Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Вы — нашы людзі. Мы вас будзем чакаць тут, у Беларусі»


Космас цяпер і беларускі. Праз два дні — афіцыйна. На 21 сакавіка на 16 гадзін 21 хвіліну па маскоўскім часе запланаваны старт касмічнага карабля «Саюз МС-25». Палёт да міжнароднай касмічнай станцыі прадугледжваецца па двухвітковай схеме, стыкоўка з МКС — праз тры гадзіны пасля старту. Экіпаж 21-й экспедыцыі на Міжнародную касмічную станцыю — асаблівы. З трох чалавек у ім два — з Беларусі. Упершыню ў гісторыі на гэтым караблі ў космас адправіцца беларуская жанчына Марына Васілеўская. А камандзір экіпажа — летчык-касманаўт Расійскай Федэрацыі Алег Навіцкі, ураджэнец беларускага Чэрвеня. Таксама ў склад экіпажа ўваходзіць астранаўт NASA Трэйсі Дайсан. 


Фота БелТА

Зараз касманаўты праводзяць перадстартавую падрыхтоўку на касмадроме Байканур у Казахстане. Алег Навіцкі здзяйсняў палёты ў космас у 2012, 2016 і 2021 гадах, агульная працягласць палёту — 531 суткі і 22 гадзіны ў адкрытым космасе. Марына Васілеўская таксама звыклая да палётаў, з 2017 па 2023 гады яна працавала бортправадніком авіякампаніі «Белавія». У 2022 годзе прайшла нацыянальны адбор, праверку галоўнай медыцынскай камісіі Навукова-даследчага выпрабавальнага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына і была вызначана асноўным удзельнікам палёту да МКС ад Беларусі.

Напярэдадні старту экспедыцыі з касманаўтамі па відэа-канферэнц-сувязі сустрэўся і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Адлегласць не перашкодзіла цёплай і па-сапраўднаму сяброўскай размове. Кіраўнік дзяржавы, які стаяў каля вытокаў гэтага гістарычнага праекта, цікавіўся ўсім, што звязана з экспедыцыяй. 

«Мне хацелася б, каб вы там дружнымі былі людзьмі»

Першае пытанне ад Прэзідэнта да камандзіра экіпажа — як самаадчуванне яго і галоўнай гераіні, Марыны Васілеўскай. «Стан галоўнай гераіні вельмі баявы. Спакойная, нацэленая на работу, на выкананне праектаў у цэлым. Вялікі дзякуй, што выбар паў менавіта на Марыну», — адказаў Алег Навіцкі. 

Аляксандр Лукашэнка, жартуючы, даручыў Алегу Навіцкаму сачыць, каб Марыну ў свой сегмент Міжнароднай касмічнай станцыі не выкралі амерыканцы. «Яна будзе заходзіць толькі разам з камандзірам і выходзіць са мной жа», — адказаў Алег Навіцкі. «Я цябе вельмі папрашу, паглядзі. Яна ж нам патрэбна на зямлі потым», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. «Канешне, вярнём у цэласці і захаванасці», — паабяцаў Алег Навіцкі. 

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся самаадчуваннем у самой Марыны Васілеўскай, яе настроем, гатоўнасцю, хваляваннямі. «Канешне, перажыванні, невялікае хваляванне прысутнічае. Так як я дзяўчына і ўсё гэта для мяне ўпершыню. Але ў мяне вельмі дасведчаны надзейны камандзір і ён дае мне вялікую ўпэўненасць. Мяне падтрымліваюць інструктары, выкладчыкі, мой кіраўнік Іван Мікалаевіч Буча (намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі — Зв.), мой экіпаж. У нас вельмі добрыя сладжаныя адносіны сяброўскія ў экіпажы. Гэта мяне падтрымлівае. — прызналася Марына. — Я буду рабіць усё магчымае, каб выканаць задачы, якія на мяне ўскладзеныя».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў маладой касманаўткі ёсць добры прыклад у асобе Алега Навіцкага. Ён параіў Марыне трымацца бліжэй да яго. «Мне хацелася б, каб вы там дружнымі былі людзьмі. Усё ж такі край у вас адзін, карані вашы... Мы будзем вельмі хвалявацца за вас і спадзявацца, што пасля вяртання я ўбачу вас тут», — сказаў Прэзідэнт. Ён узгадаў, як разам з Алегам Навіцікім гатавалі салату «Маладосць» і паабяцаў пачаставаць гэтым салатам і Марыну Васілеўскую пасля вяртання экіпажа. «Тым больш у яе ж хобі. Першы раз бачу дзяўчынку, якая можа прыгатаваць і любіць гатаваць. Мы яе навучым рыхтаваць нашу салату», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На тым і дамовіліся. 

«Хацеў бы, каб паляцелі ўтраіх: Алег, Марына і Насця»

Беларускага лідара цікавілі ўсе моманты хуткай экспедыцыі. Ён удакладніў у Алега Навіцкага, ці вяртаецца ён разам з Марынай або застаецца на МКС. Касманаўт адказаў, што з Марынай яны разам вернуцца на зямлю, а на МКС застанецца трэці член іх экіпажа амерыканка Трэйсі Дайсан. «То бок у цябе палёт будзе самы кароткі ў жыцці», — удакладніў Прэзідэнт. «Самы кароткі, але, мабыць, самы прыемны, увесь час у акружэнні жанчын», — адказаў Алег Навіцкі. «Значыць, ёсць надзея, што ў хуткім часе сустрэнемся ў поўным саставе», — адзначыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы запытаў, на якой мове Алег і Марына размаўляюць са сваёй спадарожніцай амерыканкай Трэйсі Дайсан. Па словах касманаўтаў, на сумесі рускай і англійскай моў і няма складанасцей у зносінах. «Яна ведае рускую мову, як мы англійскую. Калі тэхнічная мова, нашмат прасцей паразумецца. Спадзяюся, за 12 дзён сумеснага палёту мы яе некім беларускім выразам навучым усё-ткі», — заўважыў Алег Навіцкі. Аляксандр Лукашэнка папрасіў не губляць Настассю Лянкову, дублёра. «Сустрэнемся, пагаворым пра яе перспектывы. Яе ж рыхтавалі так, як Марыну. Таму таксама страціць нам нельга чалавека», — падкрэсліў ён. «Не страцім», — запэўніў касманаўт.

Падчас касмічнага палёту на МКС будзе выканана навуковая праграма, распрацаваная НАН Беларусі сумесна з Дзяржкарпарацыяй «Роскосмас». Навуковыя даследванні будуць выкананы ў галіне біялогіі, фізіялогіі, аўтаномнага функцыянавання касмічных станцый, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем фота- і відэаспектральнай апаратуры беларускай вытворчасці, якая знаходзіцца на МКС. Будуць даследаваны таксама лактаферын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх наступнага магчымага выкарыстання ў стварэнні прадуктаў харчавання для касманаўтаў. Але для Аляксандр Лукашэнкі на першым месцы — здароўе касманаўтаў. 

«Марына, ты там не моцна напружвайся са сваімі эксперыментамі. Што не зробіце ў космасе — на Зямлі даробім. У наступны раз паляцім — даробім. Каб усё было добра. Мы за вас вельмі перажываем тут», — параіў Марыне кіраўнік дзяржавы. 

«Дзякуй. Я са свайго боку буду старацца выканаць усю праграму. Буду не спаць, але выканаю ўсё», — адказала Марына. 

«Не напружвайся. І спі, і адпачывай. Ты павінна ўсё адчуць. Ты павінна ведаць усё, бо людзі ў цябе будуць пытацца», — настойвае беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што мае намер звярнуцца да расійскага боку з тым, каб у будучым арганізаваць касмічны палёт усіх трох чалавек, якія рыхтаваліся да цяперашняй экспедыцыі, — камандзіра Алега Навіцкага, Марыны Васілеўскай і Анастасіі Лянковай. «Калі будзеш сябе добра адчуваць то буду прасіць расіян, каб утрох паляцелі ўжо — Насця, Марына і ты», — сказаў ён, звяртаючыся да Алега Навіцкага. 

«Добра, з задавальненнем, — адказаў на гэта касманаўт. — Выканаем задачу любую». 

«Я тады пры сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі якраз ужо паціху буду закідваць гэтыя пытанні», — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

«Нашы дзяўчынкі праграму засвоілі запраста»

У сваю чаргу Алег Навіцкі звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай абмеркаваць пытанне наконт таго, каб даць беларусам магчымасць не як іншаземцам, не як турыстам, а як прафесіяналам удзельнічаць у падрыхтоўцы да касмічных палётаў. «Як касманаўтаў расіяне рыхтуюць — каб і беларусаў так рыхтавалі, так? Гэта не пытанне, яны пагодзяцца. А што дрэннага? Нічога дрэннага. Я ўпэўнены, што нашы дзяўчынкі (я па водгуках ведаю, цікаўлюся гэтым пытаннем) ім вельмі спадабаліся ў плане падрыхтоўкі — вельмі адказныя і праграму падрыхтоўкі засвоілі запраста», — адказаў Прэзідэнт. Ён паабяцаў, што абмяркуе гэта пытанне з расійскім бокам і выказаў упэўненасць, што ініцыятыва будзе падтрымана. 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што на падобныя праекты будуць патрэбныя грошы. Але тут ёсць паразуменне з расійскім бокам, паколькі краіны шчыльна супрацоўнічаюць у касмічнай сферы. «Пуцін наконт гэтага малайчына. Яны не шкадуюць грошай дзеля таго, каб нас падтрымаць як касмічную дзяржаву. Мы з імі разлічымся па іншых напрамках. У нас прадпрыемства магутнае ёсць, якое вырабляе спадарожнікі, у тым ліку ў інтарэсах Расіі», — сказаў Прэзідэнт. Зараз беларускія спецыялісты працуюць над стварэннем спадарожніка з высокім вырашэннем. І па словах Прэзмдэнта, прасунуліся наперад у гэтым плане. «Калі санкцыі ўвялі, думалі, што мы рухнем. А аказалася, што мы запатрабаваны, асабліва ў касмічнай галіне Расійскай Федэрацыі. Цяпер запатрабаванасць вельмі высокая з боку касмічнага сегмента эканомікі Расійскай Федэрацыі», — сказаў ён. 

Асаблівую падзяку за гатоўнасць развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю Прэзідэнт выказаў дырэктару дзяржкарпарацыі «Раскосмас» Юрыю Барысаву: «Ён проста малайчына. Ён адгукнуўся на ўсе мае просьбы. Вельмі прыстойны чалавек».

«Галоўнае, каб у вас было жаданне працаваць разам»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў беларусаў і расіян вялікія перспектывы ў супрацоўніцтве па касмічных палётах. «Галоўнае, каб у вас жаданне было працаваць разам», — звярнуўся ён да касманатаў. Яны запэўнілі, што жаданне ёсць. 

«Карацей, праблем ніякіх няма», — удакладніў Прэзідэнт. Камандзір экіпажа запэўніў, што праблем няма, усё ідзе штатна, згодна з планам падрыхтоўкі. 

«Мы будзем рады, калі ўсё будзе штатна, нармальна. Будзем вельмі-вельмі вас чакаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

«Яшчэ раз хачу падзякаваць за высокі гонар для мяне, прадстаўляць сваю краіну на МКС падчас хуткай адказнай і неверагодна цікавай місіі», — сказала Марына Васілеўская. 

«Дзякуй вялікі вам. Выбачайце, што вас адарваў у гэтыя адказныя моманты. Але хоць крышку адцягнуў вас ад гэтай махіны (ракеты. — Зв.), якую мы назіралі — вывозілі на старт. Таксама трэба нейкая разгрузка. Вы павінны ведаць , што вы — нашы людзі. Мы вас будзем чакаць тут, у Беларусі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы гэта ведаем, Аляксандр Рыгоравіч. І таму ўпэўненасць у паспяховым выкананні ўсяго праекта пастаянна высокая. Вялікі дзякуй за падтрымку ўсяго экіпажа ў цэлым», — сказаў Алег Навіцкі.

На развітанне Прэзідэнт дадаў: «Дзякуй вам. Да сустрэчы! Марына, ты не хвалюйся. Глядзі на Алега».

«Так, мяне камандзір вельмі падтрымлівае, праўда. Таму я стойкая духам, гатова да палёту. Усё будзе добра. З Божай дапамогай», — адказала Марына Васілеўская.

«Дзякуй. Вы там будзеце блізка. Калі што, перадавайце прывітанне. Я Яго таксама прасіў, каб Ён вас там сустрэў добра. Пспехаў, усяго добрага», — завяршыў сустрэчу Аляксандр Лукашэнка.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.