Вы тут

Адкуль варта пачаць падарожжа па Вілейцы?


Падарожжа па Вілейцы заўсёды варта пачынаць з Вілейскага раённага краязнаўчага музея. Тым больш што кожная новая сустрэча з гэтай скарбніцай памяці дорыць і новыя адкрыцці.


Вілейка (1916 год)

На памяць прыходзіць і легендарны вілейскі фатограф Берка Берман (нарадзіўся ў 1881 годзе ў Іўі, на Гродзеншчыне). У мясцовым музеі захоўваецца нямала фотаздымкаў Вілейкі, зробленых Берманам. Увогуле, старыя фотаздымкі, і не толькі паштоўкі, шмат што здольныя расказаць пра мінулыя часіны, пра людзей... І пра ўраджэнцаў Вілейкі — таксама…

Людзі адсюль выправіліся ў вялікі свет і сапраўды цікавыя, адметныя сваімі лёсамі і справамі. У Вілейцы ў 1945 годзе нарадзілася Наталля Пятроўна Машэрава, доктар філасофскіх навук. Вёска Жаўткі — радзіма партызанскага камандзіра, Героя Савецкага Саюза Андрэя Іванавіча Валынца (яго імя носіць адна з гарадскіх вуліц). У Касуце ў 1954 годзе нарадзіўся Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь заслужаны юрыст нашай краіны Пётр Пятровіч Міклашэвіч. Апошні міністр гандлю Савецкага Саюза Кандрат Зігмундавіч Церах (нарадзіўся ў 1935 годзе) — таксама з Вілейшчыны, з вёскі Альковічы. У 1977–1984 гг. займаў пасаду старшыні Белкаапсаюза. У 1984 годзе ўраджэнца Вілейскага раёна прызначылі намеснікам старшыні Савета міністраў БССР. На пасаду саюзнага міністра Кандрата Зігмундавіча вылучыў тагачасны старшыня Саўміна СССР Мікалай Рыжкоў. Наш зямляк адзначаны за сумленную працу ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, «Знак Пашаны».

Вілейка. Павятовы з`езд (пач. ХХ стагоддзя)

З 1948 да 1951 года ў Вілейскай бальніцы працаваў ураджэнец вёскі Жаўткі Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі. Яго навуковыя заслугі, багаты практычны досвед у медыцыне двойчы адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (1974, 1984). М. Маліноўскаму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Доўгі час віляйчанін працаваў галоўным хірургам Чацвёртага галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя СССР. Сярод пацыентаў нашага земляка былі Любоў Арлова, Сяргей Лемешаў, Георгій Жукаў, Юрый Андропаў, Міхаіл Гарбачоў, іншыя маскоўскія знакамітасці. Калі ўжо зайшла размова пра медыкаў, то варта згадаць Антона Шчэрбу, загадчыка хірургічнай клінікі Люблінскай медыцынскай акадэміі.

З вёскі Куранец Вілейскага павета — жывапісец Леў Альпяровіч (1874–1913). Вучыўся ў Віленскай малявальнай школе акадэміка Івана Трутнева. Легендарная творчая навучальная ўстанова!.. За гады яе існавання праз школу прайшло каля 4000 навучэнцаў. Прафесіяй мастака Леў Альпяровіч авалодваў і ў Адэскай малявальнай школе,і ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў у Ільі Рэпіна. З 1902 віляйчанін жыў у Мінску. 

Ураджэнец Вілейшчыны — адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў выстаўкі мастакоў-перадзвіжнікаў у Мінску. Л. Альпяровіч выявіў сябе як паслядоўны прыхільнік рэалістычнай школы жывапісу. Маляваў партрэты («Партрэт бабулі», «Партрэт скрыпача Жухавіцкага», «Каменяры» і інш). Пакінуў пасля сябе вялікую колькасць незавершаных карцін, эскізаў, сярод якіх і такія, як «Падпольны сход», «Мыццё бялізны» і інш). Куранец — і радзіма беларускага мастака, скульптура Анатоля Яфімавіча Арцімовіча, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. У вёсцы Куранец нарадзілася і савецкая актрыса тэатра і кіно Вольга Парудалінская (1906–1978). Здымалася ў фільмах «Цягнік міласэрнасці», «Цяжкія дзеці», «Соф’я Кавалеўская» і інш.

Вілейка і Вілейшчына — радзіма савецкага вучонага ў галіне гідраўлікі і гідратэхнікі Іосіфа Есьмана (1868–1956). У 1918 годзе ён працаваў на дзяржаўных пасадах у Горскай Савецкай Рэспубліцы, быў арганізатарам Уладзікаўказскага політэхнічнага інстытута. Чытаў у гэтай ВНУ механіку, затым быў прызначаны рэктарам. З 1928 года — рэктар Азербайджанскага політэхнічнага інстытута ў Баку. У 1945 годзе быў выбраны сапраўдным членам Акадэміі навук Азербайджанскай ССР. Быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі. У Вілейцы нарадзіўся рускі юрыст, публіцыст, псіхолаг, удзельнік рэвалюцыйнага руху Міхаіл Андрэевіч Рэйснер (1868–1928). Удзельнічаў у Першай канферэнцыі РСДРП у Тамерфорсе. У час Першай сусветнай вайны выпускаў сумесна з дачкою Ларысай часопіс «Рудин». Быў адным з заснавальнікаў Рускага псіхааналітычнага таварыства і працаваў у Наркамаце асветы. Выкладаў на факультэце савецкага права ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. Дачка Міхаіла Андрэевіча — Ларыса Рэйснер (1895–1926), руская рэвалюцыянерка, пісьменніца, журналістка, дыпламат, аўтар кнігі «Афганістан», выдадзенай ужо пасля смерці аўтара.

Вілейка. Георгіеўская плошча (пач. ХХ стагоддзя)

З вёскі Вязынь родам савецкі хімік, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Васільевіч Свірыдаў (1931–2002). Вадзім Васільевіч стаяў каля вытокаў стварэння НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ і ўзначальваў яго каля 15 гадоў.

Калі будзеце вандраваць па розных легендарных паселішчах Вілейшчыны, ведайце, што славу гэтым прасторам здабывалі яркія, працалюбівыя, таленавітыя людзі.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава

Загаловак у газеце: Вілейская памяць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.