца глядзець і бачыць, слухаць і чуць», — падзялілася падчас сустрэчы загадчык навукова-асветніцкага аддзела Музея гісторыі Мінска Аксана Жукава. Прыходзіць сюды можна не адзін раз, і заўсёды вы даведаецеся нешта новае. Тут адкрываюцца часовыя экспазіцыі, праходзяць інтэрактыўныя праграмы, квэсты. Музей стаў і эксперыментальнай пляцоўкай, дзе наладжваюцца дыялогі паміж работнікамі музея і наведвальнікамі, юныя госці вучацца таксама ўзаемадзейнічаць адно з адным. Новыя праекты дазваляюць пашырыць веды, заўважаць дэталі, вучаць «чытаць рэчы». Напрыклад, апошнія чатыры гады ладзяцца выставы, якія расказваюць мінчанам пра іх саміх. Гараджане дзеляцца ўласнымі прадметамі, фатаграфіямі. Яны выкарыстоўваюцца ў часовых экспазіцыях, якія дазваляюць прадстаўнікам старэйшага пакалення ўзгадаць сваю маладосць (напрыклад, якую музыку слухалі, як сачылі за модай, чым захапляліся), а для больш юных наведвальнікаў — гэта цудоўная магчымасць больш даведацца пра жыццё, калі не было інтэрнэту і мабільных тэлефонаў.

Адна з новых прапаноў музея — пазнаёміцца з жыццём гараджан пачатку ХХ стагоддзя — якраз была створана дзякуючы супрацоўніцтва з мінчанамі. У горадзе яшчэ захаваліся старыя дамы, некаторыя нават з печкамі, а ў іх — назапашаныя прадстаўнікамі розных пакаленняў прадметы, па якіх можна счытваць гісторыю. Дзякуючы знаёмству з адной з сем’яў, што жыла ў Паўночным завулку з 1910 года і падзялілася старымі рэчамі і фотаздымкамі (у іх ужо ў 1930-х гадах быў уласны фотаапарат), музейшчыкі змаглі аднавіць «Сілуэты старога Мінска»: экспазіцыя прысвечана драўлянай забудове горада канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

Часта госці сталіцы блытаюцца: дык дзе ж ён — Музей гісторыі Мінска? А ўсё таму, што гэта цэлы комплекс разнапланавых экспазіцый. Яны размяшчаюцца непадалёк адна ад адной і пры жаданні за дзень можна паспець абысці дзесяць філіялаў. Перад музейшчыкамі стаяла вельмі адказная задача, якую на сустрэчы ў Ратушы і ў артыкуле ў «БГЧ» раскрыла загадчык аддзела экспазіцыйна-выставачнай работы Музея гісторыі горада Юлія Кавалёва: выявіць унікальнасць, ідэнтычнасць горада. У выніку з’явіўся незвычайны музей, які мае некалькі пунктаў на карце. Ён раскрывае розныя аспекты жыцця горада, культуру, мастацтва, гісторыю. Разам усе гэтыя экспазіцыі даюць комплекснае ўяўленне пра горад, ствараюць незвычайны вобраз Мінска. Экспазіцыі рабіліся ў рэчышчы канцэпцыі музеефікацыі гарадскога асяроддзя, у кожнай з іх раскрываецца гісторыя будынка, дзе яна размешчана. Так, Ратуша «распавядае» пра магдэбурскае права, у галерэі Міхаіла Савіцкага адноўлена майстэрня народнага мастака Беларусі і экспануюцца яго творы. На першым паверсе створана экспазіцыя, якая ўзнаўляе жыццё шляхты, а музей конкі знаходзіцца побач з месцам, дзе праходзіла цэнтральная лінія першага гарадскога транспарту.

Загадчык філіяла «Лошыцкая сядзіба» Лідзія Марковіч заўважыла, што раней адной са складаных задач было распавесці дзецям пра археалогію, бо шмат рэчаў, якімі карысталіся ў старажытнасці, ужо не існуюць. Цяпер тэхнічны прагрэс «спісаў» многія з прадметаў, якімі карысталіся яшчэ ў ХІХ стагоддзі, і музейным супрацоўнікам трэба ўжо расказваць юным наведвальнікам пра печы і кафлю, пра традыцыі, посуд, музычныя інструменты (напрыклад, пра фісгармонь). Прычым знаходзіць для падачы інфармацыі новыя падыходы — гульні, экскурсіі з танцавальнымі і музыкальнымі майстар-класамі.

Музей пастаянна развіваецца, расказвае пра новыя адкрыцці, звязаныя з гісторыяй горада. Так у мінулым годзе ў Ратушы адкрылася выстава, дзе былі прадстаўлены апошнія знаходкі, знойдзеныя падчас раскопак на Менцы. Даведацца пра гэтыя артэфакты можна якраз з тэматычнага выпуску «БГЧ», з артыкула, які Лідзія Марковіч рабіла ў суаўтарстве з кіраўніком раскопак гарадзішча на Менцы Андрэем Вайцяховічам.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Дык які ён, наш Мінск?

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.