Вы тут

Святлана Агарвал: Я задаволеная сваім часам


Індыйская культура прыцягвала спявачку Святлану Агарвал з дзяцінства: маляўнічыя фільмы, салодкагучныя песні... Але хто б мог падумаць, што песня «Jimmy Jimmy aaja» з кінафільма «Танцор Дыска», якую некалі маленькая Света напявала, тады яшчэ не разумеючы індыйскіх слоў, стане яе візітнай карткай?

Сёння яе імя ўнесена ў Сусветную кнігу рэкордаў Лондана ў намінацыі «Сусветныя выканаўцы» за ўклад у развіццё культурных адносін Беларусі і Індыі, а без гэтай легендарнай песні не абыходзіцца ніводны яе канцэрт.


— Святлана, пачнем з апошніх навін, звязаных з вашай творчасцю. Не так даўно вы прэзентавалі песню «Парфумер» і знялі кліп на яе. Раскажыце, гэта выява зборная ці песня камусьці прысвечана?

— Думаю, кожная жанчына марыць аб сваім добрым, чулым, мужным і дастойным «парфумеры» — каханым чалавеку, з якім хоча стварыць сям’ю і правесці жыццё шчасліва. Аўтар гэтай кранальнай гісторыі кахання — Алеся Баярскіх (Муха). У песні Алеся апісала свае пачуцці і перажыванні. Менавіта яна прапанавала мне гэтую кампазіцыю. Выконваючы яе, я пастаралася прасякнуцца эмоцыямі стваральніка і перадаць іх слухачу. І мяркуючы па добрых водгуках самога аўтара і маіх прыхільнікаў, у мяне гэта атрымалася.

— А як прыйшла ідэя запрасіць на галоўную мужчынскую ролю Аляксандра Саладуху?

— Галоўнай маёй задачай было падабраць харызматычнага і абаяльнага, некалькі брутальнага героя, які валодае яшчэ і добрымі артыстычнымі данымі, каб ён змог сыграць гэтую ролю — роля «парфумера». Рэжысёр кліпа прапанавала некалькі прыгожых маладых акцёраў. Не доўга думаючы, я адмовілася ад гэтай задумы і вырашыла запрасіць на галоўную мужчынскую ролю заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Саладуху. Настаяла на гэтай сваёй ідэі, таму што была ўпэўнена ў паспяховым выніку нашай сумеснай работы.

І не пашкадавала аб сваім рашэнні, таму што Аляксандр чарговы раз паказаў, што ён прафесіянал з вялікай літары не толькі як спявак, але і як кінаакцёр. На нашай здымачнай пляцоўцы не было бясконцых дубляў. Большасць сцэн былі паспяхова сыграны адразу пасля рэпетыцыйных проб. Па завяршэнні кліпа я зразумела, што трапіла ў дзясятачку! У нас атрымалася прыгожае міні-кіно пра каханне, фінал якога мы пакінулі на разважанне тэлегледачоў.

— Магчыма, нам варта чакаць працягу?

— Усё можа быць. Але пра гэта пакуль «гісторыя замоўчвае».

— Святлана, як блізкія ставяцца да вашай прафесіі? Бо ў кліпе ёсць і адкрытыя сцэны?

— Мая сям’я і родныя — гэта мая падтрымка і апора. Яны падзяляюць са мной любоў да музыкі, да творчасці, давяраюць мне і падтрымліваюць у любых рашэннях. Сям’я надае мне сілы, менавіта тут я чэрпаю натхненне і зараджаюся энергіяй. А адкрытыя сцэны — не такія ўжо і адкрытыя. Я лэдзі і ўсё ў мяне там у рамках прыстойнасці (усміхаецца).

— Як вы думаеце, што слухачы знаходзяць у вашай творчасці, што іх вабіць?

— Думаю, кожны знаходзіць для сябе нешта сваё. Хтосьці ў думках пражывае няпростыя сітуацыі — растанне, напрыклад. Іншыя ж насычаюцца энергіяй і радасцю, трэція — натхняюцца. Лепш, канешне, было б спытаць у слухачоў.

— Ці згодныя са сцвярджэннем, што геній — гэта толькі 5% таленту, а 95% працы?

— Вядома! Бо, каб нечага дасягнуць, трэба шмат і ўпарта працаваць. Наяўнасць таленту — гэта выдатна, але яго трэба развіваць: умець і арганізаваць сябе, і матываваць, і дзесьці нават перамагчы страх і сумненні. Такія людзі настолькі захопленыя работай у сваёй сферы, што могуць нават часам не заўважаць нічога навокал.

— У Сусветнай кнізе рэкордаў Лондана вас адзначылі ўзнагародай у намінацыі «Выдатныя сусветныя выканаўцы». Як вы да гэтага ставіцеся?

— Станоўча! Гэтая прэмія стала для мяне нечаканай, але надзвычай прыемнай. Я вельмі рада, што прэзідэнт Сусветнай кнігі рэкордаў Лондана Санташ Шукла адзначыў маю беларуска-індыйскую творчасць, бо я папулярызую індыйскую культуру ў нашай краіне, а ў Індыю прыводжу з сабой часцінку культуры беларускай. З іншага боку — гэта штодзённая карпатлівая праца, у якой маё даўняе хобі стала прафесійнай работай на вялікай сцэне. І мне прыемна, што мае намаганні былі заўважаны спецыялістамі сусветнага ўзроўню!

— Вы задаволены часам, у якім нарадзіліся? Калі б была магчымасць выбіраць, калі і дзе хацелі б нарадзіцца?

— Ніколі пра гэта не задумвалася, але хачу сказаць: я задаволеная сваім часам. Мне падабаецца мая краіна, мая сям’я, людзі, якія акружаюць мяне. Я люблю справу, якой займаюся, рада, што ў маім жыцці ўсё склалася менавіта так. Ведаеце, часам мне здаецца, што ў мінулым жыцці я была індыянкай (усміхаецца).

— Песня «Jimmy Jimmy aaja» прынесла вам поспех і вядомасць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі?

— Так. Гэтая песня палюбілася мне з самага дзяцінства. Я нават і не думала, што калісьці запішу яе ў прафесійнай студыі, а тым больш пазнаёмлюся асабіста з яе стваральнікам, легендай індыйскай музыкі дыска — Бапі Лахіры. Дзякуючы сваім знакамітым кампазіцыям, Бапі Лахіры быў самым папулярным музыкальным дырэктарам. Ён працаваў з многімі легендамі Балівуда і Галівуда, сярод якіх Лата Мангешкар, Аша Бхасле, Майкл Джэксан, Лэдзі Гага, Мадона. Працаваў і са мной. Ён жа і назваў мяне «Jimmy girl» і блаславіў на выкананне гэтай легендарнай кампазіцыі, якая так спадабалася і беларускай публіцы. Яму вельмі спадабалася, як я выконваю песні, спалучаючы індыйскі і беларускі каларыт.

Некалькі гадоў таму мне давялося супрацоўнічаць з гэтым дзіўным чалавекам. У нас былі сумесныя прэс-канферэнцыі, інтэрв’ю для шматлікіх СМІ, дзве дуэтныя песні, планаваліся канцэрты ў Індыі і Расіі. Наогул, планы на будучыню былі вялікія. Але жыццё ўнесла свае карэктывы — на жаль, маэстра нядаўна пакінуў гэты свет.

На адну з дуэтных кампазіцый з Бапі Лахіры пад назвай «Jimmy Babu» мы з камандай зрабілі відэа ў памяць аб нашым супрацоўніцтве. На ім адлюстраваны нашы рабочыя моманты, кадры з прэс-канферэнцыі, сумесныя інтэрв’ю, індыйскае свята «Халі», дзе прысутнічалі знакамітыя балівудскія акцёры. Захавалі гэтыя кадры на тэлефон. Хто ж ведаў, што гэта будзе наша з Бапі Лахіры апошняя сустрэча…

Цяпер мяне запрашаюць у Індыю — з канцэртамі, а таксама для супрацоўніцтва з індыйскімі аўтарамі і папулярнымі маладымі выканаўцамі.

— А якія падарункі прынята рабіць прыгожаму полу ў Індыі?

— Самым жаданым падарункам лічыцца сары, таму што ў ім ты становішся пяшчотнай і жаноцкай. А гэта прыцягвае ўвагу моцнай паловы чалавецтва. Разнастайныя адценні робяць гэты ўбор узрушаюча прыгожым. Таксама дораць разнастайныя залатыя ўпрыгожванні, шалі і сувеніры.

— Што б вы пажадалі нашым жанчынам?

— Прыгажосці — не толькі знешняй, але і ўнутранай. Жыць у гармоніі з сабой і навакольным светам. Кахаць і быць каханымі. Абдымаць, цалаваць сваіх родных і блізкіх як мага часцей. Казаць адзін аднаму добрыя словы — гэта так важна. Будзьце заўсёды шчаслівыя! Вы — самыя лепшыя!

Фота прадастаўлена субяседніцай

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.