Вы тут

Гісторыя Дзятлаўшчыны поўніцца імёнамі паэтаў


5 студзеня 1712 года ў Дзятлаве (па тым часе — паселішча ў Слонімскім павеце Навагрудскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага Рэчы Паспалітай) нарадзіўся князь Удальрык Крыштаф Радзівіл. Паэт, перакладчык, гісторык. А ў «дадатак» да ўсяго — генерал-лейтэнант, канюшы вялікі літоўскі (займаў пасаду на працягу амаль 30 гадоў!), пісар вялікі літоўскі, стараста мінскі. Значную частку свайго жыцця ён правёў у сваіх маёнтках на Валыні. У 1749 годзе камандаваў паходам супраць украінскіх гайдамакаў. Гэту вайсковую аперацыю апісаў у кнізе «Дыярыуш перамогі маёй над гайдамакамі». Вядомая творчая спадчына ўраджэнца Дзятлава складае 50 работ у вершах і прозе. З іх вылучаюцца «Апісанне клопатаў людзей усіх класаў» (1741), «Маральныя элегіі» (1752), «Свецкая крытыка, альбо Сатыра». Сучаснікі характарызуюць нашага земляка як чалавека эксцэнтрычнага і дальназоркага, здольнага і начытанага, схільнага да авантурызму. Удальрык сабраў велізарную бібліятэку. Ведаў шмат моў. Сярод іх — грэчаская, нямецкая, французская, італьянская, англійская. Перакладаў на польскую мову творы Карнеля, Расіна, Сафокла. Сын пісьменніка — генерал рускай арміі Матэуш Радзівіл (1768–1818).


Дзятлава. Рынкавая плошча. 1916 г.

Дзятлава — таксама радзіма публіцыста, паэта Аўрама Івянецкага (1892–1943). Вучыўся хлопчык у хэдары, а таксама ў рускай школе. У 1911 годзе працаваў карэктарам у рускім кніжным выдавецтве ў Варшаве. Калі пачалася Першая сусветная вайна, маладога чалавека прызвалі ў армію. Праз дзевяць месяцаў з пачатку баявых дзеянняў ураджэнец Дзятлава аказаўся на фронце. Патрапіў у аўстрыйскі палон. У канцы 1918 года вярнуўся ў Дзятлава. Праз тры гады пераехаў у Вільню. Працаваў у рэдакцыі яўрэйскай газеты і адначасова вучыўся на стаматолага. І, канешне ж, займаўся мастацкай творчасцю. Дакументальным сведчаннем часу стала яго першая кніга — «Калі дарогі скрыжоўваюцца» (Вільня, 1923 год), сапраўдны дзённік ваеннапалоннага. У кнізе таксама апісвалася жыццё ў Харватыі. Згадваючы гэты факт, падыходзіш да думкі, што многія літаратурныя здабыткі, здзейсненыя нашымі землякамі, ураджэнцамі беларускай старонкі, аказваюцца закрытымі, недасяжнымі для сучаснага чытача, бо напісаны і выдадзены на ідышы ці іўрыце, на польскай мове. Між тым у кнігах пісьменнікаў, чыя творчая, жыццёвая біяграфія звязана з Беларуссю мінулага часу, знаходзіцца неймавернае багацце фактаграфічнага гісторыка-краязнаўчага, рэгіёназнаўчага матэрыялу. З 1924 года Аўрам жыў у Варшаве. Друкаваўся ў яўрэйскіх перыядычных выданнях: пісаў навелы, рэцэнзіі на кнігі, заметкі для інфармацыйнай хронікі. Пераклаў на ідыш «Прыгоды Олівера Твіста» Чарльза Дзікенса. У 1943 годзе пісьменнік быў забіты фашыстамі ў Варшаве.

Яшчэ адно дзятлаўскае літаратурнае імя — яўрэйскі паэт Аўрам-Мойша Дзілон (Журавіцкі), які нарадзіўся ў Дзятлаве ў 1883 годзе. Адукацыю атрымліваў у прыватных настаўнікаў у сяле Баркі, затым — у школах у Быцені і Слоніме. У 1904 годзе разам з бацькамі эмігрыраваў у ЗША. Вершы пачаў пісаць у юным узросце. У ЗША прымаў удзел у руху імпрэсіяністаў «Дзі юнгэ». У 1919 годзе выдаў зборнік вершаў «Жоўтая лістота». Памёр паэт у 1934 годзе. Пасмяротна (у 1935 годзе) выйшла яшчэ адна кніга ўраджэнца Дзятлава — «Песні А. М. Дзілона».

Роднае, беларускае слова ў дзятлаўскім краі мацавалі выхадцы з вясковых паселішчаў. Лёс іх, як правіла, быў досыць няпростым. І не кожны талент змог прарвацца да вялікіх вышынь... Як прыклад — жыццёвы шлях Гарасіма Праменя (сапраўдныя імя і прозвішча — Іван Пышко), які нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Зачэпічы. Яшчэ юнаком прычыніўся да барацьбы супраць пілсудчыкаў. Уступіў у рады кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Узначальваў Зачэпіцкую ячэйку КПЗБ. Удзельнічаў у выступленнях на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы (гэта ўжо — Лідскі раён). Трапіў на мітынг рабочых разам з сялянскай падтрымкай — з Зачэпіч рабочым перадавалі прадукты харчавання. Але Іван не пабаяўся і выступіць, падкрэсліў, што сяляне будуць і надалей салідарнымі са шкларобамі. А напрыканцы выступлення прачытаў свой верш «Сцяг». Друкавацца Гарасім Прамень пачаў у 1933 годзе. Першы верш з’явіўся ў газеце «Родны край». Прысвечаны твор вясковаму кавалю, яго цяжкай працы. Лейтматывам верша з’яўляецца паэтычная выснова пра тое, што аднойчы каваль вырабіць вострую сякеру, з дапамогай якой ачысціць непраглядную цемру для беларусаў. «...Гэта ж я раблю сякеру! // Як зраблю яе стальную, // Ў рукі моцныя вазьму я // І пайду ў цемры-гушчы // Шлях там новы высякаць — // Беларускаму народу // Шчасце й долю здабываць!..»

Дзятлава. Навагрудская вул. (1916 г.).

Друкаваўся Г. Прамень у газеце «Наша воля», часопісе «Шляхам моладзі». Пражыў Іван Пышко 55 гадоў. Выгадаваў трох сыноў. Вершы ў савецкі перыяд свайго жыцця друкаваў у раённай газеце. «Дабра ўсім жадаю, // Сынам сваіх палёў. // І горача вітаю // Паэтаў-змагароў...» Чаму б не аб’яднаць намаганні якога-небудзь з кніжных выдавецтваў і мясцовай дзятлаўскай улады і не выдаць кнігу вершаў Гарасіма Праменя?..

Цікавай падаецца і асоба другога заходнебеларускага паэта з Дзятлаўшчыны — Петруся Граніта (Івана Івашэвіча), які таксама нарадзіўся ў Зачэпічах у студзені 1909 года. Сваю пячатку на жыццё вясковага хлопца наклаў і лёс Беларусі, той часткі, якая апынулася пад польскім гнётам, і лёс сям’і. Бацька вярнуўся з франтоў Першай сусветнай вайны толькі ў 1922 годзе. Але доўга не пажыў, памёр ад цяжкіх ран праз год. І зусім яшчэ падлетку Івану давялося самому і касіць, і хадзіць за плугам. У 1927 годзе хлопец пачаў працаваць брукаром. І працаваў ім ажно да 1939 года. «Брукар молатам сталёвым // Звоніць, б’е па камянёх: // Хоча шлях пракласці новы, // Каб не раніць людзям ног. // Утрымае цяжкі молат // Мазалістая далонь. // Размахніся — як той волат, // Высякаючы агонь! // Толькі рэха раздаецца, // Іскры свецяць у вачах. // Камень сцелецца-кладзецца — // Пракладае новы шлях...» (Верш «Брукар», 1939 год). І Пятрусь Граніт таксама актыўна ўдзельнічаў у падпольнай рабоце. Наведваў сходы і мітынгі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Калі Заходняя Беларусь далучылася да Савецкай Беларусі, паэт працаваў сакратаром выканкама, старшынёю сельсавета. У 1940 годзе П. Граніту разам з Валянцінам Таўлаем і Анатолем Іверсам пашчасціла сустрэцца ў Лідзе з народным песняром Беларусі Янкам Купалам. У час Вялікай Айчыннай вайны Іван Івашэвіч быў партызанскім сувязным. Выступаў у партызанскім друку з вершамі. У 1945–1971 гадах працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў роднай вёсцы. У 1978 годзе выйшла кніга вершаў П. Граніта «Сцяжынка», адрасаваная дзецям. Тыраж зборніка ўражвальны — 50 тысяч экзэмпляраў. Творы заходнебеларускага літаратара былі змешчаны і ў анталогіях «Сцягі і паходні» і «Ростані волі».

Дзятлава

Памёр Пятрусь Граніт у 1980 годзе. 

Куток, прысвечаны таленавітаму літаратару-земляку, створаны ў Жукоўшчынскай сельскай бібліятэцы Дзятлаўскага раёна.

З літаратурных адрасоў Дзятлаўшчыны — і вёска Змяёўцы, дзе ў 1933 годзе нарадзіўся паэт, публіцыст Віктар Шымук. Бацька літаратара працаваў на лесапілцы ў Дзятлаве. Вікенцій вучыўся ў школе ў вёсцы Янаўшчына. Вучыўся нядоўга, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна. Прадоўжыў вучобу ўжо пасля таго, як Гродзеншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але ўжо хадзіў у школу ў Дзятлаве. Пасля заканчэння васьмі класаў працаваў адказным сакратаром дзятлаўскай «раёнкі» «За савецкую вёску». Адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У 1951 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Вучобу ў ВНУ сумяшчаў з работай у рэспубліканскай газеце «Калгасная праўда». Закончыўшы ўніверсітэт, працаваў у «Звяздзе», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», на Беларускім радыё. Віктар Шымук — аўтар кніг «Каля Броннай гары», «Мы вясне дапамагалі», «Світанне» і іншых паэтычных і публіцыстычных зборнікаў. Памёр ураджэнец вёскі Змяёўцы ў 1998 годзе.

Дзятлава. Салдацкі дом. 1916 г.

Асобную частку краязнаўчага падарожжа па Дзятлаўшчыне можна правесці ў Наваельні і яе самых блізкіх ваколіцах. Але ж пра Наваельню літаратурную — наш асобны расповед. Як, дарэчы, і пра дзятлаўскія, карэліцкія, навагрудскія і іншыя адрасы, звязаныя з лёсам Ігната Дамейкі, падарожніка, мемуарыста, геолага, мы таксама асобна раскажам.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.