Вы тут

Каму прыпынак перашкаджае?


У Адзіны дзень галасавання была на ўчастку ў новым мікрараёне Брэста, яго яшчэ называюць Зарэчным раёнам. Можна сказаць, адкрыла для сябе гэтую частку горада. Парадавала цікавае архітэктурнае рашэнне, якое падразумявае вялікія двары, шмат святла, што разам стварае адчуванне прасторы. Асабліва гэта прыкметна ў раёне вуліц Грунвальдскай і Барыса Маслава.


Фота тэлеграм-каналаў

Гарадское асяроддзе сфарміравана не толькі кварталамі жылой забудовы з гандлёвымі пунктамі, тут размяшчаецца новы шматфункцыянальны медыцынскі цэнтр, узвышаецца купаламі новы храм, радуюць вока маладыя дрэўцы парку 1000-годдзя Брэста. А ў адзін з апошніх дзён лютага чытаю ў тэлеграм-канале гарвыканкама паведамленне пра шэсць прыпынкаў па вуліцы Барыса Маслава, якія пашкоджаны невядомымі.

Варта сказаць, што вуліца, названая імем героя вайны, ваеннага ўрача Барыса Маслава, уведзена ў эксплуатацыю ўсяго два гады таму. Для арганізацыі належнага транспартнага забеспячэння былі ўстаноўлены сучасныя і зручныя прыпыначныя павільёны. Цяпер яны стаяць спрэс з пабітым шклом, а месцамі і размаляваныя. Апошняе стала не толькі праблемай гарадскога бюджэту, бо рамонт абыдзецца ў круглую суму, але не магло не засмуціць большасць жыхароў раёна. Многія памятаюць, як урачыста адкрывалі новую паліклініку, самую буйную ў горадзе, як здавалі ў эксплуатацыю жыццёва важны аб’ект — пажарна-аварыйную часць. У памяці, як талакой садзілі новы парк, названы ў гонар тысячагадовага юбілею горада, як гарадскія службы праводзілі добраўпарадкаванне. Здавалася б, усё тут павінна быць прыгожым, доўга служыць людзям. Раён літаральна на вачах вырас на ўскраіне горада, побач — лясны масіў, з ранняй вясны можна пачуць птушыны хор — такая вось перавага над шумным, загазаваным цэнтрам горада. Як той казаў, жыві і радуйся. Але крывыя аўтографы вандалаў вяртаюць да сумнай рэчаіснасці: сярод нас шмат тых, каму разбураць прывычней, чым узводзіць, ствараць. Яны ад гэтага, як выглядае, атрымліваюць задавальненне.

Спецыялісты гарвыканкама напомнілі, што ўладкаванне аднаго прыпыначнага пункта абыходзіцца ў 16 тысяч рублёў, замена аднаго шкла пацягне на тысячу рублёў. А на адным з шасці пашкоджаных прыпынкаў разбіта пяць шкляных панэляў. Факт выклікаў хвалю абурэння ў сацсетках. Адны гараджане вінавацяць бацькоў, што недастаткова ўвагі ўдзяляюць выхаванню нашчадкаў. Паводле іх пераканання, гэта справа рук школьнікаў, якія сваю дурную энергію не выплюхваюць у спартыўных залах, а пасля ўрокаў ідуць біць шкло на прыпынках. Таксама ёсць версія, што шкло пацярпела падчас некалькіх марозных дзён. Адзін пасажыр грамадскага транспарту напісаў, што быў сведкам таго, як ранкам на яго вачах трэскаліся шкляныя панэлі. Яму запярэчылі, маўляў, трэснуць магло раней падбітае шкло.

Некаторыя прыпынкі былі пашкоджаны зусім не ў марозныя дні. Такога ж меркавання прытрымліваецца і галоўны інжынер Брэсцкага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства Эдвард Сырэвіч. Эдвард Часлававіч сказаў, што павільёны пацярпелі не толькі тут, ёсць выпадкі псавання прыпыначных пабудоў каля абласной бальніцы, па вуліцы Маскоўскай, на бульвары Касманаўтаў.

...Новае шкло ўжо заказана, днямі спецыялісты заменяць тыя шкляныя панэлі, што былі пашкоджаны. Але ж непрыемны асадак застаецца: ці надоўга, ці не знойдзецца зноў нейкі зламыснік, што замахнецца на гарадскую маёмасць, сапсуе прыгажосць, а заадно і настрой пасажыраў грамадскага транспарту.

На жаль, вынікі непрыстойных паводзін суайчыннікаў у грамадскіх месцах даводзіцца канстатаваць не толькі ў абласным цэнтры. Калі ўважліва прасачыць за стужкамі навін раённых тэлеграм-каналаў, прыклады можна знайсці ці не ў кожным раёне. Калегі з Камянецкай раённай газеты паставілі надзвычай кідкі загаловак «Панфілаўцам і не снілася». Гаворка ідзе пра вуліцу Панфілаўцаў, на якой ёсць канава, відаць, для сцёку лішняй вады. І хоць па берагах пастаўлены кантэйнеры, нядбайныя гараджане ператварылі канаву ў звалку: цягнуць сюды бытавыя адходы — ад лістоў бляхі да зрэзаных галін садовых дрэў.

Чытачы івацэвіцкай раённай газеты напісалі аб праблеме лавак у горадзе. Некаторыя з іх не вытрымалі выпрабаванне зімовымі халадамі, дошкі прагнілі, а іншыя пацярпелі ад рук хуліганаў. «Насталі цёплыя дзянькі, — піша пенсіянерка, — захацелася пасядзець на сонейку, а лаўка па вуліцы Дэпутацкай зламана. Побач валяецца бутэлька з-пад піва ды нейкія лахманы».

У доўгія сакавіцкія выхадныя выязджалі з сям’ёй на прагулку ў лясны масіў урочышча Чырвоны Двор, гэта ў гарадской рысе Брэста. Мясціна прыгожая, побач рака Мухавец, маленькія вадаёмы, на ўзгорках ужо цвіце падбел. У першы дзень звярнулі ўвагу на чысціню, відавочна, што нядаўна тэрыторыю прыбіралі. Такіх жа адпачывальнікаў сустракалася нямала. Яно і зразумела: выхадны, сонейка, людзі пацягнуліся з гарадскіх кватэр да прыроды. А на трэці дзень ужо сям-там сярод ігліцы ды апалага лісця сустракаліся сурвэткі, абгорткі, шматкі паперы як сведчанні знаходжання чалавека на прыродзе. Што тут скажаш? Разважаць пра мараль, пра выхаванне, калі ўсе словы разбіваюцца, нібы тое шкло ад каменя на прыпынку? Тыя індывідуумы, што прывыклі жыць у беспарадку, брудзе і ствараць яго вакол сябе, усё роўна не прачытаюць. І кожнага не пракантралюеш. Застаецца спадзявацца, што некалі выхаванне, пра якое шмат гаворым, добры прыклад добрых людзей дадуць жаданыя вынікі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.