Вы тут

Аснова грамадзянскай згоды і народнага адзінства


Дата 15 сакавіка мае гістарычнае значэнне для беларускага грамадства і дзяржавы. 

У гэты дзень спаўняецца 30 гадоў Канстытуцыі Беларусі, якая адлюстравала маральны, палітычны ўзровень грамадства, яго асноўныя ідэі канца ХХ стагоддзя, увасобіла ў сабе сацыяльныя ідэалы народа. У ёй вызначана мадэль сучаснай беларускай дзяржавы, якая грунтуецца на волі народа, выказвае волю народа і функцыянуе ў інтарэсах народа. Гэты канстытуцыйны арыенцір абавязвае дзяржаўныя органы, службовых асоб, грамадска-палітычныя інстытуты ў сваёй стваральнай дзейнасці зыходзіць з волі народа і дзейнічаць на карысць народа, усяляк садзейнічаючы дасягненню найважнейшых канстытуцыйных мэт: забеспячэнню міру і грамадзянскай згоды, дабрабыту грамадзян, непахіснасці народаўладдзя, незалежнасці і працвітання Рэспублікі Беларусь.


Фота: БелТА

Згода ва ўсе часы лічылася важнай каштоўнасцю грамадства, бо ад яе залежалі дабрабыт, а часам і лёс яго членаў. Сёння грамадзянская згода мае значэнне канстытуцыйнай каштоўнасці. 

Яна непасрэдна замацавана ў прэамбуле Канстытуцыі Беларусі і ў артыкуле 891 у якасці адной з канстытуцыйных функцый Усебеларускага народнага сходу — вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Рэспублікі Беларусь. На неабходнасць канстытуцыйна-прававога захавання і ўмацавання грамадзянскай згоды паказвае Канцэпцыя прававой палітыкі Рэспублікі Беларусь (пункт 41.3), зацверджаная Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2023 года № 196.

Грамадзянская згода ў сціснутым, канцэнтраваным выглядзе знаходзіць выражэнне, замацаванне ў Канстытуцыі Беларусі ў якасці каштоўнасцяў, прынцыпаў і палажэнняў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь адкрываецца словамі: «Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі)...», сведчачы пра дзве найважнейшыя цесна ўзаемазвязаныя канстытуцыйныя каштоўнасці, якія прадвызначаюць у выніку гэтага ўзаемадзеянне народа і дзяржавы. Калектыўнае «мы», якое вынікае з адзінай супольнасці «народ Рэспублікі Беларусь», увасабляе нашу калектыўную ідэнтычнасць, народнае адзінства. Народ як носьбіт суверэнітэту і першасны суб’ект канстытуцыйных праваадносін уяўляе сабой дзяржаўна-прававую супольнасць людзей, якія жывуць у дзяржаве і падпарадкаваны адпаведным законам. Ён выступае ў якасці арганічнага цэлага, а яго воля не з’яўляецца сукупнасцю волі выбаршчыкаў або насельніцтва. Наша дзяржава, упершыню абвешчаная ў 1994 годзе на канстытуцыйным узроўні як сацыяльная і прававая, ёсць абсалютна прававая мэта — каштоўнасць грамадства і яго членаў.

Узаемная канстытуцыйная адказнасць асобы і дзяржавы за грамадскае і дзяржаўнае развіццё паказвае на неабходнасць узаемадзеяння паміж імі, прадугледжвае грамадзянскую згоду.

Праз грамадзянскую згоду ва ўзаемасувязі з формамі ідэнтычнасці члены грамадзянскай супольнасці, яе інстытутаў у працэсе дыялогу па пытаннях грамадскага жыцця, удзелу ў кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, вырашэнні дзяржаўных спраў набываюць народнае (грамадзянскае) адзінства, сведчаннем якога з’явілася актыўнасць выбаршчыкаў (больш за 73%) пры правядзенні 25 лютага адзінага дня галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 31 сакавіка 2023 года звярнуў увагу на важнасць народнага адзінства як першай умовы суверэнітэту і незалежнасці і захавання роднай мовы, памяці аб нашай гераічнай гісторыі.

Важна адзначыць, што на канстытуцыйным узроўні Прэзідэнт увасабляе адзінства народа (частка другая артыкула 79), якое знаходзіць выражэнне не толькі ў змешчаных у прэамбуле Канстытуцыі і іншых яе палажэннях (аб агульнасці культурных і духоўных традыцый, кірунках развіцця беларускай дзяржаўнасці), але і ў шэрагу артыкулаў, якія вызначаюць мэты і задачы Рэспублікі Беларусь, крыніцу дзяржаўнай улады, узаемную адказнасць грамадзяніна і дзяржавы, чалавека і грамадства (частка першая артыкула 1, частка другая артыкула 2, частка першая артыкула 3, частка трэцяя артыкула 23 і інш.).

Членаў грамадзянскай супольнасці аб’ядноўваюць родная мова, тэрыторыя, гістарычная памяць, нацыянальная прыналежнасць, агульныя мэты, задачы, інтарэсы, палітычныя, навуковыя, рэлігійныя перакананні, імкненні, што забяспечвае іх адзінства. Грамадзянскае адзінства знаходзіць выражэнне ў канстытуцыйных формах абавязку, у якіх адлюстроўваюцца абумоўленыя сацыяльнай неабходнасцю, задачамі грамадскага развіцця патрабаванні і маральныя заклікі грамадства і дзяржавы, адрасаваныя чалавеку і грамадзяніну. 

З прычыны дагаворнага характару Канстытуцыі выкананне канстытуцыйнага абавязку, які раўнамерна распаўсюджваецца на ўсіх, мае важнае значэнне для жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы.

2024 год, аб’яўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2023-га Годам якасці ў мэтах фарміравання ў грамадстве адказнасці за вынікі сваёй работы і адчування датычнасці да будучыні краіны, будзе садзейнічаць умацаванню сацыяльнай згуртаванасці, народнага адзінства.

Народнае адзінства — важны прыярытэт ідэалогіі беларускай дзяржавы, заснаванай на канстытуцыйных і традыцыйных каштоўнасцях нашага грамадства. Паспяховае сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі, як сведчаць яе дасягненні ў многіх галінах жыццядзейнасці, магчымае толькі ва ўмовах грамадзянскай згоды і народнага адзінства.

Анатоль ЦІКАВЕНКА, суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.