Вы тут

Як ствараліся і змяняліся Канстытуцыі Савецкай Беларусі


15 сакавіка мы будзем адзначаць 30-годдзе прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Асноўнага Закона нашай незалежнай краіны, які, уласна, і гарантуе яе суверэнітэт і незалежнасць. Згадваючы гэту найважнейшую для беларускай дзяржаўнасці дату, варта ўспомніць і пра «папярэднікаў» Канстытуцыі незалежнай Беларусі. Вядома, можна сягнуць далёка ў гісторыю, згадаўшы і Статуты ВКЛ, і Канстытуцыю Рэчы Паспалітай, па якіх калісьці жылі людзі на нашай зямлі. Але, улічваючы, што галоўныя дакументы найперш прапісваюць дзяржаўны лад і дзейнасць галоўных дзяржаўных інстытутаў, мы вырашылі засяродзіць увагу менавіта на тых, якія дэкларавалі БЕЛАРУСКУЮ дзяржаўнасць, якія пісаліся для дзяржаўнага ўтварэння, у самой назве якога прысутнічалі словы БЕЛАРУСЬ, БЕЛАРУСКАЯ…

Тыя, хто ведае гісторыю роднай краіны, ужо зразумелі, што з такім пасылам размова будзе весціся пра адносна невялікі адрэзак часу — нейкія сто з невялікім гадоў. (Дарэчы, сёлета яшчэ адна юбілейная дата — 105 гадоў з часу прыняцця першай БЕЛАРУСКАЙ Канстытуцыі.) Пасля было яшчэ тры... Пра тое, з чаго пачыналася, як трансфармаваўся Асноўны Закон беларусаў за час існавання сацыялістычнай рэспублікі, мы пагутарылі з Валянцінам Мазецам, кандыдатам гістарычных навук, вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН.


— Валянцін Генрыхавіч, як вядома, прыняцце Канстытуцыі фактычна азначае пацвярджэнне існавання дзяржавы. Першая ўласна беларуская Канстытуцыя была прынята літаральна праз месяц пасля абвяшчэння ССРБ у пачатку 1919 года. Яе пісалі «з чыстага ліста» ці ўсё ж быў нейкі прыклад, нейкая аснова?

— Працэс стварэння беларускіх заканадаўчых актаў ішоў паралельна з працэсам фарміравання самой беларускай дзяржаўнасці. У аснову Канстытуцыі, прынятай 3 лютага 1919 года І Усебеларускім з’ездам Саветаў працоўных, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, быў пакладзены «Маніфест», абнародаваны 1 студзеня 1919 года Часовым рэвалюцыйным рабоча-сялянскім ўрадам Беларусі. І тут трэба адразу заўважыць, што суверэннасць Савецкай Беларусі, абвешчаная ў «Маніфесце», не азначала аслаблення сувязяў і адмены падпарадкавання РСФСР. «Маніфест» замацаваў характар узаемабаковых стасункаў паміж ССРБ і РСФСР. Адносіны гэтыя былі даволі трывалыя, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі ў якасці афіцыйных прызнавала кіруючыя органы ўлады РСФСР. І адпаведна ў нашай першай Канстытуцыі многае было ўзята з Канстытуцыі РСФСР 1918 года. У ёй, як і ў расійскай, замацоўваліся палажэнні аб савецкай форме ўлады і дыктатуры пралетарыяту. Першай яе часткай стала ленінская Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа — своеасаблівая прэамбула, у якой абвяшчалася адмена прыватнай уласнасці на зямлю і нацыяналізацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, замацоўвалася дзяржаўная ўласнасць на лясы, нетры, гаварылася аб увядзенні ўсеагульнай працоўнай павіннасці, стварэнні «Сацыялістычнай Чырвонай Арміі працоўных і сялян»…

— Што ж у ёй тады было ўласна беларускага?

— Галоўнае, што яна юрыдычна замацавала ўтварэнне новай савецкай дзяржавы і яе новую назву — Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (ССРБ). Яна замацоўвала і асноўныя прынцыпы сацыялістычнага ладу, які толькі планавалася будаваць, — фактычна вызначала той шлях, па якім трэба было ісці навастворанай дзяржаве. У першым раздзеле гаварылася аб асноўнай задачы савецкай дзяржавы на пераходны перыяд — «усталяванне дыктатуры гарадскога і сельскага пралетарыяту і бяднейшага сялянства ў выглядзе магутнай Савецкай улады, у мэтах поўнага падаўлення буржуазіі, знішчэння эксплуатацыі чалавека чалавекам і ўсталявання сацыялізму, пры якім не будзе ні падзелу на класы, ні дзяржаўнай улады». Заўважце: «не будзе дзяржаўнай улады». Гэта калі будзе пабудаваны сацыялізм, а пакуль, у адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі, улада ў ССРБ належала «ўсяму працоўнаму насельніцтву краіны, аб’яднанаму ў гарадскіх і сельскіх Саветах». Органамі вярхоўнай улады аб’яўляўся з’езд Саветаў Беларусі, а ў перапынках паміж з’ездамі — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК).

Абвяшчаліся ў асноўным толькі палітычныя свабоды — свабода слова і друку, свабода сходаў, мітынгаў, шэсцяў, а таксама свабода сумлення. Як было адзначана ў арт. 16, «кіруючыся інтарэсамі працоўнага класа ў цэлым, ССРБ пазбаўляе некаторых асоб і асобныя групы правоў, якія выкарыстоўваюцца імі на шкоду інтарэсам сацыялістычнай рэвалюцыі». Мелася на ўвазе, што «эксплуататары» паражаюцца ў правах: не маюць права ўдзелу ў выбарах, не прымаюцца на вайсковую службу. Абавязкаў грамадзян Канстытуцыя вызначала толькі два. Так, артыкул 12 абвясціў працу абавязкам усіх грамадзян рэспублікі, прычым рэгламентаваўся прынцып: «Хто не працуе, той не есць». Акрамя таго, усталёўваўся ўсеагульны воінскі абавязак, аднак са зброяй у руках мелі права абараняць рэвалюцыю толькі працоўныя, а на «непрацоўныя элементы» ўскладалася выкананне іншых вайсковых абавязкаў.

Вышэйшым органам улады ў рэспубліцы аб’яўляўся з’езд Саветаў Беларусі, а ў перапынках паміж з’ездамі — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт ССРБ (ЦВК ССРБ). У склад выбранага на з’ездзе ЦВК БССР увайшло 50 чалавек. Апошні ўтвараў Малы і Вялікі Прэзідыум. Дакладнай рэгламентацыі — дзе заканадаўчая ўлада, дзе выканаўчая — не было, замацаванне прававога статусу гэтых органаў было даволі недакладным.

— Многае з таго, што вы зараз пералічылі, было, напэўна, узята з Канстытуцыі РСФСР…

— Многае, але не ўсё. Першая беларуская Канстытуцыя не прадугледжвала ўтварэння Савета народных камісараў (у адрозненне ад Канстытуцыі РСФСР), у ёй нічога не гаварылася аб мясцовых органах улады і кіравання і аб выбарчым праве. Заканадаўца, абвясціўшы ў першым раздзеле Канстытуцыі, што ўся ўлада ў ССРБ належыць гарадскім і сельскім Саветам, больш мясцовыя органы ўлады не згадваў. Парадак ажыццяўлення выбараў у органы савецкай улады таксама не быў замацаваны. Лічылася, што з’яўляецца дастатковым урэгуляванне гэтых пытанняў Канстытуцыяй РСФСР. Увогуле схема пабудовы органаў улады і кіравання нагадвала абласную структуру.

Канстытуцыя ССРБ была кароткай, не ўключала многіх пытанняў, якія падлягаюць канстытуцыйнаму рэгуляванню. У ёй было толькі тры раздзелы, у той час як у Канстытуцыі РСФСР іх было шэсць…

— Нейкая заканадаўчая неахайнасць, калі можна так сказаць…

— Каб дзяржаве юрыдычна трывала замацавацца, патрэбныя як мінімум два складальнікі. Уласная армія і ўласныя грошы. Ні таго, ні другога ў ССРБ не было, таму і абапіраліся, і спадзяваліся на тых, у каго гэтыя складальнікі былі і з кім па дарозе ў пабудове сацыялізму — на РСФСР. Таму ў Канстытуцыі і гаварылася пра непарыўныя цесныя сувязі з Савецкай Расіяй.

— Тым не менш ужо на пачатку 20-х гадоў у Беларусі пачалося актыўнае менавіта дзяржаўнае будаўніцтва. А наступная беларуская Канстытуцыя была прынятая толькі ў 1927 годзе…

— Але ж у Канстытуцыю 1919-га ўносіліся значныя змяненні, якія дазволілі гэтаму дзяржаўнаму будаўніцтву развівацца. Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад польскай акупацыі 31 ліпеня 1920 года прымаецца Дэкларацыя аб незалежнасці ССРБ. Такім чынам, ССРБ абвяшчаецца паўторна. І тады ўзнікла неабходнасць удакладніць палажэнні яе Канстытуцыі. На ІІ з’ездзе Саветаў ССРБ, які адбыўся з 13 па 17 снежня 1920 года, былі прыняты дапаўненні да Канстытуцыі 1919-га.

Фота: БелТА

Па сутнасці, з’езд абнавіў Канстытуцыю. Дакумент утрымліваў нормы аб структуры і паўнамоцтвах цэнтральных органаў савецкай улады ССРБ. Быў створаны Савет Народных Камісараў — фактычна першы сапраўдны савецкі ўрад (не часовы, як урад Жылуновіча, і не не зусім зразумелы, як Вялікі Прэзідыум ЦВК). Дапаўненнямі рэгламентавалася стварэнне 15 наркаматаў (замежных спраў, ваенных спраў, унутраных спраў, асветы, харчавання, працы, аховы здароўя, земляробства, народнай сувязі, сацыяльнага забеспячэння, фінансаў, юстыцыі), прычым на правах наркаматаў былі Рабоча-сялянская інспекцыя і Надзвычайная камісія. Наркаматы ўзначальвалі народныя камісары, якія і ўваходзілі ў склад ураду Беларускай ССР. З’езд Саветаў, згодна з дапаўненнямі, выбіраў ЦВК Беларусі ў складзе 60 чалавек, які з’яўляўся паміж з’ездамі Саветаў вышэйшым заканадаўчым, распарадчым і кантрольным органам ССРБ. Прэзідыум ЦВК Беларусі выбіраўся сесіяй ЦВК у складзе старшыні і чатырох членаў, да якога ў перыяд паміж сесіямі ЦВК пераходзяць функцыі і правы ЦВК. Аднак агульнапалітычныя пытанні вялікай важнасці ўносіліся на зацвярджэнне сесіі ЦВК... Гэта ўжо была даволі дэталёва выбудаваная сістэма кіравання, самастойная, якая не абапіралася на нейкую іншую звонку.

— А тэрытарыяльныя змяненні былі неяк зафіксаваныя ў Канстытуцыі? Рыжскі дагавор, уступленне ў склад СССР, узбуйненні 1924 і 1926 года павінны ж былі адлюстравацца ў Асноўным Законе…

— Ужо ў новай Канстытуцыі, прынятай у красавіку 1927 года, былі адлюстраваныя гэтыя працэсы. Акрамя, бадай, вынікаў Рыжскага дагавора, таму што Беларусь не была суб’ектам яго падпісання і ўдзельніцай перагавораў. Праца над новай Канстытуцыяй вялася фактычна з 1924 года, пасля прыняцця Канстытуцыі СССР. Гэта быў складаны і працяглы працэс. Але затое Канстытуцыя, зацверджаная VІІІ Усебеларускім з’ездам Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў 11 красавіка 1927 года, была больш распрацаванай і дасканалай у параўнанні з папярэдняй, Асноўным Законам рэспублікі ў поўным сэнсе гэтага слова, з ахопам усіх найважнейшых пытанняў дзяржаўнага ладу. У ёй быў замацаваны факт уваходжання БССР у склад Саюза ССР з правам свабоднага выхаду, канчаткова замацаваны і ўсталяваны сувязі БССР з Саюзам ССР і іншымі саюзнымі рэспублікамі, былі вызначаны суверэнныя правы рэспублікі самастойна прымаць сваю Канстытуцыю, уносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзяржавы і кіравання, вызначаць адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел... Што датычыцца выбарчага права, то Канстытуцыя пазбаўляла значную частку грамадзян Беларускай ССР выбарчых правоў. Апрача таго, выбары праводзіліся на агульных сходах па прадпрыемствах, былі шматступеньчатымі, а галасаванне было адкрытым. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты праводзілася толькі па дырэктывах партыйнага кіраўніцтва КП(б) Беларусі, што адпавядала палажэнням аб «дыктатуры пралетарыяту» і сведчыла аб значным абмежаванні дэмакратыі.

У Канстытуцыі абвяшчалася аб роўнасці правоў усіх грамадзян незалежна ад іх расавай і нацыянальнай прыналежнасці (аднак гэта не вызначала магчымасць пазбаўлення асобных грамадзян і асобных груп грамадзян правоў, якімі яны карыстаюцца). На першым плане ў ёй былі правы працоўных, а не чалавека, БССР па-ранейшаму абвяшчалася ў якасці сацыялістычнай дзяржавы і дыктатуры пралетарыяту, якая ажыццяўляе свае задачы на аснове саюза рабочых і сялян.

Абвяшчалася роўнасць чатырох моў — беларускай, рускай, польскай і ідыш. Найбольш значныя заканадаўчыя акты павінны былі друкавацца на гэтых чатырох мовах, нават сама Канстытуцыя была выдадзена ў чатырох варыянтах. Але ў сувязі з тым што значная большасць насельніцтва БССР належала да беларускай нацыянальнасці, беларуская мова прызначалася як мова, «пераважная для ўзаемаадносін паміж дзяржаўнымі, прафесіянальнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі».

— Вы заўважылі, што вынікі Рыжскага міру, які па жывым падзяліў Беларусь папалам, ніяк не фіксаваліся ў Асноўным Законе. А мне здаецца, тое, што Мінск (ці тады — Менск) быў у Канстытуцыі вызначаны сталіцай, адлюстроўвала, дэкларавала жаданне і мэту вярнуць спрадвечныя беларускія тэрыторыі, каб сталіца апынулася ў цэнтры рэспублікі, а не на заходняй мяжы…

— Так, вы маеце рацыю. Увогуле аб Канстытуцыі 1927 года стваралася ўражанне, што беларускі народ атрымаў нарэшце поўную самастойнасць у справах будавання сваёй дзяржавы. Аднак пры павышэнні ўвагі да нацыянальнага пытання гэты дакумент не закранаў элементаў, што датычыліся б паняццяў «народ», «нацыя» і «дзяржаўнасць».

— У Канстытуцыі 1937 года таксама аб гэтым размовы не было. Але ў паліталогіі яна, як і Канстытуцыя СССР 1936-га, лічыцца адной з самых дэмакратычных…

— У Канстытуцыі БССР, прынятай на надзвычайным XІІ З’ездзе Саветаў БССР 19 лютага 1937 года абвяшчалася, што ўся ўлада ў БССР належыць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных, але найбольш важныя пытанні дзяржаўнага жыцця былі аднесены да кампетэнцыі СССР. Істотным чынам мянялася выбарчая сістэма. Абвяшчалася, што выбары дэпутатаў ва ўсе Саветы дэпутатаў працоўных (Вярхоўны Савет БССР, акруговыя, раённыя парады дэпутатаў і г. д.) ажыццяўляюцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Заўважце, ужо не было выключэнняў, мелі права галасаваць усе. Арганізацыя вышэйшых органаў дзяржаўнай улады зведала значныя змены. Спыніла існаванне сістэма з’ездаў Саветаў. Заканадаўчая ўлада стала належаць новаму заканадаўчаму органу — Вярхоўнаму Савету БССР. Ён працаваў у сесійным парадку і не з’яўляўся пастаянна дзеючым органам. Сесіі склікаліся два разы на год. Пастаянна дзеючым вышэйшым органам дзяржаўнай улады стаў Прэзідыум Вярхоўнага Савета.

Пра дыктатуру пралетарыяту не згадвалася, але адзначалася, што БССР — сацыялістычная дзяржава. Такім чынам, сацыяльная база Саветаў пашыралася. Гэтым і іншымі палажэннямі была рэгламентавана больш жорсткая цэнтралізацыя грамадска-палітычнага жыцця. Упершыню былі ўведзены палітычная і эканамічная асновы БССР: першую складалі Саветы дэпутатаў працоўных, другую — сацыялістычная сістэма гаспадаркі і сацыялістычная ўласнасць на сродкі вытворчасці. Былі замацаваны дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і калгасна-кааператыўная. У ранг канстытуцыйнага права быў уведзены дзяржаўны народнагаспадарчы план. Чатыры раздзелы Канстытуцыі рэгламентавалі працэдуру стварэння і дзейнасць вышэйшых і мясцовых органаў улады і кіравання, рэгулявалі адносіны паміж БССР і СССР, сцвярджалі нязменнасць меж без волі рэспублікі, магчымасць уступаць у непасрэдныя адносіны з замежнымі краінамі, абменьвацца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўнікамі, ствараць свае рэспубліканскія ваенныя фарміраванні, нават выйсці са складу СССР... Па сутнасці, сапраўды ўсё даволі дэмакратычна. Прынамсі, так дэкларавалася…

— І гэта Канстытуцыя — самы «доўгажыхар», па ёй рэспубліка жыла больш за сорак гадоў…

— У яе ўносіліся адпаведныя змяненні і дапаўненні ў 1939 годзе пасля далучэння Заходняй Беларусі, а таксама ў 1946 годзе, пасля таго як БССР стала адным з заснавальнікаў ААН, калі СНК замяніў Савет Міністраў. Але асноўныя пастулаты Асноўнага Закона 1937 года захаваліся. Больш за тое, Канстытуцыя, прынятая на нечарговай дзявятай сесіі Вярхоўнага Савета БССР дзявятага склікання 14 красавіка 1978 года, была першая з такой прыгожай прэамбулай: «Народ Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, кіруючыся ідэямі навуковага камунізму, усведамляючы сябе неад’емнай часткай усяго савецкага народа, захоўваючы пераемнасць канстытуцыйнага развіцця нашай краіны, ідэй і прынцыпаў Канстытуцыі Беларускай ССР 1919 года, Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 года, Канстытуцыі Беларускай ССР 1937 года і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй (Асноўным Законам) Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, якая замацавала асновы грамадскага ладу і палітыкі СССР, устанавіла правы, свабоды і абавязкі грамадзян, прынцыпы арганізацыі і мэты сацыялістычнай агульнанароднай дзяржавы, прымае і абвяшчае гэту Канстытуцыю...»

Прынцыповае адрозненне Канстытуцыі 1978 года ў тым, што ў ёй нарэшце была юрыдычна аформленая «кіруючая і накіроўваючая сіла савецкага грамадства, яго палітычнай сістэмы» — КПСС і Камуністычная партыя Беларусі як яе аддзяленне ў Беларусі. Усё грамадскае і дзяржаўнае жыццё было падпарадкавана інтарэсам камуністычнага будаўніцтва. Так, згодна з артыкулам 44, гарантавалася нават свабода навуковай, тэхнічнай і мастацкай творчасці... калі гэта адпавядала мэтам камуністычнага будаўніцтва.

Зрэшты, усё гэта было толькі дэкларавана. Ва ўсе часы важна не толькі тое, што ў Асноўным Законе краіне дэкларуецца, але і як гэта грамадзянамі і дзяржавай выконваецца.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.